Вы тут

Кацярына Дулава: Толькі сапраўднае мастацтва захапляе і дорыць крылы


У пачатку студзеня Вялікі тэатр Беларусі ўзначаліў новы генеральны дырэктар. Упершыню ў гісторыі тэатра ім стала жанчына — доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, член Канстытуцыйнай камісіі Кацярына Дулава.


Нацыянальны здабытак

— Кацярына Мікалаеўна, напэўна, вы ўжо выбралі пэўную стратэгію развіцця тэатра…

— Цяпер я цалкам паглыблена ў пытанні арганізацыйнай уласцівасці. Бо вельмі важна зразумець, якія механізмы здольныя прывесці да якасных змен у тэатры, высокі статут якога ні ў якім разе нельга страціць. Вялікі — гэта ж не толькі вядучы тэатр краіны, гэта нацыянальны здабытак нашай рэспублікі. Для гэтага трэба яшчэ раз уважліва паглядзець, напрыклад, на рэпертуарную палітыку тэатра. Безумоўна, новыя назвы ў афішы, новыя спектаклі — гэта прафесійны рост усяго калектыву. Але неабходна ўлічваць і наступнае пытанне: ці не зробім мы памылку ў сваіх навацыях, ці захочуць слухаць і бачыць гэтыя пастаноўкі гледачы? Вось тут правільны адказ павінен даць правільны менеджмент. Што запатрабавана сёння? Сусветны вопыт падказвае, што касавы збор шмат у чым залежыць і ад імя ў афішы — публіка ідзе на канкрэтныя сачыненні, на канкрэтнага аўтара, няхай гэта будзе балетмайстар, харэограф, рэжысёр, кампазітар, спявак ці танцоўшчык.

Адначасова Вялікі тэатр павінен стаць лабараторыяй для ўпэўненага росту моладзі побач з вопытнымі вядучымі майстрамі, якія абавязаны дапамагчы маладым — словам і справай.

Безумоўна, мы будзем працягваць развіваць міжнародную дзейнасць. Для любога творчага калектыву гастролі — вялікая адказнасць, бо гэта прэзентацыя нацыянальнай культуры. Нажаль, з-за пандэміі шматлікія нашы гастролі былі адмененыя ці перанесеныя. Але паступова мы вяртаемся да звыклага рытму тэатральнага жыцця.

Так, у лютым у Маскве прайшлі перагаворы з генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Расіі Уладзімірам Георгіевічам Урыным. Дамовіліся, што ў кастрычніку 2022 года Вялікі тэатр Беларусі прадставіць свае спектаклі ў Маскве, а ў кастрычніку 2023 года на беларускай сцэне выступіць калектыў Вялікага тэатра Расіі. У тыя ж дні прайшла сустрэча і з генеральным дырэктарам Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К. С. Станіслаўскага і В. І. Неміровіча-Данчанкі Андрэем Аляксандравічам Барысавым. У выніку была дасягнута дамоўленасць аб сумеснай пастаноўцы з Музычным тэатрам оперы М. І. Глінкі «Руслан і Людміла», а таксама аб удзеле калектыву Музычнага тэатра ў фестывалі «Балетнае лета ў Вялікім» у чэрвені 2023 года з аднаактовымі спектаклямі Акрама Хана, Шарона Эяля і іншых сучасных харэографаў. Беларускія гледачы таксама змогуць убачыць пастаноўку оперы П. І. Чайкоўскага «Яўген Анегін» рэжысёра А. Ціцеля. У сваю чаргу, расійскі бок зацікавіла прэм’ера беларускага Вялікага — опера «Самсон і Даліла» К. Сен-Санса і бліжэйшая балетная прэм’ера — класічная пастаноўка «Спячай прыгажуні» П. І. Чайкоўскага. (Прэм’ера «Спячай прыгажуні» пройдзе ў Вялікім 26 і 27 сакавіка. Гэта своеасаблівы падарунак гледачам да Дня тэатра ад нашага выдатнага балетмайстра Валянціна Елізар’ева.)

Зноў жа ў лютым мы паспяхова выступілі на сцэне Каралеўскага тэатра Маската ў Султанаце Аман — паказалі нацыянальны балет В. Кузняцова «Анастасія» ў пастаноўцы Ю. Траяна. Упершыню аркестр і артысты балета беларускага Вялікага выступалі на гэтай тэатральнай пляцоўцы, адной з самых прыгожых у свеце. Гэта несумненна дасягненне для нашага тэатра. Спадзяемся, што ў будучыні плённае міжнароднае супрацоўніцтва працягнецца. Ужо ёсць прапановы з Тайланда, мы вядзем перамовы з Каірскай операй Егіпта. Вельмі спадзяюся і на кітайскі напрамак, у гэтай краіне, дзе пабудаваны цудоўныя тэатры, ёсць вялікая цікавасць да беларускага балета і да нашай оперы.

Як бачыце, мы адкрыты да ўсіх прапаноў і будзем іх разглядаць.

Мера адказнасці

— У мінулым годзе вы сталі адной з пераможцаў конкурсу «Жанчына года — 2020», які праводзіцца па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын, у намінацыі «Паспяховы кіраўнік»…

— Так, там мне ўручылі зусім чароўную статуэтку, я яе ўжо прывезла ў тэатр, — усміхаецца Кацярына Мікалаеўна. — У музыкантаў ёсць паняцце «рэпрыза» — паўтарэнне музычнага матэрыялу, што дзіўным чынам замыкае першапачаткова выказаную думку. Я сапраўды першая жанчына — генеральны дырэктар Вялікага тэатра, але я была і першай жанчынай — рэктарам кансерваторыі, зараз — Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі. Як мне здаецца, жанчыны-кіраўнікі ў вышэйшай ступені адказныя, дакладныя, унікаюць у справу да самых дробязяў. І яшчэ ў жанчыны ёсць тая асаблівая сардэчнасць, разуменне, каб далікатна вырашыць праблему. Не секчы з пляча, а вывучыць пытанне — старанна і дасканала. Безумоўна, мяркую па сабе. Я заўсёды патрабую выключна прафесійнага падыходу да працы ад тых, хто працуе са мной. Усё становіцца на свае месцы, калі на чале кута — прафесіяналізм. Гаворка ж ідзе пра кіраўніка, які арганізоўвае працэс і кіруе ім — з дапамогай характару, адукацыі, досведу, ведаў.

Асабістая адказнасць

— Ваш працоўны дзень распісаны па хвілінах, нагрузка каласальная. Што дапамагае «трымаць спіну»?

— Сіла духу, вядома, ад бацькоў. Плюс я ўсё жыццё займаюся спортам. Гэта тэніс і бадмінтон. З дзіцячых гадоў устала на лыжы, а падчас вучобы ў кансерваторыі ўдзельнічала ў лыжных гонках. Добрая фізічная форма — не толькі звычайнае імкненне жанчыны выглядаць добра. Гэта клопат аб здароўі, мая асабістая адказнасць. Колькі адмерана гадоў жыцця, ведае толькі Гасподзь. Але за свае дзеянні чалавек адказвае сам. Я стараюся прытрымлівацца разумных рэкамендацый, якія даюцца сёння па вакцынацыі і падтрыманні здароўя ў цэлым. Шмат хаджу пешшу. Два гады практычна не карыстаюся грамадскім транспартам, нават калі мне трэба прайсці 10 км.

Яшчэ адна моцная апора ў жыцці — гэта вера. Для мяне храм — стрыжань, важны маральны стымул. Менавіта тут я знаходжу адказы на пытанні, калі трэба прымаць адказныя рашэнні.

Сакрэты выхавання

— Кацярына Мікалаеўна, Ваша сям’я — дынастыя прафесійных музыкантаў…

— Так, бацькі заўсёды былі ў цэнтры музычных падзеяў. Калі тату аднойчы нехта задаў пытанне аб выхаванні дзяцей, ён адказаў: «Спецыяльна мы нічога не робім, дзеці проста глядзяць на нас». Я ўвесь час бывала ў таты на рэпетыцыях струннага квартэта, і мне гэта было вельмі цікава. З мамай часта хадзіла ў Вялікі (яна была членам мастацкага савета тэатра), глядзела ўсе спектаклі, ведала ўсе імёны — як аўтараў спектакляў, так і выканаўцаў. Яна брала мяне з сабой на тэлебачанне, у філармонію, Саюз кампазітараў, Дом радыё — я ціхенька сядзела дзе-небудзь у кутку... Мае бацькі далі мне ўсё, што маглі. Я хадзіла ў школу пры кансерваторыі (пазней у ёй вучыліся і мае сыны), а калі прыйшоў час паступаць у ВНУ, паехала вучыцца ў Ленінград. Бязмерна ўдзячна, што бацькі мяне адпусцілі. У Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава набыла глыбокія веды і атрымала неацэнны вопыт. У час вучобы ў аспірантуры абараніла дысертацыю і вярнулася ў Мінск — выкладаць. Прыйшла на кафедру кандыдатам навук, праз 10 гадоў была доктарская дысертацыя ў дактарантуры Маскоўскай кансерваторыі... І мае сыны нарадзіліся ў сям’і музыкантаў: я музыказнавец, муж — піяніст. Мой тата быў віяланчэліст, яго эстафету падхапіў старэйшы сын Аляксандр. Дзякуючы малодшаму Аляксею ў сямейны ансамбль улілася скрыпка. Можа, камусьці здасца, што наш прыклад — гэта ідэалізацыя таго, якімі павінны быць сям’я і стаўленне да прафесіі, але я шчаслівая, што ўва мне гэты ідэалізм ёсць.

Храм архітэктуры на Траецкай

— Чаму нельга не прыйсці ў Вялікі тэатр Беларусі?

— Гэта дзіўны па сваёй прыгажосці і значнасці помнік архітэктуры, збудаваны ў сэрцы Мінска — на Траецкай гары. Тут служаць выдатныя артысты — сапраўдныя зоркі оперы і балета, людзі, без якіх культура нашай краіны на сёння проста немагчымая. Безумоўна, я кажу ў тым ліку і пра мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста СССР, праслаўленага харэографа Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева.

Пераканана, што сапраўднае мастацтва нельга не зразумець. Менавіта яно ўзвышае чалавека над штодзённасцю, толькі яно радуе і захапляе. Прыйсці ў тэатр, музей, галерэю, бібліятэку павінен кожны, каб адкрыць у сабе свае найлепшыя якасці. Мне вельмі імпануе дзяржаўная праграма далучэння моладзі да культуры «Пушкінская карта», якая рэалізуецца ў Расіі. Варта падумаць над стварэннем умоў, якія дазволілі б і нашаму падрастаючаму пакаленню актыўна павышаць свой узровень, далучаючыся да культурнай спадчыны. Мне вельмі цікавая работа з падрастаючым пакаленнем. Мы будзем паступова пашыраць колькасць праектаў выключна для дзяцей, спадзяюся, што ў тэатры з’явяцца і праграмы для самых маленькіх гледачоў.

Гавораць, тэатр пачынаецца з вешалкі. А сапраўды, у тым ліку і дробязі робяць наш паход у тэатр падзеяй. Пагадзіцеся, буфет у тэатры — зусім не апошняя справа. Як было б цудоўна, каб менавіта ў нас была самая смачная кава ў горадзе ці нейкі асаблівы шакалад…

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.