Вы тут

Уладзімір і Таццяна Радзівілавы: Без кахання няма шчасця


Шырыню творчага таленту Уладзіміра Радзівілава цяжка вымераць у пэўных сістэмах. Дзеці яго ведаюць як галоўнага Дзеда Мароза краіны, без якога цяжка ўявіць беларускі Новы год. Дарослыя хоць бы раз бачылі яго выступленні на шматлікіх канцэртах і фестывалях, чыталі інтэрв'ю. Шчырае абаянне і адметныя творчыя здольнасці, якія выдатна праяўляюцца ў розных іпастасях, ужо колькі гадоў запар прыводзяць публіку на выступленні заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Радзівіліва.
Але што застаецца за кулісамі?


У творчым арсенале артыста размоўнага жанру, парадыста, канферасье шмат анекдотаў. У тым ліку і пра жанчын. «Мужчына прыходзіць дадому ў тры гадзіны ночы. Адчыняе дзверы, а там жонка з качалкай стаіць. Ён на яе глядзіць, уздыхае і кажа: «А ты ўсё пячэш!»,- усміхаецца Уладзімір Генадзевіч. І адразу дадае, ужо сур'ёзна: «Жанчына — гэта адна з самых любімых, чароўных, абаяльных фігур у жыцці мужчын. Калі б не было жанчын, не было б нас. Калі б не было нас, не было б жанчын. Жаночыя абаянне, логіка, мысленне, жаночыя пачуцці даюць нам сілу. Мая жонка выхавала мяне як артыста. Усе мае ўзнагароды — і яе дасягненне таксама».

Акрамя ўсіх творчых поспехаў, Уладзімір Радзівілаў можа ганарыцца яшчэ адным — сваёй моцнай сям'ёй. Разам з жонкай Таццянай яны ўсё робяць разам: адпачываюць, працуюць ва ўжо родной Беларускай дзяржаўнай філармоніі, вырошчваюць ружы, выхоўваюць кошку, даюць інтэрв'ю. Пра сакрэты свайго сямейнага шчасця Таццяна і Уладзімір Радзівілавы расказалі «Сямейнай газеце».

Сакрэт першы. Мы заўсёды разам

«Мы ўсё жыццё разам. У школе вучыліся разам. Я служыў у войску ў Бабруйску, яна ў гэтым горадзе вучылася і прыходзіла да мяне на танцы. Мы разам пераехалі ў Мінск. Я паступіў у музычнае вучылішча імя Глінкі, яна — у эканамічны ўніверсітэт...

Пасля арміі я працаваў ва Уздзе на аўтабазе і неяк сказаў, што хачу паспрабаваць паступіць у музычнае вучылішча. Таня падтрымала, з гэтага ўсё і пачалося. А так, магчыма б, і працаваў на аўтабазе», — расказвае Уладзімір Генадзевіч.

«Я бачыла, што ёсць талент, ёсць голас. Нельга было ўсё гэта страціць, трэба было развівацца», — дадае Таццяна Аляксандраўна.

Затым была чарада гарадоў і калектываў: Усерасійская творчая майстэрня эстраднага мастацтва ў Маскве, Беларускі ўніверсітэт культуры, калектыў Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, «Сябры». А затым пара замацавалася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Жонкі артыстаў, як і жонкі ваенных, — усюды за мужам. А як інакш, калі жонка — і муза, і галоўная падтрымка, і крытык, і канцэртны дырэктар.

«Пасля інстытута ў мяне было сваё швейнае атэлье. Я працавала там, але займалася і пытаннямі арганізацыі выступленняў Уладзіміра. Журналісты, арганізатары, аўтары — усе тэлефанавалі мне. Быў адзін канцэртны дырэктар, але першы ганарар атрымаў і знік. І я, працуючы ў сваім атэлье, вяла ўсю адміністрацыйную работу па канцэртнай дзейнасці. А ў мяне ж свае справы, падначаленыя, адказнасць. І мы вырашылі, што атэлье я прадам і перайду ў канцэртны аддзел філармоніі, каб афіцыйна быць канцэртным дырэктарам Уладзіміра. Тым больш часта ўдзельнічаем у мерапрыемствах высокага ўзроўню, трэба ўважліва ўсё рабіць. Вучылася ў калег, удасканальвала навыкі. У артыстаў на сцэне свая справа, у нас за кулісамі — свая. А калі Уладзімір працуе як галоўны Дзед Мароз краіны, то я і касцюмер, і грымёр, і дырэктар», — расказвае Таццяна Аляксандраўна. Яна яшчэ і галоўны крытык. Перш чым Уладзімір Генадзевіч прадставіць новы матэрыял публіцы, прадстаўляе жонцы. Яна, калі патрэбна, рэдагуе і ацэньвае як глядач. Маналогі Уладзіміру Радзівілаву пішуць многія аўтары, і ўсе яны праходзяць праз «кастынг» Таццяны Радзівілівай.

«Калі я сам нешта пішу, Таццяна мой галоўны куратар і крытык. Яна праверыць кожную памылку, націск у кожным слове. Яна нават дапамагае мне на сцэне. На адным з канцэртаў я пачаў расказваць свой маналог пра жанчын. І заблытаўся ў думках, неяк не туды мяне занесла. Таццяна з-за куліс падказала. І адной фразы хапіла, каб вярнуцца ў патрэбнае рэчышча», — расказвае Уладзімір Генадзевіч.

Летам Таццяна і Уладзімір Радзівілавы адзначаць 35-ю гадавіну сямейнага жыцця. Яны кажуць, што пастаянна быць разам — гэта выдатна і зусім не надакучвае. Тым больш і сябры ў пары такія ж сямейныя доўгажыхары.

«Да пандэміі мы часта разам сустракаліся ў нас на дачы, адпачывалі. Рабілі шашлыкі, спявалі песні пад гітару. Мы такая беларуска-савецкая музычная сям'я», — жартуе Уладзімір Радзвілаў.

Дарэчы, іх дача — яшчэ адзін элемент сакрэту сямейнага жыцця.

Сакрэт другі. Кветкі і каты

Аб'ядноўвае Таццяну Аляксандраўну і Уладзіміра Генадзевіча любоў да катоў і кветак. Цэлых 25 гадоў у сям'і жыў камышовы кот Цімафей Маркізавіч. Усе разам ездзілі на гастролі і ў адпачынак. Гадаванец так моцна любіў сваіх гаспадароў, што часовых «нянек» не прызнаваў. Ну, гаспадары і не былі супраць. Сапраўды, без ката і жыццё — нуда. Цяпер «тое жыццё» ў сям'і Радзівілавых стварае кошка Рыжэна.

«Рыжэна вельмі цікавая. Таня — яе найлепшая сяброўка. А са мной яна любіць гуляць, асабліва ў хованкі. Я яе навучыў мяўкаць у адказ на мае словы, і мы можам з ёй весці размовы. Пасля Цімафея Маркізавіча мы не хацелі браць ката. Дачная кошка Машка нарадзіла кацянят ад суседа. Мы вырашылі іх пакінуць на дачы, але адно кацяня само села да нас у машыну. Мы здаліся і забралі яе дадому, дзе тая адразу адчула сябе гаспадыняй», — расказвае Уладзімір Генадзевіч.

Гаспадыняй Рыжэна сябе адчувае і на дачы, сярод плантацый кветак. Уладзімір Радзівілаў вядомы аматар ружаў. І не толькі таму, што артысту іх часта і шмат дораць пасля канцэртаў. Ён любіць іх вырошчваць. На сядзібе расце некалькі відаў кветак. «Кусты ружаў засталіся ад папярэдняй гаспадыні, у якой мы купілі дачу. І я ў іх закахаўся. Потым суседка падарыла два кусты, потым яшчэ дарылі. Але як я ружы люблю, так я ад іх і плачу. Яны заўсёды колюць мне пальцы. Заўсёды. Нават калі на канцэртах дораць букеты, абавязкова ўкалюся. За ружамі трэба ўважліва сачыць. Вось зараз некалькі вымерзла, хоць я іх захутваў. А тая, якой сказаў: «Расці як хочаш!» і не закутваў, зіму вытрымала. Капрызныя кветкі, але ж любімыя», — прызнаецца Уладзімір Генадзевіч.

Таццяна Аляксандраўна на ружах не спыняецца і засаджвае дачную сядзібу рознымі кветкамі. Каб вока радавалася. Аднак не ўсё так прыгожа ў гэтай дачнай гісторыі. «Стараюся жонцы не трапляцца на вочы з лапатай. Інакш паўдня капаю агарод», — жартуе Уладзімір Генадзевіч.

Акрамя працы на сцэне і на зямлі артыст цудоўна адчувае сябе і на кухні, асабліва любіць гатаваць мяса. І нават дзеліцца сваім фірменным рэцэптам: «Свініну ці курынае філе рэжам на кавалкі і кладзём у каструлю. Туды ж дадаем цыбулю, моркву, спецыі, хто якія любіць. Заліваем вадой, каб пакрыць мяса, і ставім тушыцца. Падаваць яго трэба з варанай бульбай». Эфектыўнае раздзяленне абавязкаў — яшчэ адзін сакрэт сямейнага шчасця.

Сакрэт трэці. Запавет ад майстра

На шчаслівае сямейнае жыццё Радзівілавых блаславіў сам Уладзімір Мулявін. «Мы былі ў добрых адносінах. Я нейкі час працаваў з «Песнярамі». Аднойчы прынёс Уладзіміру Георгіевічу дзве свае пародыі на яго, каб ён выбраў, якую мне выконваць. Я нават хацеў у «Песняры» праслухацца, але Уладзімір Георгіевіч сказаў, што ў мяне свой шлях», — успамінае Уладзімір Генадзевіч. Як аказалася, мэтр меў рацыю.

«А мне Мулявін наказаў, каб я берагла мужа, бо ў яго талент. На ўсё жыццё гэта запомніла», — дадае Таццяна Аляксандраўна.

Сакрэт чацвёрты. Адпавядаць уяўленням

«О, жанчына, як шмат у гэтым слове дабрыні, любові і прыгажосці! Я вельмі цаню, калі жанчына добрая і спагадлівая. Самае галоўнае ў жанчыне — гэта дабрыня і ўменне выслухаць і зразумець. І кулінарныя навыкі, бо шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік», — расказвае Уладзімір Радзівілаў пра якасці, якія найбольш цэніць у жанчынах. Дарэчы, сярод усіх гістарычных асоб ён вылучае Марыю Магдаліну. Па яго словах, яна — увасабленне дабрадзейнасці, любові і зачаравання.

Таццяна Аляксандраўна галоўнымі якасцямі ў мужчыне называе надзейнасць: «Каб можна было даверыць сваю любую праблему, сумненні. Каб можна было заўсёды параіцца і адчуць узаемны кантакт».

Сакрэт пяты. Няма ніякіх сакрэтаў

Два слупы, на якіх, па меркаванні Уладзіміра Радзівілава, стаіць сямейная гармонія, гэта давер і любоў. «Мы заўсёды давяраем адно аднаму. Самае галоўнае — гэта любіць, давяраць і разумець. Гэта этыкет сямейнага жыцця, і кожны павінен яго выконваць. Думаю, калі б мы не любілі адно аднаго, то даўно б разышліся. Але мы разам і заўсёды разам. Без кахання няма шчасця. Без кахання няма той аддачы, якая павінна быць у пары. Калі два чалавекі шчыра кахаюць, гэта гаворыць аб тым, што гэта сапраўдная, прыгожая, мудрая сям'я».

Таццяна Радзвілава дадае, што ў пары абавязкова павінен быць агульны інтарэс. Ім абавязкова павінна быць цікава ўдваіх, тады і дыхаць лягчэй (вяртаемся да сакрэту нумар два і ўспамінаем катоў і кветкі).

А яшчэ сям'я Радзівілавых — яркі прыклад таго, што супрацьлегласці прыцягваюцца. «Я спакойны казярог. Мяне вельмі цяжка вывесці з сябе. А Уладзімір, наадварот, запальчывы, але хутка адыходзіць. Я ўжо часам і не рэагую, калі ён узгарыцца чарговы раз. Так і падстройваемся адно пад аднаго»,- усміхаецца Таццяна Аляксандраўна.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Таццяна Падаляк на працягу 20-гадовай работы ў «Звяздзе» ажыццявіла нямала патрыятычных праектаў.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.