У фінале рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» маладыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук прадставілі 20 інавацыйных праектаў, сярод іх ПЛР-дыягностыка грыбных і бактэрыяльных захворванняў гароднінных культур, праграмнае забеспячэнне для планшэтных устройстваў «Вэб-агляд» для ўрачоў, якія працуюць у «чырвонай зоне», тэхніка банкіравання алагенных дэндрытных клетак для прымянення ў лячэнні анкалагічных захворванняў, тэхналогія вырошчвання мікразяленіва, індукцыйны дэфібрылятар, «зялёныя сцены» для ўстаноў адукацыі, праект эксперыментальнай археалогіі «Сказ пра гліняны гаршчок» для школьнікаў, праект «Юныя мысліцелі ў бібліятэцы» і іншыя.
А загадчык сектара комплексных даследаванняў мясных прадуктаў РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» Ірына Калтовіч прадставіла ў фінале 3D-мясны прынцінг, які дазваляе ў лічаныя хвіліны ствараць унікальныя натуральныя высакаякасныя мясныя вырабы.
— Гэта новы напрамак у харчовай прамысловасці. У нашым інстытуце былі распрацаваны тэхналогіі вытворчасці 3D-мясных прадуктаў, 3D-мясных сумесяў і 3D-мясных эмульсій. У мяснога прынцінгу шмат пераваг, — тлумачыць Ірына. — З яго дапамогай можна індывідуалізавана мадэляваць харчовую і біялагічную каштоўнасць прадукту, уключаць у яго тыя кампаненты, якія патрабуюцца канкрэтнаму чалавеку (напрыклад, калі ў арганізме прысутнічае дэфіцыт жалеза ці кальцыю) і, наадварот, выключаць з прадуктаў непатрэбныя кампаненты.
Таксама пры шэрагу захворванняў патрабуюцца прадукты пэўнай кансістэнцыі — мы можам вырашаць гэту задачу з дапамогай 3D-мяснога прынцінгу.
Гэта тэхналогія дазваляе вырабляць унікальныя прадукты нестандартнай формы і дызайну з зададзеным смакам па спецыялізаваных заказах спажыўцоў. 3D-мясныя прадукты маюць натуральны склад, для мясных сумесяў выкарыстоўваецца толькі высакаякасная сыравіна, у іх адсутнічаюць харчовыя дабаўкі. Яны вылучаюцца працяглым тэрмінам захоўвання — да шасці месяцаў пры тэмпературы 18 градусаў (плюс-мінус два градусы). Іх можна браць у экспедыцыі і нават касмічныя палёты. Фактычна задавальняюцца патрэбы асобных сектараў у харчовых прадуктах: ваеннай, касмічнай, турыстычнай, медыцынскай галінах. Такія прадукты будуць незаменнымі ў харчаванні пацыентаў у медыцынскіх стацыянарах і рэабілітацыйных цэнтрах. Для дзяцей, якія адмаўляюцца есці, можна рабіць прадукты ў выглядзе персанажаў з папулярных мульцікаў.
3D-мясны прынцінг спрыяе развіццю персаніфікаванага лячэбна-дыетычнага, спартыўнага, дзіцячага, гіпаалергеннага харчавання. Таксама тэхналогія дазваляе ўлічваць індывідуальныя патрэбы пажылых людзей, якія маюць, напрыклад, дэфіцыт кальцыю, спартсменаў — для дасягнення імі высокіх вынікаў і гэтак далей.
А каманда студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (Марыя Саковіч, Ганна Кротава, Уладзімір Поклад і Георгій Поклад) зрабіла стаўку яшчэ на адну новую тэхналогію — сублімацыю — і прапанавала ў намінацыі «Найлепшая бізнес-ідэя» «Нацыянальны праект — нацыянальны прадукт «Красна ягода». Хлопцы і дзяўчаты прапанавалі наладзіць вытворчасць смачных сувеніраў-падарункаў, якія дапамогуць гасцям краіны «паспрабаваць» Беларусь на смак. У якасці нацыянальнага брэндавага прадукту прапануецца выкарыстоўваць сублімаваныя ягады і садавіну, традыцыйныя для Беларусі.
Сублімацыя — адзін з самых прасунутых спосабаў кансервацыі. Прычым гэты метад не патрабуе ніякай хіміі ці кансервантаў. Працэс адбываецца наступным чынам. Спачатку прадукт экстранна замарожваюць пры тэмпературы мінус 50 градусаў. Затым яго адпраўляюць у сублімацыйную камеру, дзе адбываецца працэс пераходу вады з цвёрдага стану (лёду) адразу ў газападобны, абыходзячы вадкі стан. Напрыклад, калі замарожаныя журавіны змясціць у камеру і пачаць працэс сублімацыі, уся вільгаць пакіне ягады ў выглядзе пары. Пры гэтым захоўваюцца ўсе смакавыя якасці, хімічны склад, карысныя рэчывы, у тым ліку вітаміны, а тэрмін захоўвання прадукту значна павялічваецца — да трох гадоў і больш у залежнасці ад упакоўкі, што выкарыстоўваецца.
На думку аўтараў ідэі, такі незвычайны прэзент, расфасаваны ў дызайнерскую ўпакоўку з тэматычным афармленнем, мог бы стаць для любога замежніка прыемным сюрпрызам і смачным напамінам аб Беларусі.
Ва ўсім свеце сёння ўзрастае актуальнасць экалагічнага земляробства. Пошук шляхоў аптымізацыі вытворчасці мікробных прэпаратаў з'яўляецца надзвычай важнай задачай. Дзесяцікласніца з сярэдняй школы № 1 Новалукомля Алена Джанаян прапанавала выкарыстоўваць водарасць хларэлу для тэсціравання фітатаксічнай і фітастымулюючай актыўнасці мікраарганізмаў. Яе праект уяўляе з сябе стварэнне экспрэс-тэста, які дапамагае паскорыць пошук карысных мікрааргагізмаў для сельскай гаспадаркі.
— Навізна праекта заключаецца ў вывучэнні сумеснага культывавання аэробных бактэрый і мікраводарасці хларэлы для атрымання біяпрэпаратаў новага пакалення для аховы раслін, — тлумачыць Алена. — Водарасць хларэла лёгка культывуецца і мае падобныя з вышэйшымі раслінамі рэакцыі. Экспрэс-тэст хларэлы са штамамі бактэрый можа ў 15 разоў скараціць час выдзялення карысных мікраарганізмаў. Да таго ж хларэла можа замяніць работу ферменцёра і выключыць выкарыстанне дарагога абсталявання, што дазволіць знізіць сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі.
Адзін з праектаў-пераможцаў — «Інтэрактыўны каляндар «Перамога» — прадставілі ў фінале навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Максім Мушынскі і Ягор Ражко. Яго мэта — захаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Для гэтага вырашылі сабраць разам у выглядзе календара ўсе падзеі, якія адбываліся на Гродзеншчыне ў перыяд з чэрвеня 1941-га да мая 1945 года. Каляндар змяшчае карту Гродзенскай вобласці, на якой адлюстраваны ўсе помнікі, воінскія пахаванні, іншыя значныя аб'екты і мясціны, звязаныя з дадзеным перыядам. У храналагічным парадку ў календары сабраны даты, пры націсканні на якія на карце адкрываецца месца, дзе адбывалася тая ці іншая падзея з яе апісаннем.
У календары прадугледжаны і іншыя карысныя функцыі. Так, напрыклад, карыстальнік можа знайсці падзею, якая яго цікавіць, не толькі пры націсканні на вызначаную дату — дастаткова ўвесці патрэбнае слова ў пошукавую сістэму. Яшчэ адзін важны момант у тым, што каляндар не з'яўляецца закрытай сістэмай. Калі хто-небудзь валодае цікавай інфармацыяй і хоча ёй падзяліцца, ён можа дапоўніць каляндар (пасля праверкі і адабрэння адміністратарам яна будзе адлюстравана). Унікальнасць календара яшчэ і ў тым, што ён захоўвае інфармацыю не толькі з гістарычнай літаратуры або дакументаў — многія падзеі, апісаныя ў календары, былі атрыманы з вуснаў відавочцаў. Галоўная ж мэта ініцыятараў праекта — занесці ў каляндар усе падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты рэсурс можа стаць выдатным памочнікам для настаўнікаў гісторыі, класных кіраўнікоў і быць карысным для ўсіх, хто захапляецца гісторыяй.
Яшчэ адзін цікавы праект, які прадстаўляў у фінале Гродзеншчыну, — мабільны дадатак «Мова». Адзінаццацікласнік гродзенскай сярэдняй школы № 11 Максім ВАСЮХНЕВІЧ распрацаваў мабільную праграму, з дапамогай якой любы жадаючы зможа палепшыць веданне беларускай мовы. У праграме ёсць тры асноўныя ўкладкі: «заданні», «правілы» і «перакладчык». Ва ўкладцы «правілы» сабраны асноўныя правілы беларускай мовы, ва ўкладцы «перакладчык» можна перакласці слова або сказ з рускай мовы на беларускую і наадварот, а ўкладка «заданні» падзеленая на тры навучальныя катэгорыі. Так, у катэгорыі «карцінкі» карыстальніку будуць прапанаваны чатыры выявы і адно слова на беларускай мове: іх трэба будзе супаставіць. У катэгорыі «тэсты» прапануецца прайсці тэставыя заданні, якія вызначаць веданне мовы, а ў катэгорыі «экзамены» размешчаны практыкаванні па ўзроўнях складанасці — яны падыдуць выпускнікам для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і іспытаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.