Вы тут

Рамонты пад'ездаў, відэаназіранне, двары...


Жыхары ЖЭСа №11 у Гродне вельмі добра ведаюць старшыню свайго мясцовага камітэта Наталлю Сасім. І не дзіва. Яна займае гэту клопатную пасаду амаль 13 гадоў — з таго самага часу, як названыя камітэты пачалі стварацца. І з той пары робіць усё магчымае для камфортнага пражывання жыхароў. Пры неабходнасці турбуе адпаведныя службы. Такіх баявых памочніц гарадскія ўлады не пакідаюць без увагі.


Вось і нядаўна Наталля стала лаўрэатам конкурсу, які праводзіць абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Чым не нагода павіншаваць актывістку, а заадно распытаць аб тым, што змянілася ў яе рабоце пасля прыняцця новага Жыллёвага кодэкса, дзе многія работы па ўтрыманні жыллёвага фонду леглі на плечы саміх жыхароў.

Вядома, у першую чаргу Наталлі хочацца расказаць аб прыемным. Напрыклад, аб тым, як сёлета ўпершыню ўстанавілі навагоднія ёлкі ў дварах, упрыгожылі гірляндамі пад'езды. Неаднойчы збіралі ветэранаў працы на вечарыны. Зараз ідзе падрыхтоўка да свята жанчын — у гэты дзень абавязкова зладзіць салодкі стол для памочніц, якія сочаць за парадкам у сваіх дамах.

А там і вясновыя клопаты. Пачнецца прыборка тэрыторый, пабелка дрэў, афарбоўка дзіцячых пляцовак, азеляненне двароў. Работа, па словах Наталлі, вядзецца ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі. Напрыклад, летась горад дапамог зрабіць паркоўку, удзельнічалі многія жыхары.. Таксама ў мінулым годзе сумесна з прадпрыемствам «Белтэлекам» зрабілі дзіцячую пляцоўку ў форме ракеты.

Паступова ў размове закранаем тэму новых умоў работы ў сувязі з прыняццем Жыллёвага кодэкса. Напрыклад, як вядуцца рамонты ў пад'ездах? Згодна з новым заканадаўствам, цяпер такія работы аплачваюць самі жыхары. Мая суразмоўніца расказала, што ў гэтым кірунку яны пайшлі па шляху кампрамісу.

— Адразу ўвесь дом ахапіць людзі не гатовы. Але і заходзіць у такія неахайныя пад'езды, дзе рамонту не было гадоў сорак, таксама непрыемна. Таму прапанавала пачаць з першых двух паверхаў. А потым паступова рухацца вышэй, можа, у наступным годзе. Мяне падтрымалі, — адзначыла суразмоўніца.

Дарэчы, ініцыятарам такіх рамонтаў якраз і выступае камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Яго члены робяць апытанне жыхароў найбольш праблемных дамоў, праводзяць сход і галасаванне. Калі ёсць неабходная колькасць галасоў — а гэта дзве трэці ўладальнікаў кватэр, — справа скранаецца з месца. Астатнія ўдзельнікі сумеснага домаўладання павінны падпарадкавацца і аўтаматычна ўключаюцца ў спісы.

Як правіла, рамонт робіць альбо нейкая арганізацыя, альбо самі камунальнікі. Там таксама есць будаўніча-рамонтныя брыгады. Яны выконваюць работы і выстаўляюць каштарыс у жыроўкі.

Наталля прыводзіць прыклад нядаўняга рамонту шматпавярховіка. Уваходную групу зрабілі за кошт бюджэту, а вось пад'езд — справа саміх жыхароў. Падлічылі, што з кожнай кватэры выдаткі складуць 21 рубель. Гэта разавая выплата, але і яна можа быць размеркавана на тры месяцы. Потым рамонт плануецца працягваць, пакуль не завершацца работы на ўсіх дзевяці паверхах.

— У наступным годзе будзем зноў два паверхі рамантаваць. Магчыма, зробім хутчэй, бо ў летні перыяд, як вядома, у жыроўках не будзе графы за ацяпленне. Гэту суму якраз і можна замяніць рамонтам пад'ездаў. Магчыма, зробім за год не два, а чатыры паверхі, — разважае мая суразмоўніца і дадае, што кошт рамонту не ўсюды аднолькавы. Хтосьці выбірае даражэйшы варыянт, дзесьці сыходзяцца на менш затратным.

Наталля ўпэўнена: стары жылфонд павінен аднаўляцца. Менавіта на гэта яна скіроўвае і жыхароў. Сустракаецца з імі, размаўляе, прыводзіць аргументы аб неабходнасці такіх работ, разам з людзьмі шукае кампрамісныя варыянты.

— Многія прывыклі лічыць, што ўсё робіцца за кошт тэхнічнага абслугоўвання, а яго ўжо недастаткова. У людзей свае жаданні, а магчымасці ў камунальнікаў значна ніжэйшыя.

Канешне, трэба ўкладваць свае сродкі. Як ідзе гэты працэс? — перапытвае суразмоўніца і тут жа адказвае: — Калі людзі хочуць, каб было прыгожа і камфортна, яны робяць гэта. Збіраюць сродкі і вядуць работы. Многія і раней аднаўлялі свае пад'езды, бо прывыклі лічыць, што самі здольны палепшыць сваё жыццё, а не чакаць, пакуль гэта зробіць нехта. А цяпер такая работа будзе весціся паўсюдна.

Яшчэ адна даволі слушная пазіцыя — відэаназіранне. Устаноўка сістэмы таксама патрабуе згоды большай часткі жыхароў дома. І ахвотных нямала. Напрыклад, у ЖЭСе № 11 кожны трэці дом мае такую сістэму. Як правіла, працуе дзве камеры — у пад'ездзе і на ўваходзе. Многія падключаюць паслугу прагляду анлайн. Менавіта відэакамера дазваляе выявіць правапарушэнні. «Гэта яшчэ і пытанні бяспекі», — растлумачыла Наталля. Здаецца, яна ў курсе ўсіх падзей сваёй тэрыторыі.

Напрыклад, днямі прыйшлося з міліцыяй разбірацца з расклейкай лістоў у пад'ездзе. Аказалася, што сюды пранік незнаёмец. Міліцыя займаецца яго пошукам. Таксама быў выпадак: згубіўся хлопчык. Бацькі звярнуліся ў міліцыю. Калі сталі праглядаць відэа, убачылі, што іх сямігадовы сын пайшоў у чужы пад'езд. Аказалася, што там жыў хлопчык, з якім ён гуляў у двары. Супрацоўнікі міліцыі абышлі ўсе кватэры і знайшлі яго праз некалькі гадзін. А бацькам патлумачылі, што на дзіця ў такіх выпадках нельга крычаць, а трэба спакойна з ім паразмаўляць. Пасля перажытага стрэсу бацькі прынялі рашэнне купіць сыну наручны гадзіннік з функцыяй вызначэння знаходжання.

Наталля прыгадала яшчэ адзін даволі паказальны выпадак. Уладальнік аўтамабіля ўбачыў, што ў яго машыны, якая стаяла каля дома, пашкоджана лабавое шкло. Мужчына стаў з падазрэннем ставіцца да кожнага: а ці не ён гэта зрабіў? Але пры праглядзе запісу з відэакамеры было відаць, што моцны вецер падняў і кінуў на шкло нейкі прадмет. «Ніхто не вінаваты. А калі б не відэа, аўтаўладальнік думаў бы на сваіх жа суседзяў, гэта вылілася б у агрэсію. А тут проста форс-мажорныя абставіны», — паясніла Наталля.

Напрыканцы размовы зноў вяртаемся да прыемнага — узнагароды. Дарэчы, іх за час работы ў актывісткі было нямала. Некаторыя потым сталі падарункамі для іншых. Напрыклад, леташні электрачайнік члены камітэта вырашылі перадаць шматдзетнай сям'і, дзе растуць сямёра дзяцей. На грашовыя прэміі зладзілі салодкі стол для жанчын — ветэранаў працы. Гэтым разам падарункам стаў чайны сервіз. «Будзем гарбату з яго піць на 8 Сакавіка», — усміхаецца Наталля.

Цікаўлюся, ці не збіраецца іх камітэт прыняць удзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які цяпер шырока рэкламуецца ўладамі. «Магчыма, — коратка адказвае яна і дадае. — Было б добра з падтрымкай фонду заняцца добраўпарадкаваннем двароў, дзіцячых пляцовак, інклюзіўным асяроддзем». Відавочна, што задумак у Наталлі нямала. І энергіі таксама.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук:

— Стварэнне фонду грамадзянскіх ініцыятыў — ідэя нашай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў. Гэта ініцыятыва падтрымана і ўрадам, і Саветам Рэспублікі. Есць адпаведны ўказ Прэзідэнта аб стварэнні фонду грамадзянскіх ініцыятыў. Мы на ўзроўні вобласці правялі конкурс, выйгралі 14 праектаў. На іх рэалізацыю Банкам развіцця выдзелена 100 тысяч рублёў.

Сёлета пры падтрымцы аблвыканкама створаны свой аналагічны фонд у памеры 200 тысяч рублёў. Гэта таксама салідная сума для рэалізацыі праектаў, якія дазволяць у тым ліку добраўпарадкаваць нашы населеныя пункты, гарады, стварыць больш камфортныя ўмовы для жыцця. А тое, што зроблена сваімі рукамі, і цэніцца больш. Самі людзі будуць сачыць за парадкам на гэтай тэрыторыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.