Вы тут

Лукашэнка: Новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта народны дакумент


Прэзідэнт падпісаў рашэнне рэспубліканскага рэферэндума па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю.


Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці і сабрала больш за тысячу чалавек Сярод іх — найвышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці.

«Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць»

Кіраўнік дзяржавы назваў рэспубліканскі рэферэндум новай старонкай у гісторыі суверэннай Беларусі. «Абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі. А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая вяха развіцця суверэннай Беларусі. І вельмі сімвалічна, што абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка — у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. Дэмакратычна і ў адпаведнасці з нашымі беларускімі законам. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць». — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі, пагроз традыцыйнаму ўкладу жыцця беларусы зрабілі сур’ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. Прычым зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны досвед канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, будавання і ўмацавання асноў дзяржаўнасці. Сведчаннем таму Прэзідэнт назваў вынікі папярэдніх рэферэндумаў. 

«З той Канстытуцыяй, якую мы пісалі і ўдасканальвалі на світанні станаўлення суверэннай Беларусі, мы шмат чаго дасягнулі. Але самае галоўнае прыняцце сённяшняй Канстытуцыі знамянуе сабой ўпершыню ў гісторыі нашага народа пабудову суверэннай і незалежнай дзяржавы. Мы дасягнулі нямала на фоне найскладаных геапалітычных трансфармацый свету. Практычна з нуля стварылі збалансаваную і эфектыўную вертыкаль кіравання. З улікам грамадскага запыту сфарміравалі новыя структуры, скасавалі інстытуты, якія аджылі. Не раз аптымізавалі дзяржапарат», — адзначыў Прэзідэнт. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў найкарацейшыя тэрміны ўдалося наладзіць дыпламатычныя і гандлёвыя сувязі. Умацаваць абарону Айчыны, якая ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга націску на Беларусь з’яўляецца гарантам спакойнага і бяспечнага жыцця. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь стала ініцыятарам і актыўнай удзельніцай еўразійскай эканамічнай інтэграцыі АДКБ, іншых міждзяржаўных утварэнняў. «Сёння мы на роўных будуем Саюзную дзяржаву з Расіяй, вядзём дыялог з міжнароднымі партнёрамі. Займаем цвёрдую пазіцыю ў пытаннях суверэнітэту і бяспекі», — заявіў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, інвестарам і айчыннаму бізнесу прапанаваны сумленныя і выгадныя ўмовы вядзення эканамічнай дзейнасці. У рэспубліцы створаны і функцыянуе шэраг паркаў з асаблівымі прэферэнцыйнымі рэжымамі. Ён заўважыў, што прадпрымальнікі могуць быць спакойныя за чысты і адказны перад дзяржавай бізнес. Інстытут сям’і як каштоўнасць, а таксама дзеці, моладзь, старыя і інваліды знаходзяцца пад асаблівай апекай дзяржавы.

«Усё гэта — непарушны падмурак нашай дзяржаўнасці, выбудаваны нашымі рукамі. І тыя нормы, якія эфектыўна працавалі да гэтага часу, засталіся на старонках абноўленага Асноўнага Закона. Мы дапамагалі старым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетным. Будзем гэта рабіць заўжды. Няхай яны не хвалююцца аб тым, што прыняўшы новую Канстытуцыю, мы адыдзем ад нашай палітыкі ў гэтай частцы», — канставаў Аляксандр Лукашэнка. 

Беларусы былі актыўныя, абыякавых не было

Аднак, па словах Прэзідэнта, прыйшоў час зазірнуць за гарызонт. Ён назваў правільнымі словы юрыстаў аб тым, што Канстытуцыя — гэта дагавор улады народа. І ў гэтай Канстытуцыі адлюстраваны асноўныя жаданні і спадзяванні нашага народа. «Але скажу шчыра, калі б мы спыніліся на жаданнях і спадзяваннях толькі нашага грамадства і народа, мы б у лепшым выпадку затармазілі сваё развіццё. Мы б не развіваліся. Таму любая ўлада на тое і ўлада. На тое і называюць яе элітай грамадства, каб ісці крыху наперадзе народа і паказваць той шлях, па якім народ разам з уладай павінны рухацца. А для гэтага трэба крыху зазірнуць наперад, за гарызонт», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гісторыя вымяраецца перыядамі. І беларусы своечасова ўбачылі свой момант. Момант паслядоўнага пераходу на новы ўзровень развіцця грамадства і палітычнай сістэмы. «Тое, якім маштабным і рэзанансным атрымалася ўсенароднае абмеркаванне паправак у Канстытуцыю, пацвярджае гэты тэзіс. Беларусы былі актыўныя. Шмат спрачаліся, перажывалі. Словам — абыякавых не было!», — заўважыў ён.

Прэзідэнт выказаў асаблівую падзяку дзяржаўным служачым, спецыялістам, якія фарміруюць меркаванне народа. Ён канстатаваў, што ўсіх гэтых людзей, якія ішлі ў бой, у інфармацыйную вайну, трэба заўважыць, трэба ведаць і прадставіць да дзяржаўных узнагарод. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што пад эгідай Канстытуцыйнага Суда была праведзена каласальная работа. Прычым максімальна адкрыта і дэмакратычна, як і абяцалі. Ён заўважыў, што Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі парламентарыі, прадстаўнікі мясцовых структур, культуры і спорту, вядучыя навукоўцы, справілася з пастаўленай задачай. 

«У агульнай колькасці ў распрацоўцы і абмеркаванні ўдзельнічала больш за мільён беларусаў. Па выніках мы атрымалі каля 10 тысяч водгукаў ад насельніцтва. Паступіла шмат рацыянальных прапаноў, частку з іх мы адлюстравалі ў абноўленых артыкулах Канстытуцыі. Ініцыятывы, якія не маюць характару канстытуцыйных правак, будуць улічаныя пры ўдасканаленні іншых законаў, якія мы прымем у развіццё Канстытуцыі. Без перабольшання новая рэдакцыя — гэта народны дакумент. Нядзіўна, што людзі яго падтрымалі», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, самае галоўнае, што разам беларусы ўзмацнілі найважнейшыя ідэі, прынцыпы, мэты далейшага развіцця краіны. Іншымі словамі, разам вызначылі контуры ідэалогіі беларускай дзяржавы, крыніцай якой і з`яўляецца Асноўны Закон. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў лічыць Канстытуцыю, якую пісалі ўсім народам, ідэалогіяй беларускага грамадства. 

«Мы не проста ўмацавалі, я б сказаў, зацэментавалі нашы канцэпты: суверэнітэт, захаванне гістарычнай памяці, патрыятызм, абарону традыцыйнай сям’і як саюзу жанчыны і мужчыны. Так, названыя нормы не ўпісваюцца ва ўльтрамодныя прававыя тэндэнцыі глабальнай лібералістычнай ідэалогіі. Але гэта наш шлях, наш цывілізацыйны і маральны выбар. Прытрымліваючыся нацыянальных інтарэсаў, мы надалі імпульс новым перспектыўным кірункам. Сярод іх — развіццё атамнай энергетыкі ў мірных мэтах, укараненне інавацый, ахова персанальных даных. Ва ўмовах пандэміі гарантавалі грамадзянам права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне, спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Прызналі нормай адказны клопат грамадзян аб захаванні свайго здароўя. Народ можа не хвалявацца, ахова здароўя, культура, спорт будуць як і раней даступныя ўсім», — заявіў Прэзідэнт.

«Надыходзіць перыяд самай складанай творчай працы»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што быў зроблены акцэнт на міралюбівую палітыку. Была ўдасканалена сістэма дзяржкіравання, асцярожна і прадумана. «З улікам таго, што беларуская мадэль кіравання не раз даказала эфектыўнасць на практыцы. У няпростых грамадска-палітычных і эканамічных сітуацыях яна дапамагала адвесці краіну ад краю бездані. Таму аб кардынальным зломе з самага пачатку не магло быць гаворкі», — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь як была, так і застанецца рэспублікай з моцнай дзяржаўнай уладай. У Прэзідэнта будзе дастаткова магчымасцяў для рэалізацыі паўнамоцтваў палітычнага лідара краіны. Аднак іншыя інстытуты ўлады павінны больш смела і самастойна выконваць свае функцыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Так, урад павінен забяспечваць развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы, навукі, культуры, адукацыі. рэгуляваць знешнегандлёвую дзейнасць. Беларускі лідар заявіў, што эканоміка і фінансы — справа Урада. Выканкамам належыць актыўна працаваць з людзьмі на месцах. Задзейнічаць на сваім узроўні ўсе магчымыя рэсурсы для вырашэння праблем, якія хвалююць насельніцтва. «Бо для таго, каб стварыць працоўныя месцы, адрамантаваць дарогу або ўладкаваць паркоўку, не трэба чакаць даручэнняў зверху. Парламенту час выходзіць на прынцыпова іншы ўзровень работы. Ствараць законы новага пакалення, якія будуць з’яўляцца ключавым прававым інструментам. Не толькі парламент павінен ствараць законы, іх стварае ўвесь народ, як Асноўны Закон мы стваралі. А вось прымаць законы і адказваць за іх давядзецца парламенту. Законы, якія павінны ісці ад жыцця і быць зразумелымі грамадзянам, а не толькі спецыялістам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, усё гэта дыктуе новыя патрабаванні да Нацыянальнага сходу. Ён падкрэсліў, што ў яго складзе павінна быць больш людзей, якія ўмеюць працаваць з законапраектамі. Іх трэба будзе не проста разглядаць, а самастойна распрацоўваць прававыя рашэнні для рэалізацыі запытаў грамадства. «Важна, каб адносіны рэгуляваліся сістэмна. Сітуацый, калі прынялі закон, а потым некалькі разоў прыходзілі да Прэзідэнта, каб нешта памяняць або дапрацаваць, больш не будзе. Трэба таксама паступова адыходзіць ад індывідуальных прававых рашэнняў», — сказаў ён. 

Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў новай Канстытуцыі адмовіліся ад дэкрэтаў, якія прымаў Прэзідэнт. Вызначылі, што ўказы і распараджэнні не павінны супярэчыць законам. Раней прынятыя акты Прэзідэнта, безумоўна, прадоўжаць дзейнічаць. Але іх трэба перагледзець. Адны — пакінуць, нормы іншых — перанесці ў законы, а ад трэціх — адмовіцца. На гэтую работу Канстытуцыяй адведзена два гады.

«Я ўжо казаў, што пасля прыняцця Канстытуцыі, нашае жыццё па рэфармаванні заканадаўства не спыніцца. Наадварот, надыходзіць перыяд самай цяжкай карпатлівай творчай работы. За два гады мы мусім прывесці ўсе заканадаўчыя акты пад Канстытуцыю. Нам трэба будзе зноўку выбудаваць іерархію нарматыўных прававых актаў. Арганічна ўплесці ў яе рашэнні Усебеларускага народнага сходу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Наданне УНС канстытуцыйнага статуту Прэзідэнт назваў актам гістарычнай справядлівасці. Ён нагадаў, што спрадвеку на беларускай зямлі народнае веча было ў авангардзе прыняцця найважнейшых дзяржаўных рашэнняў. У наш час ужо больш за чвэрць стагоддзя Сход зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, удзельнічае ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў у жыцці краіны. Канстытуцыя юрыдычна ўзаконіла найстаражытную традыцыю нашай славянскай дэмакратыі.

«УНС у яго сучасным, зараз ужо юрыдычным статусе будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве, выступаць страхоўкай ад непрадбачаных выпадкаў. Для гэтага яно надзяляецца шырокім аб’ёмам рэальных уладных паўнамоцтваў — ад зацвярджэння ваеннай дактрыны да прыняцця рашэння аб легітымнасці выбараў. Як вышэйшы орган народаўладдзя яно будзе мець права аб’явіць імпічмент Прэзідэнту. Па сутнасці, на разгляд Сходу можа быць вынесена любое значнае для дзяржавы пытанне. І заўважу, не толькі па тых кірунках, якія вызначаны ў Канстытуцыі. У законе аб УНС варта прадугледзець і іншыя магчымыя паўнамоцтвы дадзенага органа», — растлумачыў Прэзідэнт.

Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, вжна каб, нягледзячы на свой вялікі склад — 1200 дэлегатаў, Сход заставаўся мабільным. Ён заявіў, што дэлегаты не проста збяруцца і будуць сядзець нічога не рабіць. Гэта людзі, якія будуць працаваць на сваіх працоўных месцах у працоўных калектывах.

Прэзідэнт падзякаваў усім, хто праявіў грамадзянскую пазіцыю. Усім, хто ўносіў прапановы, хто збіраў і апрацоўваў гэты масіў ідэй, якія ішлі ад народа, хто арганізоўваў дыялогавыя пляцоўкі. Ён падкрэсліў, што выдатна спрацавалі парламентарыі, СМІ, прафсаюзы, эксперты, якія граматна і даходліва растлумачвалі людзям нюансы прапанаваных змен. Аляксандр Лукашэнка адзначыў таксама ўзгодненасць і скаардынаванасць дзеянняў усіх удзельнікаў працэсу падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму.

«Участковыя і тэрытарыяльныя камісіі пад кіраўніцтвам новага складу ЦВК паспяхова справіліся са сваёй задачай. Атмасфера на выбарчых участках была святочная. Дзякуй усім, хто ў гістарычна важны дзень ствараў гэтую атмасферу сваім талентам і творчасцю. Людзі спакойна і ўпэўнена ішлі галасаваць. Усе адчувалі сябе ў поўнай бяспецы, у тым ліку дзякуючы зладжанай рабоце праваахоўных органаў. Гэта сведчыць аб тым, што той перыяд, за які мы так перажывалі і які абваліўся на нас у жніўні 2020 года скончыўся. Народ паклаў гэтаму бязладдзю канец. Мы выступаем у новы перыяд цяжкай творчай працы. І вынікі гэтага перыяду будуць залежаць толькі ад нас.», — падзяліўся ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў прынятым унікальным прававым дакуменце спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе і адзінства кіравання. 

«Без удаванай сціпласці яго можна назваць Канстытуцыяй будучыні. Прынятыя канстытуцыйныя папраўкі праз дзесяць дзён набудуць сілу. Аднак работа на гэтым не завершана. Наадварот, мы толькі ў самым пачатку шляху. Нам трэба будзе аператыўна прыняць ключавыя законы — развіццё Канстытуцыі, удасканаліць выбарчы працэс, унесці маштабныя карэкціроўкі ў заканадаўства. Выбудаваць з улікам новых падыходаў правапрымяняльную практыку. І мы павінны ўлічыць гатоўнасць грамадства больш актыўна ўключацца ў палітычнае жыццё краіны. Мы бачылі яе з першых дзён збору прапановаў у Канстытуцыю да дня галасавання», — сказаў ён. 

Беларускі лідар заклікаў захаваць градус стваральнай ініцыятыўнасці. Гэта сігнал для кіраўнікоў найвышэйшых органаў улады, парламентарыяў, дзяржслужачых на месцах да больш адкрытага ўзаемадзеяння з грамадзянамі, працоўнымі калектывамі, грамадскасцю. 

«Мы павінны абараніць сваю краіну і сваю дзяржаву»

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе зацікаўлены ў паспяховым развіцці нашай роднай Беларусі, ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі. 

«І як бы ні спрабавалі пэўныя сілы ўцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для непакою. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, мы прыкрываем самастойна дзяржаўную граніцу ад Брэста да Мазыра. Беларуская армія ў спецаперацыі не прымала ніякага ўдзелу і прымаць не мае намеру. Няма неабходнасці ў гэтым. У нас ёсць яшчэ граніца заходняя і паўночна-заходняя, і мы павінны яе надзейна прыкрыць. Калі мы там празяваем, народ нам ніколі гэтага не даруе», — заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што хацеў бы нагадваць пра гэта ў апошні раз: «Мне часам нават крыху крыўдна, што я дзень за днём пачынаю паўтараць і пераконваць, што мы нікуды не пойдзем і будзем бараніць нашу зямлю. Калі вы мяне не чуеце, дык вам пара выбіраць новага прэзідэнта», — дадаў ён. 

Беларускі лідар растлумачыў, што сёння, калі краіна знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным ударам санкцый, правакацый, маніпулявання, як ніколі патрэбны разуменне, давер і падтрымка народа. Ён нагадаў вядомую формулу: «Кожны павінен займацца сваёй справай, займайцеся сваёй справай. Прэзідэнт свае паўнамоцтвы рэалізоўвае іх. А вы на сваім працоўным месцы рэалізуйце свае паўнамоцтвы. Як толькі мы пачынаем парыцца, мы абавязкова спародзім у грамадстве кашу. І тады будзе канец нам без усялякай вайны. Я ведаю, што такое нашы дзеці. Таму ў мяне няма ніякай неабходнасці і жадання адпраўляць іх на нейкую вайну. Тым больш куды нас зусім не клічуць і не просяць. Мы павінны абараніць сваю краіну і сваю дзяржаву. І гэта будзе нашым укладам у бяспеку нашага кантынента, а можа і планеты ўвогуле», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што цяперашняя гібрыдная вайна, якая развязана супраць Беларусі, значна складаней, чым увязацца ў канфлікт ва Украіне. Па яго словах, канфлікт ва Украіне сёння пачаўся, заўтра скончыцца. А тая гібрыдная вайна, якая разгорнута супраць Беларусі, асабліва ў санкцыях — гэта надоўга. «Яны ўчапіліся нас жалезабетонна. Яны ўчапіліся і не адпусцяць, пакуль, як ім здаецца, яны з намі не разбяруцца. Яны нас штурхаюць у канфлікт ва Украіне. Каб толькі мы ўмяшаліся ў канфлікт, дзе нас не чакаюць, гэта быў бы для іх падарунак. Прэзідэнт Расіі расказаў мне аб размовах з сусветнымі лідарамі, дзе яны яму гавораць: „А што там Лукашэнка?“. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што яны нас намёртва прычапілі да Расіі. Ім трэба паваліць гэтую магутную ў ваенных адносінах краіну. Калі толькі абрынецца Расія, наступнымі будзем мы, і нават не наступнымі — разам туды пойдзем. Мы ідзём па такім тонкім лёдзе, што толькі крок налева направа і мы правалімся ў гэтую прорву», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён заўважыў, што беларускім ваенным, звязанымі з імі людзьмі ўсяму народу сёння не вельмі проста ў гэтай эканамічнай сітуацыі супрацьстаяць па ўсяму перыметру мяжы. 

«І сёння, калі мы пра гэта гаворым, нашы хлопцы намёртва закрылі мяжу і стаяць там ва ўзмоцненым страі. Нашыя дзеці абараняюць гэтую зямлю. А не нейкую, дзе акрамя гэтага канфлікту разгортваецца яшчэ і нейкія паддывановыя баталіі, і войны. Яны ўсё лямантуюць аб спыненні вайны ва Украіне. Гэта публічна. Не патрэбен ім там мір ніякі. Ім патрэбная вайна і чым даўжэйшая, тым лепш, для таго каб утапіць Расію ў гэтай вайне і заадно нас. І каб Украіна не варухнуліся. Гэта ім трэба. Усё астатняе, усе заявы гэта проста балбатня — гэта звон для тых, хто гэтага не разумее. Мы гэта разумеем. Мы не збіраемся падстаўляцца пад іх жаданні. Мы проста разумеем, як нам жыць і працаваць. Біцца, змагацца і паміраць мы будзем на нашай зямлі. Калі давядзецца, не дай бог», — заявіў Прэзідэнт. 

Уключацца ў палітычнае жыццё краіны

Па словах кіраўніка дзяржавы, не мае значэння — займаем мы высокую пасаду або вырошваем хлеб, пішам карціны або робім навуковыя адкрыцці, сучасны свет прымушае кожнага больш актыўна ўключацца ў палітычнае жыццё краіны і думаць па-дзяржаўнаму. 

«Сёння, калі хочаце, гэта адзіна правільны шлях да захавання свайго суверэннага права жыць і развівацца як нацыя на сваёй гістарычнай зямлі.Дадзенае права заклікана аберагаць прынятая намі новая Канстытуцыя Беларусі», — сказаў Прэзідэнт. 


Поўнае выступленне Прэзідэнта Беларусі на ўрачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.