Вы тут

Госці ледавіковых эпох. Ці захаваем мы ўнікальныя валуны?


Ужо больш за 100 гадоў у нашай краіне вывучаюць валуны, што з’яўляюцца неад’емнай часткай прыроды. Яны жывое сведчанне геалагічнай гісторыі, адзначанай пяціразовым уварваннем на тэрыторыю Беларусі шырокіх мацерыковых абледзяненняў.


Валун, размешчаны ў вёсцы Дарані Свіслацкага раёна.

«Дзеці» ледавіку

Апошні ледавік, што прыйшоў са Скандынавіі, сышоў з нашай краіны больш за 12 тысяч гадоў таму, пакінуўшы пасля сябе маляўнічы перасечаны рэльеф, шматлікія азёрныя катлавіны, масу радовішчаў пяскоў, гліны, пясчана-жвіровых сумесяў, бурштыну. А таксама вялікая колькасць валуноў, хаатычна раскіданых на палях, у лясах, у прыбярэжных зонах азёр і рэк. Сёння яны з’яўляюцца асвоеасаблівай візітнай карткай Беларусі.

Валуны, паводле слоў акадэміка НАН Беларусі Анатоля Махнача, уяўляюць значную цікавасць не толькі для спецыялістаў у вобласці навук пра Зямлю, якія па складзе і геаграфіі іх распаўсюджання вызначаюць, як перасоўваліся ледавікі па тэрыторыі краіны. Гэта яшчэ і прадмет вывучэння гісторыкаў, археолагаў, краязнаўцаў і даследчыкаў народнай культуры. Больш за 500 валуноў Беларусі з’яўляюцца помнікамі паганскіх і хрысціянскіх культаў, прыроднымі аб’ектамі, з якімі злучаны легенды, міфы, паданні і розныя гістарычныя факты. Так, напрыклад, самы вядомы на Брэстчыне «Філарэтаў камень», знаходзіцца ў Туганавічскім парку Баранавіцкага раёна, памятае такіх нашых выбітных землякоў, як паэт Адам Міцкевіч і геолаг Ігнат Дамейка.

Парк камянёў — адзін з лепшых у Еўропе

Вынікам вывучэння так званых гасцей ледавіковых эпох стаў створаны ў мінскім жылым раёне Уручча па ініцыятыве беларускага акадэміка Гаўрыіла Іванавіча Гарэцкага адзін з лепшых у Еўропе Музей валуноў (цяпер Парк камянёў). Ідэю географа і геолага падтрымалі пад канец 1970-х — пачатку 1980-х у ЦК КПБ, якім кіраваў П. М. Машэраў.

У 1985 годзе стараннямі навукоўцаў з Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў багністай нізіне поруч з ім было сабрана звыш дзвюх тысяч экспанатаў з усіх раёнаў нашай краіны. А таксама апісаны персанальна-петраграфічны склад, форма, памеры, месца ўзяцця, гістарычныя і геалагічныя асаблівасці кожнага каменя. У 1989-м Музей валуноў у сталіцы абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Сёння Парк камянёў — не толькі любае месца адпачынку мінчукоў, але і навучальная лабараторыя для тых, хто вывучае геалогію і геаграфію. Яго ўвесь час наведваюць госці нашай краіны, школьнікі і студэнты.

Разнастайнасць валуноў уражвае: тут можна сустрэць горныя пароды асадачнага, магматычнага, метамарфічнага і вулканічнага паходжання. Гэтыя ўнікальныя наглядныя дапаможнікі чакаюць будучых даследчыкаў роднай прыроды.

Аналагаў Парку камянёў у наш час у Еўропе няма: нешта падобнае створана на тэрыторыі Літвы, але з нашмат меншай колькасцю валуноў і з трохі іншай падачай матэрыялу. Нешта падобнае на экспазіцыю камянёў стварылі ў Швецыі, але паўнавартасным музеем гэта не назавеш. У нашым жа парку знаходзяцца гістарычныя валуны: «Крыж Стэфана Баторыя», які ўваходзіць у тройку найстаражытнейшых каменных крыжоў Беларусі, камень «Дзед», прывезены са старажытнай бажніцы, даўнейшыя камяні-жорны — асноўны элемент пры здрабненні зерня і шмат што іншае.

У нашай краіне атрымалася зберагчы мноства каменных артэфактаў ад знішчэння, сабраўшы іх у адным месцы і арганізаваўшы пад адкрытым небам унікальны сход гасцей ледавіковых эпох.

Чым цікавыя валуны Брэстчыны?

Шмат якія валуны Беларусі абвешчаны геалагічнымі помнікамі і ахоўваюцца дзяржавай. Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя № 25 ад 19 сакавіка 2007 года 75 аб’ектаў абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння. Але ў гэты спіс, на жаль, не трапілі некаторыя каменныя волаты, выяўленыя, напрыклад, у Брэсцкай вобласці. Для гэтага рэгіёна характэрныя валуны памерам не больш за 1,5-2,5 м. Але і кожны іншы можна лічыць унікальным, якія патрабуюць да сябе асаблівай увагі прыродаахоўных устаноў і арганізацый.

Камень у аграмястэчку Тамашоўка Брэсцкага раёна.

Так, у брэсцкім жылым раёне Вычулкі ў абласнога анкалагічнага дыспансера на беразе якога зарастае азярыны ляжыць велізарных памераў нічыйны валун. У залежнасці ад узроўню грунтовых вод ён то затапляецца, то агаляецца.

На фатаграфіі з майго архіва бачна, як на ім вольна размясцілася цэлая група студэнтаў падчас геагназа-экалагічнай практыкі. Тут магла б спакойна размясціцца яшчэ такая ж група. Бо толькі бачная частка гэтага пасланца ледавіковых эпох — з чырвона-карычневага граніту і гранітнага пегматыту — мае памеры 3,62×2,77×1,65 м. Дарэчы, па сваіх памерах ён у шмат разоў большы за валуны, якія ўвайшлі ў спіс Мінпрыроды як геалагічныя помнікі рэспубліканскага значэння. Пры гэтым на Брэстчыне практычна ніводны валун не ўзяты пад ахову дзяржавы! Вышэйназваны «Філарэтаў камень» — валун гістарычны, усе іншыя — геалагічныя.

На валуне, які сёння знаходзіцца ў брэсцкім жылым раёне Вычулкі, змагла размясціцца група студэнтаў.

Пытанне пра валуны ва ўсіх абласцях трэба рашаць сёння

Цяпер ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах рэспублікі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю розныя спартыўныя і культурныя аб’екты, перад якімі разбіты прыгожыя алеі і скверыкі з кветнікамі, хмызнякамі і дрэвамі. Чаму б на гэтых алеях не размясціць пастаянную экспазіцыю з валуноў? Чаму падобныя ледавіковыя унікумы, як брэсцкі, не абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды? Хоць навукоўцы-географы з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна ўжо даўно закартаграфавалі і дэталёва апісалі ўсе значныя валуны вобласці — толькі бяры і размяшчай іх як музейны экспанат! Тым больш што перанесці і размясціць гасцей ледавіковых эпох на такія алеі і ў скверыкі не вельмі цяжка. Было б жаданне. Калі гэта зрабіць, то нам атрымаецца зберагчы для будучых пакаленняў валуны ў іх першародным выглядзе. А калі гэтага маральна-патрыятычнага пытання не вырашыць сёння, ледавіковыя пасланцы мінулых геалагічных эпох могуць не захавацца, бо чалавек робіць усё, каб яны зусім зніклі з аблічча Зямлі.

Парк камянёў у Мінску.

У памежным Брэсце месцаў для размяшчэння валуноў звышдастаткова: Лядовы палац спорту, Цэнтр моладзевай творчасці, пустка побач з Паркам воінаў-інтэрнацыяналістаў і іншыя. Прыгажосць гэтых геалагічных шэдэўраў у абласным цэнтры ўжо сёння можна назіраць у скверы на плошчы Свабоды, ля музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» і ў гарадскім садзе, прычым толькі апошні валун мае брэсцкую прапіску, а два першых прывезены ў наш горад з Гарадзенскай вобласці. Мажліва, што і ў Гродне, і ў Брэсце, і ў іншых абласных цэнтрах гэтае пытанне не атрымала яшчэ належнай увагі, як гэта было зроблена ў Мінску. Што ж, будзем вазіць сваіх школьнікаў і студэнтаў у адзначаны вышэй Парк камянёў, каб гэтай унікальнай калекцыяй змаглі нацешыцца ўсе тыя, каму цікавая і дарагая родная прырода.

У Германіі ўзята дзяржавай пад ахову больш за 800 валуноў, у Польшчы — 780, у Эстоніі — больш за 200, у Латвіі — звыш 120, у Літве — каля 100, ва Украіне — 90.

Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар геалогіі, сапраўдны член Беларускага геаграфічнага таварыства.

Фота з асабістага архіва аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.