Вы тут

Мірны малюнак на памяць


Выпіска з бальніцы, падарункі ад неабыякавых людзей і магчымасць разам з мамай яшчэ застацца «пагасціць» у Беларусі... Сямігадовы Улад — украінскі хлопчык, якога ў гэты панядзелак у цяжкім стане маці перанесла праз беларуска-ўкраінскую граніцу і папрасіла дапамогі медыкаў, — пайшоў на папраўку. Гомельскія ўрачы аказалі малому ўсю неабходную дапамогу. Сям'ю ўжо выпісалі з бальніцы. Маці з сынам пакуль застануцца на тэрыторыі Беларусі.


— Урачы вельмі клапатліва паставіліся да сына, не адыходзілі ад яго ложка, — усхвалявана выказвае ўдзячнасць падчас выпіскі з гомельскай медустановы Кацярына.

Жыхарка Украіны, маці Улада, якая знаходзілася з дзіцем у бальніцы, пакуль не дзеліцца з журналістамі, пры якіх умовах яна была вымушаная шукаць ратавання сына ў Беларусі. Вядома, што маладая маці і яе сын прыехалі з Чарнігаўскай вобласці. Калі сямігадоваму Уладу раптоўна стала дрэнна, звярнуцца на радзіме па медыцынскую дапамогу не было ніякай магчымасці.

Нягледзячы на адсутнасць неабходных для перасячэння беларуска-ўкраінскай граніцы дакументаў, маці з хлопчыкам не толькі прапусцілі на тэрыторыі Гомельшчыны, але і выклікалі для грамадзян Украіны рэанімабіль. Хлопчыка накіравалі ў гомельскую абласную інфекцыйную бальніцу. За суткі яго стан стабілізаваўся. Ён нават паспеў пасябраваць з іншымі маленькімі пацыентамі.

Аб гэтай сустрэчы гомельскаму ўрачу Таццяне Міхед цяпер будзе нагадваць малюнак, які Улад пакінуў у падарунак. Загадчыца аддзялення гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы Таццяна Міхайлаўна дзеліцца, як аказвалася меддапамога. Адчуваецца, што яна моцна перажывае за хлопчыка:

— Ён амаль суткі знаходзіўся пад кропельніцай, атрымліваў і сімптаматычнае лячэнне. Пры гэтым у хлопчыка была даволі моцная эмацыянальная перагрузка, калі можна так выказацца. Ён быў надзвычай напалоханы. Давялося працаваць з ім практычна 24 гадзіны на суткі, таму што ён не падымаўся з ложку, амаль увесь час хаваўся пад коўдру, палохаўся ўсяго і ўсіх. За суткі змянілася дынаміка стану здароўя. Цяпер ён вясёлы, рады падарункам. Вельмі ўдзячны — усміхаецца. Вось нават для мяне на памяць намаляваў такую карціну.

Перад выпіскай у бальніцы Улада і яго маці праведалі супрацоўнікі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Перадалі хлопчыку пажаданні не хварэць, уручылі падарункі. У Гомельскай абласной арганізацыі таварыства адзначылі: «Улад падзяліўся, што самаадчуванне і настрой у яго добрыя, яму вельмі спадабаўся доктар».

Па інфармацыі ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі Гомельскага аблвыканкама, хлопчык з роднымі маюць права карыстацца ўсімі правамі замежнікаў, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь. Па заканадаўстве нашай краіны замежныя грамадзяне, што часова прыехалі ў Беларусь, маюць права заставацца на тэрыторыі краіны да 90 сутак на год. Потым у кожным канкрэтным выпадку вызначаецца іх далейшы статус.

Між тым, супрацоўнікі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа сёння рыхтуюцца аказваць усю неабходную падтрымку жанчынам з дзецьмі, якія напярэдадні прыбылі на Гомельшчыну з Украіны. Цяпер вывучаецца, што патрэбна сем'ям. Дарэчы, у сацыяльную сетку Гомельскай абласной арганізацыі паступаюць паведамленні ад неабыякавых жыхароў рэгіёна, якія таксама гатовыя ўдзельнічаць у аказанні дапамогі ўкраінскім бежанцам.

Як паведаміў журналістам начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка, БЧК выконвае сваю місію ў адпаведнасці з усімі прынцыпамі арганізацыі незалежна ад палітычных, рэлігійных поглядаў атрымальнікаў дапамогі.

— Калі чалавек мае патрэбу ў дапамозе, мы заўсёды гатовыя прыйсці і падтрымаць. І сёння людзі апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, прыбылі ў нашу краіну і на гэты момант маюць патрэбу ў нашай дапамозе, — падкрэсліў Арцём Карпенка. — Мы падрыхтавалі і перадалі харчовыя наборы, сродкі гігіены. Далей будзем вывучаць патрэбы сем'яў, па меры таго як яны будуць асвойвацца.

Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сочыць і за іншым праблемным момантам, — ці не патрэбная дапамога яшчэ адным «заложнікам сітуацыі». Гаворка пра стыхійныя лагеры-стаянкі ўкраінскіх вялікагрузаў, якія чакаюць магчымасці вяртання дадому.

Вядома, што на дадзены момант утварылася адразу некалькі такіх стаянак. Частка вялікагрузаў знаходзіцца на аўтазапраўцы паблізу пагранперахода Новая Гута. Як хутка вырашыцца пытанне па вяртанні дальнабойшчыкаў на радзіму, пакуль невядома. Але адметна, што аказаць усю неабходную падтрымку ўкраінскім кіроўцам, якія затрымаліся на граніцы, выклікалася група беларускіх дальнабойшчыкаў. Грамадзянам Украіны прапанавалі больш камфортныя ўмовы для начлегу і харчавання.

— Прыехаў у Беларусь 23-га, было ўсё добра, выгрузіўся ў Мінску, ужо калі пачалася вайна, — не можа схаваць эмоцый дальнабольйшчык з Украіны Сяргей. Кажа, што вельмі ўдзячны ўсім гамяльчанам за падтрымку, але, безумоўна, усе мары аб тым, каб хутчэй убачыць родных.

У Гомельскім раёне сёння знаходзіцца больш за 10 фур. Нагадаем, для ўкраінскіх дальнабойшчыкаў вылучылі прыстасаванае месца пад агульную для ўсіх стаянку. Кіраўніцтва Гомельскай вобласці аказвае падтрымку кіроўцам, для іх на стаянцы арганізаваныя ўсе неабходныя бытавыя ўмовы. Акрамя таго, гамяльчане стварылі чат «Дапамога ўкраінскім дальнабойшчыкам у РБ», у якім ужо больш за 500 удзельнікаў, гатовых аказваць любую дапамогу: ад прадуктаў харчавання да выдзялення жылля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Таццяна Падаляк на працягу 20-гадовай работы ў «Звяздзе» ажыццявіла нямала патрыятычных праектаў.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.