Вы тут

Качанава: Ніводны праект сацыяльнай палітыкі дзяржавы не быў спынены


Сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё 16-й гарадской клінічнай паліклінікі сталіцы, удзел у якім прыняла Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаная Прэзідэнта па горадзе Мінску. 


Трэба сказаць, што работы па капітальным рамонце праводзіліся ў рэжыме нон-стоп, без спынення работы ўстановы аховы здароўя. У 16-й паліклініцы абслугоўваюцца амаль 50 тысяч чалавек — жыхароў Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Мінска. 

Як паведамілі ва ўстанове аховы здароўя, планавая магутнасць паліклінікі складае 850 наведванняў у змену, 80% абслугоўваемай тэрыторыі складае прыватны сектар, радыус абслугоўвання — да 15 км (жылыя мікрараёны Навінкі, Зацань). 

Неабходнасць у мадэрнізацыі наспела даўно: паліклініка была ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ ў 1986 годзе. Зараз будаўнічыя работы на абекце завершаны цалкам. Разам з гэтым пераабсталявана клініка-дыягнастычная лабараторыя, аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі, аддзялення рэабілітацыі і фізіятэрапіі, пачынае дзейнасць кабінет спелеатэрапіі.

З такой падзеяй у жыцці сталіцы яе жыхароў павіншавала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўмовы, створаныя ў паліклініцы, паўплываюць на аказанне якаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву.

— У нашай краіне сістэме аховы здароўя надаецца самая сурёзная ўвага, — нагадала спікер верхняй палаты парламента. — Прэзідэнт нашай краіны — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — акцэнтуе ўвагу на тым, каб ўсе жыхары нашай краіны мелі магчымасць атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу ў любым кутку нашай краіны. 

Наталля Качанава падкрэсліла: ахова здароўя — прыярытэтны напрамак дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Зыходзячы з яго ў краіне будуюцца, мадэрнізуюцца, рэканструююцца ўстановы аховы здароўя, набываецца новае сучаснае абсталяванне, ідзе падрыхтоўка кваліфікаваных медыцынскіх кадраў.

— Толькі за 2021 год у нашай краіне ўведзена 27 новых абектаў сістэмы аховы здароўя, — адзначыла спікер. — У горадзе Мінску таксама ёсць выразны план рэканструкцыі, мадэрнізацыі і будаўніцтва новых устаноў аховы здароўя. 

Наталля Качанава нагадала аб нядаўнім адкрыцці новага корпуса 9-й клінічнай бальніцы. Акрамя таго, паводле яе слоў, з кіраўніцтвам горада ўжо абмяркоўваецца будаўніцтва новай інфекцыйнай бальніцы, у планах — будаўніцтва рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра. 

— Нягледзячы на няпростыя ўмовы, з якімі сутыкнулася наша краіна (ковід-інфекцыя і санкцыйны ціск), ніводная праграма, ніводны праект сацыяльнай палітыкі не былі спынены — усё дзейнічае і, наадварот, мы сёння робім усё, каб наша краіна развівалася і развівалася эфектыўна, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. 

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што ў аснове дзяржаўнай палітыкі краіны — чалавек і ўсе пытанні, звязаныя з яго жыццём. 

— А сістэма аховы здароўя — гэта тое, што важна для кожнага з нас, — пераканана спікер. 

Яна шчыра павіншавала ўдзельнікаў з адкрыццём у сталіцы абноўленага абекта сістэмы аховы здароўя і падзякавала Мінскаму гарвыканкаму за дакладную палітыку правядзення ў жыццё задач, якія стаяць перад аховай здароўя, і іх эфектыўную рэалізацыю. Словы ўдзячнасці адрасаваліся таксама будаўнікам, якія ў сціслыя тэрміны якасна справіліся з задачай, і медыцынскім работкам, якія не спынілі сваёй дзейнасці на перыяд рамонту і абнаўлення. 

У якасці падарунку Старшыня Савета Рэспублікі ўручыла сертыфікат на ўльтрагукавое абсталяванне. 

Усім удзельнікам урачыстасці Наталля Качанава пажадала ўсяго самага найлепшага, а краіне — міру і спакою ў рэалізацыі задач, якія стаяць перад сістэмай аховы здароўя.

У размове з журналістамі Старшыны Савета Рэспублікі ўдакладніла, што задачы, якія ставіць Прэзідэнт краіны, абсалютна вывераныя і ідуць ад жыцця. 

— Тое, што мы займаемся рэканструкцыяй, мадэрнізацыяй ужо існуючых абектаў аховы здароўя (тым самым выконваючы даручэнне Кіраўніка краіны) — гэта правільныя, выразна вывераныя пазіцыі ў сістэме аховы здароўя, — упэўнена Наталля Качанава. — Вы бачыце гэта на прыкладзе 16-й паліклінікі, якая абслугоўвае досыць вялікую колькасць людзей, жыхароў сталіцы. Сёння тут завершаны ўсе работы, паліклініка ўведзена ў эксплуатацыю, укамплектаваная сучасным абсталяваннем і гэта абсалютна правільна. 

Паводле яе меркавання, разам з набыццём сучаснага абсталявання, павінна павышацца і заработная плата медыцынскім работнікам.

— Мы разумеем, якім бы дасканалым і сучасным абсталяванне не было, без урача, медыцынскай сястры функцыянаваць яно не будзе, — адзначыла яна. 

Адказваючы на пытанне пра ўплыў санкцый на пастаўкі медыцынскага абсталявання, Наталля Качанава запэўніла: пытанне знаходзіцца на кантролі ўрада і профільнага міністэрства. 

— Прэзідэнт паставіў задачу: у нас павінна быць усё, людзі не павінны адчуць ніякага санкцыйнага ціску і ў сістэме аховы здароўя ў тым ліку, — пракаментавала Старшыня Савета Рэспублікі і дадала. — Мы бачым, матэрыялы, якія ўжываліся для капітальнага рамонту ў гэтай паліклініцы, — беларускія; устаноўлена сучаснае абсталяванне айчыннай вытворчасці. Вядома, сёння ва ўрадзе і Міністэрстве аховы здароўя робіцца ўсё, каб пастаўкі лекавых прэпаратаў і запасных частак для сучаснага абсталявання, якімі аснашчаны паліклінікі, медыцынскія ўстановы, былі своечасовыя. Таму не варта хвалявацца — гэтыя пытанні знаходзяцца на кантролі. У тым ліку і мы, як члены Савета Рэспублікі, кантралюем сітуацыю, працуючы напрамую з паліклінікамі, аптэкамі, каб бачыць рэальную сітуацыю. Таму будзе зроблена ўсё, каб сістэма аховы здароўя функцыянавала стабільна, нягледзячы на перыпетыі, якія ёсць у свеце ў адносінах да нашай краіны.

Ацэньваючы сённяшнюю падзею ў жыцці сталіцы, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў падкрэсліў:

— Выдатна, калі ў нашым горадзе праходзяць падзеі, якія радуюць жыхароў сталіцы. Усе з нецярпеннем чакалі, калі паліклініка пачне дзейнічаць у поўным абёме. На сёння мы зрабілі ўсё, каб ва ўстанову паступіла сучаснае абсталяванне. Гэта дае магчымасць аказваць дапамогу на самым высокім узроўні. Упэўнены, супрацоўнікам паліклінікі таксама будзе прыемней працаваць практычна ў новым будынку. Прыемна ўсведамляць, што мы сапраўды зрабілі вялікую карысць для нашых людзей. 

Паводле яго слоў, у цэлым сістэмных праблем па забеспячэнні кадраў у сталіцы няма, аднак гарадскія ўлады працягваюць дзейнасць у гэтым кірунку. 

— Запланавалі павялічыць наборы ў медыцынскія каледжы, каб маглі ўпэўнена сябе адчуваць па забеспячэнні сярэднім медыцынскім персаналам. Гэта ўзгоднена з Міністэрствам адукацыі. Ужо сёлета для навучання спецыялістаў павялічаны наборы, каб праблема, якая яшчэ ёсць па забеспячэнні сярэднім медыцынскім персаналам, была ў бліжэйшыя два гады вырашана, — патлумачыў Уладзімір Кухараў. 

Таксама ён расказаў, што ў сталіцы у цяперашні час вельмі шмат мадэрнізуюцца і будуецца медыцынскіх абектаў. 

— Так, 11-я бальніца знаходзіцца на рэканструкцыі, 5 і 4 бальніцы таксама зяўляюцца важнымі абектамі і аказваюць меддапамогу вялікай колькасці жыхароў сталіцы. Акрамя таго, запланаваны ўвод паліклінік на Даўгабродскай, у Сухарава. Чатыры паліклінікі знаходзяцца на капітальным рамонце і рэканструкцыі. Пачынаем праектаваць новую інфекцыйную бальніцу на 240 ложкаў, якая таксама будзе скіравана на вырашэнне пытання для дарослага насельніцтва. У нас ёсць праграма ў горадзе па планаванні рэканструкцый і капітальных рамонтаў, будаўніцтве новых абектаў, мы ідзем па графіку. Усё робім для таго, каб гэтая праграма была рэалізаваная, — патлумачыў старшыня Мінгарвыканкама. 

Што тычыцца сённяшняй падзеі — урачыстага адкрыцця 16-й гарадской клінічнай паліклінікі, яе галоўны ўрач Ала Марцішэвіч расказала, што на дадзены момант гэта ўстанова аховы здароўя абслугоўвае 49 тысяч жыхароў Цэнтральнага і Савецкага раёнаў. 

— З улікам таго, што ў нас вялікі раён абслугоўвання, было прынята рашэнне рамантаваць паліклініку без адсялення, таму што пацыентам дабірацца далёка, — расказала галоўны ўрач і выказала меркаванне, што з пастаўленай задачай установа справілася. 

Паводле яе слоў, праектна-каштарыснай дакументацыяй былі выдзелены тры пускавыя комплексы. 

— Цяпер мы скончылі трэці. Ён рабіўся хутка, быў насычаны абсталяваннем. І ўсё планаванае абсталяванне, якое трэба было закупіць, мы зрабілі, — кажа Ала Марцішэвіч.

Яна адзначае, што прыемна працаваць у прыгожым і ўтульным будынку, але супрацоўнікі і пацыенты перш за ўсё чакалі менавіта новае абсталяванне. 

— На сённяшні дзень з новага абсталявання ў нас устаноўлены два лічбавыя рэнтген-апараты, лічбавы пульмаскан, ёсць і новыя УГД-апараты. Абсталяваны працоўныя месцы для вузкіх спецыялістаў — ЛОРа, афтальмолага. Цалкам перааснашчана хірургічнае аддзяленне, жаночая кансультацыя, клініка-дыягнастычная лабараторыя, — пералічвае кіраўнік установы. — Шырокай базай валодае і рэабілітацыйнае аддзяленне. У нас адзіная на некалькі раёнаў спелеалячэбніца, у якой мы будзем абслугоўваць і жыхароў іншых раёнаў. Яна выкарыстоўваецца для рэабілітацыі пацыентаў, лячэння пацыентаў з захворваннямі органаў дыхання, у тым ліку для рэабілітацыі пацыентаў, якія перанеслі ковід-інфекцыю. Насельніцтва дастаткова немаладое, і людзям такая рэабілітацыя вельмі патрэбна.

Галоўны ўрач таксама расказала, што ва ўстанове ўстаноўлены апараты электра- і святлолячэння. Дзейнічае водалячэбніца, дзе ёсць ванная для падводнага душа-масажу, розныя душы, у тым ліку вуглякіслая ванна.

— Самае галоўнае — гэта спецыялісты. Кадраў, каб працаваць на гэтым абсталяванні, на сённяшні дзень у нас дастаткова, — тлумачыць кіраўнік установы. — У нас ёсць усе вузкія спецыялісты. З 1 жніўня пачнуць працаваць яшчэ два хірургі — маладыя спецыялісты, урач-отарыналарынголаг, урач-акушэр-гінеколаг і ўрач агульнай практыкі. Працуе 17 маладых спецыялістаў сярэдняга звяна, з іх 13 — гэта мэтавікі. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.