Кіраўнік міліцэйскага ведамства прыняў удзел у цырымоніі ўшанавання памяці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку. Сёлетняя цырымонія асаблівая — ужо 105 гадоў беларуская міліцыя стаіць на варце правапарадку краіны.
Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр унутраных спраў анансаваў акцыю Цягнік гістарычнай памяці, якая адбудзецца 12 сакавіка. «З мінскага чыгуначнага вакзала пачне свой рух Цягнік гістарычнай памяці, — паведаміў генерал-лейтэнант міліцыі. — Ва ўсіх 18 вагонах будуць знаходзіцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў, члены іх сем’яў, ліцэісты, курсанты і міністр унутраных спраў. Цягнік прыбудзе на брэсцкі вакзал, дзе мы адкрыем памятную дошку, якая была рэстаўравана за кошт афіцэрскіх збораў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Там ушануем памяць нашых баявых таварышаў. У 1941-м годзе менавіта супрацоўнікі НКУС, канвойнага палка міліцыі да апошняга чалавека абаранялі вакзал. Разам з ваеннаслужачымі абаранялі і Брэсцкую крэпасць. Мы памятаем кожнага нашага калегу, які аддаў сваё жыццё для таго, каб над нашай галавой было мірнае неба. Мы памятаем подзвіг батальёна Уладзімірава, які абараняў Магілёў, — практычна ўсе загінулі. Мы памятаем нашых калег, якія ўжо ў мірны час аддалі свае жыцці для таго, каб усе астатнія жылі спакойна і шчасліва на роднай зямлі».
Іван Кубракоў адзначыў, што у кожным, нават самым маленькім, райаддзеле міліцыі, ёсць музей, пакой баявой славы, дзе шануюць памяць герояў. «Пастаянна наведваем магілы, дзе пахаваны нашы супрацоўнікі, даглядаем гэтыя пахаванні, — заўважыў міністр. — На такіх традыцыях мы і выхоўваем наша маладое пакаленне. Кожны, хто прыходзіць служыць у органы ўнутраных спраў, добра разумее, што ён мае права на прафесійную рызыку і ў выпадку неабходнасці рызыкуе не толькі сваім здароўем, а і жыццём, лёсам сваіх родных і блізкіх».
Адказваючы на пытанне журналістаў, як міліцэйскі блок спрацаваў падчас рэферэндуму, Іван Кубракоў заўважыў, што «калі вы сябе спакойна адчувалі 27 лютага, значыць наша работа была нябачная». «Мы зрабілі ўсё дзеля таго, каб на нашых вуліцах быў мір і парадак, — падкрэсліў кіраўнік беларускай міліцыі. — Былі адзінкавыя выпадкі выхаду на вуліцы, асабліва гэта датычыцца нашай моладзі, якая паддалася на фэйкавыя ўкіды ў тэлеграм-каналах. З кімсьці мы правялі прафілактычную гутарку, а тыя, да каго гэта не дайшло, на сённяшні дзень знаходзяцца ў нас, вядзецца адміністрацыйны працэс, і ўсе гэтыя людзі будуць прыцягнуты да адказнасці».
У сувязі з гэтым Іван Кубракоў звярнуўся да бацькоў: «Праводзьце гутаркі, каб дзеці не жылі ў інтэрнэце. Сёння ёсць чым займацца. Створаны патрыятычныя клубы, няхай дзеці прымаюць удзел у шматлікага роду гуртках». На пытанне выхавання дзяцей міністр звярнуў увагу невыпадкова. Учора, па яго словах, у Магілёўскай вобласці былі разбітыя чатыры святлафоры на чыгунцы. Чыгуначнікі затрымалі «злачынцу», якім аказалася васьмігадовае дзіця.
Увогуле, каментуючы аператыўную абстаноўку ў краіне, Іван Кубракоў адзначыў, што на цяперашні момант яна абсалютна спакойная. «Што датычыцца заклікаў да „рэльсавай вайны“, у кожнай нашай сям’і ёсць сваякі, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, таму што такое рэльсавая вайна, мы ведаем нашмат лепш за тых, хто заклікае да дыверсій, — удакладніў генерал-лейтэнант міліцыі. — Дыверсіі на чыгунцы будуць спыняцца вельмі жорстка! Паўтару словы нашага Прэзідэнта: кожны павінен займацца сваёй справай. Выхоўваць дзяцей, хадзіць на працу. Мы са свайго боку будзем рабіць усё дзеля таго, каб забяспечыць грамадскую бяспеку. На сённяшні дзень на вуліцах Рэспублікі Беларусь — мір і парадак. Самае галоўнае, каб мы самі не напружвалі сітуацыю і не распаўсюджвалі шматлікія чуткі, якія пад сабой не маюць ніякіх падстаў».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.