У Маскве адбылося пасяджэнне камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях.
У ёй прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член названай камісіі Парламенцкага сходу Віктар ЛІСКОВІЧ.
На парадку дня былі пытанні, якія датычыліся выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2021 год у частцы вядзення профільнай камісіі, плана работы на 2021—2023 гады, правядзення XV Фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» ў 2022 годзе і іншыя.
У рамках рабочай паездкі члены камісіі Парламенцкага сходу наведалі адно са знакавых месцаў — Уваскрасенскі Нова-Іерусалімскі манастыр — стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр Рускай праваслаўнай царквы, які размешчаны ў Істры Маскоўскай вобласці.
Дарэчы, манастыр быў заснаваны ў 1656 годзе і вядомы як руская Палесціна. Сёння ён зазнае другое нараджэнне — практычна завершана яго рэстаўрацыя, якая доўжылася больш чым 10 гадоў. Мясціна, якая з'яўляецца помнікам расійскай і сусветнай культуры, адноўлена ва ўсёй сваёй прыгажосці.
* * *
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ прыняў удзел у пасяджэнні камісіі Парламенцкага сходу па заканадаўстве і рэгламенце.
У яе рабоце ўдзельнічалі саюзныя парламентарыі, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнага банка Расіі, Беларускага бюро па транспартным страхаванні, Расійскага саюза аўтастрахаўшчыкоў, а таксама эксперты ў галіне заканадаўства і права.
Парламентарыі разгледзелі пытанні, звязаныя з карэкціроўкай Палажэння аб камісіях Парламенцкага сходу і рэгламенту, у выніку чаго з'явіліся дадатковыя чатыры камісіі, якія будуць уцягнуты ў працэс рэалізацыі 28 саюзных праграм, патлумачылі ў профільнай камісіі Савета Рэспублікі.
— Асобны кірунак — пытанні, звязаныя з заканатворчасцю. У мінулым годзе было прынята рашэнне змяніць рэгламент, напоўніць дзейнасць пастаянных камісій дадатковымі кірункамі, напрыклад, падрыхтоўкай праектаў мадэльных заканадаўчых актаў, якія таксама будуць адным са складнікаў прававой базы Саюзнай дзяржавы, — патлумачыў Сяргей Сівец.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі парадак сумеснай дзейнасці па падрыхтоўцы мадэльнага заканадаўчага акта «Аб абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў» і меры па зніжэнні ў Беларусі мінімальнага тэрміну абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных за мяжой, да пяці дзён.
Дарэчы, рашэнне гэтых пытанняў накіравана на ўдасканаленне і ўніфікацыю парадку страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці ў Беларусі і Расіі для забеспячэння роўных правоў грамадзян і адзіных выгадных умоў пры ажыццяўленні паездак па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».