Вы тут

У Беларусі забяспечана гендарная роўнасць, і жанчыны ўсё актыўней рэалізоўваюць сябе


Партрэт беларускі выглядае наступным чынам: гэта 43-гадовая жанчына, якая мае вышэйшую адукацыю, жыве ў горадзе і працуе ў сферы адукацыі ці медыцыне, фізічна актыўная і штодзень карыстаецца інтэрнэтам. Напярэдадні галоўнага жаночага свята Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказала пра сацыяльныя гарантыі беларускім жанчынам і іх месца на рынку працы.


Як адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, у Беларусі ў поўнай меры забяспечваюцца роўныя правы мужчын і жанчын. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, у краіне пражывае 53,8 % жанчын. Такім чынам, на 1 тысячу мужчын прыпадае 1163 жанчыны.

Беларускі, зрэшты як і многія жанчыны ў Еўропе, апошнім часам адкладаюць час уступлення ў шлюб на карысць кар’еры. Сярэдні ўзрост узрост уступлення ў шлюб — 26,2 года, нараджэння дзіцяці — 26,8.
— За апошнія пяць гадоў значна ўзмацнілася роля жанчыны ў прыняцці рашэнняў. У Нацыянальным сходзе ў апошнім скліканні доля жанчын складае каля 35 %. Пяць гадоў таму гэта было менш за 30 %. Магу сказаць, што сярэдні сусветны ўзровень — 25 %. Гэта значыць нашы жанчыны больш актыўныя, — распавёў Валерый Кавалькоў.

Паводле яго слоў, 55 працэнтаў работнікаў у краіне — жанчыны. Пры гэтым кожны другі кіраўнік у арганізацыях Беларусі — гэта жанчына. Больш за 68 % усіх дзяржаўных служачых зноў жа жанчыны і больш як 58 % кіраўнікоў дзяржорганаў.

У краіне рэалізоўваецца некалькі праграмных дакументаў, якія накіраваны на забеспячэнне гендарнай роўнасці, дзяржаўных праграм, якія дапамагалі б рэінтэграваць жанчын на рынак працы, а таксама аберагаць жаночае здароўе. Ёсць, напрыклад, праграмы, што дазваляюць жанчыне, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, прайсці павышэнне кваліфікацыі ці перанавучанне, каб яна магла заняць сваё месца на рынку працы.

Жанчыны ў нашай краіне часта адкрываюць свой бізнес і пачынаюць займацца нейкім відам прадпрымальніцтва. Праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» дазваляе выдаваць бязвыплатныя субсідыі для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці. У мінулым годзе 47 % ад іх атрымальнікаў былі жанчыны. За апошнія 5 гадоў 3,7 тысячы жанчын атрымалі такую субсідыю і пачалі сваю справу. Для горада яна складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, а гэта сёння 3262 рублі, для сельскай мясцовасці — 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, або практычна 4,5 тысячы рублёў.

Валерый Кавалькоў нагадаў: яшчэ не так даўно мы гаварылі аб тым, што ў беспрацоўя жаночы твар. Сёння карціна на рынку працы кардынальна змянілася. З усіх беспрацоўных 40 % жанчын.

— Гэта значыць, жанчыны больш актыўна і паспяхова рэалізоўваюць сваю магчымасць да працы. Пастаянна скарачаецца і перыяд іх працаўладкавання. Калі яшчэ ў 2017 годзе сярэдні перыяд знаходжання ў статусе беспрацоўнай у жанчын быў большы за 2 месяцы, то сёння — менш за паўтара, — адзначыў намеснік міністра.
У пытаннях выхавання дзяцей зноў-такі асноўная нагрузка ляжыць на жанчынах. Толькі 1 % мужчын карыстаецца магчымасцю пайсці ў адпачынак па доглядзе дзіцяці. На дзяржаўным узроўні робяцца некаторыя захады, каб прыцягнуць і мужчын больш актыўна дапамагаць жанчынам. У прыватнасці, яны маюць права на адпачынак у сувязі з нараджэннем дзіцяці працягласцю да 14 дзён. Ён не аплачваецца, але ў калектыўныя дагаворы прадпрыемствы маюць магчымасць уносіць пункты аб кампенсацыі. Робяцца захады і для гнуткай занятасці, у прыватнасці, дыстанцыйная работа, змяненні рэжыму працы для шматдзетных бацькоў, якім прапануюць выбіраць: або адзін дадатковы выхадны на тыдзень, або скарочаны працоўны дзень.
Дзяржава выплачвае шэраг дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Расходы на іх складаюць больш за 5 мільярдаў рублёў у год, а гэта каля 3 % ВУП. Самая распаўсюджаная — па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

Плануецца, што да 2025 года яна павялічыцца ў 1,5 раза, а яе рэальны рост складзе 125 %.

Самую рознабаковую падтрымку атрымліваюць шматдзетныя сем’і. Каля 110 тысяч сем’яў адкрылі так званы сямейны капітал. На іх дэпазіты залічана 825 мільёнаў долараў і 624 мільёны рублёў. З 1996 года каля 12 тысяч жанчын узнагароджана ордэнам Маці, у тым ліку 900 летась.

Актыўна ўдзельнічаюць беларускі і ў грамадскім жыцці. Самай масавай жаночай арганізацыяй у краіне з’яўляецца Беларускі саюз жанчын. У яго шэрагах каля 140 тысяч прадстаўніц прыгожай паловы, а колькасць пярвічак — больш за 4,5 тысяча.

— Калі раней наша арганізацыя займалася выключна праблемамі жанчын, то сёння мы актыўна прымаем удзел у самых розных сферах жыцця нашага грамадства, — адзначыла саветнік старшыні Беларускага саюза жанчын, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.