Вы тут

Поле, Буйніцкае поле…


Пра гераічную абарону Магілёва на пачатку вайны, летам 41-га ведаюць многія. Сярод герояў было шмат воінаў, якія трапілі на перадавую з Тульскай вобласці Расіі, многа іх загінула на Буйніцкім полі.


Аляксандра Буракова на выставе, прысвечанай вайне

Сёння на мемарыял "Буйніцкае поле", каб пакланіцца велічы і гераізму абаронцаў Магілёва, едуць людзі з усяго свету.

Агульная плошча мемарыяла – больш за 20 гектараў зямлі, пасыпанай свінцом і жалезам, палітай крывёю салдат, якія ў 1941-м закладвалі падмурак будучай Перамогі. На адным з барэльефаў пры ўваходзе ёсць словы з паэмы Аляксея Пысіна “Балада пра поле”: “За полем – поле, як за словам слова,/ У спеве аб свяшчэнным, дарагім./ Ёсць Барадзінскае, ёсць Кулікова,/ І – гэтае, вядомае не ўсім”.

Пра Буйніцкае поле мы гутарым з Аляксандрай Бураковай, намесніцай дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманавіча Раманава. Яна часта суправаджае туды турыстаў як экскурсавод.

-- Аляксандра Сяргееўна, ці вядомыя імёны ўсіх воінаў, якія на Буйніцкім полі знайшлі апошні спачын?

– Паводле абагульняючых звестках, пад Магілёвам у ліпені 1941 года загінулі ці трапілі ў палон больш за 30 тысяч абаронцаў. Вядомыя імёны толькі 2,5 тысяч з іх. Астанкі 13 салдат пахаваныя ўнутры насыпнога пагорка ў цэнтры Буйніцкага поля, на якім стаіць 27-метровая капліца з чырвонай цэглы. Астанкі герояў былі знойдзены ў розных месцах па асноўнай лініі абароны, у тым ліку ля вёскі Кадзіна, сябрамі пошукавага клуба “ВІККРУ”. Імёны двух загінулых былі ўстаноўлены па салдацкіх медальёнах: гэта Барыс Аўчыннікаў з Алтайскага краю і Мікалай Пагатоўка з Саратаўскай вобласці.

Чырвоная армія складалася з прадстаўнікоў розных народаў былога Савецкага Саюза. Хто па нацыянальнасці былі тыя байцы, якія абаранялі Магілёў?

– На Буйніцкім полі змагаліся ў асноўным рускія. 172-я стралковая дывізія, напрыклад, была сфарміраваная на тэрыторыі Тульскай вобласці. Былі прадстаўнікі таксама іншых нацыянальнасцяў. Напрыклад, Фёдар Худэнка – з Украіны, ён таксама тут загінуў. Яго жонка доўгі час шукала весткі пра лёс мужа, звярталася да ветэранаў, пісала лісты ў розныя арганізацыі. Ёй пашчасціла даведацца, што загінуў яе муж менавіта на гэтым полі. Яна прыехала ў Магілёў і падарыла нашаму музею шлюбныя фатаздымкі і вышываны ручнік. Іх можна бачыць у асноўнай экспазіцыі музея.

Канстанцін Сіманаў з жонкай і сынам

– На мемарыял “Буйніцкае поле” часта ­прыязджаюць расіяне. Іх асабліва кранае гісторыя, звязаная з Канстанцінам Сіманавым, які завяшчаў сваім родным развеяць над гэтым полем свой прах пасля смерці. Яго апошняя воля была выканана. Чаму Сіманаў так гэтага хацеў?

– Як ваенны карэспандэнт ён прыехаў на Буйніцкае поле ў ліпені 41-га. Вельмі ўразіўся, калі пабачыў шматлікія падбітыя нямецкія танкі. Пазнаёміўся з гераічнымі байцамі 388-га палка, якія абаранялі Магілёў, з іх камандзірам – палкоўнікам Куцепавым. Пачуў ад іх абяцанне: “Будзем стаяць, пакуль жывыя”. У выніку напісаў артыкул “Гарачы дзень”, які з’явіўся ў газеце “Известия” ўжо 20 ліпеня 1941 года. І той артыкул расказваў пра подзвіг абаронцаў Магілёва. Яго прачыталі тысячы людзей, але не прачыталі тыя, пра каго ён быў напісаны. Яны прадаўжалі змагацца і гінуць за Магілёў. Тое поле бою Сіманаў памятаў праз усё жыццё. У пасляваенны час напісаў знакамітую трылогію “Жывыя і мёртвыя” пра Магілёўскую абарону і ў 1979-м завяшчаў перад смерцю, каб яго прах быў развеяны над Буйніцкім полем. Гэта самае красамоўнае сведчанне таго, чым было для яго свяшчэннае месца. ­Удзельнік вайны хацеў, каб яго імя заўсёды называлі разам з імёнамі гераічных абаронцаў Магілёва. І родным пісьменніка ўдалося выканаць волю Сіманава. Праз год з мінскага Музея валуноў быў прывезены вялікі, 15-тонны камень, і ўстаноўлены як помнік пісьменніку на Буйніцкім полі. З аднаго боку на ім бачым знаёмае факсіміле “Константин Симонов”, з другога – мармуровая дошка: “... Усё жыццё ён памятаў гэтае поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах”. Аляксей Канстанцінавіч, сын пісьменніка, рэгулярна бываў у нашым музеі, перадаваў у яго фонды фотаздымкі ды іншыя рэчы, звязаныя з бацькам.

– Упершыню ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пад Магілёвам была падрыхтавана кругавая абарона горада. Практычна ўсё дарослае насельніцтва ўдзельнічала ва ­ўзвядзенні абарончых рубяжоў. Пра тое, што мірныя людзі разам з байцамі Чырвонай арміі стаялі на абароне Магілёва, гаворыцца ў многіх дакументах. Ці ўвекавечана іх самаахвярнасць на Буйніцкім полі?

– Пра подзвіг народнага апалчэння сведчыць адзін з барэльефаў цаглянай трохступеньчатай аркі ля ўваходу на тэрыторыю мемарыяла. Сапраўды, на Буйніцкім полі байцы 172-й стралковай дывізіі палкоўніка Сямёна Куцепава і народныя апалчэнцы са зброяй у руках змагаліся разам у поўным акружэнні. Толькі за адзін дзень 12 ліпеня было знішчана 39 нямецкіх танкаў і бронемашын! Дзякуючы ўмелай арганізацыі абароны, мужнасці і гераізму абаронцаў горад удалося трымаць 23 дні. Ніводзін іншы горад Беларусі на самым пачатку вайны не абараняўся так доўга. Германскае камандаванне прывыкла браць без бою еўрапейскія сталіцы і краіны, а пад Магілёвам сутыкнулася з упартым супраціўленнем. Першы абеліск на Буйніцкім полі быў пастаўлены ў 1962 годзе. Крыху пазней яго замянілі на гранітны са словамі: “Тут у суровыя дні 1941 года бяспрыкладную стойкасць праявілі байцы 388-га стралковага палка 172-й стралковай дывізіі і апалчэнцы горада Магілёва, знішчыўшы толькі за адзін дзень 12 ліпеня 1941 года 39 фашысцкіх танкаў”.

– На тэрыторыі мемарыяла сёння шмат тэхнікі: танкі, баявыя машыны, дывізійныя і зенітная гарматы… Стаіць і нямецкі танк. Ці не адзін з тых, які падбілі пад Магілёвам у ліпені 41-га?

– Танк мадыфікацыі Т-3 адносіцца да штабных і мог належаць начальніку штаба нямецкай танкавай дывізіі. Вага танка – 23 тоны (сярэдні), экіпаж – 5 чалавек, адна гармата калібра 50 мм, два кулямёты 7,92 мм. У баявых дзеяннях танк, пэўна, не паўдзельнічаў, затануў па неасцярожнасці вадзіцеля. Быў падняты з дна рэчкі Друць каля вёскі Чачэвічы Быхаўскага раёна. Рухавік танка пасля рамонту завёўся. Танк у добрым стане, і тое могуць пабачыць наведнікі. Такіх танкаў захавалася няшмат. Другі танк, які прыцягвае ўвагу наведнікаў – ИС-2 (расшыфроўваецца як “Иосиф Сталин”). Ён лічыўся найлепшым танкам Другой сусветнай вайны. Яго тэхнічныя характарыстыкі: маса – 46 тон (цяжкі), экіпаж – 4 чалавекі, адна гармата калібра 122 мм, тры кулямёты 7,62 мм, адзін кулямёт зенітны 12,7 мм. Бранябойны снарад танка з паўтара кіламетраў прашываў лабавую браню нямецкай “Пантэры” і выходзіў ззаду, сарваўшы заднюю браню сценкі корпуса. Такія танкі з'явіліся ў СССР у 1943-м. Іншыя танкі, баявыя машыны на тэрыторыі мемарыяла – пасляваенныя.

Капліца на Буйніцкім полі

Фрэскі пад столлю капліцы

 – Цяпер згаданая вамі капліца ёсць, па сутнасці, цэнтральны аб’ект мемарыяла. Вядома, што ў ёй устаноўлены “Маятнік Фуко”. Паступова змяняючы плоскасць ваганняў, ён пацвярджае рух Зямлі вакол сваёй восі і на Буйніцкім полі. У свеце вядомыя толькі некалькі храмаў, дзе размешчаны маятнік Фуко. Якая звышідэя закладзена ў маятнік на мемарыяле? Што яшчэ здзіўляе наведнікаў у капліцы?

– Маятнік Фуко на Буйніцкім полі ўвасабляе ідэю: як доўга будзе рухацца Зямля вакол сваёй восі, так доўга будзе жыць памяць пра абаронцаў Магілёва. Маятнік невялікі: даўжыня каната – 14 метраў, вага грузу – 16,4 кілаграма. Унутры культавага збудавання ёсць і фрэскі на тэму велічы ратнага подзвігу. Аўтар фрэсак – магілёўскі мастак Аляксандр Сувораў. Пад столлю капліцы ён адлюстраваў віды даваеннага Магілёва, намаляваў Георгія Пераможцу, які забівае дракона. У другім месцы бачым постаці 4-х знакамітых палкаводцаў: Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, князя Вялікага Княства Літоўскага Альгерда і князя Мсціслаўскага Сямёна Лугвена. Уражваюць наведнікаў сімвалічныя выявы душ салдат, якіх анёлы забіраюць на неба.

– З якіх кніжак і фільмаў можна больш даведацца пра Буйніцкае поле?

– Пра абарону Магілёва шмат напісана, і галоўны летапісец яе, безумоўна, Канстанцін Сіманаў. Пачытайце кнігі “Сто сутак вайны”, “Розныя дні вайны”, “Жывыя і мёртвыя”. Згадаем і кнігу тульскага пісьменніка Мікалая Дружыніна “Без вестак прапаўшыя”. Цяпер даследчыкі абароны Магілёва – Мікалай Барысенка, Аляксандр Косцераў, Сяргей Новікаў. Пра абарону горада знятыя мастацкія фільмы (“Жывыя і мёртвыя”, “Дняпроўскі рубеж”) і шматлікія дакументальныя. У 2021-м тульскія тэлежурналісты знялі ­фільм “Дняпроўскі рубеж”.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Поле, Буйніцкае поле…

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.