Вы тут

Хутчэй, вышэй, мацней, але не разам


Наколькі б лепшым быў свет і наколькі лягчэй бы ў ім жылося, калі б спрэчкі і баталіі разгортваліся толькі на спартыўных арэнах. Але, на жаль, галоўныя спаборніцтвы праходзяць на палітычных пляцоўках. А спорт выступае ў якасці пацярпелага. Прычым па злой іроніі лёсу церпяць і тыя, каго жыццё і так не шкадавала.


У сераду, 2 сакавіка, Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) прыняў рашэнне, што прадстаўнікі Беларусі і Расіі змогуць выступаць на Паралімпійскіх гульнях у Пекіне ў нейтральным статусе — пад сцягам МПК, без дзяржаўных сімвалаў на экіпіроўцы, гімна на цырымоніі ўзнагароджання. Таксама вынікі спартсменаў не ўлічваліся б у неафіцыйным медальным заліку. Не самы прыемны сцэнарый. Але галоўнае — удзел.

Але раніцай 3 сакавіка стала вядома: беларускія і расійскія паралімпійцы ўвогуле не будуць выступаць на Гульнях. Эндру Парсанс, прэзідэнт МПК, заявіў, што некалькі спартсменаў і каманд пагражаюць не ўдзельнічаць у спаборніцтвах разам з беларусамі і расіянамі. Паводле яго слоў, гэта ставіць пад пагрозу жыццяздольнасць Паралімпійскіх гульняў 2022 го-
да ў Пекіне. Таксама МПК заявіў, што ў алімпійскіх вёсках абвастраецца атмасфера, і гарантаваць бяспеку ўсіх удзельнікаў становіцца немагчыма. «У мэтах захавання цэласнасці гэтых Гульняў і бяспекі ўсіх удзельнікаў мы прынялі рашэнне адмовіць у рэгістрацыі спартсменам ад Паралімпійскага камітэта Расіі і Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі», — удакладніў Эндру Парсанс.

Можна мець розныя палітычныя погляды, абсалютна па-рознаму ставіцца да таго, што адбываецца ў свеце. Але немагчыма не захапляцца сілай духу і характарамі паралімпійцаў. Іх не трэба шкадаваць — ім неабходна даць магчымасць адчуць сябе такімі ж спартсменамі, як і ўсе, здольнымі на рэкорды, на медалі. І нават не дзеля іх краін, не дзеля гімнаў і сцягаў. А толькі дзеля іх саміх, іх самаацэнкі, адносін са светам. Сутнасць паралімпійскага спорту — у самарэалізацыі і сацыяльнай адаптацыі людзей з асаблівасцямі здароўя. Відаць, Міжнародны паралімпійскі камітэт пра гэта забыўся.

Беларуская паралімпійская дэлегацыя, у складзе якой 12 спартсменаў, толькі па дарозе ў Пекін пераадолела столькі, што ўжо вартая ўзнагароды. Планавалася, што з Мінска яны вылецяць 24 лютага, але змаглі вылецець толькі 27-га. З прычыны закрыцця паветранай прасторы над Украінай да Стамбула праз Казахстан ляцелі шэсць гадзін. І там яшчэ 11 гадзін чакалі самалёт на Пекін. Затым яшчэ дзевяць гадзін палёту, чатыры гадзіны дарогі з Пекіна ў лыжны кластар Чжанцзякоў. І ўсё гэта, каб правесці некалькі трэніровак і даведацца, што галоўных стартаў не будзе. А колькі гадзін дагэтуль яны правялі на трэніроўках, колькі выцерпелі болю і колькі праявілі мужнасці...

Прынцып «спорт па-за палітыкай» застаўся на ўзроўні прыгожай мары барона П'ера дэ Кубертэна, адраджальніка сучаснага алімпійскага руху. Але вялікая сіла спорту, якая аб'ядноўвае людзей з усяго свету, пакуль застаецца рэальнасцю. Успомніць хоць бы абдымкі сярэбранага і бронзавага прызёраў Алімпійскіх гульняў у Пекіне, фрыстайлістаў Ільі Бурава і Аляксандра Абраменкі. Ілья Бураў — расіянін, Аляксандр Абраменка — украінец, але гэта не перашкаджае ім сябраваць.

Спартыўнае адзінства падкрэсліла і камісія спартсменаў Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Камісія выказала катэгарычную нязгоду з заклікамі выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта адхіліць атлетаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, не выкарыстоўваць беларускі дзяржаўны сцяг і гімн.

«Спартыўныя спаборніцтвы заўсёды служылі сімвалам аб'яднання атлетаў усіх краін у сумленнай і раўнапраўнай барацьбе, і некалі менавіта ідэя мерацца сіламі ў спартыўных спаборніцтвах насуперак усім геапалітычным рознагалоссям і стварыла алімпійскі рух. Заклікаем усю міжнародную спартыўную супольнасць прадухіліць распальванне варожасці, злосці і нянавісці ў рамках спартыўнай грамадскасці і служыць прыкладам згуртаванасці і міралюбнасці», — сказана ў заяўленні Камісіі спартсменаў НАК Беларусі.

На жаль, несці пакаранне за тое, у чым яны невінаватыя, будуць не толькі паралімпійцы. Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя федэрацыі па відах спорту выключыць беларускіх і расійскіх спартсменаў са сваіх стартаў ці дазволіць ім выступаць толькі ў нейтральным статусе.

Летам 2021 года ўпершыню ў гісторыі выканкам МАК змяніў алімпійскі дэвіз. Да знакамітага. Новы дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней — разам!» павінен адлюстроўваюць сілу спорту, якая аб'ядноўвае людзей з усяго свету, у супрацьстаянні ўсім выклікам і цяжкасцям. Ідэя, канешне, прыгожая, але яе рэалізацыя выклікае пытанні.

Няхай спорт сёння не можа быць па-за палітыкай, але ён не можа быць па-за чалавечнасцю. Інакш які тады ў ім сэнс?

Важна, каб ніводзін трэнер і спартсмен не пацярпелі

У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь прайшло сумеснае пасяджэнне НАК Беларусі, Міністэрства спорту і турызму з федэрацыямі па відах спорту. На парадку дня — далейшае развіццё беларускага спорту ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта і міжнародных федэрацый.

«Наша задача — данесці да сусветнай спартыўнай грамадскасці: маўчаць мы не будзем. У існуючых умовах нам неабходна зрабіць шэраг крокаў, каб захаваць і развіваць спорт, выбудаваць адносіны з дружалюбнымі федэрацыямі іншых краін», — заявіў прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка.

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што ціск на НАК Беларусі ўзмацняецца з кожным днём. Ён заявіў, што беларускія спартсмены не парушылі ні адной прававой нормы. Таму ў самыя кароткія тэрміны неабходна атрымаць ад міжнародных федэрацый падрабязныя тлумачэнні, чаму вынесены такія рэкамендацыі.

«Неабходна весці пастаянную тлумачальную работу з атлетамі. Спартсмены павінны цвяроза глядзець на сітуацыю. У існуючых умовах важна, каб ніводзін наш трэнер і спартсмен не пацярпелі. Атлеты павінны разумець: іх інтарэсы не будуць ушчэмлены. У дзяржавы ёсць неабходныя рэсурсы, прадугледжана фінансаванне, каб усё правільна арганізаваць», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

Па словах міністра, ужо актыўна прапрацоўваюцца пытанні аб сумесных зборах, турнірах з федэрацыямі па відах спорту Расіі, аператыўна змяняецца каляндар спаборніцтваў. Напрыканцы сакавіка плануецца пашыранае пасяджэнне калегіі Міністэрства спорту Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, дзе будуць абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння ў спартыўнай сферы. Пакуль жа беларускія атлеты будуць выступаць на міжнародных стартах, на якіх атрымліваюць запрашэнні.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?