Вы тут

Шмат кватэр сталіцы даволі працяглы час цяпер стаяць пустыя


Сітуацыю, якая цяпер назіраецца на рынку доўгатэрміновай арэнды, эксперты параўноўваюць з той, што адбывалася ў пачатку 2015 года. Тады курс замежнай валюты за зусім кароткі час вырас практычна ў два разы. Але цяпер сітуацыя ўскладняецца і іншымі фактарамі. Зараз людзі не спяшаюцца ехаць у буйныя гарады на сезонную працу, іх палохае пандэмія ў месцах, дзе шмат людзей, і тое, што заробак на новым месцы можа не пакрыць у поўнай меры выдаткі на арэнду жылля.


Фота: pexels.com

Не хапае кватарантаў...

Адна з галоўных асаблівасцяў арэнднага жылля, якая назіраецца цяпер на рынку, — рэзкае зніжэнне попыту, лічыць начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая. Так атрымалася, што за апошнія 10 дзён колькасць заявак на арэнду жылля знізілася практычна напалову.

Паводле інфармацыі найбуйнейшых агенцтваў нерухомасці, за апошні тыдзень заявак на арэнду стала на 80 % менш. У самым слабым становішчы знаходзяцца элітны сектар і верхняя планка камфорту — гэта тыя кватэры, якія прапануюцца ў арэнду вышэй за сярэднерыначны кошт.

Патрабуецца карэкціроўка тарыфаў

Варта ўлічваць, што кошт арэнды кватэр у нас арыентуецца на доларавыя значэнні, а заробак большасць беларусаў атрымлівае ў беларускіх рублях. У такім выпадку ўзнікае сутыканне інтарэсаў уладальнікаў кватэр і іх арандатараў, калі пры ваганні абменнага курсу здымаць жыллё становіцца даражэй, — роўна настолькі, наколькі вырас абменны курс.

У выніку набягаюць вельмі вялікія сумы, якія не маюць нічога агульнага з тымі, якія павінны быць цяпер на рынку. Імгненнае павелічэнне даходнасці жылля не павінна адбывацца за кошт празмернага цяжару для кватарантаў. У гэтым выпадку Маргарыта Пачыцкая адзначае, што ўласнікі павінны самастойна прывязаць бягучы кошт арэнды да ранейшага курсу і зафіксаваць на значэнні, напрыклад, 2,6—2,7 рубля за долар.

Калі мы возьмем 250 долараў за акуратную аднапакаёвую кватэру, то, зыходзячы з курсу 2,6, цяпер яна павінна каштаваць 650 беларускіх рублёў (без уліку камунальных плацяжоў — яны аплачваюцца арандатарам асобна), але ніяк не 850 рублёў, як атрымліваецца па новым курсе.

Лепш адразу знізіць цану

Маргарыта Пачыцкая параўнала два варыянты для ўласніка. У першым выпадку ён зніжае цану, у другім — шукае новага арандатара.

Возьмем факт, што ўладальнік здае кватэру за 250 долараў. У сітуацыі, якая склалася, арандатар просіць невялікую зніжку — 30 долараў. Але гаспадар кватэры палічыў, што за 12 месяцаў атрымаў бы тры тысячы долараў, а па зніжанай цане атрымае 2640 «зялёных», значыць, страціць за год 360 долараў. Ён адмаўляецца. Калі кватарант сыходзіць, атрымліваецца два месяцы прастою — гэта ўжо 440 долараў страчанай выгады плюс высокая камуналка (у арэндных кватэрах часцей за ўсё ніхто не прапісаны). Можна дадаць яшчэ 200 рублёў за два месяцы. Усяго 500 долараў страты. І гэта толькі за два месяцы, а ўлічваючы зніжэнне попыту і тое, што арэндадаўца хоча зніжаць кошт пакрысе, цалкам магчыма, што і за гэты час ён не знойдзе новых кліентаў па старой цане — і страты будуць яшчэ большыя.

Некаторыя ўласнікі, па назіраннях экспертаў, арыентуюцца на ІТ-сегмент — арандатараў, якія не залежаць ад ваганняў курсу, таму што іх зарплата прывязаная да долара. Асабіста я пяць гадоў здаваў кватэру праграмістам. Дык вось, скажу са свайго досведу: ні адзін арандатар (тым больш айцішнік), разумеючы, што ён можа сэканоміць, не будзе пераплачваць проста так.

Увесну кватэр становіцца цяпер больш

Яшчэ адна з асаблівасцяў рынку — кватэр, якія прапануюць у арэнду, становіцца больш. Справа ў тым, што вясной многія людзі сталага ўзросту з'язджаюць з гарадскіх кватэр на дачы. А каб кватэра не стаяла проста так, здаюць яе ў арэнду. Цяпер тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта і дыстанцыйна. У нас гэта называецца арэндай па даверанасці. І калі раней такой паслугай карысталіся ў асноўным для здачы элітных кватэр і катэджаў, то цяпер сітуацыя змянілася. У лютым—
сакавіку з'явіліся прапановы з сегментаў «бюджэт» і «камфорт», якія гатовыя здаваць сваё жыллё дыстанцыйна.

Паводле падлікаў агенцтва, на сёння рынкавы кошт кватэр у бюджэтным сегменце знізіўся прыблізна на 35 %, а ў сегментах «камфорт» і «эліт» — да 50 %. Асабліва невясёлая сітуацыя назіраецца ў сегменце дарагіх кватэр. Прычына ў тым, што цяпер практычна не засталося плацежаздольнай аўдыторыі для гэтых сегментаў. І здаць кватэру па старых стаўках проста нерэальна, яны нежыццяздольныя.

Кватэры камфортнага і элітнага сегментаў сталі губляць сваю мэтавую аўдыторыю яшчэ ў 2020 годзе, калі закрылі межы з-за каранавіруса. Такое жыллё карысталася папулярнасцю, у прыватнасці, у супрацоўнікаў міжнародных кампаній.

Кватаранту не варта саромецца

Акрамя парады аб зніжэнні цэн, эксперт дае яшчэ некалькі рэкамендацый кватарантам і ўладальнікам кватэр. Калі яшчэ ў снежні ўсе раілі гаспадарам прыгледзецца да замежных студэнтаў, якія аддаюць перавагу добрым кватэрам, то цяпер, у іх адсутнасць, раім звярнуць увагу на арандатараў, з якімі раней не збіраліся мець спраў. Дапусцім, сем'і з жывёламі і з дзецьмі.

Дык вось, зняць кватэру сем'ям з дзецьмі або адзінокаму з жывёламі стала крыху прасцей ужо ў мінулым годзе. Тады ІТ-арандатараў стала не хапаць на ўсе добрыя і якасныя кватэры, і ўласнікі сталі шукаць варыянты. Правільна, цану трэба знізіць і разлічваць не на адзінокага айцішніка, а глядзець у бок сям'і, прапісаўшы рызыкі ў дагаворы. І арандатарам, і арэндадаўцам эксперт раіць падыходзіць да пытання спакойна і абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва.

Большасць уласнікаў — цалкам талковыя людзі, ім проста трэба трохі часу, каб прыйсці да рашэння аб зніжэнні цаны. Зараз кватаранты будуць ініцыяваць перамовы аб тым, каб знізіць стаўку. І да гэтага пытання трэба падыходзіць аргументавана: не проста «мы хочам», а сесці і разам палічыць, які быў кошт арэнды ў беларускіх рублях у студзені і прывязацца да вызначанага курсу. У любым выпадку, ініцыятыва павінна зыходзіць ад арандатара.

Ёсць лайфхакі з рынку камерцыйнай нерухомасці, якія Маргарыта Пачыцкая прапануе выкарыстоўваць у сітуацыі арэнды жылля. Як варыянт, можна дамовіцца наступным чынам: для таго каб улічыць і інтарэсы ўласніка кватэры, пры бягучай фіксацыі курсу на ўзроўні 2,6 рубля, калі курс долара вырастае яшчэ больш чым на 10 %, то з кожнымі 10 % можна падымаць зафіксаваны вамі курс на адну дзясятую. Атрымліваецца так, калі курс вырас на 9 %, пакідаем на ўзроўні 2,6 рубля за долар, а калі на 11 % — павялічваем да 2,7 рубля. Лічбы могуць быць вашымі. Галоўнае — прывесці да адной роўніцы, якая задаволіць абодва бакі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.