Вы тут

Асаблівы акт гуманізму ў сувязі са святам 8 Сакавіка


Указам Прэзідэнта Беларусі ў сувязі з Міжнародным жаночым днём 8 Сакавіка памілаваны чатыры асуджаных Гомельскай папраўчай калоніі. Жанчыны адбывалі пакаранне за супрацьпраўныя дзеянні падчас пратэснай актыўнасці. Усе яны шчыра раскаяліся ў зробленым. Адразу пасля абвяшчэння ўказа аб іх памілаванні ўжо былыя асуджаныя пакінулі калонію, каб вярнуцца да сваіх родных.


Магчымасць быць з сям'ёй, дзецьмі, самымі блізкімі людзьмі — гэта тое, чаго яны, на жаль, праз свае неабдуманыя дзеянні часова пазбавіліся. У гэтым прызналіся ўсе чатыры памілаваныя Прэзідэнтам жанчыны.

Адной з іх — Настассі — усяго 20 гадоў. Дзяўчына была асуджаная за гвалт у адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Атрымала два гады пазбаўлення волі. Але Актам памілавання вызвалена цяпер, пасля адбывання ў калоніі крыху менш за год. Дома Настассю чакае брат. Наконт сваіх першых эмоцый пасля атрымання звесткі аб памілаванні дзяўчына расказала, што нават разгубілася. На пытанне, ці разумее, што ёй дадзены шанц перагледзець сваё жыццё, адказвала рашуча:

— Вядома, разумею. Цаню гэта. Мне ўсяго 20 гадоў і ўсё жыццё наперадзе. Гэта была памылка, якой больш не дапушчу.

У свой час дзяўчына вучылася на педагога дашкольнай адукацыі, вучобу не скончыла. Цяпер у найбліжэйшых планах Анастасіі — працяг адукацыі.

Сярод тых, хто, дзякуючы Акту памілавання Прэзідэнта, зможа зноў вярнуцца да сваёй сям'і, — Наталля. Медработніца з Брэста была асуджаная і адбывала пакаранне ў гомельскай калоніі за абразу ў адрас кіраўніка дзяржавы.

— Вельмі моцна раскайваюся. Ды я адразу шкадавала аб тым, што зрабіла... Быў проста такі эмацыянальны стан... Былі эмоцыі і, можа, не разумела нават, што вымаўляла. Прашу прабачэння ў Прэзідэнта. І прасіла аб гэтым, калі пісала просьбу аб памілаванні. Я вельмі ўдзячная, што кіраўнік дзяржавы паверыў мне. Паверыў, што гэта было не са зла. Дзякуй яму, — прызналася Наталля.

Да заканчэння тэрміну адбывання пакарання жанчыне заставалася 5 месяцаў. Дома яе чакаюць дачка і ўнукі.

— Гэта ўвогуле ў жыцці найлепшы падарунак, што сам Прэзідэнт паверыў і памілаваў. У жыцці такіх падарункаў больш не будзе, і не трэба... Пакуль ва ўсё гэта яшчэ не верыцца... Тут жа кожны дзень без родных, без сям'і... Гэта, вядома, цяжка. Пераасэнсоўваеш усё. Разуменне прыходзіць ужо з таго моманту, калі цябе выводзяць з залы суда. Вось тады і ўсведамляеш, што звыклае жыццё спынілася, што з табой адбываецца тое, аб чым раней нават не думаў, — падзялілася сваімі эмоцыямі памілаваная.

Да пазбаўлення волі Наталля займалася доглядам за ляжачымі пажылымі людзьмі. Расказала, што хоча і далей аказваць дапамогу састарэлым.

— Не віна ж кіраўніка дзяржавы ў тым, што адбылося. Сам чалавек у першую чаргу вінаваты ў тым, што адбываецца ў ягоным жыцці, — аб тым, як перагледзела свае жыццёвыя прынцыпы, расказала яшчэ адна памілаваная — Людміла з Пружан.

Жанчына пры гэтым неахвотна тлумачыла прычыну, з якой атрымала тэрмін у калоніі. Вядома, няма чым ганарыцца. Але цвёрда запэўнівае, што раскаялася, поўнасцю асэнсавала сваю віну.

Каля дзесяці гадоў таму ў яе быў уласны вясельны салон. Потым занялася дапамогай бяздомным жывёлінам. Гэтай дзейнасцю плануе займацца і далей. Дома ж, прызнаецца, вяртання дачкі вельмі чакае 81-гадовая маці. Таму для Людмілы цяпер найлепшы падарунак — магчымасць хутчэй убачыць, абняць і супакоіць самага роднага чалавека.

Чацвёртую памілаваную Прэзідэнтам — Алу з Баранавіч — дома чакаюць трое дзяцей і ўнучак. Адсутнасць зносін з імі, як прызналася жанчына, была для яе самым цяжкім у калоніі. Асэнсаванне таго, што страціла "на волі", прыйшло вельмі хутка:

— Прыйшло поўнае ўсведамленне таго, што адбылося, калі не бачу дзяцей, не маю зносін з імі. Мяне гэта адразу як працверазіла, — паясніла Ала. — Галоўная выснова, якую зрабіла, — заўсёды важна заставацца са сваёй думкай, а не весціся на чужое. І не паддавацца эмоцыям. Спадзяюся, што ў далейшым не паўтару такіх памылак.

Жанчына была асуджаная за абразлівыя каментарыі ў адрас уладаў. Яна расказала, што, на шчасце, не стала дрэнным прыкладам для сваіх траіх дзяцей:

— Дзеці, наадварот, адгаворвалі мяне ад падобных рэчаў. Пыталіся, як магу весціся на такое ў інтэрнэце, як магу ў такое верыць? Дзяцей жа ўсё задавальняе. Вучацца ў школе, адзін — ва ўніверсітэце. Старэйшы сын ужо працуе... Шчаслівая, што хутка іх убачу, — адзначыла Ала.

Да зняволення жанчына працавала касіркай у магазіне. Цяпер марыць далей наладжваць жыццё: падымаць дзяцей, зноў пачаць працаваць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».