Вы тут

Жанчыны бываюць розныя...


У аўторак каляндар пакажа дату 8 сакавіка. Як вядома, ужо стала традыцыяй святкаваць яе як Міжнародны дзень жанчын. І ў эфіры беларускіх тэлеканалаў свята адзначаць паказам кінафільмаў і трансляцыяй музычных праграм.


На сацыякультурным нас чакаюць паказы кінастужак «Беражыце жанчын», «Варвара-краса, доўгая каса» і «Доўгая дарога ў дзюнах». Апошні, дарэчы, па папулярнасці ў гледачоў у свой час мог спаборнічаць з такімі кінахітамі як «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Вечны кліч» ці «Цені знікаюць апоўдні». І лічыцца, што сваім поспехам фільм (зняты Алаізам Брэнчам) абавязаны ў тым ліку і цудоўнай музыцы, якую напісаў для яго Райманд Паўлс. Дзеянне кінастужкі адбываецца ў Латвіі і ахоплівае перыяд з 1939 амаль да нашага часу. Падзеі, што адбываліся ў краіне, па-рознаму адбіваюцца на лёсах герояў, але ўсё ж іх вядзе па жыцці любоў у розных праявах. ...Курсант Артур Банга прыязджае на пахаванне свайго бацькі, а пасля дазнаецца, што ў спадчыну атрымаў даўгі сям'і. Таму хлопец прымае рашэнне спыніць вучобу і застацца на радзіме, каб працягваць бацькаву справу і разлічыцца з крэдыторам Якабам Озалсам. Развітаўшыся з марай стаць капітанам і вярнуўшыся да цяжкой працы рыбака, Артур сустракае дачку Якаба Марту, з якой яны сябравалі ў дзяцінстве. Аднак з узростам іх сімпатыі перарастаюць у сапраўднае каханне. А куды прывядзе маладых людзей вялікае пачуццё, толькі час пакажа... Усе сем серый глядзіце ў дзённым эфіры на «Беларусь 3».

А вось музычная камедыя «Беражыце жанчын» стала дэбютам на экране для вядомага спевака і кампазітара Юрыя Антонава. Гісторыю пра маладога студэнта-журналіста, які пападае на карабель «Цыклон», дзе служаць толькі дзяўчаты, знялі рэжысёры Аляксандр Палыннікаў і Віктар Макараў у 1981 годзе. Маладыя марачкі ў штыкі прымаюць чужынца Жэню, а той бярэ і ідзе ў самадзейны партовы ансамбль, што дазваляе хлопцу паказаць сябе з нечаканага боку... На «Беларусь 3» у гэты дзень не абыдзецца і без музычных віншаванняў. Тут пачуем і ўбачым праграму «Вітаем вас!» ансамбля народнай музыкі «Бяседа» і канцэрт маладых выканаўцаў ды зорак беларускай эстрады «Сонца свеціць усім».

У эфіры тэлеканала АНТ 8 сакавіка таксама будуць падарункі для прыхільнікаў савецкай класікі. Нас чакаюць паказы фільмаў «Вясна на Зарэчнай вуліцы» (рэж. Марлен Хуцыеў, 1956) і «Карнавал»(1981, рэж. Таццяна Ліёзнава). Гэта дзве гісторыі, знятыя ў розны час, але ў кожнай з іх ёсць яркія вобразы жанчын. «Вясна на Зарэчнай вуліцы» знаёміць нас з выпускніцай педінстытута Таццянай Сяргееўнай, якая пасля вучобы пачынае працаваць у класе для рабочай моладзі. І адзін з вучняў пачынае праяўляць да маладой настаўніцы асаблівую ўвагу. Дзяўчына пазбягае кавалера, але той не прывык, каб жанчыны яму адмаўлялі. А пасля Аляксандр разумее, што да яго прыйшло сапраўднае пачуццё і гэта мяняе сітуацыю. Трэба адзначыць, фільм адкрыў дарогу ў прафесію новаму пакаленню акцёраў. Тут дэбютавалі Юрый Бялоў, Мікалай Рыбнікаў, Генадзь Юхцін. А вось ролю настаўніцы ўвасобіла на экране непрафесійная актрыса Ніна Іванова. Яна вучылася на ўрача, але згадзілася па-сяброўску зняцца ў кінастужцы. Пасля ёй яшчэ паступалі прапановы ад рэжысёраў, але Іванова ўсё ж расчаравалася ў акцёрскай рабоце і перайшла працаваць «за кадрам», дзе спачатку займалася напісаннем сцэнарыяў, а пасля наогул вярнулася ў першую прафесію і стала медсястрой.

А фільм «Карнавал» — гэта аповед пра правінцыялку Ніну Саламаціну, якая прыязджае ў Маскву з марай стаць актрысай. У сталіцы жыве яе бацька, але гераіня спадзяецца толькі на ўласныя сілы. Галоўнае — сустрэць тых людзей, якія здолеюць разгледзець у дзяўчыне яе талент і настойлівасць. Ідэя фільма «Карнавал» прыйшла да рэжысёра «Сямнаццаці імгненняў вясны» Таццяны Ліёзнавай, калі яна натрапіла на аповесць Ганны Радзівонавай пра правінцыяльную дзяўчыну, што прыехала пакараць сталіцу. Сюжэт адразу зачапіў рэжысёра і, як яна потым адзначыла, «зразумела, што многія пазнаюць сябе ў галоўнай гераіні... Карціна ў пэўнай ступені атрымалася нават аўтабіяграфічнай».

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.