Вы тут

Навошта школьнікам медыяцыя?


Расказваць школьнікам пра магчымасці мірнага спосабу вырашэння канфліктаў спецыялісты пачалі ў 2016 годзе, калі ў школах сталі ствараць дзіцячую службу медыяцыі. Вучні, узброеныя ведамі, якімі валодае медыятар, вучыліся самі вырашаць свае ўнутрышкольныя непаразуменні і станавіліся медыятарамі. З часам медыяцыя пачала развівацца не толькі ў школах, але і ў каледжах і ВНУ. Цяпер ужо можна казаць, што школьная медыяцыя вырасла з першапачатковых рамак і стала медыяцыяй у сферы адукацыі. Ужо распрацавана канцэпцыя аб развіцці медыяцыі ў сферы адукацыі да 2025 года, дзе гаворка ідзе пра важнасць медыяцыі для адукацыйных устаноў і пазначаны напрамкі, як яна можа развівацца. А сёлета ў пяты раз пройдзе фестываль «Медыяцыя будучыні для школьнікаў і студэнтаў», паведаміла Ірына АРЛОЎСКАЯ, намеснік дырэктара Цэнтра «Медыяцыя і права», якая расказала пра дасягненні і развіццё школьнай медыяцыі.


Службы і факультатывы

Спачатку праект стартаваў у некаторых школах Мінска і крыху закрануў сярэднія навучальныя ўстановы Гродна. Цяпер жа ён актыўна дзейнічае ў сталіцы і Мінскай вобласці, Гомелі, Гродне, Віцебску і абласцях, нядаўна пачалі далучацца Брэст і вобласць, заўважыла яна:

— У навучальных установах ствараюцца як службы, дзе разам вырашаюць спрэчкі вучні і педагогі, так і факультатывы, якія асабліва актыўна развіваюцца ў каледжах. На гэтыя заняткі па навыкі бесканфліктных зносін, пазітыўнай камунікацыі і вырашэння канфліктаў мірным шляхам рабяты прыходзяць па жаданню. На такіх дадатковых занятках яны не становяцца юнымі медыятарамі і не атрымліваюць адпаведных пасведчанняў, што мы выдавалі вучням, калі пачыналі праект і праводзілі трохмесячнае інтэнсіўнае навучанне. Аднак праграма факультатываў максімальна набліжана да ведаў, якія атрымлівалі першыя школьнікі-медыятары.

У пачатку праграмы школьнай медыяцыі да праекта далучыўся педагагічны каледж, выпускнікі якога цяпер ужо працуюць у школах ды садках і прымяняюць навыкі бесканфліктных зносін на практыцы. Факультатыў па медыяцыі актыўна працуе таксама і ў юрыдычным каледжы.

— Хоць у каледжах не створаны службы медыяцыі як такія, яны актыўна звяртаюцца да нас у цэнтр ці школы або ВНУ, дзе створаны службы медыяцыі, па вырашэнне канфлікту, — дадала Ірына Арлоўская. — Калі мы спачатку прыйшлі ў школы, то думалі, што будзем займацца канфліктамі, якія ўзнікаюць унутры школы паміж дзецьмі, бацькамі. Аднак не кожная школа сёння гатовая стварыць сваю службу, таму мы працуем над выбудоўваннем сістэмы, або можна звярнуцца дзецям з установы, дзе ёсць служба медыяцыі, у суседнюю — дзе яе няма.

Важна, каб службы школьнай медыяцыі працавалі з дзецьмі, педагогамі, бацькамі, каб заўважалі нават маленькія канфлікты. Складаныя праблемы, як правіла, вырастаюць з дробных і незаўважных праяў, якія, здаецца, адбыліся і забыліся. Аднак засталося пачуццё крыўды ці недаверу, якое з часам можа прывесці да больш сур'ёзных праблем. Таму неабходна ўмець заўважаць дробязі і разбіраць іх у самым пачатку, перакананая эксперт.

Крымінальны канфлікт і аднаўленчыя практыкі

Медыятары цяпер выйшлі за межы чыста школьнага канфлікту. Яны працуюць з праявамі, якія часта маюць крымінальны характар. З-за няведання, праз юнацкі макімалізм або пад уплывам кампаній ці сацсетак падлеткі здзяйсняюць учынкі, якія маюць крымінальныя наступствы, хоць яшчэ не падлягаюць крымінальнай адказнасці. Паўстала праблема, што падобныя канфлікты не могуць разбіраць дзеці-медыятары — з такімі праблемамі павінны працаваць прафесійныя медыятары, бо тыя маюць прававыя наступствы.

— Сёння мы працуем не проста з канфліктам, у межах якога можа быць заключаны нейкі медыяцыйны дагавор. Мы працуем па аднаўленчай праграме, калі справа не абмяжоўваецца толькі паміж непаўналетнім, які здзейсніў правапарушэнне, і тым, хто ад яго пацярпеў. Да разгляду далучаюцца педагогі, класны кіраўнік, бацькі і сам клас. Такім чынам, ідзе работа з групавым канфліктам, а не класічная медыяцыя, дзе два бакі заключаюць пагадненне і разыходзяцца. У гэтым выпадку мала знайсці прымальнае для ўсіх рашэнне — неабходна ўвесці дзяцей у калектыў класа, які ўспрымаў іх як удзельнікаў канфлікту. Для гэтага мы выкарыстоўваем тэхнікі аднаўленчай медыяцыі — колы, працуючы з усёй групай. Мы бачым, што мала прагаварыць і абазначыць нейкія правілы паводзін у пэўным калектыве. Часта ўзнікаюць запыты, як спраўляцца, напрыклад, з маніпуляцыяй, — падзялілася медыятар.

Летась у крымінальнае заканадаўства сярод іншых змяненняў было ўнесена паняцце медыяцыі, і для дзяцей медыяцыя ў крымінальным працэсе вельмі неабходная. Аднак застаецца шмат пытанняў, як яна будзе працаваць у дадзенай сферы, таму варта было б ладзіць дыялогавыя пляцоўкі, дзе прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў і прафесійныя медыятары будуць выпрацоўваць алгарытм укаранення механізма медыяцыі ў крымінальны працэс, спадзяецца Ірына Арлоўская. У хуткім часе, напрыклад, адбудзецца форум медыяцыі.

Са здарэннямі крымінальнага характару сярод непаўналетніх медыятары працавалі і да прыняцця змяненняў у закон. Усяго па краіне такіх выпадкаў каля пары дзясяткаў, і кожны з іх меў станоўчы вынік для дзіцяці і бацькоў, падзялілася медыятар:

— Нядаўна разглядалі справу, калі падлетка ледзьве не адправілі ў калонію за частыя і цяжкія бойкі. Аднак да разгляду канфлікту далучыліся бацькі, школа, і дзіця адчула сябе патрэбным. У выніку падлетак стаў мяняцца, і неабходнасць у абмежаванні яго волі знікла. А быў выпадак, калі адзін з удзельнікаў бойкі ўпаў у кому, і разгляд той справы таксама меў станоўчы вынік. Калі разглядаюцца выпадкі булінгу, таксама задзейнічаюць аднаўленчыя практыкі. Выпрацоўваюць алгарытмы ўзаемадзеяння з пэўнай групай. Група выпрацоўвае правілы паводзін. Хоць іх складана выконваць, асабліва калі зашкальваюць эмоцыі, аднак трэба разбіраць такія выпадкі, бо гэта лёс дзіцяці.

Некаторыя прыходзілі нават са Следчага камітэта, калі ўжо ішоў судовы працэс. Медыятары працавалі з сям'ёй дзіцяці, каб аб'яднаць яе, бо бацькі часта не ведаюць, як падтрымаць малога, бо ім гэтак жа страшна, як і яму. Нельга забывацца, што медыяцыя — добраахвотная працэдура, і задача следчага — расказаць, што бакі канфлікту могуць звярнуцца да гэтай працэдуры. А калі дзіця здзейсніла крымінальны ўчынак, яно павінна ўсвядоміць, за што менавіта будзе несці адказнасць, а таксама прапанаваць варыянты выпраўлення сітуацыі і вырашэня праблемы.

Абмен вопытам і вяртанне адказнасці

У межах канцэпцыі развіцця медыяцыі спецыялісты бачаць мэтазгодным стварэнне ў школах, каледжах, ВНУ службаў унутры. Вельмі часта медыяцыйная служба сутыкаецца з праблемай захавання канфідэнцыяльнасці і нейтральнасці. Гэтыя абавязковыя прынцыпы медыяцыі дазваляюць забяспечваць наўнасць знешняга куратара. Унутраны куратар забяспечвае работу службы медыяцыі, інфармаванасць пра яе, а знешні (як правіла, гэта прафесійны медыятар) падключаецца да складаных выпадкаў, якія маюць крымінальны падтэкст.

— Навучаныя педагогі і школьнікі спраўляюцца, аднак для максімальнага нейтралітэту неабходны станонні чалавек, які не працуе ўнутры школы, — падкрэсліла намеснік дырэктара.

З фестывалю, што арганізоўвае цэнтр, нарадзілася навуковая канферэнцыя, дзе з работамі выступаюць не толькі студэнты і аспіранты, але і школьнікі. Акрамя таго, фестываль стаў пляцоўкай для абмену вопытам паміж юнымі медыятарамі з усёй краіны, а таксама Расіі, Казахстана.

— Мы запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў дзяржорганаў, якія вядуць дыялог не з намі, медыятармі, а са школьнікамі. Рабяты рыхтуюцца да гэтых мерапрыемстваў, выступаюць, — распавяла Ірына Арлоўская. — Комплексны падыход вельмі важны, таму наша задача — запрашаць на мерапрыемствы не толькі спецыялістаў Мінадукацыі і дзяржорганаў, але і прадстаўнікоў інспекцый па справах непаўналетніх, камісій па справах непаўналетніх, органаў пракуратуры і Следчага камітэта. Калі мы ў будучым забяспечым міжведамасны падыход да сітуацый, у якія трапляюць падлеткі, мы створым для іх бяспечны буфер выхаду з таго асяроддзя, у якое яны трапілі, і сацыялізацыі ў грамадстве.

Медыяцыя — гэта не толькі прымірэнне і дамоўленасці, але і вяртанне адказнасці. Калі мы трапляем у канфлікт, то пачынаем шукаць доказы, што «я невінаваты», а медыяцыя дазваляе вярнуць гэтую адказнасць усім бакам у той меры, у якой яе неабходна адчуваць, у тым ліку і бацькам. Адказнасць за дзіця не канчаецца, калі яму спаўняецца 18 гадоў. Бацькі павінны забяспечваць дзіцяці надзейны тыл і пасля, прымаючы ўжо не такі актыўны ўдзел у яго жыцці, аднак не пакідаючы яго сам-насам з праблемамі, упэўненая спецыяліст:

— Толькі калі ты пачынаеш адчуваць сваю адказнасць, ты гатовы на нейкія крокі, каб выпрацаваць прымальнае для ўсіх рашэнне. У крымінальным канфлікце гэта будзе датычыцца прапаноў па загладжванні нанесенай шкоды. І часам гаворка ідзе найперш нават не пра матэрыяльны ўрон, а пра выбачэнне ў паважлівай ці публічнай форме.

Так ці інакш варта памятаць, што ў любым канфлікце не бывае невінаватых і вінаватых. Ёсць бакі, дзеянні якіх прывялі да стварэння канфлікту, так што ў працэсе паўдзельнічаў кожны. Зразумець гэта, прыняць, усвядоміць і выпрацаваць прымальныя для ўсіх рашэнні — і ёсць сутнасць працэдуры медыяцыі.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.