Вы тут

Шляхі-дарогі "Землякоў"


Актывісты Смаленскага рэгіянальнага грамадскага руху “Земляки” абараняюць добрую памяць пра герояў і ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, прыцягваючы да патрыятычнай працы і энтузіястаў з Беларусі


Сяргей Крыўка і яго каманда

З кіраўніком грамадскага руху “Земляки” Сяргеем Крыўкам пазнаёміліся мы восенню, на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС. Сустрэліся пазней у рэдакцыі, калі Сяргей Расціслававіч зноў прыехаў на Бацькаўшчыну. Гаварылі як пра яго родавыя беларускія карані (Віцебшчына, Шаркаўшчынскі раён), так і пра справы аб’яднання, якім ён кіруе ад часу стварэння. Дарэчы, досвед лідарскай працы за яго плячыма немалы: быў намеснікам губернатара Смаленскай вобласці, узначальваў Смаленскі філіял Расійскага дзяржуніверсітэта турызму і сэрвісу. Палітык, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, прадпрымальнік. Ну і грамадскі дзеяч, добра вядомы ўжо не толькі ва ўсходнім расійскім рэгіёне – у тым ліку і як кіраўнік Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці.

– Сяргей Расціслававіч, у часопісе “Смоленск” я знайшоў публікацыю галоўнага рэдактара Уладзіміра Коранева “На малой родине Сергея Кривко”. Там прачытаў: на самым пачатку 2019-га “Асацыяцыя беларусаў Смаленскай вобласці накіравала прадстаўнікоў на Шаркаўшчыну для ўстанаўлення пабрацімскіх дачыненняў”. Аўтар з цеплынёй расказвае пра той куток Віцебшчыны, яе славутыя мясціны, хлебасольных гаспадароў і пра тое, што “ў вёсцы Крыўкі нас чакала сям’я сястры Сяргея Крыўкі”. То гэта, відаць, ваша родная вёска?

– Калі быць дакладным – наша родавая вёска: там бацька мой нарадзіўся А ў 1964-м будучыя мае бацькі, Расціслаў Васілевіч (ён быў шафёрам) і Ганна Пятроўна, паехалі на цаліну. Я нарадзіўся ў Кустанайскай вобласці. У 1974-м наша сям’я – бацькі ды мы з малодшай сястрой Марынай – пераехала жыць у Крыўкі, быў я ў 3 класе. І шмат чаго спачатку не разумеў, калі гаварылі мясцовыя жыхары. А ў сельскай школе было так заведзена: мне проста не ставілі некаторы час ацэнкі па беларускай мове. І я паступова, без прымусу паглыбляўся ў мясцовае моўнае асяроддзе. І ў пятым ужо класе стаў выдатнікам па мове, нават нешта падказваў іншым: калі хто, скажам, дж і дз падзяляў пры напісанні. Бацька з маці так і жылі ў Крыўках, там і пахаваныя. А я пасля школы з’ехаў вучыцца ў Смаленск – і ён мне стаў як родны. Так, сястра ў роднай вёсцы на Шаркаўшчыне жыве, урачом працуе. Раней вёска вялікая была, цяпер меншая. А побач там аграгарадок Лужкі: цэнтр моцнай гаспадаркі яшчэ за савецкім часам, і тады школу трохпавярховую прыгожую там пабудавалі, бальніцу – відаць, нават большую, чым у Шаркаўшчыне.

– Лужкі яшчэ вядомыя і як малая радзіма Эліэзера Бэн-Іегуды, стваральніка сучаснага іўрыта. І ў тых жа мясцінах нарадзіўся вядомы дырыжор, хормайстар, народны артыст СССР Генадзь Цітовіч… Так што мясціны багатыя на таленавітых людзей.

– Згодзен. Вось я школу там у 1983-м закончыў, і з выпускнікоў тых гадоў з часам вырасла, ведаю, нямала моцных кіраўнікоў. І яшчэ нюанс: у класе ў нас з 25 вучняў 16 былі па прозвішчы Крыўка, прычым 4 – Сяргеі Крыўкі. (У часе працы над тэкстам Сяргей напісаў, што “нейкім незразумелым чынам беларускае прозвішча Крыўка, з націскам на ы, было пераведзенае на рускую мову як Кривко, з націскам на о. Пасля таго і ў Беларусі пачалі пісаць: Крыўко. Што гістарычна няправільна. “Поэтому, ради исторической справедливости, прошу вас в материале написать: “Сяргей Крыўка”. А то в деревне покажу газету, и меня половина не поймёт, а вторая половина посмеется. Скажут: Сергей не знает, какая у него фамилия”. Па просьбе ўладальніка прозвішча мы пішам Сяргей Крыўка, у множным ліку – Сяргеі Крыўкі. Мяркуем, у Год гістарычнай памяці такое рашэнне Сяргея Расціслававіча заслугоўвае павагі. – Аўт.) Каб не было ў класе блытаніны, мне настаўнікі казалі: “Сяргей Расціслававіч, ідзіце да дошкі”. Як дацэнту ў інстытуце. І давер землякоў нас абавязваў ісці па жыцці сумленна, з годнасцю.

– Гэта каштоўнае псіхалінгвістычнае праграмаванне... Калі сам сябе чалавек паважае з дзяцінства, то потым, кажуць, менш будзе стрэсаў па жыцці. Дарэчы, калі вы сышлі з пасады намесніка губернатара вобласці ў 2011-м, то журналісты называлі гэта ўчынкам і “самай загадкавай палітычнай гісторыяй года”. Як склалася вашае жыццё пасля такога павароту лёсу?

– Спачатку – пра тое, як сышоў. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, тое ўсё проста: прыйшоў тады ў нас новы губернатар і, як гэта часта бывае ў Расіі, прывёў сваю каманду. Таму я вярнуўся да заняткаў навукай, да выкладання: а я – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Некаторы час узначальваў Смаленскі філіял Расійскага дзяржуніверсітэта турызму і сервісу. А на сёння ўзначальваю некалькі грамадскіх арганізацый, да таго ж у мяне ёсць невялікі бізнэс: гэтым на жыццё зарабляю.

– З чаго пачыналася ваша грамадская дзейнасць?

– Першапачаткова ўзнік праект “Земляки”. Прычым, задумваючы яго, мы лічылі, што будзе ён пашыраны не толькі на Беларусь, але і ва Украіну, краіны Прыбалтыкі, Польшчу, дасягне Казахстана і рэспублік Каўказа. Але ў 2014-м украінцы па сутнасці адышлі – і не толькі ад праекта… У рэшце рэшт засталіся ў ім расіяне ды беларусы. А неўзабаве ўзнікла ўнутры руху і Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія. Уліку, членства ў ёй пакуль няма, працуе актывістаў 30. Заўважу яшчэ, што назіраю я такую цікавую сітуацыю. Звычайна беларусы ў Расіі хутка русіфікуюцца. А вось Смаленшчына ўся, я б сказаў, глыбока беларусізаваная. Шмат там усяго, што блізкае нам, беларусам: і ў побыце, і ў мове, у звычаях, нават у кухні. Куды б мы ў глыбінку ні прыязджалі – гучаць беларускія песні практычна на кожным фестывалі ці канцэрце.

– А то ж і не сакрэт, што Смаленшчына доўгі час была, скажам так, пад беларускім культурным і моўным уплывам. Гэта добра бачна і на “Этнаграфічнай карце беларускага племя”, якую склаў яшчэ ў 1903 годзе прафесар Яўхім Карскі. Не ўсе ведаюць, але дзед Аляксандра Твардоўскага, вядомага паэта са Смаленшчыны родам, меў беларускія радавыя карані. Ёсць яны і ў падарожніка Мікалая Пржэвальскага, і ў прадстаўнікоў багатага на таленты дваранскага роду Глінак… Смаленшчына беларусам не чужая! Але, мяркуючы па прынесеных вамі буклетах, пошукамі родавых каранёў “Земляки” пакуль не займаюцца – арганізуюць патрыятычныя аўтапрабегі…

– Спачатку сфармавалася ў нас група аднадумцаў, і мы сталі падарожнічаць. Ездзілі ў нашую Беларусь, і не толькі ў Мінск, але і ў глыбінку, па вёсках. Гэта былі краязнаўчыя экспедыцыі. Раніцай сабраліся-прачнуліся – і на 2-3 дні на выхадныя за горад, на прыроду. Часта выязджалі на азёры: іх і на Смаленшчыне ёсць некалькі соцень, і ў Беларусі шмат. З часам пачалі рабіць аўтапрабегі. Першыя нашыя праекты былі патрыятычныя, і шмат намаганняў мы ў тое ўклалі. А гады тры таму пачалі яшчэ з’яўляцца і культурна-асветніцкія праекты.

– Хто вашы паплечнікі?

– Людзі розных нацыянальнасцяў. Шмат сярод іх тых, каго я называю: расіяне беларускай нацыянальнасці.

– Калі па часе пачаліся вашыя паездкі?

– Паступова склалася ініцыятыўная група, распрацоўвалі праграму агітпрабегаў, графікі руху... Звязваліся з партнёрамі, планавалі сумесныя мерапрыемствы. Удакладняліся планы, задачы, з’яўляліся новыя ідэі. У 2016-м пачалі рэалізацыю праектаў. Пабывалі тады на Віцебшчыне: у Глыбокім і ў іншых гарадах. Наведалі Оршу, заехалі ў Мінск. Наведвалі брацкія магілы, мемарыялы. І паступова ­прыходзіла ўсведамленне: сітуацыя з помнікамі, месцамі пахаванняў ахвяр вайны патрабуе да сябе асаблівай увагі. Што высокія словы пра вечную памяць, загінулых герояў і ахвяры вайны часам не адпавядаюць таму, што ёсць у рэальнасці, што мы бачым, як кажуць, на мясцовасці. Асабліва тое кідалася ў вочы ў расійскай глыбінцы: помнікі не ўсюды дагледжаныя, і няма сістэмнай працы з імі, нават нейкіх інвентарных нумароў… А калі так і надалей пойдзе справа, разважалі, то ў помнікаў падобных няма будучыні. А без памяці пра вайну і без мэтанакіраванай працы па яе зберажэнні – няма будучыні ў нас саміх. Вось мы і пачалі працу па ўстанаўленні геаграфічных каардынат помнікаў ваеннай пары. І трэба яшчэ апісанні: у гонар чаго, у памяць пра каго і калі помнік, памятны знак, абеліск, мемарыял пастаўлены. Пачалі супрацоўнічаць з мясцовымі расійскімі і беларускімі краязнаўцамі, педагогамі, прадстаўнікамі ўлады. Задумалі праграму ажно на цэлыя 5 гадоў.

– Вялікая праца! А грошы на яе адкуль?

– Асноўная праца робіцца на нашым энтузіязме. Да таго ж нам удалося атрымаць пад праект грант Прэзідэнта Расіі на ­развіццё грамадзянскай супольнасці, і ў 2018-м за кошт тых грошай быў выдадзены вось гэты маляўнічы інфармацыйна-метадычны буклет “Дороги войны. Дороги мира. Дороги памяти”. Хачу падарыць яго вам у рэдакцыю. Дарэчы, адна з ідэй праекта ў тым, каб бліжэй агледзець якраз дарогі. Бо, мы ведаем, не толькі гарады, стратэгічныя вышыні, крэпасці станавіліся ў вайну аб’ектамі, вакол якіх разгортваліся жорсткія баявыя дзеянні, але і дарогі з камунікацыямі. Таму дзясяткі, сотні помнікаў, воінскіх пахаванняў, а таксама мемарыяльных комплексаў мы бачым у межах вялікіх і малых аўтадарог, значных дарог і нават невялікіх праездаў, арыентаваных па лініі наступлення ворага: з Брэста на Маскву. Усвядоміўшы гэта, мы паспрабавалі глядзець на ваенныя дарогі не як на франтальную, а на падоўжную паласу абароны. А на такой паласе, каб супрацьстаяць ворагу, патрэбныя вялікія сілы і сродкі. Бо, па сутнасці, гэта былі галоўныя транспартныя артэрыі, па якіх разгортваўся на мясцовасці фашысцкі план вокамгненнай вайны. Паглыбіўшыся ў гэтую вялікую тэму, мы – рада грамадскага руху “Земляки” – прынялі рашэнне: арганізаваць і правесці Патрыятычны аўтапрабег “Дороги 1941 года”. І правялі яго ў ліпені 2016-га: тады было ­75-годдзе пачатку вайны. Калі выходзіў буклет, правялі мы ўжо два аўтапрабегі: у 2016-м і 2017-м. І анансавалі трэці. А “Земляки 2018” – гэта быў Маршрут памяці па лініях гісторыі 3-х гарадоў-герояў (Смаленск, Масква, Мінск) і 6-ці Гарадоў Воінскай Славы (Вязьма, Мажайск, Валакаламск, Ржэў, Вялікія Лукі, Бранск).

– У першыя два этапы, чытаем у буклеце, пройдзена звыш 3000 км дарог. А ў канцы буклеце вы анансавалі, што працягласць маршруту 3-га аўтапрабегу будзе каля 2500 км. І ёсць там лозунг: “Салдаты і патрыёты абаранілі нашу краіну ў 1941 годзе – мы абаронім памяць пра іх сёння і назаўжды”. Усё ўдалося вам ажыццявіць?

– Так, 3-ці маршрут мы таксама прайшлі. А ўсяго ўжо было 5 аўтапрабегаў. І па ходзе падарожжаў, сустрэч, паглыбленняў у тэму выкрышталізавалася ідэя праекта “Атлас памяти. Партизанский рубеж”. Ён ужо таксама рэалізаваны. Ёсць і вось гэты буклет, прыміце яго ў дар ад беларусаў Смаленшчыны для рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” – з надзеяй на працяг супрацы.

– Дзякуй, Сяргей Расціслававіч! Будзем у супрацы. І наступным разам пагаворым пра тое падрабязней. Дзякуй вам, аднадумцам вашым за дзейнасць, за памяць пра загінулых герояў і ахвяры вайны, якую вы актыўна абараняеце, зберагаеце.

Гутарыў Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Шляхі-дарогі "Землякоў"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?