Вы тут

Наша краіна здольная належным чынам абараніць свой суверэнітэт


Беларусь узмацняе паўднёвую граніцу і разгортвае там дадатковыя батальённыя групы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з членамі Савета Бяспекі і кіраўніцтвам Савета Міністраў.


«Прыняты генераламі нашымі прэвентыўныя дзеянні і замест пяці батальённых тактычных груп. Замест пяці мы разгортваем 10. Заўтра-паслязаўтра па адным, па два мы будзем да 10 нарошчваць намаганні на паўднёвай граніцы. Гэта высокападрыхтаваныя манеўраныя групы, якія гатовы спыніць любую правакацыю і любыя ваенныя дзеянні супраць Беларусі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што апошнім часам з'явілася інфармацыя аб тым, што з боку ўкраінскай тэрыторыі могуць быць спробы пранікнення ў Беларусь дыверсійных груп. У сувязі з гэтым ён паставіў задачы сілавым структурам спыняць такія спробы, калі яны будуць зроблены.

Ва ўзмоцненым рэжыме

Складаная абстаноўка вакол Беларусі мабілізавала асабовы склад Узброеных Сіл, нават дробныя парушэнні сышлі на нішто. Аб гэтым заявіў журналістам начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч пасля нарады Прэзідэнта з членамі Савета Бяспекі і кіраўніцтвам Савета Міністраў, паведаміла БелТА. Паводле яго слоў, на нарадзе кіраўнік дзяржавы паставіў задачу прадоўжыць узмацненне дзяржграніцы, разгарнуць дадатковыя сілы і сродкі, якія забяспечаць ваенную бяспеку краіны на паўднёвым, паўночна-заходнім, заходнім аперацыйных напрамках.

Як адзначыў Віктар Гулевіч, Узброеныя Сілы пастаянна адсочваюць, аналізуюць абстаноўку вакол Беларусі. І яна мае тэндэнцыю да эскалацыі. У пацвярджэнне сваіх слоў начальнік Генштаба нагадаў аб выказваннях генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга аб тым, што сілы першачарговага задзейнічання альянсу будуць прыводзіцца ў павышаную ступень боегатоўнасці. «Гэта даволі вялікая групоўка, якая можа знаходзіцца на граніцах з Беларуссю», — адзначыў Віктар Гулевіч.

Ён таксама звярнуў увагу, што на фоне складанай абстаноўкі вакол Беларусі настроі сярод ваеннаслужачых крыху змяніліся. «Магчыма, менавіта такая складаная абстаноўка мабілізавала ўвесь асабовы склад Узброеных Сіл, нават дробныя парушэнні сышлі на нішто», — сказаў начальнік Генштаба. Ён падкрэсліў, што УС заўсёды знаходзяцца ў гатоўнасці для абароны суверэнітэту краіны: «Мы не маем ніякіх агрэсіўных планаў у адносінах да сумежных краін. У першую чаргу для нас — абарона граніцы, абарона нашай тэрытарыяльнай цэласнасці», — падкрэсліў ён.

Абарона дзяржаўнай граніцы Беларусі ажыццяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі. Па ўказанні Прэзідэнта, аддадзеным з улікам абвастрэння ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне, узмоцнена абарона граніцы на заходнім і паўднёвым напрамках. На фоне існуючай абстаноўкі для прадухілення магчымых правакацый і недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Беларусі дыверсійна-разведвальных груп рэалізуецца комплекс рэжымных мерапрыемстваў. У рамках дадатковага прыкрыцця граніцы з Украінай задзейнічаны рэзервы пагранічных груп і атрадаў, а таксама падраздзяленні Міністэрства абароны.

Асабовы склад тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы знаходзіцца ў пунктах пастаяннай дыслакацыі. Пункты пропуску, у тым ліку на беларуска-ўкраінскай граніцы, з беларускага боку функцыянуюць у штатным рэжыме. Дадатковыя абмежаванні ў пропуску асоб і транспартных сродкаў не ўводзіліся. Сітуацыя на дзяржаўнай граніцы Беларусі застаецца пад кантралем.

Супраць фэйкаў

Адказваючы на пытанні журналістаў, Віктар Гулевіч са 100-працэнтнай упэўненасцю заявіў: беларускія ваеннаслужачыя выконваюць задачы толькі на тэрыторыі Беларусі, нікога з іх няма на тэрыторыі Украіны. Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма і не можа быць беларускіх ваеннаслужачых. Аб гэтым БелТА заявіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Іна Гарбачова.

Інфармацыя, якая распаўсюджваецца асобнымі ўкраінскімі СМІ аб калоне ў складзе 300 танкаў, якая нібыта рухаецца ў напрамку Украіны, з'яўляецца чарговым фэйкам. Такое паведамленне прэс-службы Мінабароны размешчана ў тэлеграм-канале міністэрства. «У Беларусі адсутнічаюць такія вайсковыя фарміраванні, як танкавыя арміі. Аб гэтым ведаюць нават школьнікі», — адзначылі ў прэс-службе.

Дарэчы, абвяргаць фэйкі дапамагаюць і ўкраінскія ўлады. Кіеў не мае даных аб удзеле ваенных Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяннях супраць Украіны. Пра гэта заявіў саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч, паведамляе УНІАН.

Усе выдумкі збеглых аб нашых ваенных ва Украіне — хлусня. Аб гэтым заявіў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага ўпраўлення Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. «На праведзеным пашыраным пасяджэнні Савета Бяспекі Аляксандр Лукашэнка раскрыў дэталі падзей, якія адбываюцца вакол Беларусі, перагаворнага працэсу дэлегацый Расіі і Украіны, а таксама ваеннай аперацыі на Украіне расійскіх спецпадраздзяленняў. Больш за тое, ужо стала зразумела, што дзякуючы Аляксандру Лукашэнку Беларусь не была ўцягнута ў ваенныя дзеянні. Ніводны ваеннаслужачы Беларусі не прымае ўдзел у баявых дзеяннях як на тэрыторыі краіны, так і за яе мяжой. Усе выдумкі збеглых і праплачаных інфармацыйных каналаў Захаду аб нібыта ўдзеле беларускай арміі ў ваенных дзеяннях ва Украіне — хлусня. У сувязі з гэтым лічу, што збеглыя павінны быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за падбухторванне і распальванне варожасці, а таксама за падрыў дзяржаўнага суверэнітэту і паклёп», — сказаў Мікалай Шчокін.

«У Беларусі асаблівая місія ў рэгіёне. Мы — ключ у рэгіёне Усходняй Еўропы, таму такая вялікая геапалітычная гульня ідзе вакол нашай краіны. Але мы свой шлях выбралі. Гэта выбар нашага народа. Мы — саюзнік Расіі. Мы Расіі ніколі не здрадзім. Мы прыкрываем тут з захаду і паўночнага захаду нашу агульную Саюзную дзяржаву, — адзначыў БелТА старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. — І з Расійскай Федэрацыяй мы каардынуем нашы дзеянні. Мы аказваем падтрымку і лагістычную, і гуманітарную Расіі. Разам з тым якой-небудзь неабходнасці у тым, каб нашы сілавікі — ці то ўзброеныя сілы, пагранічнікі або спецпадраздзяленні — удзельнічалі ў спецыяльнай ваеннай аперацыі, няма. І Расійская Федэрацыя нас аб гэтым не прасіла. Насамрэч у Расіі хапае сіл і сродкаў для выканання тых задач, якія былі пастаўлены».

Жорсткая рэакцыя

Ідуць канкрэтныя правакацыі. Такой думкай з карэспандэнтам БелТА падзяліўся палітолаг, эксперт грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Пётр Пятроўскі, каментуючы інфармацыйныя ўкіды аб тым, што беларускія войскі ўвайшлі ў Чарнігаўскую вобласць. «Ёсць пэўныя правакатары. Хутчэй за ўсё, звязаныя з трэцімі сіламі англасаксонскага свету, якія хочуць разгарнуць беларуска-ўкраінскую вайну. Мы павінны гэта разумець. І пасля таго, як Прэзідэнт дае дакладную інфармацыю, што няма такіх войскаў і няма такіх планаў, — адносна нас вядуцца такія інфармацыйныя правакацыі і ўкіды. Хтосьці вельмі хоча, і мы павінны быць гатовы (і Прэзідэнт аб гэтым сказаў) да магчымых правакацый, у тым ліку ваенных. Таму поўная баявая гатоўнасць на паўднёвых граніцах для адбіцця магчымых правакацый» , — адзначыў Пётр Пятроўскі.

Паводле яго слоў, на беларускае грамадства зараз вядзецца інфармацыйная атака. «Сіламі інфармацыйна-псіхалагічных аперацый краін НАТА і Украіны. Мэта правакацый і атакі — пасеяць паніку і падбіць насельніцтва да незаконных масавых акцый і беспарадкаў, спробы паўтарыць 2020 год. Гэта значыць, спрабуюць Беларусь зноў увесці ў бездань 2020-га. Але мы ведаем, што любыя формы дзяржпераваротаў вядуць да войнаў. Таму тыя, хто пад гэта падбухторвае насельніцтва, хоча распаўсюдзіць псіхоз», — адзначыў палітолаг.

Аналіз аператыўнай абстаноўкі ў краіне сведчыць, што мы фактычна знаходзімся ў стане інфармацыйнай вайны, заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч. Пра гэта паведамілі ў МУС. «Канкрэтнымі прыкладамі інфармацыйных нападаў з'яўляюцца заклікі па блакіраванні чыгуначных шляхоў, вывядзенні са строю сігнальнага абсталявання і гэтак далей. Такія заклікі мы зафіксавалі ўжо 27 лютага ад Bypol, затым ад іншых збеглых і дэструктыўных ініцыятыў. Усе яны адкрыта заклікаюць грамадзян да пашкоджання чыгуначных шляхоў, сродкаў арганізацыі руху, знішчэння рухомага саставу. Гэта значыць, да ўсяго таго, што прывядзе да тэхнагенных і экалагічных катастроф, ахвяр сярод мірнага насельніцтва, — адзначыў Генадзь Казакевіч. — З 28 лютага на 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцей зафіксаваны тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання, блакіравання чыгуначных пуцей. Адказнасць узялі на сябе «Буслы ляцяць» і Bypol. Усе гэтыя дзеянні кваліфікаваны як акты тэрарызму, узбуджана крымінальная справа. Інфраструктура Беларускай чыгункі ўзята пад кантроль органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў».

У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрыманы мясцовыя жыхары, муж з жонкай, якія на чыгуначных шляхах падпалілі бярвенне для перашкоды руху цягнікоў. Абодва былі ў стане алкагольнага ап'янення. Мужчына ўсё здымаў на мабільны тэлефон з адпаведным каментарыем, дзе адкрыта выказваў свае тэрарыстычныя намеры. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. «МУС звяртае ўвагу, што ўсе такія заклікі паступаюць ад збеглых, якія знаходзяцца за мяжой. Заклікаючы да міру ва Украіне, яны фактычна заклікаюць да вайны і ўчынення тэрактаў у нашай краіне. Прыведзеныя факты мы расцэньваем як акты тэрарызму. І нясуць яны пагрозу, у першую чаргу чаргу, не дзяржаве, а людзям, — адзначыў намеснік міністра. — У Жодзіне затрыманы яшчэ адзін 35-гадовы «рэйкавы партызан». Мы працягваем аператыўныя мерапрыемствы і, як абяцалі, знойдзем усіх і абаронім нашых грамадзян».

Генадзь Казакевіч падкрэсліў: «Папярэджваем усіх, хто нават падумае ўчыняць любыя супрацьпраўныя дзеянні на Беларускай чыгунцы: усе яны будуць кваліфікаваны як акт тэрарызму, і рэакцыя будзе максімальна жорсткай».

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Трымаць порах сухім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».