Вы тут

«Шаўковая нітка»: з Кітая — у Еўропу


Напрыканцы мая да свайго 70-годдзя жывапісец Уладзімір ГЛАДКОЎ рыхтуе выстаўку «Шаўковая нітка». На ёй будуць прадстаўлены некалькі дзесяткаў жывапісных і графічных прац, аб’яднаных цікавасцю творцы да краін і народаў, гістарычна звязаных з Вялікім Шаўковым шляхам. 


— Я нарадзіўся ў Туркменістане, у Ташаўзе, — расказвае Уладзімір Гладкоў, — большую частку жыцця пражыў ва Узбекістане. Паездзіў па розных краінах свету. Ужо хутка як 20 гадоў жыву і працую ў Мінску. Ідэя цыкла прац, звязаных з гістарычным гандлёвым шляхам з Кітая ў Еўропу, выспявала ў мяне даўно. Кітай, Расія, краіны Цэнтральнай Азіі — Казахстан, Туркменістан, Узбекістан, асобна я вылучыў Кыргызстан, а яшчэ — Афганістан, Турцыя, Грэцыя, Італія, Галандыя — вось мае мастацкія адрасы, з якімі я хачу пазнаёміць гледача праз сваё светабачанне. 

Цэнтральнае месца сярод здзейсненых прац займаюць мастакоўскія звароты да Кітая, кітайцаў. Паднябеснай Уладзімір Гладкоў прысвяціў сем жывапісных палотнішчаў і тры графічных выявы. «Джонкі», «Едакі локшыны», «Кітайская вёска», «Ля Вялікай Кітайскай сцяны», «Кітайская Венецыя», «Горад на вадзе»... Гэтыя і іншыя сустрэчы мастака з далёкай краінай — плён гістарычнага, этнаграфічнага вывучэння краіны і яго народа, плён засваення атрыманых звестак і праца ўяўлення... Якраз у Кітаі Уладзімір Гладкоў ніколі не быў, у адрозненне ад таго, што іншыя краіны, іх пейзажы, іх ландшафт творца адкрываў на свае вочы. «Канешне, хацелася б пабываць у Кітаі, — дзеліцца развагамі жывапісец і графік. — Мяркую, што жывыя ўражанні дададуць у мае пошукі новыя абсягі...»

Пакуль мы разглядаем карціны ў майстэрні аўтара выстаўкі «Шаўковая нітка»... Ва Узбекістане зазіраем на кірмашы, вандруем сярод славутых архітэктурных помнікаў даўніны («Усходні кірмаш», «Хіва», «Вячэрні Чымган»), у Расіі спыняемся каля Волгі, сустракаем світанак у Астрахані, углядаемся ў хвалі Амура... Магчымасць напоўніцу судакрануцца з творчымі асэнсаваннямі Вялікага Шаўковага Шляху, здзейсненымі Уладзімірам Гладковым, у жыхароў і гасцей Мінска з’явіцца напрыканцы мая. Да сустрэчы ў Палацы мастацтва па вуліцы Казлова!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.