Вы тут

Як людзі вяртаюцца да звычайнага жыцця пасля цяжкага лячэння


З кіраўніком мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» (служба рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі захворваннямі) я пазнаёмілася падчас дыскусіі пра псіхічнае здароўе. І толькі потым зусім выпадкова даведалася, што Павел Лотвін сам мае дыягназ — біпалярнае афектыўнае расстройства (далей — БАР). Былы настаўнік гісторыі пасля таго, як прайшоў лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы, звярнуўся па дапамогу ў клубны дом. І знайшоў тут сабе сяброў, працу і сэнс жыцця.


Павел Лотвін марыць, каб як мага радзей людзі з дыягназамі вярталіся ў псіхіятрычную клініку. І каб клубныя дамы з'явіліся і ў іншых беларускіх гарадах, бо там таксама хварэюць людзі (зараз, акрамя Мінска, службы рэабілітацыі ёсць у Брэсце і Лідзе).

«Мяне выратаваў званок старасты»

Павел родам з горада Іўе Гродзенскай вобласці. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ і пераехаў жыць у сталіцу. На пятым курсе ў яго здарылася дэпрэсія, якая перарасла ў спробу самагубства.

— Аднойчы прачнуўся з думкай, што я няўдачнік, нічога не дабіўся ў жыцці. Хоць для гэтага не было ніякіх перадумоў. Тым не менш думкі былі вельмі навязлівыя. Я не мог прымусіць сябе ўстаць з ложка. У грудзях адчуваў цяжар, як быццам штосьці на мяне ціснула, нават дыхаць было цяжка. Падумаў: калі я ляжу і пакутую, напэўна, не варта і жыць. Мяне выратаваў званок старасты. Яна спытала, чаму я не на занятках. Я сказаў, што больш ніколі туды не прыйду. Мы з ёй паразмаўлялі, і мне стала крыху лягчэй.

Павел разумеў, што з ім адбываецца штосьці не тое. Але ўсе — бацькі, знаёмыя — казалі: супакойся, гэта проста пяты курс, дзяржэкзамены, стрэс. Больш гуляй на свежым паветры, адпачні. Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст паехаў працаваць па размеркаванні ў вясковую школу настаўнікам гісторыі.

— Я мучыўся больш як год, цягнуў да апошняга, бо баяўся сам сабе прызнацца, што ў такім маладым узросце стаў псіхам. Толькі калі ў мяне зніклі эмоцыі, апетыт і смак ежы — яна была як крэйда — я прыйшоў да псіхіятра і сказаў: дапамажыце. Доктар, пажылая жанчына, паглядзела на мяне і адразу сказала: у вас наймацнейшая дэпрэсія, патрэбна тэрміновая шпіталізацыя. У выніку я праляжаў у медустанове ў Навінках месяц. Мне трапіліся добрыя ўрачы, якія падабралі ўдалую дазіроўку, хоць пры маім дыягназе гэта няпроста (БАР характарызуецца моцнымі перападамі настрою). Калі я выйшаў з бальніцы, мне стала лягчэй.

Са школы Паўлу давялося звольніцца, бо працаваць з дзецьмі яму ўжо было нельга. Ад таблетак, якія прапісалі, з'явіліся пабочныя эфекты: хлопец стаў набіраць вагу, адчуваў павышаную санлівасць. Таму ў нейкі момант перастаў іх прымаць: падумаў, што ўжо вылечыўся і ўсё будзе нармальна.

— Першы час я быў на пазітыве, спаў па 3-4 гадзіны і не адчуваў ніякай стомы. У выніку гэта ўсё перарасло ў сур'ёзныя маніі. У той час я жыў у Мінску, здымаў кватэру каля чыжоўскага заапарка. Я з дзяцінства цікавіўся жывёламі, зоаабаронай, глядзеў дакументальныя фільмы на гэтую тэматыку. Неяк схадзіў у заапарк і ўбачыў льва у клетцы. Было спякотна, жывёла цяжка дыхала. І мне чамусьці падалося, што я павінен яе выпусціць. Быў перакананы, што так будзе справядліва... Пазней захацелася з некім падзяліцца сваёй ідэяй. Пазваніў знаёмай і сказаў, што іду — а было ўжо тры гадзіны ночы — ратаваць льва. Яна мяне забрала на таксі літаральна каля ўвахода ў заапарк... Праз нейкі час даведаўся, што адмянілі візы ў Кітай. Яшчэ з гістфака я захапляўся гісторыяй гэтай краіны і вырашыў, што мне трэба абавязкова туды паехаць. Заказаў па інтэрнэце білет, узяў пару соцень долараў сваіх зберажэнняў і ў чым быў адправіўся ў аэрапорт. Мне здавалася, што менавіта ў Кітаі я знайду сэнс жыцця. На шчасце, за некалькі гадзін да вылету пазваніла цёця і нешта спытала. Я адмахнуўся, маўляў, «не ведаю, я наогул у Кітай лячу». Яна тут жа прыехала і забрала мяне. Толькі тады я зразумеў, што гэта не жартачкі, захворванне сур'ёзнае і трэба лячыцца. Я зноў пайшоў да псіхатэрапеўта і стаў рэгулярна прымаць прапісаныя таблеткі. У выніку сёмы год знаходжуся ў рэмісіі, сімптомы хваробы ў мяне не праяўляюцца. Сёння магу дакладна сказаць, што псіхічны дыягназ — гэта не прысуд, таму ні ў якім разе не варта апускаць рукі. Калі назіраць за сваім станам і працаваць над сабой, можна выйсці ў рэмісію і жыць нармальна. У прыватнасці, я адмовіўся ад кафеіну, ад позніх пасядзелак, пачаў выконваць рэжым дня.

Праўда, ні сябры, ні нават сваякі хлопца зусім не разумелі.

— Тата казаў: «Напэўна, ты нешта сабе прыдумваеш». Гэта вельмі цяжка, калі ты застаешся сам-насам з такой праблемай. Няма з кім паразмаўляць, падзяліцца. Таму я пачаў шукаць людзей з такімі праблемамі. У Расіі ёсць асацыяцыя «Біпалярнікі», заснаваная самімі пацыентамі. Я падумаў: чаму б у Мінску не арганізаваць падобную групу падтрымкі? Стварыў суполку «УКантакце», назваў яе «БАРсікі з Беларусі». Мне сталі пісаць людзі з розных гарадоў. Мы спачатку кантактавалі анлайн, а потым вырашылі сустрэцца ўжывую. Першая сустрэча адбылася ў парку Чалюскінцаў. Потым прыйшла зіма, стала холадна, і мы пачалі шукаць нейкае памяшканне. Так я даведаўся пра клубны дом. Спытаў, ці можам мы тут збірацца. Мне пайшлі насустрач. З таго часу гэтае месца стала маім другім домам, сапраўднай аддушынай.

Павел быў спачатку сябрам клубнага дома, потым валанцёрам. Два гады таму былая кіраўніца службы рэабілітацыі Вольга Рыбчынская сышла, і хлопцу прапанавалі паспрабаваць свае сілы на яе месцы.

«З першай жа зарплаты запрасіў маму ў тэатр»

Пасля выхаду з медустановы чалавек, як правіла, сутыкаецца з новай рэальнасцю. Вельмі часта ад яго адварочваюцца сябры, знаёмыя. Чужыя людзі абыходзяць бокам, а родныя не ведаюць, чым дапамагчы. У выніку чалавек замыкаецца ў сабе. Многія па 3-4 месяцы проста сядзяць у чатырох сценах, нават на вуліцу не выходзяць. Нядзіўна, што пасля такой самаізаляцыі кантактаваць з людзьмі становіцца вельмі цяжка.

— Некаторыя прыходзяць і проста першы час сядзяць моўчкі, — кажа Павел Лотвін. — Клубны дом — сапраўднае выратаванне для такіх людзей. Бо сацыяльная ізаляцыя ўзмацняе трывожныя і дэпрэсіўныя думкі, і чалавек часцей за ўсё зноў трапляе ў бальніцу. Мы ж дапамагаем вярнуцца да паўнавартаснага жыцця, аднавіць як камунікатыўныя, так сацыяльна-бытавыя навыкі.

У клубным доме ёсць духоўка, мультыварка і мікрахвалеўка. Падапечныя збіраюцца і разам вырашаюць, што будуць гатаваць. Прычым кожны павінен здаць па рублі на прадукты. Гэта вельмі важны момант рэабілітацыі: людзі павінны адчуваць адказнасць. Потым размяркоўваюць ролі: хтосьці ідзе ў краму па неабходныя інгрэдыенты, нехта наразае гародніну, абірае бульбу.

Андрэй Качаноўскі знайшоў у клубным доме справу па душы.

Вялікай праблемай, паводле слоў Паўла, з'яўляецца празмерная апека з боку бацькоў. Даходзіць да таго, што некаторыя маладыя людзі, якія ўпершыню прыходзяць у клубны дом, нават не ў стане памыць за сабой кубак, не кажучы ўжо пра падлогу. Калі просіш іх аб гэтым, чуеш у адказ: «А я не ўмею. За мяне мама мые».

— Не варта апякаць чалавека з дыягназам, як дзіця. Ён фізічна здаровы, у яго ёсць рукі, ногі, ён у стане сам сябе абслугоўваць. Гэта вельмі важна. Таму актыўна запрашаем на сустрэчы, якія праводзяць псіхолагі, бацькоў сваіх падапечных. Не так даўно да нас звярнулася жанчына. Яе сын сем разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. У выніку жыццё маці ператварылася ў суцэльны кантроль. Яна прыходзіла на працу і не магла дачакацца моманту, каб выйсці і патэлефанаваць, спытаць, як ён там. З-за гэтай гіперапекі ў іх часта былі канфлікты. Нашы спецыялісты параілі жанчыне адпусціць сітуацыю, даць сыну больш свабоды. Малады чалавек прайшоў лячэнне, і тое, што ён ляжыць дома і не хоча нічым займацца, — гэта пабочны эфект, трэба проста даць час, каб ён аднавіўся. Хоць не адразу, але яна пагадзілася. У выніку праз паўтара месяца хлопец уладкаваўся на працу мыйшчыкам машын. І з першай жа зарплаты запрасіў маму ў тэатр. Жанчына прыйшла ў клубны дом шчаслівая. Дзякавала, што дапамаглі наладзіць кантакт з сынам. Мне гэты выпадак запаў у душу. Вельмі часта сваякі не разумеюць сітуацыі: маўляў, раз цябе выпісалі з бальніцы — значыць, вылечылі, ідзі працуй. З-за гэтага ўзнікаюць канфлікты. У выніку прайграюць усе: бацькі эмацыянальна выгараюць, а стрэс, у якім жыве чалавек з дыягназам, прыводзіць да абвастрэнняў і чарговых шпіталізацый.

«Хачу зарабляць грошы сваёй творчасцю»

Сёння ў Мінскім клубным доме 186 падапечных. Адзін з самых актыўных — Андрэй Качаноўскі. Мужчыну 44 гады, наведвае службу рэабілітацыі ўжо 10 гадоў, трапіў сюды, як і большасць падапечных, па парадзе свайго доктара.

Дзяцінства Андрэя прайшло ў пасёлку Навінкі, побач з вядомым Цэнтрам псіхічнага здароўя. Калі ён вырас, лёс сыграў з ім злы жарт — мужчына трапіў туды з дыягназам шызафрэнія.

— Моцна напужаў усіх. Паводзіў сябе не вельмі добра, — пра гэтыя няпростыя часы Андрэй не любіць згадваць. — Калі ісці па жыцці без веры ў душы, то вельмі лёгка аступіцца, трапіць у яму. Зараз я не блукаю, чытаю Біблію, малюся раніцай і ўвечары, п'ю таблеткі. Апошні раз быў у бальніцы ў 2011 годзе. Пасля таго, як выпісаўся, большасць сяброў ад мяне адвярнулася. Мама памерла яшчэ ў 2005 годзе, яна адна мяне гадавала. Зараз жыву з бабуляй, ёй 93 гады. Па чарзе са сваякамі даглядаем яе.

Па прафесіі Андрэй — плітачнік. Пасля хваробы шлях на будоўлю для яго закрыты. Але мужчына з пазітывам глядзіць у будучыню. У клубным доме ён знайшоў справу па душы — захапіўся фатаграфіяй. Адкладваў са сваёй пенсіі грошы і купіў прафесійны фотаапарат. Цяпер практычна не расстаецца з ім, фатаграфуе людзей і прыроду. Стараецца рабіць у дзень як мінімум 20 кадраў, каб набіць руку, як ён кажа.

— Гэта, відаць, у мяне ад мамы. Колькі яе памятаю, фатаграфавала ўсіх у пасёлку, а потым праяўляла чорна-белую плёнку ў ваннай, — распавядае Андрэй і паказвае свае фотаздымкі, якімі завешаны сцены клубнага дома. — Спачатку ў клубны дом прыходзіла валанцёр і вучыла нас фатаграфаваць. Потым я наведваў платныя курсы па фатаграфіі пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Цяпер вось мне падказалі арганізацыю, якая бясплатна вучыць працаваць з праграмай Photoshop. Хаджу туды па аўторках і пятніцах. Хачу падвучыцца і прадаваць свае фотаздымкі. Няхай будуць і невялікія грошы, але была б клубнаму дому падтрымка хоць нейкая.
Я дапамагаў бы.

Пакуль жа Андрэй жыве на сваю пенсію па інваліднасці. І актыўна фатаграфуе на ўсіх імпрэзах клубнага дома.

— Андрэй — наш пазаштатны фатограф, — кажа Павел Лотвін. — Ён, як і большасць людзей з псіхічнымі захворваннямі, сутыкнуўся з праблемай працаўладкавання. Работадаўцы, даведаўшыся пра дыягназ, прымаць не хочуць. Тым не менш мы стараемся дапамагаць людзям пасля псіхіятрычных медустаноў знайсці не толькі захапленне, а па магчымасці і працу. Цесна супрацоўнічаем са Свята-Елісавецінскім манастыром, там ахвотна бяруць нашых падапечных у творчыя майстэрні. Да пандэміі некалькі чалавек працавала ў інклюзіўнай пякарні «Добрае печыва», у друкарні — грузчыкамі, на аўтазапраўцы — прыбіральшчыкамі памяшканняў. На жаль, пакуль гэта ў асноўным нізкакваліфікаваная праца.

— Наведванне клубнага дома для людзей з дыягназам і іх сваякоў бясплатнае. Ведаю, што служба рэабілітацыі існуе сёння толькі дзякуючы дабрачынным ахвяраванням. Сярод беларусаў шмат неабыякавых людзей. Раскажыце, як можна вам дапамагчы?

— Ёсць дабрачынныя кнопкі для абанентаў А1 і МТС. Пры іх дапамозе вельмі проста ахвяраваць ад 2 да 10 рублёў на карысць стваральніка клубнага дома — ГА «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў». Акрамя таго, можна перавесці любую суму праз сістэму «Разлік» (АРІП). Падрабязная інфармацыя ёсць на сайце і ў сацсетках клубнага дома. Мы будзем рады не толькі фінансавай дапамозе, але і кожнаму валанцёру, які можа правесці майстар-клас для нашых падапечных, нечаму навучыць. У сезон добрыя людзі прыносяць лішкі гародніны са сваіх лецішчаў. Большасць падапечных жыве на сваю пенсію па інваліднасці, таму часта не могуць сабе дазволіць купіць абутак, куртку. Калі ў кагосьці ёсць рэчы, якія пыляцца ў шафе, іх таксама можна прынесці да нас, на Кнорына, 3.


Дарэчы

Да 4 красавіка ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3), праходзіць незвычайная фотавыстава «З цемры». Тут можна ўбачыць 18 партрэтных здымкаў людзей з дыягназам шызафрэнія, БАР, дэпрэсія, трывожнае расстройства і іншыя. Сярод іх і партрэт кіраўніка Мінскага клубнага дома Паўла Лотвіна. Фотапраект створаны, каб дапамагчы пераадолець негатыўнае стаўленне да людзей з псіхічнымі расстройствамі. Паказаць, што, нягледзячы на захворванне, кожны з іх застаецца асобай, кожны прыгожы і каштоўны.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Таццяны БАЛЕНДЫ і аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.