Вы тут

Найноўшая гісторыя: як падпісваўся Брэсцкі мір, і дзе былі беларусы


Падзеі апошняга часу ў свеце ўвогуле і зусім побач з намі зрабілі вельмі актуальнай адну вядомую фразу: «Няўжо гісторыя нічому не вучыць?» Задаём у паветра гэта нібы рытарычнае пытанне, а самі ўсё ж на яго, рытарычнае, пытаемся знайсці адказ. Які, як правіла, нараджае новыя пытанні: «А ці ведаем мы гэту самую гісторыю, каб пачаць у яе вучыцца? Ці разумеем, што адбывалася ў нашай краіне і вакол яе дзесяць, сто, пяцьсот гадоў назад?» Адказваючы ўжо на іх, са здзіўленнем усведамляем: менш і горш мы ведаем менавіта пра найноўшую гісторыю — тую, што бліжэй да нас па часе, ў якой удзельнічалі, якую стваралі не нейкія міфічныя прашчуры, а дзяды і прадзеды. Але ж менавіта на ёй, найноўшай, такой багатай на падзеі, нам і варта вучыцца, каб не паўтараць памылак папярэднікаў.


У Год гістарычнай памяці «Звязда» разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук распачынае новую рубрыку «Найноўшая гісторыя». У ёй дасведчаныя спецыялісты раскажуць пра падзеі такога блізкага ХХ стагоддзя, пра якое многія ведаюць далёка не ўсё. Менавіта аб тых момантах, аб якіх многія зусім няшмат ведаюць, але якія значна паўплывала на жыццё Беларусі і беларусаў, мы і будзем весці гаворку.

Пачнём з падзеі, якая адбылася роўна сто чатыры гады назад, — падпісання Брэсцкага мірнага дагавора. 

На скрыжаванні чужых інтарэсаў

Каб усё было так, як задумвалася дакументам, падпісаным сто чатыры гады таму ў Брэсце, Беларусі і беларусаў наогул бы не існавала. Сярод шматлікіх падзей першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя, калі войны і рэвалюцыі мянялі светаўладкаванне, падпісанне Брэсцкага міру, якое адбылося 3 сакавіка 1918 года, мне здаецца, адна з самых невядомых старонак для нават зацікаўленага гісторыяй чалавека. А між тым, у геапалітычным плане гэтая падзея мела вялізнае значэнне, хоць бы таму, што менавіта тады дакументальна аформліся першыя пункты (ці памкненні) вялікага перадзелу свету, які доўжыцца і да сёння.

Каб разабрацца, «хто на кім стаяў» сто чатыры гады назад і якое наша месца ў згаданай падзеі, мы пагаварылі з кандыдатам гістарычных навук, загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргеем Траццяком.

— Сяргей Аляксандравіч, вось пагадзіцеся: Брэсцкі мір як падзея ў разуменні і веданні многіх беларусаў знаходзіцца ў цяні Рыжскага міру, які меў для нас катастрафічныя наступствы — беларускія землі былі падзеленыя па-жывому. Але ж насамрэч тое, што адбывалася за тры гады да гэтага ў Брэсце, не менш важна...

— Гэтыя два мірныя дагаворы, якія літаральна парэзалі тэрыторыю Беларусі, былі заключаны ў адным месяцы з розніцай у тры гады — Брэсцкі мір 3 сакавіка 1918 года, Рыжскі мір — 18 сакавіка 1921-га... Брэсцкі мір — гэта насамрэч канец вялікай эпохі, калі пачалася геапалітычная перабудова свету. І калі казаць пра яго наступствы для Беларусі, яны нашмат больш катастрафічныя, чым вынікі Рыжскага міру. Толькі тут будзе дарэчы паправіцца: былі б нашмат больш катастрафічнымі, калі б усё развівалася так, як Брэсцкім мірам было прадугледжана. Калі б яго пазіцыі пратрымаліся ў еўрапейскім раскладзе не некалькі месяцаў, як урэшце атрымалася, а гадоў дзесяць, геапалітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе была б зусім іншай. І для Беларусі як якога б то ні было дзяржаўнага ўтварэння і для беларусаў як народа ў ёй бы месца не знайшлося...

— Але ж перагаворы аб заключэнні міру праходзілі фактычна на нашай тэрыторыі — у Брэсце...

— Калі там у канцы 1917 года распачаліся мірныя перагаворы, у Брэсце, на дзве трэці абязлюдзелым у выніку праведзенай царскімі войскамі гвалтоўнай эвакуацыі 1915 года, у крэпасці знаходзіўся штаб германскага Усходняга фронту… Брэсцкія мірныя перагаворы вяліся з лістапада 1917 года паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі Чацвярнога саюза (Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый і Балгарскага царства).

— І падчас перагавораў наша тэрыторыя ніякім чынам не разглядалася як месца, на якім беларусы могуць стварыць сваю дзяржаву...

— Ніякім чынам. Прычым з абодвух бакоў. Бальшавікі Заходняга фронту, якія ўзялі ўладу ў Мінску ў снежні 1917 года, былі рашуча супраць нават аўтаноміі ў складзе Савецкай Расіі. Праўда, у пачатку 1918 года савецкі цэнтральны ўрад усё ж такі патрабаваў вырашыць пытанне з самавызначэннем беларусаў, каб голас беларускага народа прагучаў на Брэсцкай канферэнцыі, каб падчас падпісання мірнага дагавора ўсе беларускія землі ў якасці аўтаноміі былі зафіксаваныя за Расіяй (дарэчы, менавіта гэта і меў на ўвазе Усебеларускі з’езд — аўтаномія ў складзе Савецкай Расіі). А ў студзені 1918 года ў Петраградзе створаны Беларускі нацыянальны камісарыят на чале з Аляксандрам Чарвяковым, які мае на мэце стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці... Але яны працуюць далёка ад Беларусі, а непасрэдна на нашай тэрыторыі, у Мінску, рэй вядзе кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з Аляксандрам Мясніковым, якое, як я ўжо сказаў, супраць любой беларускай дзяржаўнасці.

Тут яшчэ вось які момант. Савецкая дэлегацыя падчас перагавораў паводзіла сябе вельмі несур’ёзна. Яна спрабавала ператварыць іх у пляцоўку распальвання сусветнага пажару рэвалюцыі. Таму і не таргаваліся савецкія дыпламаты аб канктрэтных пунктах дагавора, якія датычыліся праходжання лініі дзяржаўнай граніцы. Прычым у расійскім кіраўніцтве ўвогуле вяліся дыскусіі — заключаць гэты мір ці не заключаць. Палымяныя адэпты рэвалюцыі (чым далей ад фронту, тым іх было больш) патрабавалі працягваць вайну: маўляў, у Аўстрыі і Германіі падымаецца рабочы рух, мы не павінны аддаваць нашых братоў у лапы імперыялістаў... Ленін жа і прыхільнікі міру лічылі, што на дагавор з Германіяй трэба пайсці, каб выратаваць рэвалюцыю ў Расіі, каб даць ёй пасля магчымасць распаўсюдзіцца на ўвесь свет... Ленін прадказваў, што гэты мір не пратрымаецца і некалькіх месяцаў, бо рэвалюцыя ў самой Германіі ўсё памяняе.
А Германія дыктавала ўмовы, прычым на правах пераможцаў. Якіх інтарэсы нейкіх там беларусаў дакладна не цікавілі. На намаляванай Германіяй карце нам месца ні як дзяржаве, ні як аўтаноміі не было.

— Але ж ужо да гэтага ў снежні 1917 года, падчас першага Усебеларускага з’езда, беларусы заявілі аб імкненні да нацыянальнага самавызначэння...

— Першы Усебеларускі з’езд, калі памятаеце, быў разагнаны бальшавікамі, і аб любым дзяржаўным утварэнні беларусаў — савецкім ці нейкім іншым — размова не ішла. Савет Усебеларускага з’езду, які дзейнічаў практычна ў падполлі, абраў сваю дэлегацыю на перагаворы ў Брэст у складзе двух чалавек — Сымона Рак-Міхайлоўскага і Аляксандра Цвікевіча. Яны меркавалі заявіць аб тым, якой бачыць сябе Беларусь у пасляваенным свеце. Былі і яшчэ беларусы, якія спрабавалі заявіць аб сабе ў Брэсце, стоячы на пазіцыі «краёвага патрыятызму». Браты Іван і Антон Луцкевічы, якія на той момант знаходзіліся ў акупаванай немцамі Вільні, арганізавалі Віленскую беларускую раду. Якая прыняла пастанову аб тым, што ў пасляваенным свеце павінна быць адноўлена Вялікае Княства Літоўскае...
А самімі немцамі Вільня праектавалася як сталіца Літоўскага Каралеўства, у склад якога планавалася ўключыць і землі Заходняй Беларусі. Меркавалася, што Літоўскае Каралеўства з германскім прынцам на чале, якое ўключае ў сябе палову нелітоўскіх тэрыторый, будзе ў пасляваенным свеце моцнай процівагай Польскаму Каралеўству, якое так ці інакш цалкам павінна было адысці ў сферу ўплыву Аўстра-Венгрыі. Беларусі тут, як бачыце, няма наогул. Як пісаў адзін з кіраўнікоў германскай арміі фельдмаршал Эрых Людэндорф, калі яны ў 1915 годзе прыйшлі ў Вільню, «мы ўбачылі, што тут ёсць нейкія беларусы, пра якіх мы чулі ўпершыню».

— А тут яшчэ прадстаўляць Беларусь спрабавалі не палітыкі, а гуманітарыі-ідэалісты. Ідэя адраджэння ВКЛ — прыгожая, але ж гэта ўтопія... У нас не было людзей з палітычным досведам, каб на роўных прасоўваць свае ідэі.

— Сапраўды так. Дзяржаўнай эліты ў Беларусі не было, яна толькі-толькі пачынала фарміравацца. І ў многіх з гэтых на той момант нешматлікіх людзей быў вельмі рамантычны падыход да палітыкі. Вельмі рамантычнае было стаўленне да рэвалюцыі — галоўнае заявіць, а пасля як будзе... Гэтаксама ставіліся і да прапаганды сваёй пазіцыі: маўляў, беларусы павінны пайсці за намі, бо яны беларусы...

— Атрымліваецца, перагаворы вяліся толькі паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі Чацвярнога саюза?

— Ад пачатку так. Але ў працэсе туды прыбывалі новыя дэлегацыі, прычым не такія няўдалыя, як беларуская. Напрыклад, дэлегацыя Украінскай Народнай Рэспублікі, якая да студзеня 1918 года лічыла сябе часткай дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. Кіраўнік расійскай дэлегацыі Леў Троцкі не меў нічога супраць, каб украінская дэлегацыя ўдзельнічала ў перагаворах самастойна. Магчыма, ён разлічваў, што яны будуць дзейнічаць супольна з расійскай. Але ўкраінцы ўзялі свой курс — дамовіцца з дзяржавамі Чацвярнога саюза сепаратна.
У хуткім часе ва Украіне пачалася грамадзянская вайна. У снежні 1917 года ў Харкаве ўтвараецца Украінская Народная Рэспубліка Саветаў, якая дасылае ў Брэст сваю дэлегацыю. Троцкі патрабуе, каб і яе дапусцілі да ўдзелу як самастойную. Але дзяржавы Чацвярнога саюза заяўляюць, што не могуць гэтага зрабіць, бо ад Украіны ўжо ёсць свая дэлегацыя. І тады дэлегацыя з Харкава пачынае працаваць як частка дэлегацыі Савецкай Расіі... Рэгенцыйная рада новастворанага Польскага Каралеўства (часовы ўрад пад пратэкцыяй Германіі і Аўстра-Венгрыі) таксама заяўляе аб сваім намеры ўдзельнічаць у перагаворах. Прычым адбываецца гэта на фоне таго, што генерал-паляк Юзаф Доўбар-Мусніцкі падняў мяцеж, адмовіўся падпарадкоўвацца савецкай уладзе і заявіў прэтэнзіі Польшчы на Магілёўскую і Мінскую губерні. Пачаліся зацятыя спрэчкі паміж расійскай і нямецкай дэлегацыямі аб умовах допуску польскай дэлегацыі да ўдзелу ў перагаворах...

А 16 лютага ў Брэст прыбывае дэлегацыя Савета Усебеларускага з’езду — ужо згаданыя Рак-Міхайлоўскі і Цвікевіч. Яны зачытваюць сваю дэкларацыю: у пасляваенным свеце Беларусь павінна быць непадзельнай цэласнай рэспублікай у складзе федэратыўнай дэмакратычнай Расійскай Рэспублікі. Аднак іх фактычна ніхто не слухае. Немцы ўвогуле гавораць: хлопцы, а хто вы такія? Вас паслала не дзяржава, не ўрад, а нейкая незразумелая арганізацыя... Больш за тое, немцы выцягваюць дэкларацыю Віленскай рады, якая спасылаецца на тое, што Усебеларускі з’езд быў разагнаны, а значыць, не правамоцны, і прапануе аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага (за якое нібыта выказалася разагнаная бальшавікамі «Беларуская канферэнцыя ў Мінску»)...

— І якое не было патрэбнае нікому з перагаворшчыкаў...

— Вядома. А Рак-Міхайлоўскі і Цвікевіч, каб застацца ў Брэсце хоць у якім статусе, далучыліся ў якасці дарадцаў да дэлегацыі УНР, якая якраз у студзені абвясціла сябе незалежнай дзяржавай. Пры гэтым на тэрыторыі самой Украіны развіваюцца цікавыя падзеі. У студзені 1918 года Кіеў займаюць «чырвоныя» і ўрад УНР перабіраецца ў Жытомір. А урад савецкай УНР з Харкава перабіраецца ў Кіеў. І прыкладна ў гэты ж час у Данецку ствараецца Данецка-Крыварожская Савецкая Рэспубліка, якая, спаслаўшыся на тое, што Харкаў як сталіца савецкай УНР не патрэбны, сваімі войскамі займае Харкаў. Вось такая катавасія: сем урадаў на Украіне (былі ж яшчэ і Адэская Савецкая Рэспубліка, і Таўрычаская Савецкая Рэспубліка, і асобна Савет рабочых, матроскіх і салдацкіх дэпутатаў Севастопаля, і крымска-татарскі Курултай), якія ваююць паміж сабой за тэрыторыю, за міжнароднае прызнанне... У гэтай катавасіі немцы палічылі, што размаўляць трэба з тымі, на каго можна зрабіць стаўку, — хто не адмаўляе правы прыватнай уласнасці і ў прынцыпе можа быць апорай супраць Расіі, — на УНР, да дэлегацыі якой і далучыліся беларусы як дарадцы...

— У гэтай, як вы сказалі, катавасіі ўвогуле дзіўна, як хтосьці штосьці мог падпісаць...

— Германія спачатку падпісала сепаратны мірны дагавор з Украінскай Народнай Рэспублікай, пасля таго як у студзені 1918 года абвясціла незалежнасць ад Расіі. УНР заяўляла аб сваім выхадзе з вайны, адмаўлялася ад сваіх прэтэнзій на Холмскую губерню і на заходнія тэрыторыі, заклікала Германію і Аўстра-Венгрыю ўзяць рэспубліку пад ваенную абарону. За гэта Украіна абавязвалася паставіць у згаданыя краіны вялізныя аб’ёмы харчавання. Прычым не распісвалася, каму колькі, і паміж Германіяй і Аўстра-Венгрыяй распачаліся працяглыя спрэчкі, як падзяліць украінскую кантрыбуцыю.

Што датычыцца дагавора з Расіяй. Урэшце германскі і аўстрыйскі бакі заявілі, што заключаць любы дагавор, які прывядзе да міру. Гэты дагавор падпісалі з бальшавікамі, таму што яны ішлі на мір. Быў бы на месцы бальшавікоў іншы расійскі ўрад, які б дэклараваў выхад краіны з вайны, — дамаўляліся б з ім... Новая дзяржаўная граніца, паводле планаў немцаў, адразала ад Расіі Прыбалтыйскія губерні, Літву, часткова Заходнюю Беларусь... А граніцу паміж УНР і Савецкай Расіяй павінны былі вызначыць самі гэтыя краіны. Прычым немцы дзейнічалі тут па прынцыпе: мы не ўмешваемся, але свае войскі пашлём.

Але Троцкаму ўрэшце ўдалося праціснуць уласную формулу: «Ні міру, ні вайны» — мы мір не падпісваем, але вайну спыняем. Заявіўшы так, ён з’ехаў з Брэста. Прычым у Мінску яму наладзілі ўрачыстую сустрэчу як чалавеку, які абараніў гонар і годнасць рэвалюцыі. Камандуючы Заходнім фронтам Мяснікоў аддаў загад аб пачатку поўнай дэмабілізацыі фронту. Было гэта ў пачатку лютага 1918 года.

А 13 лютага ўжо згаданы польскі генерал Доўбар-Мусніцкі, заявіўшы аб тым, што пераходзіць у падпарадкаванне германскага Усходняга фронту, атрымаў загад ад камандавання фронту распачаць наступленне на Мінск. 16 лютага абвясціла сваю дзяржаўную незалежнасць Літва. Дакладней, Літоўскае Каралеўства, у тых граніцах, якія яму планавала Германія, — з заходнебеларускімі тэрыторыямі. Дарэчы, «Дэкларацыя аднаўлення дзяржаўнасці Літвы» дагэтуль знаходзіцца ў германскіх дыпламатычных архівах. Чаму? Бо германскі бок выкруціў літоўскім палітыкам рукі, вымусіўшы іх уключыць у гэты дакумент і ў германска-літоўскі дагавор аб супрацоўніцтве такія палажэнні, якія прадугледжвалі, што новаствораная літоўская дзяржава знаходзіцца цалкам у арбіце Германскай імперыі.

На фоне гэтых падзей германскі бок заявіў, што калі расійская дэлегацыя не вернецца ў Брэст за стол перагавораў праз тыдзень пасля 18 лютага, перамір’я больш не існуе і баявыя дзеянні будуць адноўлены. А за гэты тыдзень германскія войскі занялі фактычна ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, выйшлі да Дняпра, да Заходняй Дзвіны, занялі Полацк і пагражалі Віцебску... Пад кантролем савецкай улады застаўся «агрызачак» беларускіх зямель — два дзясяткі паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. А кіраўніцтва Заходняга фронту хуценька з’ехала з Мінска ў першы ж дзень нямецкага наступлення, бо якімі сіламі ім было абараняцца?

19 лютага немцы і польскія легіянеры ўжо ў Мінску, а частку горада кантралююць прыхільнікі Савета Усебеларускага з’езду. Праўда, акупацыйныя ўлады вельмі хутка прымусілі іх зняць сцягі, забралі ўсю казну, якая была, а потым і ўвогуле выгналі з будынкаў.
Германскі бок глядзеў на занятыя ў лютым-сакавіку 1918 года тэрыторыі Беларусі як на залог, які збіраўся трымаць да заключэння ўсеагульнага міру на сваіх умовах. Залог пад тое, што Расія будзе плаціць кантрыбуцыю, і тады, магчыма, праз нейкі час яна атрымае гэтыя тэрыторыі назад.

— Гэта маецца на ўвазе цэнтральная частка нашай сённяшняй тэрыторыі. Заходнюю частку аддавалі Літоўскаму Каралеўству, а сённяшняе Палессе...

— А сённяшняе Палессе лічылася часткай УНР, з якой дагавор ужо быў падпісаны... Карацей, беларусам не заставалася нічога. І абвяшчэнне ў сакавіку ў такіх умовах незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ды яшчэ ў межах рассялення беларусаў (фактычна ў сучасных межах нашай краіны) было дэкларатыўным і не ўваходзіла ў сферу нічыіх інтарэсаў. Самаму моцнаму на той момант боку — немцам — яна была нецікавая, бо абрушыла б усю пабудову міждзяржаўнай сістэмы адносін на ўсходзе Еўропы, якую яны ўзводзілі з такой педантычнасцю, з такім клопатам пра сябе. У гэтай сістэме яны бачылі сябе гегемонамі, а Расія, меркавалася, будзе цалкам выкінута з еўрапейскіх спраў, адрэзаная ад Еўропы дзяржавамі, што знаходзяцца пад германскім пратэктаратам і кантролем...

— Але гісторыя павярнула па-свойму...

— Ужо ўвосень 1918 года Германія прайграла вайну на захадзе і, адпаведна, страціла пазіцыі на ўсходзе. Летам 1918 года ў Еўропу праз Атлантыку сталі прыбываць амерыканскія войскі — да восені на кантыненце было ўжо тры мільёны іхніх салдат. Прыплылі і караблі з узбраеннем, вырабленым на амерыканскіх заводах. Усё гэта — у дапамогу Антанце, якая ваявала з Германіяй... Нямецкія войскі на ўсходзе пачалі паступова выводзіць з акупаваных беларускіх тэрыторый. 13 лістапада 1918 года Брэсцкі мір быў ануляваны. А вельмі хутка, у студзені 1919-га, пачалася польска-савецкая вайна. Сістэма, якую немцы спрабавалі выбудаваць, правалілася зусім, пачалі стварацца перадумовы для новага мірнага дагавора — Рыжскага.

Калі б умовы і геапалітычны расклад, якія прадугледжваў Брэсцкі мір, захаваліся хоць бы на дзесяць гадоў, пра беларусаў, а тым больш пра іх права на дзяржаўнасць, ніхто б і не ўспомніў. Але гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Праз тры гады, падчас падпісання Рыжскага міру, беларусы ўжо мелі сваю рэспубліку — Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусь. І хоць вынікі гэтага міру былі катастрафічныя для народа, бо падзялілі яго па-жывому на дзве часткі на доўгія васямнаццаць гадоў, дзяржаўнасць захавалася, і слова «Беларусь» (Беларуская Рэспубліка) ужо не знікала з сусветнага парадку дня.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».