Вы тут

Ксенія Лашчэўская: Сцэна заўсёды была маім другім домам


У Мінскім гарадскім Палацы культуры пад слоганам «Каманда мары» адбыўся фінал рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2021» — за званне спаборнічалі 14 дзяўчат і хлопцаў. Падчас мерапрыемства студэнты ВНУ са сталіцы і абласных цэнтраў дэманстравалі свае таленты і веды. Аб тым, як прайшоў фінал «Студэнта года — 2021», — у рэпартажы «Чырвонкі. Чырвонай змены».


...Яшчэ да пачатку студэнцкага свята ў зале было шумна — балельшчыкі гучна падтрымлівалі сваіх аднакурснікаў. Развяваліся сцягі ўніверсітэтаў, моладзь скандзіравала вершы, а нехта нават прыйшоў з барабанам і стукаў па ім на працягу ўсяго мерапрыемства.

Сталіцу прадстаўлялі адразу чатыры ўніверсітэты, але вырвацца наперад атрымалася ў Ксеніі Лашчэўскай — яна заняла ў конкурсе першае месца. Пераможца вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на спецыяльнасці «сурдапедагог». Акрамя таго, Ксенія займаецца навукова-даследчай дзейнасцю, з'яўляецца намеснікам старшыні студэнцкага навуковага таварыства і ўдзельніцай лабараторыі «Пачуць свет». Таксама дзяўчына — баец педагагічнага атрада «Сузор'е» і ўдзельніца 56-га і 57-га інтэрнацыянальных «Зорных паходаў». Першае яе выступленне было прысвечана тэме інклюзіі.

— Шчыра кажучы, я вельмі моцна хвалявалася на сцэне, — прызналася дзяўчына. — Цяпер адчуваю гонар, таму што дастойна прадставіла сваю ВНУ. Разам са мной працавала даволі вялікая каманда, якую ўзначальваў Аляксандр Давыдоўскі — першы сакратар «пярвічкі» БРСМ нашага ўніверсітэта. Вядома, мне дапамагала і адміністрацыя ўніверсітэта, натхняла на творчыя рашэнні. Пасля заканчэння ВНУ я буду працаваць з дзеткамі, якія не чуюць, таму мяне вельмі хвалююць тэмы сацыялізацыі і інклюзіі. У конкурсе аратарскага майстэрства мой пасыл быў такім — усе дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця павінны быць сацыялізаваныя ў нашым грамадстве.

Пра сябе пераможца кажа: «Я клапатлівая, адкрытая, пяшчотная, часам задумлівая і вельмі добрая. Мне падабаецца прымяраць на сябе новыя вобразы, таму стараюся не ўпускаць такую магчымасць. Больш за 11 гадоў займаюся музыкай, удзельнічаю ў конкурсах. Маім вялікім гонарам з'яўляецца трэцяе месца ў «Песні для Еўрабачання». Сцэна заўсёды была маім другім домам».

Агульнай тэмай «Студэнта года — 2021» стала стварэнне звышчалавека — удзельнікі павінны былі рыхтаваць свае выступленні, прытрымліваючыся менавіта такой канцэпцыі. Таму ў першым этапе фіналу канкурсанты распавядалі аб сваіх звышзадачах. Адна са складанасцяў — укласціся ў строга рэгламентаваны адрэзак часу, бо інакш суддзі знімуць балы. Студэнты ўзнімалі розныя тэмы: для кагосьці мэта жыцця заключаецца ў тым, каб несці людзям шчасце, хтосьці казаў аб гістарычнай памяці і шанаванні культуры. Але больш за ўсё запомнілася выступленне Вікторыі Шамко, студэнткі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Дзяўчына вучыцца на трэцім курсе фармацэўтычнага факультэта — то-бок будучы правізар. Вікторыя распавяла, што марыць зрабіць лякарства, якое будзе дапамагаць людзям са спінальнай мышачнай атрафіяй — генетычным захворваннем. Студэнтка адзначыла, што лекі ўжо ёсць, але яны вельмі дарагія і даступныя далёка не ўсім, хто сутыкнуўся з такой хваробай.

Пашанцавала і Ганне Івановай, студэнтке факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дзяўчына заняла другое месца. Яе выступленне ў конкурсе аратарскага майстэрства можна назваць самым «лічбавым»: каб падрыхтавацца да выступлення, дзяўчына правяла апытанку ў Іnstagram. Пытанне адпавядала асноўнай тэме конкурсу — у чым заключаецца мая звышмэта? У сваёй прамове Ганна прыйшла да высновы, што яе асноўная мэта — рабіць людзей шчаслівымі.

— Усё тое, чым я займаюся, прыносіць мне задавальненне, зацягвае. Няма нічога лепшага, чым разуменне, што ты дасягнуў выніку. На маю думку, званне «Студэнт года» — гэта высокая планка для ўсіх: трэба не толькі выдатна вучыцца, валодаць пэўнымі талентамі, але і быць гатовымі зрабіць усё на карысць свайго ўніверсітэта і краіны, — адзначыла Ганна.

Акрамя разважанняў на сур'ёзныя сацыяльныя тэмы, фіналісты дэманстравалі і свае таленты. Напрыклад, са сцэны прагучаў верш Канстанціна Сіманава «Жди меня» . У гэты момант у глядзельнай зале ўсталявалася абсалютная цішыня — заціхлі нават самыя заўзятыя балельшчыкі.

Больш за ўсё запомнілася выступленне Яна Палівача, студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Нягледзячы на тое, што ён не стаў пераможцам, дзякуючы харызме і самаіроніі Ян прыцягнуў да сябе ўвагу. Хлопец спалучыў у сваім нумары каралеўскі танец паланэз з вобразам добрага хулігана. Таксама Ян выканаў песню пад назвай «Мама, усё нармальна». Па рэакцыі залы можна было зрабіць выснову, што яго выступленне запомніцца на доўгі час: у канцы песні аўдыторыя нават пачала падпяваць канкурсанту. Дарэчы, Ян прызнаўся «Чырвонцы. Чырвонай змене»: з гэтым нумарам былі складанасці — яму прыйшлося адстойваць права на выкананне паланэза на сцэне. Некаторыя меркавалі, што нумар гледачоў не зацікавіць, маўляў, цяпер моладзі патрэбныя толькі жорсткія біты. Але яны памыліліся...

Трэцяе месца ў конкурсе «Студэнт года — 2021» было прысуджана Валерыі Лазарэвіч. Дзяўчына вучыцца ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў, з'яўляецца старшынёй студсавета.

— Я іграю на цымбалах і фартэпіяна, вельмі люблю спяваць. Таксама займаюся арганізацыяй мерапрыемстваў — гэта мая будучая прафесія. Удзел у праекце «Студэнт года» — гэта яшчэ адзін маленькі крок да здзяйснення мары. Маё жыццёвае крэда — вер у тое, што ты варты большага.

Валерыя Лазарэвіч, Ксенія Лашчэўская, Ганна Іванова (злева направа).

На мерапрыемстве прысутнічаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. Ён павіншаваў удзельнікаў і пажадаў ім рухацца далей у абраным напрамку:

— Студэнтаў заўсёды вылучалі энергія і энтузіязм, творчая актыўнасць і адкрытасць усяму новаму. Студэнцкая моладзь бярэ актыўны ўдзел ва ўніверсітэцкім, навуковым, грамадска-палітычным жыцці і не застаецца абыякавай да ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне і за яе межамі. Упэўнены, што ў нас добрая будучыня і добрая моладзь.

Таццяна Шэндзік, начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дадала:

— Тое, што мы сёння ўбачылі на гэтай сцэне, было шчыра, бліскуча, энергічна, вельмі творча, душэўна і, што самае галоўнае, патрыятычна. Напэўна, менавіта такая атмасфера павінна быць у студэнцкім і маладзёжным асяроддзі.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.