Вы тут

Як «Харошкі» праводзілі снежную пару


Вясна дорыць акрыленне і ўзнёсласць. Хочацца паскорыцца і закружыцца ад прадчування абуджэння. У кожнай пары года свая меладычнасць. Зімой, напрыклад, шэпт гуллівых сняжынак, гоман вірлівай завеі, подых марознага ветру, што немагчыма не праспяваць, а яшчэ — пратанцаваць. Гэта найлепшым чынам адлюстравалі нядаўна артысты Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» ў канцэртнай праграме «Зімачка», даўшы магчымасць удосталь наталіцца хараством зімовым, каб неўзабаве ацаніць вясновае.


Лірычны танец «Каханачка».

Беларуская народная песня ў музычнай апрацоўцы Уладзіміра Гінько «Разбушуйцеся, буйныя вятры» паўстала з элементамі фольк-року, што надало ёй арыгінальнасці і сучаснасці. Дарэчы, музычныя апрацоўкі Уладзіміра Гінько аздабляюць большасць кампазіцый, ствараючы своеасаблівую візітку ансамбля. Так, музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Завеі» — вытанчанасць не толькі музычнага суправаджэння, але і ўзор увасаблення задумы праз тэатралізаванасць, праз адмысловыя вобразы, створаныя і з дапамогай непераўзыдзеных касцюмаў. Не проста танец, рухі, а інсцэніроўка, якая шматгранна перадае характар дзеі.

Харэаграфія «Харошак» напоўнена глыбінным сэнсам. «Кросны» — танец, рытм якога нагадвае стук кроснаў — старадаўняга ткацкага станка. Дзве пары, дзе мужчыны ў сініх уборах, а жанчыны — у строях, на спіне аздобленых тканай хусткай, выстуквалі сімвалічнае «цок-цок», быццам пераносячы ў традыцыйнае беларускае ткацтва.

Цікавы сюжэт у зімовага танца «Кужалёк». Зачараванасць дзеі пачынаецца з таго моманту, калі дзяўчаты-салісткі паважна, годна, ступаючы ў такт музыцы, нясуць тканыя скруткі... як немаўля. А потым беражліва кладуць. Гэта кужалёк. Яго ткалі ўзімку з ільнянога палатна. Калі пачыналася адліга, палатно рассцілалі на снезе, тапталі, каб яно было мяккае і белае. Гэта выразна паказалі на сцэне — танцавалі на разасланым кужальку, праводзячы запаветную ніць стагоддзяў. Закласці сэнс у кожны танцавальны нюанс і засяродзіць увагу на важнасці традыцый продкаў — у гэтым нязменная задача Валянціны Гаявой, ідэйнай натхняльніцы «Харошак», мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра, народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Яе творчыя задумы знаходзяць належнае ўвасабленне, узнімаючы пласты нашай гісторыі. Надзвычай трапяткі момант, калі дзяўчаты-танцоркі клапатліва скручваюць кужалёк і зноў нясуць, як дзіця, на руках. А хлопец у пары неадрыўна, замілавана глядзіць на дзяўчыну. І ў гэтым позірку — усё…

Эмацыянальна насычаныя вакальна-інструментальныя кампазіцыі, як, напрыклад, «Што ж ты не прыйшоў»: «Што ж ты не прыйшоў, // Як месяц узышоў? // Я цябе чакала. // Ці каня не меў? // Ці сцежкі не знаў? // Маці не пускала?» Або казацкая песня: «Ой пад мостам, мостам сонейка ўзыграе. // Ой, нашы казачэнькі конікаў сядлаюць». Ці жартоўная беларуская «Харашуха»: «На вуліцы мокра, // А на ганку суха, // Выйдзі, выйдзі да мяне ты, // Мая харашуха!» У выкананні вакалістаў Марыны Анкуды, Вольгі Неўмяржыцкай, Віктара Кедалы, Мікіты Рубацкага песні прагучалі надзвычай выразна. 

Мастацкі кіраўнік ансамбля «Харошкі» Валянціна Гаявая на біс.

— У гэтай праграме ў нас прэм’еры вакальна-інструментальных нумароў, у прыватнасці «Што ж ты не прыйшоў», — адзначае спецыяліст па рэкламнай камунікацыі ансамбля «Харошкі» Вольга Томкавіч. — У другім аддзяленні — фальклорныя нумары з залатога фонду: «Пава», «Субота» (з 1974 года). Увогуле, больш чым 75 нумароў залатога фонду аўтарства Валянціны Гаявой. Ёсць нумары, якія падлягаюць узнаўленню, — Валянціна Іванаўна будзе над імі працаваць. Больш чым 75 нумароў толькі харэаграфічныя, а яшчэ колькі песень! Ёсць у нас адметныя і інструментальныя кампазіцыі. Да таго ж заўсёды жывая музыка. Напрыклад, у нумары «Барыня» саліруюць музыканты. Ёсць найгрышы — дынамічныя, з найвышэйшым майстэрствам выканання.

Надзвычай эфектна і каларытна глядзелася музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Дрыготка». Чаргаванне лірычнай мелодыі з актыўным рытмам стварае атмасферу перажывання. І нядзіўна: сутнасць танца — падарыць абранніку запаветную хустачку, якую дзяўчына вышыла сама. Гэта сімвал яе кахання, а для хлопца — знак таго, што можна смела ісці ў сваты. Ёй дрыготка — ён, мажны, смелы, у фіялетавым плашчы, захінае яе. Пары мілуюцца. У гэты момант музыка павольная, пявучая, потым жа хуткая, імклівая. Толькі самы годны атрымае запаветную хусцінку…

Не саступае па сюжэтнай насычанасці музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны». Прыгожыя, грацыёзныя, статныя кабеты нясуць як святыню, як увасабленне жыцця ручнік. Ён тут цэнтр, вакол якога разгортваецца маляўнічае прадстаўленне.

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны».

Харэаграфічная замалёўка з сялянскага жыцця «Камарынская» — візітка «Харошак»: акрабатычныя скокі, драйв, напал эмоцый не пакідаюць абыякавым нікога. Як і жартоўны танец «Пава» з салістам Ягорам Мельнікавым (раней гэтую ролю выконваў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Фёдар Балабайка). Атмасферу ствараюць галаўныя ўборы танцорак з рознакаляровага пер’я і яркія, пярэстыя касцюмы. Лірычны танец па матывах гарадскога фальклору «Каханачка» — пачуццёвая аддушына. Рамантыку ў парах ствараюць не толькі закаханыя погляды танцораў адно на аднаго, але і адпаведныя сукенкі дзяўчат: яны падобныя да фарфоравых лялек.

Сёння «Харошкам» 48 гадоў. Ствараўся калектыў для выезду за мяжу. Першая краіна, куды «Харошкі» паехалі на гастролі, — Данія. І быў такі поспех, што датчане за ансамблем ездзілі з горада ў горад. Першую ўзнагароду «Харошкі» атрымалі праз тры гады пасля стварэння калектыву. На конкурсе сярод прафесійных калектываў СССР, дзе гасцямі былі ў тым ліку ансамбль Ігара Маісеева, ансамбль танца Украіны імя Паўла Вірскага, «Харошкі» занялі першае месца. Бадай, ніводнае выступленне калектыву не абыходзіцца без авацый і выклікаў на біс, як і гэтым разам, бо гледачоў скарае тое, што нельга падрабіць, — шчырасць.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літарутара і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?