Вы тут

Зяленіва з прыстаўкай «мікра» Ці варта ўключаць яго ў рацыён?


Што такое мікразяленіва, пра якое пару гадоў таму звычайны спажывец і не чуў, а сёння дыетолагі і адэпты здаровага харчавання раяць дадаваць яго ў салаты і пасыпаць ім супы? Па сутнасці, гэта проста расада, якую вы вырасцілі і... з'елі. Ці тое сапраўды карысна? Давайце разбірацца.


Цікавасць да прадуктаў харчавання, якія раней здаваліся нязвыклымі і незвычайнымі, зразумелая: у нашы дні з прычыны ковіду і пастаяннага стрэсу падтрыманне імунітэту важнае для ўсіх і кожнага. Дыетолагі сцвярджаюць, што ў мікразяленіве ў дзясяткі разоў больш ферментаў, чым у звыклым «дарослым» зяленіве і свежай гародніне. Знаходзячыся ў стадыі росту, мікразяленіва здольнае перадаць арганізму мноства карысных рэчываў. Напрыклад, бэта-карацін, які змяшчаецца ў мікразяленіве, абараняе скуру ад ультрафіялету і іншых шкодных уздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маладыя парасткі ўтрымліваюць раслінны бялок, рэкордную колькасць вітамінаў (С, Е, К і групы В), шырокі спектр мінералаў (кальцый, калій, фосфар, жалеза, магній, ёд, сера), караціноіды (якія якраз і ўмацоўваюць імунітэт), фоліевую кіслату і эфірныя алеі. А таксама руцін, які прадухіляе ўтварэнне тромбаў, і антыаксідант хларафіл. Нутрыцыёлагі кажуць пра тое, што ўключэнне мікразяленіва ў рацыён на рэгулярнай аснове аздараўлівае страўнікава-кішачны тракт, нармалізуе абмен рэчываў і работу эндакрыннай сістэмы, запавольвае старэнне, падтрымлівае сэрца і сасуды, а таксама нервовую сістэму. Аргументы «за» такія: калі расліна актыўна расце, усе яе рэсурсы максімальна мабілізаваныя. Напрыклад, у праростках буракоў у дзясятак разоў большае ўтрыманне вітамінаў, чым у спелым бураку.

Словам, мікразяленіва — лагічнае развіццё ідэі дадавання ў рацыён прарошчанага насення, якая была папулярная ў прыхільнікаў здаровага харчавання апошнія 10 гадоў. Цуда-прадукты, зразумела, з'яўляліся і раней, і сучасны спажывец прывык да таго, што неўзабаве ажыятаж на той ці іншы прадукт харчавання спадае. Але пакуль што мікразяленіва навукоўцы называюць сапраўды вельмі карысным, спасылаючыся на праведзеныя даследаванні. Хоць тут ёсць і свае «падводныя камяні».

Купіць або вырасціць?

З пункту гледжання навукоўцаў-аграрыяў, да паняцця «мікразяленіва» сёння адносяць сакавітае і далікатнае зяленіва агароднінных культур, перыяд вырошчвання якога — 10-14 дзён, вышыня раслін — 5-15 см (у хуткарослых гароху, сланечніка «рост» будзе вышэйшы, у капусных — ніжэйшы). У ежу мікразяленіва досыць шырока ўжываецца з 1980-х: у гэты час у Сан-Францыска шэфы-кухары элітных рэстаранаў пачалі выкарыстоўваць яго ў салатах. У 1990-х мікразяленіва стала гарнірам і інгрэдыентам страў у шэрагу больш бюджэтных рэстаранаў Заходняй Еўропы і ЗША. Тады варыянтаў было няшмат: на «мікрагрын» вырошчвалі ў асноўным руколу, базілік, каляндру. Сёння спектр значна шырэйшы. У якасці мікразяленіва вырошчваюцца практычна любыя культуры — ад гарчыцы, зялёнай грэчкі, самай рознай капусты да кукурузы, розных відаў цыбулі, радыскі, дайкона, буракоў, і нават сланечнік. А таксама збожжавыя культуры — праўда, пры непераноснасці глютэну мікразяленіва пшаніцы, жыта і ячменю ўжываць не варта. Вырошчваюць таксама на «мікрагрын», напрыклад, настурцыю — мікразяленіва гэтай кветкі валодае ўласцівасцямі антыбіётыку, аказвае бактэрыцыднае і супрацьзапаленчае ўздзеянне і расшырае сасуды. А таксама амарант — у яго ружовыя лісточкі і яскравы арэхавы смак.

Папулярныя ў прамысловым вырошчванні віды мікразяленіва — гэта рукола (пікантны прысмак робіць яе выдатным гарнірам да мяса і рыбы), сельдэрэй (яго мікразяленіва — проста скарбніца кальцыю і калію), ліставая салата (смак далікатнейшы, чым у вялікага лісця), буракі (і ўпрыгажэнне стала, і ўмацаванне імунітэту), гарох (есці яго рэкамендуецца з лісцікамі і вусікамі, у салатах і ў якасці «пасыпкі» для агароднінных супоў).

Дзе ж узяць мікразяленіва? Можна купіць, можна вырасціць самастойна. Спачатку — ідзём у краму.

Прадаецца «мікрагрын» у аддзелах гародніны-садавіны, там, дзе прадстаўлены зялёныя салаты. Знайсці яго сёння ў буйных і не вельмі гіпермаркетах нескладана. Вытворчасць фермерская, айчынная. У асартыменце — рукола, гарох, капуста, буракі, радыска некалькіх відаў, мікс з базілікам і г. д. Зяленіва прапануецца пакупнікам як у зрэзаным выглядзе, пераважна ў экалагічнай папяровай упакоўцы, так і з каранямі, у пластыкавым латочку. Кошт — у сярэднім 5—5.30 за 50 г і 3.30 за 30 г, каля 2.50 за 20-25 г. Мікс абыдзецца прыкладна ў 6 рублёў за 100 г. Калі пералічыць на цану за кілаграм, сумы атрымліваюцца сапраўды вялікія. Нельга сказаць, што прадукт папулярны: разглядаюць яго часта, а вось кладуць у кошык — рэдка. Цікавасць да прадукцыі праяўляе ў асноўным малады пакупнік, і ў большасці — жаночага полу.

— Дорага, вядома, у пераліку на кілаграм атрымліваецца. Але ж ніхто не купляе гэты прадукт кілаграмамі. Я бяру мікразяленіва часам, каб разнастаіць меню сям'і — дзеліцца адна з пакупніц. — Дзеці добра ядуць салату з гэтымі маленькімі парасткамі.

— А я вырошчваю мікразяленіва дома, на падаконніку. Вы самі паглядзіце — тры галінкі за 3 рублі! І гэта разам з кубачкам — фактычна самога зяленіва тут грамаў 10-15, а не на 30, як паказана на ўпакоўцы. Танней вырошчваць мікразяленіва на падаконніку. Выдаткаў амаль ніякіх: пакецік насення — рубель-два, — уступае ў размову жанчына сярэдніх гадоў.

— Спачатку спрабавала вырошчваць такое зяленіва са звычайнага насення, — дзеліцца яна. — Потым купіла спецыяльнае, для мікразяленіва. І вельмі задаволеная. Усходжасць — сто працэнтаў. Ужо апрабавала ўсё, што ёсць у «Садовым свеце» з насення мікразяленіва. І вітаміны, і аздоба страў!

Якое семя, такое і племя

Вырасціць мікрозяленіва ў хатніх умовах можна двума спосабамі. Набыць у інтэрнэт-краме спецыяльны набор: латкі, субстрат для вырошчвання і некалькі відаў насення. Варыянтаў такіх набораў досыць шмат. Ці проста купіць насенне і высеяць яго самастойна. І тут таксама два варыянты — купіць менавіта насенне мікразяленіва або самае звычайнае насенне сельскагаспадарчых культур. Калі абраны апошні варыянт, важна ведаць, што на мікразяленіва вырошчваюцца амаль усе бабовыя, збожжавыя і агароднінныя культуры. Але ёсць выключэнні. І ў першую чаргу гэта паслёнавыя. Зразумела, бульбу наўрад ці хтосьці вырашыць вырошчваць, каб выкарыстоўваць у ежу яе лісце. Але і памідоры, перац ды баклажаны ў якасці мікразяленіва неядомыя. Справа ў тым, што праросткі паслёнавых багатыя на саланін, ядавіты для чалавека (прыводзіць да нястраўнасці). Фасоля ў якасці мікразяленіва таксама ядавітая. Гарбузовыя культуры не падыходзяць для такой тэхналогіі вырошчвання з іншай прычыны — парасткі маюць выразны горкі смак. У астатнім кіруемся розумам і памятаем, што маладыя парасткі нагадваюць спелы плод ці лісце (у зялёных культур), толькі смак іх больш далікатны, «малочны». Такім чынам, смак мікразяленіва кінзы або гарчыцы будзе рэзкаваты, а самыя далікатныя варыянты — кукуруза, ліставая салата, сланечнік і гарох.

— Гэтая адмысловая тэхналогія вырошчвання гародніны была распрацавана яшчэ ў 1970-х, калі навукоўцы разважалі над тым, як забяспечыць людзей вітамінамі ў космасе, — распавядае дырэктар РУП «Інстытут агародніцтва» Андрэй Чайкоўскі. — Паступова тэхналогія знайшла прымяненне ў гарадскім асяроддзі: калі больш за 70 % насельніцтва пражывае ў гарадах, а вытворчасць гародніны знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, вырошчванне мікразяленіва становіцца мэтазгодным. Іншая справа, што гэта хутчэй смакавая і вітамінная дабаўка. Відавочна, што наесціся мікразяленівам немагчыма. На сённяшні дзень мікразяленіва належыць да прадукцыі прэміум-класа — для людзей, гатовых укладваць грошы ў здаровае харчаванне, а таксама для тых, каму неабходная лячэбная дыета.

Як бяспечна вырасціць «мікрагрын» у сябе на падаконніку? Ці абавязкова набываць для гэтага спецыяльнае насенне? Аказваецца, лепш не скупіцца.

— Можна вырошчваць мікразяленіва і са звычайнага насення, — тлумачыць навуковец. — Але ў сусветнай практыцы селекцыянеры выводзяць для вытворчасці мікразяленіва спецыяльныя, асаблівыя сарты. Яны валодаюць лепшымі смакавымі якасцямі і біяхімічнымі ўласцівасцямі.

У звычайным агародніцтве сёння часцяком выкарыстоўваецца насенне, апрацаванае ад шкоднікаў і хвароб, падкрэсліў Андрэй Іванавіч. Насенне для вырошчвання мікразяленіва павінна быць цалкам экалагічным, «чыстым». Бо ўжо праз 10 дзён парасткі пойдуць у ежу. Не існуе такіх хімічных прэпаратаў, якія цалкам пакінуць клеткі расліны за такі кароткі тэрмін.

Ёсць нюансы і з выбарам субстрату. У хатніх умовах «мікрагрын» вырошчваюць на тарфянай аснове, на спецыяльных нятканых ільняных дыванках (іх можна купіць у аддзелах для дачнікаў), а таксама на вадзе.

— На тарфяной аснове ўраджай вышэйшы, але існуе небяспека, што пры незахаванні тэхналогій у вырашчаным вамі мікразяленіве будзе павышанае ўтрыманне нітратаў, — адзначае суразмоўнік. — Ніжэйшая за ўсё ўраджайнасць на чыстай вадзе. Затое вырошчванне на «дыванках» і асабліва на вадзе бяспечныя з пункту гледжання ўтрымання нітратаў у маладых лісціках, якія вы будзеце есці.

Айчынныя сарты мікразяленіва сёння — адзін з перспектыўных напрамкаў работы Інстытута агародніцтва.

— Мы вывучылі сартавы асартымент культур, якія ёсць у калекцыі інстытута, з пункту гледжання перспектыўнасці іх вырошчвання на мікразяленіва. Увага была ўдзелена бабовым, гароху, сямейству капусных (рэдзька, дайкон, радыска, розныя віды капусты). Адабралі сарты, якія паказвалі добрую ўраджайнасць мікразяленіва. Сёння распачата работа над селекцыйным працэсам. На гэта спатрэбіцца некалькі гадоў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» у 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Як «Звязда» у 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Таццяна Падаляк на працягу 20-гадовай работы ў «Звяздзе» ажыццявіла нямала патрыятычных праектаў.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.