Вы тут

Холад вясны


Бывае, што чакаеш вясны, спадзяешся на яе цяпло і лагоднасць, а яна прыйдзе ды патыхне сапраўдным холадам. Так вось, як цяпер. У нас, можна сказаць, і зімы асабліва не было. Першую пралеску ў Белавежскай пушчы, як паведамляе сайт Нацыянальнага парку, заўважылі яшчэ 26 лютага. А 5 сакавіка, калі развіталіся са Снягуркай да наступнай зімы, тут закружылі сняжынкі, павеяла зімовай прахалодай. І ў Брэсце пад вечар шматлікія прадаўцы цюльпанаў хутка пераступалі з нагі на нагу — такім чынам спрабавалі грэцца, праводзячы вачыма сваіх патэнцыяльных пакупнікоў. Было відаць, што прапанова значна пераўзыходзіць попыт гэтым разам.


Фота: pexels.com

Ці, можа, яны занадта рана вынеслі на вуліцу свой рознакаляровы тавар, спрабуючы прыспешыць вясну? Для мяне са школьных гадоў вясна найбольш асацыіруецца з 9 Мая. У гэты дзень звычайна бывала цёпла, ды і цюльпаны не цяплічныя, а сапраўдныя — з градак і клумбаў — напаўнялі паветра натуральным водарам. На свята мы з настаўніцай хадзілі віншаваць ветэранаў. Тады, у 1970-я гады, кампанія ўшанавання ўдзельнікаў вайны толькі пачыналася. Дакладна не памятаю, у якім класе — чацвёртым ці пятым, можа — нас тады ўзялі на мерапрыемства першы раз, той дзень выдаўся зусім халодным. Магчыма, і ветэраны, не вельмі прывычныя да такой увагі, трохі разгубіліся, не ведалі, што казаць дзецям. Словам, сустрэча выйшла даволі нацягнутай. Да таго ж мы доўга стаялі на вуліцы, і я надта змерзла. Дадому прыйшла незадаволеная, злая, паскардзілася маме на тое, што нас пацягнулі да ветэранаў, якія насамрэч аказаліся нецікавымі, негаваркімі, і нібыта нас зусім не чакалі.

Тады мама ўпершыню расказала пра свайго аднавяскоўца па імені Арцём. Ён пайшоў на вайну не ў 1944-м, як абсалютная большасць мужчын з нашых краёў, а ў 1941-м. Таму што перад вайной быў прызваны ў армію, і на фронце апынуўся з першых месяцаў вайны, прайшоў яе ад званка да званка, і ў ліку нямногіх салдатаў з такім франтавым стажам застаўся жывы. Перажыў раненні, меў узнагароды. І амаль ніколі не расказваў пра свае ваенныя дарогі. Але мама добра запомніла, як ён гаварыў яе бацьку і майму дзеду: «Я згодны есці адзін раз на дзень і насіць адну кашулю, пакуль яна не зваліцца з плеч, толькі б не было вайны». Пражыў франтавік Арцём нядоўга, недзе ў пачатку 1970-х пакінуў гэты свет. А калі Перамогу ў нас пачалі святкаваць больш шырока і масава, мама заўсёды яго згадвала, паўтарала яго словы. І я запомніла іх назаўсёды. А калі цяперашні год аб’явілі Годам гістарычнай памяці, найперш згадаўся мой зямляк Арцём, адзін з мільёнаў радавых Перамогі, чыімі неймавернымі намаганнямі тая Перамога была здабытая.

Думаю, што гэты год прысвячаецца найперш ім, ветэранам, працаўнікам фронту і тылу, а яшчэ тым, хто пакутаваў у акупацыі, змагаўся ў падполлі і партызанскіх атрадах. За гады работы давялося сустракацца з многімі ўдзельнікамі вайны, пачуць з іх вуснаў тую самую гістарычную праўду. Некаторыя з іх праяўлялі сціпласць, казалі даволі агульна, нібы стараліся адгарадзіць наша пакаленне ад самых страшных падрабязнасцяў. Іншыя расказвалі як ёсць, аб тым, што вайна ламала і пляжыла лёсы, што доўга не пакідала сэрца і душу пасля пераможнага салюту. У гэтым сэнсе найбольш характэрнай падаецца гісторыя маленькай і кволай жанчыны з Жабінкаўскага раёна. Некалі я пісала пра яе. Вольга Аксенцеўна амаль тры ваенныя гады ад’ездзіла на ваенным грузавіку «Шэўрале». Дык вось, яна расказвала, што пайшла на фронт... бо шукала смерці. Вясковай дзяўчынай некалі выйшла замуж за ваеннага ўрача з гарнізона Брэсцкай крэпасці. Ацаніўшы сітуацыю, ён здолеў адправіць жонку ў пачатку чэрвеня да сваёй маці ў Растоўскую вобласць. Сам загінуў у першыя дні вайны. Свякроў, калі атрымала пахаванку, выгнала нявестку з хаты — вось такі паварот лёсу. Куды ёй было дзявацца, маладой, у чужым горадзе ў такі складаны час, дадому ж дарогі не было! Ішла па вуліцы з думкай, што цяпер ёй адна дарога — на вайну. Заўважыла аб’яву пра набор на курсы кіроўцаў для фронту. Пайшла, абрадавалася, калі ўзялі, скончыла. І там, на ваенных дарогах, здзіўляла таварышаў абсалютнай бясстрашнасцю. Як прызналася Вольга Аксенцеўна, зусім не баялася загінуць, думала, што дома нікога не засталося, мужа няма. Працавала часта на перадавой, кіравала машыну ў самае пекла, атрымлівала потым узнагароды, ды вось Бог чамусьці яе зберагаў. І толькі праз гады, дома, змагла стварыць сям’ю, увайсці ў мірнае жыццё. Яе часта запрашалі ў школу, тая ахвотна адклікалася. Для юнай аўдыторыі ў ветэрана за гады склаўся змест гутаркі без асабістых падрабязнасцяў. Але дзецям яна не раз казала: «Пакуль жыве наша пакаленне, жыве памяць, вайны не будзе». Напэўна, генетычная памяць, перададзеная нам ад іх, стала своеасаблівай прышчэпкай ад вайны.

Пра неабходнасць захавання памяці для справы міру не раз выказваўся і зямляк Вольгі Андрасюк, ветэран Улас Клімушка. Вялікі аптыміст па жыцці, былы франтавы разведчык, калі стаў школьным настаўнікам, навучыўся з галінак бэзу вырошчваць букеты — стымуляваць іх цвіценне раней. Ён дарыў традыцыйныя майскія кветкі жонцы і каляжанкам на 8 Сакавіка, каб расквеціць холад ранняй вясны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».