Вы тут

Супрацоўнікі электрасетак Брэстчыны ўстанаўліваюць платформы для гнездавання буслоў


Летась гаспадар буслянкі каля майго вясковага дачнага дома паявіўся ўжо 27 сакавіка і актыўна ўзяўся папраўляць гняздо. А годам раней ён адбудоўваў свой дом нанава. Бо зімой у двух дамах прапаў свет. І спецыялісты аварыйнай брыгады электрасетак, якія прыехалі па выкліку, канстатавалі разрыў правадоў. Апошнія літаральна прагнілі пад шматгадовым уплывам прадуктаў птушынай жыццядзейнасці.


Энергетыкі тады скінулі гняздо са слупа, аднавілі электрападачу ў дамы і паехалі. А белы птах, вярнуўшыся вясной з выраю, палётаў над хатамі, агледзеўся, спачатку прымерваўся будаваць новае на адным, затым другім коміне, нанасіў крыху галінак, але гаспадары зганялі птушку. А вось высока спілаваны каштан з шырокім камлём на суседнім падворку буслу чамусьці не спадабаўся. Ён лётаў у ваколіцы некалькі дзён, потым, відаць, прыняў рашэнне і пачаў інтэнсіўнае будаўніцтва на ранейшым месцы — на слупе ЛЭП.

У вёсцы Масевічы Маларыцкага раёна.

Паводле інфармацыі спецыялістаў, у нашай краіне пражывае каля 22 тысяч пар буслоў, гэта недзе пад 10 працэнтаў ад усёй папуляцыі птушкі. Штогод птахі абнаўляюць свае гнёзды, у выніку кожнае павялічваецца прыкладна кілаграмаў на 80, а максімальная яго вага можа даходзіць да 800 кілаграмаў. Таму гэтыя гнёзды, калі яны не замацаваны надзейна, складаюць пэўную небяспеку нават для чалавека. Ды і птушкі, калі ляцяць да сваіх буслянак, якія стаяць на слупах ЛЭП, часта чапляюць правады і гінуць ад удару токам. Таму энергетыкі каторы год спрыяюць сваім крылатым суседзям, устанаўліваючы спецыяльныя платформы, што нечым нагадваюць платформы для алімпійскіх факелаў. Такая работа пакрысе праводзілася і раней. Праўда, у папярэднія гады ставілі платформы старога ўзору, цяпер для птушак вырабілі новыя канструкцыі, больш надзейныя, зручныя і бяспечныя.

Некалькі такіх паставілі ў самым канцы лютага ў вёсцы Масевічы Маларыцкага раёна. Паводле слоў старасты вёскі Мікалая Лучука, у іх спакон веку сяліліся буслы: мясціны тут прыгожыя, маляўнічыя, побач лес, рэчка, недалёка балота. І пачатак кожнай вясны вёска звярае менавіта з паяўленнем насельнікаў з белымі крыламі. Але ж даволі часта птушкі гінуць, гэта надта ўжо сумная карціна, таму дапамога чалавека тут вельмі дарэчы.

Кіраўнік Маларыцкага філіяла Брэсцкіх электрасетак Уладзімір КУЦ расказаў, што план работы ўзгоднены з прыродаахоўным ведамствам. Згодна з ім і прыехалі ў вёску спецыялісты, каб паставіць адразу некалькі платформаў. Раней у раёне ўжо было ўстаноўлена 39 платформаў старога ўзору, а сёлета ў населеных пунктах раёна будзе ўстаноўлена 10 новых. Для правядзення работ задзейнічана цяжкая тэхніка, мантаж прыстасаванняў праводзяць спецыялісты.

Платформа ставіцца вышэй за провад, такім чынам для птушак ствараецца засцярога ад паражэння электрычным токам. У аснову канструкцыі пакладзены замежны вопыт, падобныя прыстасаванні выкарыстоўваюць у Польшчы, Літве, Славакіі. Вырабляюцца канструкцыі за кошт сродкаў РУП «Брэстэнерга».

Усяго да прылёту птушак па Брэсцкай вобласці сёлета плануецца ўстанавіць каля 100 платформаў на апорах ЛЭП. Акрамя Маларыцкага, гэтай вясной палепшаныя ўмовы для жыцця атрымаюць буслы ў Брэсцкім, Кобрынскім, Жабінкаўскім, Пінскім, Драгічынскім і Камянецкім раёнах. Бусел, сімвал нашага краю, павінен адчуваць клопат людзей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.