Вы тут

Таццяна Рунец: Дзяржава — гэта перш за ўсё партнёр, а не апякун


У эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту «МС» старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец расказала аб рабоце над сёлетнімі законапраектамі, сваім вопыце работы ў якасці члена Канстытуцыйнай камісіі, прафесійным выбары і шмат іншага.


Фота Сяргея Лукашова, агенцтва «Мінск-навіны».

Каштоўны вопыт

— Таццяна Аркадзьеўна, вы адзіная жанчына — старшыня профільнай камісіі ў Савеце Рэспублікі. Як вам працуецца з калегамі-мужчынамі і як спраўляецеся з задачамі на цяперашняй пасадзе?

— Вы ведаеце, маё асабістае перакананне — у сучасным свеце гендарны фактар не мае вызначальнага значэння. Ключавыя крытэрыі для кіраўніка любога ўзроўню — прафесіяналізм, кампетэнтнасць і, вядома, базавыя чалавечыя якасці. Тады ты лёгка знойдзеш агульную мову з калегамі і зможаш арганізаваць зладжаную работу ў калектыве з любой гендарнай структурай.

Дарэчы, у бягучым скліканні Савета Рэспублікі кожны чацвёрты сенатар — жанчына.

Устрымаюся ад ацэнкі сваёй работы на пасадзе старшыні Пастаяннай камісіі. Адзначу толькі, што ў Пастаяннай камісіі, якую я ўзначальваю, створана выдатная рабочая атмасфера. Нягледзячы на тое што кожны працуе ў сваім рэгіёне, прычым на адказнай пасадзе, мы збіраемся даволі часта і не толькі ў сесіённы перыяд. У 2021 годзе правялі 16 пасяджэнняў Пастаяннай камісіі, на якіх абмяркоўвалі канкрэтныя законапраекты, актуальныя пытанні эканомікі і сацыяльнай сферы, работу ў працоўных калектывах, са зваротамі грамадзян.

— Вы з'яўляліся адным з членаў Канстытуцыйнай камісіі, якая займалася распрацоўкай і разглядам прапаноў у Асноўны Закон краіны. Са 148 артыкулаў ужо прынятай Канстытуцыі якія найбольш блізкія асабіста Вам?

— У першую чаргу хачу адзначыць, што дзейнасць у Канстытуцыйнай камісіі была вельмі каштоўным вопытам для мяне і важнай вяхой у маёй кар'еры дзяржаўнага служачага. Але і, вядома, гэта вялікая адказнасць. Таму што задача перад камісіяй стаяла досыць няпростая — у сціслыя тэрміны падрыхтаваць і забяспечыць грамадскае абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Пры гэтым было поўнае разуменне, што карэкціроўка павінна быць комплекснай. Нічога нельга было ўпусціць, ніводзін запыт грамадства.

У гэтай сувязі як непасрэднаму ўдзельніку працэсу мне складана вылучыць асобныя артыкулы. Усе яны мне блізкія і маюць аднолькавую каштоўнасць.

Безумоўна, важна, што ў Канстытуцыі цяпер ёсць асобны артыкул, які прадугледжвае стварэнне на ўзроўні дзяржавы умоў для развіцця моладзі.

Асаблівае значэнне маюць новыя канстытуцыйныя палажэнні аб захаванні гістарычнай памяці і праўды. Гэтыя змены даўно наспелі. Я рада, што грамадзяне Беларусі іх падтрымалі, бо гэта нашы карані, ад якіх ні ў якім разе нельга адрывацца.

Таксама хачу адзначыць навелу з артыкула 21, якая ўсталёўвае сацыяльную адказнасць і абавязак кожнага ўносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. Бо дзяржава — гэта перш за ўсё партнёр, а не апякун!

Жывую дыскусію на камунікацыйных пляцоўках выклікаў артыкул 32 пра абавязкі бацькоў рыхтаваць дзяцей да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. Мяркую, што гэтая норма ўзмацняе адказнасць бацькоў і, магчыма, дзесьці іх дысцыплінуе.

Насуперак санкцыям

— Дзейнасць профільнай камісіі прадугледжвае ўдзел у распрацоўцы законапраектаў, якія ў наступным выносяцца на зацвярджэнне і адабрэнне абедзвюх палат парламента. Што ў плане падрыхтоўкі законапраектаў у Пастаяннай камісіі на найбліжэйшы час?

— Хачу адзначыць, што ў нас сёлета дастаткова насычаны нарматворчы парадак дня. Важна, што гэта будзе не проста кропкавая карэкціроўка дзеючых законаў, а замацаванне новых падыходаў да рэгулявання грамадскіх адносін у сферы эканомікі. Яркі прыклад — праект закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». Мэтавыя арыенціры ў дзейнасці над гэтым законапраектам: больш гібкая фінансавая дыягностыка прадпрыем-
стваў для своечасовага папярэджання іх эканамічнай неплацежаздольнасці, захаванне працоўных калектываў, узмацненне ролі мясцовых органаў улады, павышэнне кваліфікацыі антыкрызісных кіраўнікоў, разумнае стымуляванне іх актыўнасці. Пагадзіцеся, досыць шырокі набор навацый.

Абмяркоўваючы праект новай рэдакцыі закона «Аб ліцэнзаванні», мы з калегамі сышліся на думцы, што неабходна сфарміраваць збалансаваную сістэму ліцэнзавання, якая, з аднаго боку, не павінна стаць бар'ерам для развіцця дзелавой ініцыятывы, бізнесу, а з другога — эфектыўна абароніць правы спажыўцоў, не дапусціць зніжэння якасці прадукцыі, работ, паслуг — гэта значыць стане дзейсным інструментам эканамічнага рэгулявання.

Шэраг прававых навел датычыцца фінансавай сферы. Напрыклад, у праекце закона «Аб змяненні законаў па пытаннях бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці» прапануецца ўдасканаліць падыходы да складання справаздачнасці па адпаведных міжнародных стандартах, у тым ліку скараціць пералік грамадска значных арганізацый, абавязаных складаць гадавую справаздачнасць па міжнародных стандартах. Гэта дазволіць не праводзіць абавязковы аўдыт такой справаздачнасці і сэканоміць грашовыя сродкі арганізацый, накіраваць іх на абнаўленне тэхналагічнай базы.

Паколькі важным інструментам для прыцягнення інвестыцый у эканоміку з'яўляюцца каштоўныя паперы, а дадзены сегмент фінансавага рынку сёння дынамічна развіваецца, то і прававая база таксама патрабуе ўдасканалення. Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях рынку каштоўных папер» прадугледжвае такія новаўвядзенні як стварэнне інстытута кваліфікаванага інвестара, укараненне новых відаў фінансавых інструментаў (стрып-аблігацыі, дэпазітарныя аблігацыі), і ў цэлым накіраваны на далейшае развіццё фінансавага рынку Беларусі.

Вядома, традыцыйна на разглядзе ў сенатараў сёлета будзе і пакет бюджэтных законапраектаў. Гэта праекты рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на наступны год, карэкціроўка Па-
датковага кодэкса.

— Санкцыі, якія прымяняюцца ў дачыненні да нашай краіны калектыўным Захадам, сёння дэманструюць адваротны эфект: эканоміка краіны паказвае рост. Як бы вы ахарактарызавалі гэты феномен?

— За такі кароткі прамежак часу не зусім карэктна называць гэта феноменам. Тым больш, трэба разумець адрозненне паміж тэрмінамі «эканамічны рост» і «развіццё». Рост эканомікі вымяраецца канкрэтнымі статыстычнымі паказчыкамі, якія сёння сапраўды дэманструюць станоўчую дынаміку. Але такі рост часта мае кароткатэрміновы кан'юнктурны характар. Ён цыклічны.

Эканамічнае развіццё — больш складаная катэгорыя, неаддзельная ў тым ліку і ад сацыяльнай сферы, якасці жыцця насельніцтва. У гэтай сувязі, на мой погляд, уплыў заходніх санкцый на ўзровень жыцця нашых грамадзян яшчэ толькі трэба будзе ацаніць і асэнсаваць.

У цэлым, я лічу, што санкцыі — гэта заўсёды дрэнна для малой эканомікі адкрытага тыпу, да якой адносіцца і Беларусь. Абмежаванні, якія склаліся, — гэта своеасаблівы экзамен не толькі для ўсёй вертыкалі ўлады, але і для суб'ектаў гаспадарання, малога і сярэдняга бізнесу, спажывецкага рынку.

Важна ўлічваць, што апошнія два гады эканамічная сістэма Беларусі і так адчувала ціск у сувязі з каранавірусам. Таму сітуацыя вельмі няпростая, з такімі выклікамі мы сапраўды яшчэ не сутыкаліся. Але калі захаваем дынаміку росту беларускай эканомікі, павысім яе ўстойлівасць да знешніх шокаў за кошт эфектыўных контрсанкцыйных мер, стымулявання рацыянальнага імпартазамяшчэння, падтрымкі занятасці, дзелавой ініцыятывы, то мы пяройдзем да прынцыпова новага этапу развіцця.

— Немагчыма жыць адной толькі працай. Якія захапленні і спосабы падтрымання сябе ў тонусе практыкуеце?

— На жаль, вольнага часу не так шмат. Я стараюся праводзіць яго з сям'ёй. Асабліва эфектыўная «перазагрузка» атрымліваецца пры зносінах з унукамі, ад якіх я атрымліваю магутную дозу пазітыву. Яны як праменьчыкі святла, невычэрпны зарад бадзёрасці. У такія хвіліны я асабліва востра адчуваю патрэбу ў міры, народным адзінстве. Мне хочацца, каб нашы дзеці і ўнукі жылі ў квітнеючай краіне, прыгожай і ўтульнай Беларусі. Таму па абавязку службы стараюся прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць і прымножыць дасягненні ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

Сакрэт прыгажосці

— У кожнай прыгожай жанчыны павінен быць свой сакрэт. Падзеліцеся?

— Дзякую за камплімент. Не ўпэўненая, што ў мяне ёсць нейкі сакрэт або ўнікальная формула прыгажосці. Наогул лічу, што сучасныя крытэрыі жаночай прыгажосці часцяком навязаныя заходняй бьюці-індустрыяй. Шчыра кажучы, я не заўсёды разумею і прымаю гэтыя крытэрыі. Таму для беларускіх жанчын абмяжуюся традыцыйным наборам фактараў, якія дазваляюць асабіста мне быць у тонусе або, як кажа моладзь, у рэсурсе: высыпацца, весці здаровы спосаб жыцця, збалансавана харчавацца, не аддавацца нудоце і дрэнным думкам. А яшчэ, вельмі мудрыя словы: прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць. Калі побач ёсць мужчына, які шануе і кахае вас, ніякія сакрэты і пластычныя аперацыі не патрэбныя.

— Давайце ўспомнім сябе зусім юнай: работа ў сферы фінансаў вас вабіла заўсёды, ці ж былі зусім іншыя мары?

— Мне заўсёды падабаліся дакладныя навукі. А пагадзіцеся, што фінансы — гэта ўсё ж такі сімбіёз эканомікі і матэматыкі. Таму свой выбар я зрабіла лёгка і, як паказаў час, ні разу не расчаравалася ў ім.

Тым больш што свет вельмі хутка мяняецца. Сферу матэрыяльнай вытворчасці або паслуг немагчыма ўявіць без фінансавай сферы. Ад дакладнага планавання і эфектыўнага карыстання фінансавымі рэсурсамі залежыць устойлівае развіццё эканомікі прадпрыемства, рэгіёна і краіны ў цэлым.

— Ну і ў завяршэнне пагаворым аб сям'і. Вашы блізкія — хто яны?

— Я з тых людзей, якія аддаюць перавагу не казаць публічна аб сваёй сям'і, аб сваіх блізкіх. Адзначу толькі, што яны заўсёды побач і падтрымліваюць мяне, дзеляцца сваёй станоўчай энергіяй. Мая сям'я, мой дом — гэта маё месца сілы, куды я з радасцю вяртаюся кожны вечар.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.