Вы тут

Абноўлены кабінет камп'ютарнай тамаграфіі адкрылі ў Лунінцы


У Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы пачаў працаваць новы суперсучасны камп'ютарны тамограф. Раней тут быў тамограф 2004 года выпуску, які ў свой час перадалі райбальніцы з адной сталічнай медустановы ў 2010 годзе. З апаратам абыходзіліся надзвычай беражліва, і ён адпрацаваў даволі доўга, але рэсурс свой вычарпаў цалкам, і летась яго спісалі.


Фота з сайта газеты «Зара».

Гэты час, пакуль КТ у Лунінцы не было, пацыенты вымушаныя былі ездзіць на абследаванне ў Пінск альбо Столін. Тым часам вялася мадэрнізацыя памяшкання, рыхтаваўся кабінет, і ў пачатку года доўгачаканае абсталяванне паступіла ў раён.

Паводле слоў галоўнага ўрача Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы Святланы ХЛЕБУС, ранейшы тамограф быў аднаспіральны, і на ім медыкі ўмудраліся спраўляцца з цэлым шэрагам неабходных даследаванняў:

— А новы апарат «Адані», 128-спіральны, для нас — ледзь не на ўзроўні космасу. Перавагі яго відавочныя, не толькі скарачаецца час даследавання, на 70 % памяншаецца прамянёвая нагрузка на арганізм пацыента. Апарат забяспечвае дакладную дыягностыку. Выяўляць захворванні розных органаў і сістэм цяпер можна на самых ранніх стадыях.

Як сказаў загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі ЦРБ Віктар Немец, апарат з часам можна аснашчаць яшчэ большай колькасцю абсталявання для павелічэння спектра даследаванняў. Перавагай доктар назваў якасць адлюстравання, якая мадэлюецца камп'ютарнай праграмай і дае дакладную выяву органа ці сістэмы пры анкалогіі, захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані і, вядома, паталогіі лёгкіх пры каранавіруснай інфекцыі.

На новы апарат для Лунінца з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана больш за 1,2 мільёна рублёў, яшчэ 200 тысяч рублёў з раённага бюджэту пайшло на мадэрнізацыю кабінета КТ.

Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, новы камп'ютарны тамограф разлічаны на абслугоўванне не толькі жыхароў Лунінеччыны, але і суседніх раёнаў. Найноўшае абсталяванне такім чынам устанаўліваецца па ўсёй краіне, каб зрабіць яго максімальна даступным нават для жыхароў самых аддаленых населеных пунктаў. Цяпер закупка дарагога медыцынскага абсталявання праводзіцца цэнтралізавана і на парытэтных умовах з рэгіёнамі. Дзякуючы аб'ёмам гэта дазваляе паменшыць кошт тэхнікі, а дзякуючы зацікаўленасці мясцовых органаў улады аператыўна праводзяцца ўсе падрыхтоўчыя работы. Лунінец у гэтым сэнсе можна назваць прыкладам. Напрыклад, новае інфекцыйнае аддзяленне летась было ўведзена ў эксплуатацыю ў рэкордна кароткі тэрмін.

Старшыня аблсавета дэпутатаў, сенатар Юрый Наркевіч падкрэсліў, што ў вобласці аддаецца шмат увагі развіццю аховы здароўя:

— У нас будуюцца і адкрываюцца новыя бальніцы і паліклінікі, купляем новае абсталяванне і аўтамабілі хуткай дапамогі, у вобласці выбудавана дакладная сістэма развіцця і падтрымкі галіны.

Сёлета плануецца замена камп'ютарнага тамографа ў Драгічыне, у хуткім часе вобласць атрымае сем рэанімабіляў, адзін з якіх накіруецца ў Лунінецкую ЦРБ. Атрымае бальніца і новыя апараты ШВЛ. А яшчэ ў Лунінцы неўзабаве паявіцца свая кіслародная станцыя. Цяпер вядуцца праектныя работы, якія намечана завяршыць у другой палове года і пачаць рэканструкцыю аб'екта. Налета станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю, такім чынам раённая медыцына перастане залежаць ад пастаўшчыкоў медыцынскага кіслароду. Працягнуцца рамонт і рэканструкцыя аб'ектаў аховы здароўя ў іншых раёнах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».