Вы тут

Луцкі: Важна супрацьстаяць фэйкаваму бруду, які льецца на Беларусь звонку


На нарадзе ў адміністрацыі Савецкага раёна горада Гомеля і сустрэчы з педагагічным калектывам ў абласным інстытуце развіцця адукацыі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі адзначыў, што зараз трэба адбіваць агрэсіўныя нападкі ў інфармацыйнай вайне.


Фота: БелТА

Важныя непасрэдныя зносіны з людзьмі, падчас якіх неабходна выразна даносіць дзяржаўную пазіцыю.

— Цяпер трэба супрацьстаяць фэйкаваму бруду, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, — які льецца на Беларусь звонку. У адказ на фэйкі з украінскага боку, розныя небыліцы, што запоўнілі інтэрнэт, у тым ліку і пра тое, што нашы дзеці будуць браць удзел у расійскай ваеннай аперацыі, я б хацеў сказаць, што гэта абсалютна не так. Важна даваць адэкватныя адказы на гэтыя выпады адразу тут і цяпер. Бо наша заўтра залежыць толькі ад кожнага з нас.

Ігар Луцкі акцэнтаваў, што зараз становішча вакол Беларусі патрабуе асаблівай увагі да паўднёвых рэгіёнаў.

У сустрэчы ўзяў удзел старшыня праўлення беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. Ён адзначыў, што сустрэчы з людзьмі ў калектывах — гэта патрэба саміх людзей:

— Сёння мы бачым вялікую колькасць фэйкаў у інтэрнэце. Людзям цяжка разабрацца, дзе праўда, дзе хлусня. Жывыя чалавечыя стасункі дазваляюць настроіць унутраны камертон, які дае чалавеку магчымасць арыентавацца ў складанай, вельмі супярэчлівай інфармацыйнай прасторы.

Фота аўтара.

Вадзім Гігін падкрэсліў, што падчас сустрэч людзі выказваюць трывогу, занепакоенасць, якая справакавана ў тым ліку непраўдзівай інфармацыяй пра спецыяльную ваенную аперацыю ва Украіне.

— Людзей хвалюе, што насамрэч адбываецца ў суседняй краіне, як будзе развівацца сітуацыя. Мяне радуе, што ў нас сфарміравалася здаровае грамадства. Ёсць заклапочанасць, ёсць хваляванне, але ж гэта ёсць па ўсім свеце. Мы, беларусы, навучыліся разбірацца, не паддавацца на правакацыі. Людзі ўжо бачаць, калі ідзе лжывая інфармацыя. Усё робіцца дзеля таго, каб уцягнуць Беларусь у супрацьстаянне, каб узарваць сітуацыю знутры, ускладніць пазіцыю нашага саюзніка Расійскай Федэрацыі. Але нашы людзі на гэта не ідуць, і я перакананы, што мы захаваем мір і стабільнасць у нашай краіне.

Вадзім Гігін падзяліўся рэцэптам інфармацыйнай гігіены. Ён параіў займацца сваімі любімымі паўсядзённымі справамі і прытрымлівацца рэжыму інфармацыйнай цішыні, а таксама абавязкова пераправяраць любую інфармацыю з некалькіх крыніц.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?