Вы тут

Беларусь прадставіць экспазіцыю на Vietnam Expo


Менавіта ў гэты час у Ханоі пройдзе Міжнародная выстава Vietnam Expo — найбуйнейшае шматпрофільнае мерапрыемства ў В’етнаме. На выставе будзе арганізавана маштабная нацыянальная экспазіцыя нашай краіны, якая прадставіць прадукцыю вядучых айчынных прадпрыемстваў-экспарцёраў.


Фота: belinterexpo.bу

Выстава Vietnam Expo ахопіць чатыры секцыі, у якіх будуць прадэманстраваны машыны і камплектуючыя, нафтахімічная прадукцыя, лічбавыя тэхналогіі ў гандлі і вытворчасці, тэлекамунікацыйнае абсталяванне, фармацэўтычныя і медыцынскія прэпараты, прадукты харчавання і напоі, электроніка, бытавая тэхніка і інструменты.

У гэты раз у выставе Vietnam Expo прымуць удзел больш за 350 кампаній з 16 краін: В’етнама, Індыі, Інданезіі, Камбоджы, Кітая, Карэі, Кубы, Лаоса, Малайзіі, М’янмы, Непала, Расіі, ЗША, Шры-Ланкі, Японіі, а таксама з Ганконга і Тайваня.

Нацыянальная экспазіцыя нашай краіны праводзіцца ў гэтым рэгіёне ўжо восьмы раз (раней мерапрыемствы праходзілі ў Ханоі ў 2007, 2009, 2012, 2016 гадах і ў Хашыміне — 2011, 2014, 2018 гадах). Традыцыйна экспазіцыя Беларусі з’яўляецца найбуйнейшым краінавым павільёнам на выставе Vietnam Expo.

Характэрна, што сёлета беларуская экспазіцыя атрымае ганаровы статус «Асаблівы госць» (Special Guest), што прадугледжвае цэнтральнае размяшчэнне ў выставачным павільёне, актыўнае рэкламна-інфармацыйнае суправаджэнне і правядзенне маштабных кангрэсных мерапрыемстваў, уключаючы Беларуска-В’етнамскі бізнес-форум, які стане дадатковай пляцоўкай для пошуку бізнес-партнёраў і заключэння экспартных кантрактаў.

Арганізатарам Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на міжнароднай выставе Vietnam Expo ўжо традыцыйна з’яўляецца Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Суарганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам», «Белнафтахім», Мінгарвыканкам, абласныя выканаўчыя камітэты.

Удзел у экспазіцыі на выставе Vientam Expo у Ханоі пацвердзілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, прадпрыемствы нафтахімічнай галіны «Белшына», Гомельскі хімічны завод «Гродна Азот», «Магілёўхімвалакно», «Нафтан», вытворца малочнай прадукцыі «Бабуліна крынка», прадпрыемствы машынабудавання і фармацэўтыкі. Чакаецца, што сумарна Беларускія стэнды зоймуць плошчу больш за 200 квадратных метраў.

Варта адзначыць, што Міжнародная выстава Vietnam Expo — адна з найбуйнейшых універсальных гандлёва-эканамічных пляцовак у Паўднёва-Усходняй Азіі, якая праходзіць па чарзе ў Ханоі і Хашымін. У 2019 годзе на выставе былі прадстаўлены звыш 600 кампаній больш чым з 25 краін. Колькасць прафесійных наведвальнікаў перавысіла 21,5 тысяч чалавек. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Міністэрства прамысловасці і гандлю В’етнама.

Характэрна, што асноўныя артыкулы экспарту з Беларусі ў В’етнам — калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, кар’ерныя самазвалы, трактары, шыны, прадукты харчавання, замарожаная ялавічына, сінтэтычныя ніткі і поліаміды. Патэнцыял у пастаўках прадукцыі маюць «малочныя» кампаніі: у 2020 годзе завершана іх сертыфікацыя для экспарту на рынак В’етнама. У стадыі прапрацоўкі — сертыфікацыя мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2020 годзе склаў 178 мільёнаў долараў (у тым ліку экспарт Беларусі ў В’етнам — 95 мільёнаў долараў). За 11 месяцаў мінулага года тавараабарот склаў 164 мільёнаў долараў (у тым ліку экспарт Беларусі ў В’етнам — 65 мільёнаў долараў).

Між іншым, В’етнам першым сярод дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі падпісаў пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС. Дакумент, дзеючы з 2016 года, прадугледжвае шэраг ільгот для беларускіх экспарцёраў: абнуленне імпартных пошлін, уніфікацыю мер мытнага рэгістравання, спрашчэнне доступу вытворцаў ЕАЭС на рынак дзяржаўных закупак В’етнама.

У чым жа нашы перспектывы супрацоўніцтва з гэтай краінай? У эканамічным дачыненні В’етнам з’яўляецца прывабным партнёрам для беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў. Насельніцтва гэтай краіны — амаль 100 мільёнаў чалавек. Да пандэміі рост ВУП В’етнама складаў каля 6–7 % у год. У 2020 і 2021 гадах ён дасягаў больш за 2,5 %. Аб’ём знешняга гандлю В’етнама за дзевяць месяцаў 2021 года вырас на 24,4 % у параўнанні з тым жа перыядам у папярэднім годзе — да 483,1 мільярдаў долараў. Асноўныя артыкулы імпарту — машыны і абсталяванне, пластмасы і вырабы з іх, нафта, транспартныя сродкі, прадукты харчавання і корм для жывёл.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».