Вы тут

Што наткалася – прапраўнучцы дасталася


У Курганскім абласным краязнаўчым музеі працавала выстава з сямейных рэліквій, якія зберагае Людміла Урванцава – кіраўніца Нацыянальнага культурнага цэнтра беларусаў Зауралля “Батькавщина”, сёлетняя юбілярка


Людміла Урванцава (трэцяя злева) і яе сябры

Не сакрэт: менавіта жанчыны ў нашым свеце найбольш паважліва ставяцца да народных, сямейных традыцый. Праз іх сэрцы, розумы ды працу рук перадаецца наступнікам своеасаблівы “культурны код”, і лёс Людмілы Рыгораўны – таму пацвярджэннем. Наша рэдакцыя даўно з ёй у творчай супрацы, але ж ведаем пра яе няшмат. Рыхтуючы тэкст, я знайшоў “базавую” інфармацыю… на сайце Упраўлення МУС Расіі па Курганскай вобласці. Наша супляменніца ўваходзіць “в Общественный совет при УМВД созыва 2019–2022 гг.”. І сёлета ў кіраўніцы “Батькавщины” – юбілей: нарадзілася 21 снежня 1952-га. У спадарыні Людмілы шмат грамадскіх абавязкаў: кіруе беларускай суполкай (якой сёлета будзе 20 гадоў!), уваходзіць у суполку “Союз-интеграция братских народов” (Цюмень), сябар праўлення ФНКА Беларусы Расіі, сябар Каардынацыйнага савета па абароне правоў спажыўцоў пры Урадзе Курганскай вобласці ды міжведамаснай Камісіі па пытаннях садзеяння развіццю спажывецкага рынка вобласці. А яшчэ – сябар прэзідыума савета Асамблеі народаў Зауралля.

У 1973-м супляменніца наша закончыла Іркуцкі дзяржпедінстытут: індустрыяльна-педадагічны факультэт. Працаваць пачала з 17 гадоў – з 1969-га: майстам вытворчага навучання і майстрам АТК. У 1973-96-х была інжынерам-тэхнолагам на Курганскім машынабудаўнічым заводзе, і потым два гады там жа – намесніцай дырэктара па агульных пытаннях. Досвед упраўленчай працы ў Людмілы Рыгораўны вялікі. У 1998 – 2003 гадах была выканаўчым дырэктарам “Курганскага саюза спажыўцоў”, і яшчэ па 2014-ы працавала ў “Прававым цэнтры абароны спажыўцоў”. Адзначана ўдзячнымі пісьмамі – як Адміністрацыі горада й вобласці, так і Мінкультуры Беларусі, ганаровымі граматамі Губернатара Курганскай вобласці ды Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі.

Цяпер – пра выставу “Что наткалось, то и в приданое досталось”, якая працавала ў фае абласнога Краязнаўчага музея. Экспанаваліся на ёй самаробныя карункі, ручнікі, падзоры, абрусы ды іншыя рэчы, што ўпрыгожваюць побыт. Гэта, патлумачыла ў пісьме ў рэдакцыю Людміла Урванцава, прыданае ад Таццяны Мікітаўны Старавойтавай, якое перайшло ёй у спадчыну. Людміла – прапраўнучка майстрыхі, захавальніца родавых скарбаў. З-за каронавірусных абмежаванняў не так шырока ўсё прайшло, як задумвалася. Ды ў інтэрнэце можна паглядзець выставу ў анлайн-фармаце. Здымкі, відэа з прэзентацыі, на якой хораша выступілі сямейны дуэт Лушнікавых і ансамбль беларускай песні “Журавушка”.

Вось што згадвала пра сямейныя рарытэты мама Людмілы Урванцавай – Валянціна Мікітаўна Сініцына: “З яркіх успамінаў майго дзяцінства – паездкі да маёй прабабулі. Яна расказвала пра сваю маму (Таццяну Мікітаўну Старавойтаву), пра дзеда Данілу: нарадзіўся ён, памятаю, у1899-м у Гомелі. Сям’я тады жыла ў вёсцы Гродзенскай вобласці: ці то Бельскае, ці то Бяляўскае… Жылі мае родзічы ў хаце з бярвёнаў, з земляной падлогай, печкай. На ёй мне можна было пакачацца, і ў ёй прабабуля гатавала вельмі смачныя бліны і бульбяное пюрэ са скваркамі. Драўляныя лаўкі ў хаце памятаю, вокны з аканіцамі... Яшчэ помніцца, што ў кожным пакоі ў хаце ў кутах іконы віселі, кожную атачаў незвычайна прыгожы вышываны ручнік. Вышывала тыя ручнікі сама прабабуля. Калісьці, мне расказалі, у кожнай сям’і беларусаў быў не адзін такі ручнік, і з імі былі звязаныя розныя традыцыі. Але паколькі захавалася іх не вельмі шмат, то мы з мамай узялі некаторыя вырабы ва ўсіх родзічаў. Яны ўсе з Беларусі, з часам страцілі выгляд, але дакладна ведаю: яны ўсе беларускія”.

Дзякуй за памяць пра сваю гістарычную Бацькаўшчыну, за зберажэнне рэліквій ад беларускага свайго роду, а таксама за 20-гадовую дзейнасць “Батькавщины”, шаноўная Людміла Рыгораўна!

Іван Яцкавец

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Што наткалася – прапраўнучцы дасталася

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.