Вы тут

Па законах юбілеялогіі: Даручыць гаркому, міністэрству, Саюзу пісьменнікаў...


Пісьменнікі не толькі скардзіліся, не толькі высвятлялі адносіны, змагаліся за пэўную падтрымку, звяртаючыся ў ЦК Кампартыі Беларусі. Пісьменнікі беражліва ставіліся да спадчыны сваіх папярэднікаў, клапаціліся, каб іх творы і іх жыццяпісы былі ў полі зроку грамадства. Зразумела, найперш генератарам розных ініцыятыў, звязаных з ушанаваннем памяці класікаў беларускай літаратуры выступаў Саюз пісьменнікаў... 


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца ліст першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Ніла Гілевіча ў ЦК КПБ ад 19 лютага 1985 года. Прайшло ўжо болей 30-ці гадоў... Звернемся да гэтага дзелавога, афіцыйнага пісьма... «25 чэрвеня 1985 года спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі. 

Творчасць Петруся Броўкі ўвайшлі ў скарбніцу не толькі беларускай, але і ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры. 

З першымі вершамі выступіў у 1926 годзе. 

Паэзіі Петруся Броўкі ўласцівы грамадзянскі пафас, эмацыянальная ўзрушанасць, глыбокая пранікнёнасць у духоўны свет савецкага чалавека, філасофскае асэнсаванне нашай рэчаіснасці...» 

Хаця ў творчасці Петруся Броўкі і шмат вершаў лірычных, вершаў пра каханне...

Што мне парадзіць, што зрабіць,

Прымі маё да сэрца слова.

Ты кажаш — у грудзях баліць, 

Аддай мне болю хоць палову!

Твой боль мяне не разаб’е,

Пайду з табой маўклівым, мужным

Ты кажаш — сцюдзена табе,

Дазволь маім прыпасці вуснам!

Чаго ж твой зачырвоніў твар

І часта дыхаюць так грудзі?

Ты кажаш — боль кідае ў жар,

Мая сляза твой жар астудзіць!

З ліста Ніла Гілевіча ў ЦК КПБ: «...Яго пяру належыць некалькі дзесяткаў зборнікаў, кніжак для дзяцей, кніг нарысаў і апавяданняў, лібрэта некалькіх опер, аповесці „Каландра“ і рамана „Калі зліваюцца рэкі“. 

Пятрусь Броўка выступаў і як перакладчык паэзіі з рускай, украінскай, польскай, англійскай і іншых моў. 

Прыгадаем асноўныя кнігі вершаў паэта. Гэта — „Гады як шторм“, „Цэхавыя будні“, „Вясна радзімы“, „У роднай хаце“, „Сонечнымі днямі“, „Цвёрдымі крокамі“, „Пахне чабор“, „Далёка ад дому“, „А дні ідуць“, „Заўсёды з Леніным“, „І ўдзень і ўночы“, „Што сэрца праспявала“ і многія, многія іншыя. 

Многія творы Петруся Броўкі перакладзены на мовы народаў Савецкага Саюза і замежных краін. 

У 1981 — 1982 гадах у выдавецтве „Художественная литература“ выйшаў збор твораў Броўкі ў 4-х тамах. 

Пятрусь Броўка быў старшынёй праўлення СП БССР, галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, членам ЦК КП Беларусі, сакратаром праўлення СП СССР. З’яўляўся акадэмікам АН Беларускай ССР. 

У 1962 годзе Петрусю Броўку было прысвоена званне народнага паэта БССР, у 1972 — Героя Сацыялістычнай Працы, у 1975 — заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР. 

За вялікія заслугі перад Радзімай і партыяй узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, „Знак Пашаны“ і медалямі...» 

Падрабязнае выкладанне жыццёвай, творчай біяграфіі Петруся Усцінавіча, асабліва ў частцы высокіх дзяржаўных адзнак, — зусім не лішняя частка звароту ў ЦК КПБ. І хаця народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка пайшоў з жыцця не так даўно ад юбілейнага года — 24 сакавіка 1980 года, нагадаць пра масштаб гэтай асобы кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў БССР вырашыла самым належным чынам. І па тым часе без згоды ЦК зрабіць нешта вартае было проста нерэальна. Аб чым жа просіць Ніл Сымонавіч Гілевіч?.. «У сувязі з 80-гадовым юбілеем Петруся Броўкі Саюз пісьменнікаў БССР просіць:

1. Стварыць юбілейную камісію. (Спіс прыкладаецца). 

2. Даручыць гаркому КПБ, Міністэрству культуры БССР і Саюзу пісьменнікаў БССР правесці гарадскі вечар, прысвечаны юбілею народнага паэта, з удзелам прадстаўнікоў пісьменніцкіх арганізацый братніх рэспублік. 

3. Даручыць Міністэрству асветы БССР і Міністэрству вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР арганізаваць у школах і навучальных установах рэспублікі кніжныя выстаўкі, прысвечаныя П. Броўку, правесці чытацкія канферэнцыі па творах народнага паэта, а таксама гутаркі пра яго жыццё і творчы шлях.

4. Наладзіць юбілейную выстаўку твораў паэта ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя У. І. Леніна. 

5. Адзначыць юбілей П. Броўкі па тэлебачанні і радыё, у рэспубліканскім друку. 

6. Прасіць праўленне Саюза пісьменнікаў СССР правесці юбілейны вечар П. У. Броўкі ў Маскве...» 

... Сёлета, у 2022 годзе, у гісторыі беларускай літаратуры таксама некалькі надзвычай важных юбілейных дат: 140-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы, 105 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі, а яшчэ — 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка... Будзем спадзявацца, што пра гэтыя юбілеі таксама ўспомняць вартым чынам, што яны стануць падзеямі сапраўды для ўсёй краіны... У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваўся і спіс (ён быў прыкладзены да ліста Н. Гілевіча) Рэспубліканскай камісіі па правядзенню 80-годдзя з дня нараджэння народнага паэта БССР Петруся Броўкі. У яе ўвайшлі: Максім Танк (старшыня), Н. С. Гілевіч, В. В. Зуёнак, Г. М. Бураўкін, Л. М. Сухнат, М. І. Дзялец, П. К. Краўчанка, У. В. Матвееў, А. А. Тоўсцік, П. Е. Панчанка, Р. І. Барадулін, І. Я. Навуменка, І. П. Шамякін, В. Х. Карамазаў, Ю. П. Броўка. Пісьменнікі, міністры, рэдактары партыйных газет, сын паэта... Такі склад дазваляў не толькі выбудаваць правільны план юбілейных мерапрыемстваў, але і кантраляваць іх рэалізацыю. 

Дарэчы, у 1985 годзе, як паведамляў у ЦК старшыня Дзяржкамдруку Міхаіл Іванавіч Дзялец, былі запланаваны кнігі да юбілею народнага паэта Беларусі: зборнік «Успаміны пра Петруся Броўку» у выдавецтве «Мастацкая літаратура», кніга вершаў П. Броўкі ў выдавецтве «Юнацтва», кніга літаратуразнаўца Уладзіміра Гніламёдава пра народнага паэта ў выдавецтве «Беларусь». 

Быў і яшчэ адзін перадюбілейны ліст на «броўкаўскую» тэму ў ЦК КПБ. Яго напісаў 11 сакавіка 1985 старшыня праўлення СП БССР Максім Танк. І адрасаваў яго сакратару ЦК КПБ А. Кузьміну. «Паважаны Аляксандр Трыфанавіч! — піша М. Танк. — У плане мерапрыемстваў, прысвечаных 40-годдзю Вялікай Перамогі, значыцца правядзенне Рэспубліканскага свята паэзіі. 

У свяце прымуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі і госці з саюзных рэспублік. Будуць запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Акрамя літаратурнай часткі мяркуецца наладзіць канцэрт сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Віцебшчыны. 

Спадзяемся, што ўдзельнікамі гэтага свята стануць працоўныя не толькі Ўшаччыны, але і суседніх раёнаў. 

На свяце плануецца арганізаваць продаж літаратуры на гераічна-патрыятычную тэматыку і памятных сувеніраў. 

Да выдатных старонак мужнай партызанскай гісторыі гэтага краю сёлета дадаецца яшчэ адна: 80-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі і адкрыццё яго музея на радзіме. Гэта падзея можа стаць адным з яркіх момантаў паэтычнагаі свята. 

Просім Вашай згоды на правядзенне Свята паэзіі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу „Прарыў“ і адначасова звяртаемся з просьбай даць адпаведныя ўказанні партыйным і савецкім органам Віцебскай вобласці». 

У ЦК абмеркавалі і гэты зварот. І ў выніку — гэта відаць з дакладной запіскі загадыка аддзела культуры ЦК І. Антановіча ўжо ад 12 сакавіка 1985 г. Галоўны партыйны начальнік у галіне культуры зазначае, што раней, згодна плану мерапрыемстваў ЦК КПБ па выкананню Пастановы ЦК КПСС ад 31 мая 1984 г. «Аб 40-годдзі Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.», планавалася рэспубліканскае свята паэзіі ў маі 1985 г. у Брэсце. Але, паколькі ў Брэсце будзе праходзіць трэці фестываль мастацкйа самадейнасцыі сацыялістычных краін «Салют Перамозе», а яшчэ — асобныя мерапрыемствы Усесаюзнага кінафестываля, палічылі лагічным правесці рэспубліканскае свята паэзіі 2 чэрвеня 1985 г. ва Ушацкім раёне на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Прарыў». Прадугледжвалася, што ў свяце прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, прадстаўнікі пісьменніцкіх арганізацый братэрскіх саюзных рэспублік (8-10 чалавек), ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працоўныя Ушацкага раёна. Удакладнялася і прапанова — у сувязі з Пастановай Бюро ЦК КПБ ад 6 чэрвеня 1980 г. «Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР Пятра Усцінавіча Броўкі (Петруся Броўкі)» — правесці адкрыццё хаты-музея на радзіме паэта ў в. Пуцілкавічы Ушацкага раёна. Аддзел культуры лічыць, што было б мэтазгодна адкрыць хату-музей у час рэспубліканскага свята паэзіі напярэдадні святкавання 80-годдзя з дня нараджэння П. Броўкі.

... Крыху болей як праз тры гады — 120 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка. Імя паэта носіць Вялікадолецкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа. Ёсць вуліцы Петруся Броўкі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Полацку, Ушачах, Лепелі. Можа быць, варта, папярэдне ўсё абмеркаваўшы і ўзважыўшы, працягнуць працу па мемарыялізацыі жыцця і творчасці Петруся Броўкі?.. Ініцыятывы, згодна «законам» юбілеялогіі (гісторык, краязнаўца Віталь Скалабан сцвярджаў, што ёсць такая навуковая дысцыпліна!), прымаюцца ад усіх — творчых арганізацый, мясцовых уладаў, грамадскіх шукальнікаў гістарычнай памяці...

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.