Вы тут

На судовую экспертызу стаў часцей трапляць металалом


Гэта звязана з пашкоджаннем прадметаў, якія, на першы погляд, не маюць ніякай каштоўнасці. Напрыклад, аўтахлам каля плота. Між тым, экспертыза ўстанаўлівае, што некаторыя рэчы маюць пэўную цану, іх крадзеж і пашкоджанне могуць павярнуцца адміністрацыйным ці крымінальным пакараннем.


Фота: vitvesti.by.

Таксама ў «топе» судовых таваразнаўчых экспертыз нямала іншых тавараў, кошт якіх з'яўляецца спрэчным. У тым ліку купленых праз інтэрнэт. З адным такім выпадкам сутыкнуўся жыхар Мінска, які на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы знайшоў аб'яву аб продажы машынкі для татуіровак. Ён звязаўся па тэлефоне з прадаўцом з Гродзенскай вобласці. Той запэўніў пакупніка, што тавар арыгінальны, і нават прыслаў фота. Пасылка абышлася ў 620 рублёў. Але ў ёй пакупнік убачыў не заяўлены нямецкі брэнд, а зусім іншую марку з меншым коштам. Паколькі прадавец адмовіўся вярнуць грошы, падмануты мужчына звярнуўся ў міліцыю.

Падчас даследавання судовымі экспертамі ўстаноўлена, што тату-машынка не адпавядае заяўленым гандлёвым характарыстыкам і адносіцца да значна ніжэйшай цанавой катэгорыі. Яе кошт складае 109 рублёў. Такім чынам, пакупнік пераплаціў за тавар у шэсць разоў. Па гэтым факце распачата крымінальная справа.

Часта грамадзяне сутыкаюцца з тым, што набылі тавар па завышаным кошце, купілі на інтэрнэт-пляцоўках былы ў карыстанні замест новага ці атрымалі падробку пад выглядам вядомага брэнда.

— У нас быў выпадак са спартыўным касцюмам. Яго прадавалі як новы, фірменны, а аказалася, што ён не новы і не фірменны. Нямала выпадкаў, калі чалавек пераплачвае і 400, і 500 рублёў, — паведаміла начальнік аддзела будаўніча-тэхнічных, таваразнаўчых і эканамічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці Алена Чыпурка.

Такія факты ў практыцы экспертаў-таваразнаўцаў не рэдкасць. З пачатку года ва ўпраўленні праведзена больш за 40 падобных экспертыз, у тым ліку па якасці тавараў. Спецыяліст прыгадала такі выпадак: жанчына купіла на рынку паліто, але дома ўбачыла ў ім нямала дэфектаў. І калі паспрабавала вярнуць, прадавец ёй адмовіў. Была прызначана экспертыза, каб вызначыць: гэта вытворчыя дэфекты ці атрыманыя пасля пакупкі. Аказалася, што большасць дэфектаў — менавіта вытворчыя. Суд вынес рашэнне на карысць жанчыны.

З падобнай праблемай сутыкнулася яшчэ адна гараджанка, якая набыла праз інтэрнэт-краму туфлі. Літаральна праз два тыдні адбыўся разрыў тканіны па шве. У дадзеным выпадку справа да суда не дайшла — з дапамогай судовых экспертаў жанчына даказала, што гэта вытворчы брак, і крама вярнула ёй грошы. Як адзначыла эксперт, пытанні па якасці датычаць невялікіх крамаў і інтэрнэт-пляцовак. Дарэчы, экспертыза па якасці даволі дарагая. І калі па яе выніках устаноўлена, што тавар не адпавядае заяўленым характарыстыкам, мае вытворчыя дэфекты, прадавец абавязаны кампенсаваць спажыўцу не толькі кошт тавару, але і кошт экспертызы. Для вызначэння якасці тавару да судовых экспертаў можа звярнуцца і фізічная асоба.

Асноўныя пытанні, з якімі часцей за ўсё даводзіцца сутыкацца судовым экспертам-таваразнаўцам, датычаць вызначэння астаткавага кошту. Гэта пытанне цікавіць і праваахоўныя органы, калі прадмет укралі, і суды, калі, напрыклад, ідзе падзел маёмасці.

У выпадку крадзяжу кошт важны пры класіфікацыі злачынства. Ад гэтага залежыць від пакарання — адміністрацыйнае ці крымінальнае. Калі, напрыклад, кошт складае менш за дзве базавыя велічыні — для фізічных асоб гэта адміністрацыйнае парушэнне, а звыш дзвюх базавых — крымінальнае. Апошнім часам у «топе» такіх тавараў можна назваць ровары.

— У вёсках што крадуць? Ровар «Аіст». Для правядзення судовай таваразнаўчай экспертызы нам патрэбныя марка, мадэль, прыкладная дата куплі, дыяметр колаў, камплектацыя. Як правіла, гэтых даных дастаткова, каб вызначыць астаткавы кошт ровара з улікам яго зносу, — адзначыла Алена Чыпурка. — Апошнія гады было шмат такіх выпадкаў. Чалавек паясняў, што прыехаў на рыбалку ці ў лес у грыбы, дзесьці заснуў, прачнуўся, а ровара няма. Па горадзе такога масавага крадзяжу не адбываецца. Мабыць, з-за вялікай колькасці відэакамер.

Гэтым разам эксперты сутыкнуліся з фактамі крадзяжу металалому. Яго, як правіла, цягнуць з лецішчаў, маланаселеных вёсак. Нясуць гэты лом у пункты прыёму. А потым высвятляецца, што той жа аўтахлам набыты спецыяльна і на яго ў гаспадара свае планы.

— У нас таксама ёсць аўтатаваразнаўчая экспертыза. Вось прыклад. Мы даследавалі старое аўто, якое дзеці ўбачылі каля гаража і, прыняўшы яго за аўтахлам, пачалі па ім скакаць. Аказалася, што чалавек купіў стары кузаў, каб прыварыць з яго на свой аўтамабіль нейкія дэталі. У выніку той стаў непрыдатны для далейшага выкарыстання, — расказала Алена Анатолеўна.

І такіх экспертыз па вызначэнні кошту металалому становіцца больш, заўважыла спецыяліст. Прычым яго кошт часта даволі значны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?