Вы тут

«Сігнал» ― Забытае апавяданне Усевалада Гаршына ў перакладзе Ядвігіна Ш.


У гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя выдадзеных кніг — на пальцах пералічыць. Але нават у гэтай сітуацыі, калі раскашаваць не прыходзіцца, адна з іх незаслужана абдзелена ўвагай. Між тым за някідкім па сваёй фактуры перакладным выданнем 1891 года адкрываецца вялікая панарама імён, падзей, творчых кантактаў і супрацоўніцтва. Наша гаворка пра апавяданне Усевалада Гаршына «Сігнал» у перакладзе Ядвігіна Ш.


Усевалад Гаршын. Апавяданне «Сігнал», пераклад Ядвігіна Ш. Масква, 1891 г.

У сілавым полі творцы

Усевалад Гаршын (1855–1888) — адметная постаць у рускай літаратуры і культуры апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя. Улюбёнец творчай эліты. Ілья Рэпін не толькі напісаў партрэт пісьменніка, але і выкарыстаў яго каларытную знешнасць пры стварэнні герояў шэрагу карцін: «Іван Грозны забівае свайго сына», «Не чакалі» і інш. У гонар Гаршына змяніў сваё імя Карл Меергольд, будучы тэатральны рэжысёр Усевалад Меерхольд.

Вядомасці і ўсеагульнай увазе спрыялі і міфалагізаваная аўра творчасці (пры жыцці выдаў толькі дзве кнігі прозы), і біяграфія. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў пакутаваў ад псіхічнага захворвання, скончыў жыццё самагубствам. Пісьменнік прадаўжаў развіваць тэму «маленькага чалавека», а таксама ўзаконіў новы для рускай літаратуры жанр — навелу. Паслядоўна выступаў супраць вайны як велізарнага злачынства, адстойваў права чалавечай годнасці.

У развагах над вытокамі творчасці свайго сучасніка Глеб Успенскі пісаў: «Цяпер мы спытаем: якія ж менавіта і якога кшталту ўражанні давала жыццё розуму і сумленню У.<севалада> М.<іхайлавіча>? У чым заключаецца сутнасць гэтых уражанняў і іх якасць?

Усевалад Гаршын. Апавяданне «Сігнал», пераклад Ядвігіна Ш. Вільня, 1914 г.

Два маленькія томікі апавяданняў Гаршына вельмі дакладна адкажуць нам на гэтыя пытанні, бо ў яго маленькіх апавяданнях і казках, часам у некалькі старонак, дарэшты адлюстраваны ўвесь змест нашага жыцця, ва ўмовах якога давялося жыць і Гаршыну, і ўсім яго чытачам. Кажучы „ўвесь змест нашага жыцця“, я не ўжываю тут якойсьці пышнай і неабдуманай фразы — не, менавіта ўсё, што давала з найбольш важнага яго розуму і сэрцу наша жыццё (наша — не значыць толькі рускае, а жыццё людзей нашага часу наогул), усё да апошняй рысы перажыта, адчута ім самым пякучым пачуццём і менавіта таму і магло быць выказана толькі ў двух, ды яшчэ такіх маленькіх, кніжках».

Ab initio

Апавяданнем Усевалада Гаршына «Сігнал» пачынаўся першы нумар пецярбургскага часопіса «Северный вестник» за 1887 год. У гэтым жа выпуску быў змешчаны тэкст І. Івановіча «Змагары і пакутнікі за свабоду Балгарыі (Нарысы з гісторыі балгарскіх паўстанняў)», які тэматычна пераклікаецца з названым творам і біяграфіяй пісьменніка.

У сціслым пераказе апавяданне выглядае наступным чынам.

Сямён Іваноў вярнуўся з вайны, дзе служыў дзеншчыком, карыстаўся павагай, але доўга не мог знайсці работы. Памёр яго бацька, чатырохгадовы сын; з жонкай Арынай яны перабіраліся з горада ў горад. Аднойчы Сямён сустрэў былога афіцэра, цяпер начальніка чыгуначнай станцыі, з якім разам праходзіў службу. Той дапамог уладкавацца вартаўніком.

Сям’і выдзелілі асобны вагончык. Пасадзілі невялікі агарод, пачалі абжывацца, знаёміцца з суседзямі. Сямён сышоўся з Васілём, супрацьлеглым яму па характары, які пастаянна вінаваціў ва ўсіх злыбедах несправядлівае начальства, быў перапоўнены пачуццём нянавісці да ўсіх людзей. Падчас чарговай праверкі на станцыі здарыўся канфлікт: пабіты Васіль пайшоў безвынікова шукаць праўды ў Маскву, яго цярпенне скончылася.

Аднойчы Сямён праходзіў міма станцыі і ўбачыў, як Васіль зрушыў ломам рэйку і ўцёк у лес. Кінуўся выпраўляць сітуацыю, але не хапала часу — набліжаўся пасажырскі цягнік. Падаць сігнал машыністу не было чым. Сямён дастаў белую хусціну, змачыў яе ў сваёй крыві з парэзанай рукі і пачаў махаць насустрач цягніку. Саслабелы і знепрытомлены, ён адчуў, як чыясьці рука падхапіла хусціну. Гэта быў Васіль. Састаў своечасова спыніўся.

Даследчыцкі патэнцыял

Пераклад на беларускую мову, зроблены Ядвігіным Ш. (Антонам Лявіцкім), выйшаў асобным выданнем у 1891 годзе. Афіцыйная пазнака на кнізе — «Дозволено цензурою. Москва, 19 декабря 1890 г.» — дапамагае канкрэтызаваць дату перастварэння.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца экзэмпляр гэтага рарытэтнага выдання з дарчым надпісам: «Многоуважаемому Николаю Андреевичу Янчуку от переводчика. 21 марта 91 г.». На тытульнай старонцы стаіць пячатка ўладальніка кнігі: «Николай Андреевич Янчук». І гэта не адзіная падказка для розных алгарытмаў даследавання. У дадзеным выпадку — бібліяграфічнага, культуралагічнага характару. Асобны напрамак вызначаецца, калі адштурхоўвацца ад выдавецкіх звестак: «Москва. Типография А. Гатцука, Никитский бульв., собств. д.».

Усевалад Гаршын. Апавяданне «Сігнал», рэдактар перакладу — М. Дашкевіч. Мінск, 1938 г.

Пісьменнік, выдавец, археолаг Аляксей Гатцук (1832 — 1891) паходзіў з дваран Чарнігаўскай губерні. Пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта (1857) некаторы час працаваў на кафедры рускай славеснасці ў Рышыльеўскім ліцэі (Адэса). Пачатак выкладчыцкай дзейнасці супаў з дэбютам у публіцыстычнай: у выданнях «Московские ведомости», «Сион» перыядычна з’яўляліся яго артыкулы на тэмы навінак украінскай літаратуры, яўрэйскіх матываў у рускай паэзіі.

Найбольш вядомым выдавецкім праектам перыяду жыцця і творчай дзейнасці ў белакаменнай быў штотыднёвік «Газета А. Гатцука» (Масква, 1875–1890), ілюстраванае палітыка-літаратурнае і мастацкае выданне, у якім публікаваліся самыя вядомыя рускія і замежныя пісьменнікі, навукоўцы таго часу. Газета мела бясплатныя дадаткі, стымулявала падпісчыкаў рознымі прэміямі.

Чытанне з алоўкам

Поўная назва кнігі — «Сігнал, альбо Расказ аб том, як дабро перамагло зло ў чалавека. Пераложана з малымі пераменамі з расказа Усевалада Гаршына». Адразу запачаткоўваюцца розныя падыходы да аналізу: з пункту гледжання гісторыі літаратурнай мовы, графічнай сістэмы, а таксама спецыфікі аўтарскай і нацыянальнай перакладчыцкай практыкі.

Пра «малыя перамены» можна разважаць пасля блізкага знаёмства з тэкстам. Па-першае, перакладчыкам прапанавана разбіўка на чатыры раздзелы, пазначаныя рымскімі лічбамі, адсутная ў арыгінале. Па-другое, зменены імёны і прозвішчы герояў: Семен Иванович Иванов — Сёмка (Сымон); Арина — Тацяна; Василий Степанович Спиридов — Васіль Гушча.

На больш дэталёвыя развагі наводзіць параўнанне асобных фрагментаў тэксту. Мы выбралі ўрывак, удзячны для беларускага літаратурнага кантэксту канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, з яго культываваннем фальклорных традыцый: 

«Научился Семен когда-то, еще мальчишкой, из тальника дудки делать. Выжжет таловой палке сердце, дырки, где надо, высверлит, на конце пищик сделает и так славно наладит, что хоть что угодно играй. Делывал он в досужее время дудок много и с знакомым товарным кондуктором в город на базар отправлял; давали ему там за штуку по две копейки».

Ілюстрацыя да апавядання «Сігнал». Мінск, 1938 г.

Пераклад Ядвігіна Ш.: 

«Навучыўся Сёмка некалі сам яшчэ хлопцам з каліны дудкі рабіць. Выпаліць дротам у палачцы сярэдзіну, дзіркі дзе трэба прарэжа, на канцы пішчык зробіць, і так важна наладзіць, што хоць што хочаш грай. Рабіў ён, як меў час, дудак многа і цераз знаёмага кандуктара ў месца на рынак пасылаў. Давалі яму там за штуку па чатыры грошы».

Гэтым разам спынім увагу толькі на некалькіх момантах, датычных факталагічнай эквівалентнасці, а не вобразнавыяўленчых сродкаў. Тальнік (у перакладзе — каліна) — гэта кустоўны від вярбы. Пры вызначэнні грашовай канвертаванасці — «две копейки» і «чатыры грошы» — не абысціся без дапамогі гісторыкаў-нумізматаў.

Новы час — новыя погляды

Выданне другое, перагледжанае, апавядання «Сігнал» у перакладзе Ядвігіна Ш. пабачыла свет у 1914 годзе ў віленскай друкарні Марціна Кухты пад эгідай Беларускага выдавецкага таварыства. Гэта быў нашаніўскі перыяд у літаратуры, звязаны з фарміраваннем нацыянальнай класікі. У «Прадмове выдаўцы» адзначана:

«Першае выданне гэтай кніжкі вышло ў 1891 году ў Маскве. Выдалі „Сыгнал“ група студэнтаў, каторыя ў тым часе сядзелі ў Маскоўскай так званай Бутырскай турме за палітычныя справы. Сядзела 400 чалавек з лішнім, і там некаторыя з іх завязалі беларускі гурток. Пераклад першага выдання зрабіў адзін з добра ўжо вядомых сягоння нашых літаратараў. Пераклад гэты мы і друкуем другім выданнем без ніякіх перамен. І хочэмо яшчэ звярнуць тутака ўвагу сучаснага пакалення, што назад таму 24 гады наша бацькоўшчына не так ужо вельмі спала, як гэта цяпер некаторым людзям здаецца».

Наступныя беларускія выданні апавядання Усевалада Гаршына «Сігнал» былі ажыццёўлены ў другой палове 1930-х, 1940-х гадоў. Імя Ядвігіна Ш. стала забывацца, у гэтай працы былі задзейнічаны іншыя перакладчыкі, да рэалізацыі творчых задум далучаны мастакі-ілюстратары. А ў кантэксце новых гістарычных рэалій ідэі і сімволіка твора ХІХ стагоддзя набывалі новае прачытанне.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Ілюстрацыі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.