Вы тут

У мазырскай бальніцы аказалі дапамогу сям'і ўкраінскіх бежанцаў


Прыклад душэўнага, самага неабыякавага стаўлення, спагады да чужой бяды гэтымі днямі паказалі мазырскія медыкі. Нядзельнай раніцай, 6 сакавіка, хірургічнае аддзяленне гарадской бальніцы ў экстранным парадку прыняло для аказання медыцынскай дапамогі грамадзянку Украіны і яе дачку-падлетка. Іх сям'я ва ўласным доме пацярпела ад рук марадзёраў. Жанчына атрымала агнястрэльнае раненне, а яе мужа, упэўненая сама грамадзянка Украіны, застрэлілі тыя, хто нападаў.


Фота са здымкаў ТРК «Мазыр».

Як вядома, экіпаж хуткай дапамогі даставіў у Мазырскую гарадскую бальніцу параненую жанчыну і яе непаўналетнюю дачку з беларуска-ўкраінскай граніцы. Дзяўчынка не пацярпела, а яе маці мазырскія медыкі аказалі своечасовую дапамогу.

— Стан пацыенткі стабілізаваны. Яна будзе працягваць далейшае лячэнне ў нашай установе, — пракаментаваў сітуацыю журналістам загадчык першага хірургічнага аддзялення Мазырскай гарбальніцы Віктар Жураўскі.

Але за дакладнай і кароткай аператыўнай інфармацыяй стаіць вялікая і шчырая падтрымка пацярпелай сям'і мазырскімі медыкамі, не толькі як спецыялістамі, але і неабыякавымі грамадзянамі. У тую самую раніцу, калі маці і дачка паступілі ў аддзяленне, калектыў купіў і перадаў так неабходныя вымушаным бежанцам адзенне, гігіенічныя прылады, бытавыя рэчы. Як стала вядома, пакідалі свой дом і шукалі ратавання мама з дачкой з пустымі рукамі, літаральна ў дамашнім адзенні.

Наколькі ўкраінка ўдзячная гэтым «чужым» людзям, якія, па волі абставінаў, сталі блізкімі, можна было даведацца з невялікага інтэрв'ю журналістам. Яно, безумоўна, каштавала параненай жанчыне намаганняў не толькі фізічных, але і маральных.

— Мы жывём з сям'ёй у Кіеве, але, калі ў чацвер сталі бамбіць, мы з'ехалі на дачу, думалі, там будзе больш бяспечна. У хаце ў нас не было святла, «Градамі» ж накрывалі, ракетамі рознымі, не было вады і ацяплення. Мы хадзілі да суседзяў набіраць ваду са студні. Муж сышоў і не зачыніў нас. Яго на вуліцы, не ведаем, марадзёры хутчэй за ўсё, забілі, — апісала жыхарка Украіны трагічныя для яе сям'і падзеі 4 сакавіка. — У нас дзверы (у хаце. — Заўв.) браніраваныя, на зашчапцы, яны ўрываліся-ўрываліся, пачалі дзверы абстрэльваць, пашкодзілі замок, адкрыць не змаглі, пастралялі па шкле і ўвайшлі ў хату. Але толькі паглядзелі, што ў хаце. Мы з дачкой схаваліся. Яны вылезлі праз акно і зноў пачалі абстрэльваць дзверы і трапілі ў мяне куляй, яна выйшла навылёт.

Як удакладніла жанчына журналістам, пасля ранення маці і дачка ў стане шоку выбрацца з дому і паклікаць на дапамогу адважыліся толькі праз пэўны час.

— Яна паклікала суседзяў на дапамогу, а ў іх якраз салдаты прыйшлі, да нас яны не паспелі на некалькі хвілін. Гэтыя салдаты забралі мяне да сябе, у машыны гэтыя, браневікі, наклалі павязку, каб кроў не вылівалася. Павінны былі рабіць эвакуацыю, але не ў горад Кіеў, яны ж не робяць туды эвакуацыю, бо гэта ж не ўкраінскае войска ратавала нас. Таму даставілі мяне ў нейкае іншае месца, як дыслакацыю, не ведаю, як правільна. А да мяне пад вечар гэтыя ж салдаты прывезлі і дзіця маё. Мы паляцелі на верталёце спачатку ў шпіталь вайсковы, там аказалі дапамогу, паставілі жгут, таму што двое сутак нічога не рабілася, а станавілася толькі горш. А потым сюды адправілі, — распавяла пацярпелая жанчына.

Жанчына ўдзячная ўсім, хто аказаў ёй дапамогу. Калектыву мазырскай бальніцы жыхарка Кіева шчыра ўдзячная за дапамогу і ўвагу, падтрымку і спагаду не толькі да яе як пацыенткі, але і яе дачкі. Дзяўчынка знаходзіцца побач з маці ў палаце.

Яшчэ жанчына падзялілася, што вельмі хвалюецца за сваіх сваякоў, якія засталіся ва Украіне. Дзякуючы дапамозе медыкаў ёй удалося звязацца з роднымі ў Кіеве, якія з сярэдзіны мінулага тыдня нічога не ведалі аб лёсе сям'і.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».