Гэтыя словы беларускага Прэзідэнта сталі лейтматывам перагавораў лідараў Беларусі і Расіі ў Маскве. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі шэраг тэм: рэспубліканскі рэферэндум, санкцыі краін Захаду, іх негатыўны (і не толькі) уплыў на эканомікі Беларусі і Расіі, удзел наёмнікаў у вайне на баку Украіны, яднанне краін — удзельніц АДКБ і ЕАЭС ва ўмовах знешняга ціску.
На пачатку сустрэчы Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з паспяховым правядзеннем рэферэндуму, адзначыў высокую яўку на ўчастках для галасавання і падтрымку грамадзян Беларусі. «Думаю, што гэты палітычны працэс, які вы ініцыіравалі, дыялог, які вы ведзяце з людзьмі, надзвычай важны для таго, каб сітуацыя была ўстойлівай і стабільнай. Толькі пры такой сітуацыі можна гаварыць і аб эканамічным развіцці», — перадае словы Прэзідэнта Расіі прэс-служба беларускага лідара.
Да пачатку перагавораў па месенджарах разляцелася чарговае выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра санкцыі. «Яшчэ як вытрымаем! На злосць ворагам», — сказаў кіраўнік дзяржавы перад пачаткам перагавораў, адказваючы на пытанне, ці ўдасца Расіі і Беларусі вытрымаць санкцыі.
Пасля ўжо непасрэдна на сустрэчы кіраўнік дзяржавы працягнуў свой тэзіс. «Мы з Вамі ў пастаянным кантакце знаходзімся. Як адчувалі, што часы будуць няпростыя. Але я Вам па тэлефоне неаднойчы казаў: і Расійская Федэрацыя, а мы тым больш — заўсёды пад санкцыямі. Сёння яны больш маштабныя, але мы ўжо да гэтага, прабачце мне, свінства Захаду прывыклі», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння санкцыі — гэта яшчэ і час магчымасцяў.
«Я чалавек савецкі, вы з савецкага перыяду добра ведаеце: мы заўсёды, калі былі пад санкцыямі, нармальна жылі і развіваліся. Проста ў сілу існуючай абстаноўкі (нават не з санкцыямі звязана, проста часу мала прайшло) нашы людзі захваляваліся», — акцэнтаваў Прэзідэнт.
Па яго словах, калі нашы краіны сарыентуюцца, праз паўгода — да канца года людзі забудуцца, што здарылася з пункту гледжання эканомікі. «І не трэба казаць: «перажывём — не перажывём санкцыі...». Слухайце, мы іх перажывалі колькі заўгодна. Нам трэба адбудаваць нашу эканоміку, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Абыдземся без іх. У нас усё ёсць для таго, каб нармальна жыць і працаваць».
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў расійскаму калегу: «Слухайце, вы заўсёды дапамагалі сваім саюзнікам. Казахам дапамагалі. Ды ўсім. Рынак вы некаторым адкрылі. Не буду іх называць, яны пакрыўдзяцца. Ну, дык нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЕАЭС сабрацца, згуртавацца разам. Бо ўсе казалі аб тым, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце збяромся. І, паверце, яшчэ дадаўшы гэтыя рынкі, мы праз месяц забудзем, што ў нас ёсць санкцыі. Таму АДКБ і ЕАЭС, вось я ўношу прапанову (думаю, Вы мяне падтрымаеце), — нам трэба сабрацца ў Маскве, сесці за стол перагавораў і дамовіцца: мы вам гэта прадаём, вы нам — гэта. І выбудоўваем нашу агульную эканамічную палітыку», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што праінфармуе свайго беларускага калегу аб сітуацыі на ўкраінскім напрамку, і перш за ўсё аб тым, як ідуць зараз перамовы, якія праводзяцца практычна на штодзённай аснове. «Там ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі», — сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі расказаў на сустрэчы ў Крамлі пра нападзенне на войскі Беларусі і Расіі, якое рыхтавалася яшчэ да пачатку ваенных падзей Узброенымі сіламі Украіны. «Яны пачалі. А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (4 пазіцыі, я зараз пакажу — карту прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях, — перадае словы Прэзідэнта Беларусі яго прэс-служба. — Таму не мы развязалі гэту вайну. У нас сумленне чыстае. Добра, што пачалі. Біялагічная зброя, самыя вялікія электрастанцыі атамныя...».
Прэзідэнт паведаміў, што да Чарнобыльскай станцыі беларусы амаль сілай падвялі электрычнасць, як ён і паабяцаў.
«Таму людзі паціху пачынаюць разумець, што ёсць што і за кім стаіць гэтая праўда. Не зрабілі б гэта за суткі да таго, паверце, праз некалькі дзён мы б выпілі ўсю гэтую чашу з вялізнымі стратамі. Яшчэ раз кажу: яны не толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесці ўдар. Яны выстраілі пазіцыі для нанясення па Беларусі ўдару», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Таму не трэба апраўдвацца ні перад кім. Я бачу, як нашы, вашы некаторыя паводзяць сябе: ці бачыце, не тое зрабілі. Яны б выпілі гэтую чашу больш, чым у сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі гэтыя фашысты на нас рухаліся», — сказаў беларускі Прэзідэнт.
Ён нагадаў пра замежных наёмнікаў, якія ідуць уздоўж граніцы Беларусі да Чарнобыльскай станцыі. «Тры моманты: яны хочуць перарэзаць шляхі руху расійскіх войскаў — у спіну ўдарыць, як я казаў; другое — яны хочуць ударыць па пазіцыях тых войскаў, якія ў нас засталіся з беларуска-расійскіх вучэнняў, і яны не страчваюць надзею нас уцягнуць у гэту бойню непасрэдна, каб мы агалілі заходні ўчастак», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.
«Не такія яны простыя. І што яны хочуць у Чарнобылі зрабіць, нам яшчэ давядзецца з Вамі разгадаць», — дадаў беларускі Прэзідэнт.
Пасля перагаворы лідараў яшчэ доўгі час працягнуліся за зачыненымі дзвярыма.
Фота: БелТА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.