Вы тут

Беларускія біятланісты працягваюць перамагаць


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя актуальныя спартыўныя навіны.


Турнір тыдня. Беларусы выступаюць на Кубку Саюза біятланістаў, які праходзіць ва Уфе. У спрынтарскай гонцы Антон Смольскі стаў пераможцам. На другім месцы ў гэтай гонцы — беларус Дзмітрый Лазоўскі, ён уступіў Антону 45,7 секунды. На трэцім месцы расіянін Аляксандр Логінаў. Што датычыцца вынікаў іншых беларускіх спартсменаў, то Мікіта Лабастаў прыехаў да фінішу шостым, Іван Тулацін — 30-м, Ілья Аўсеенка размясціўся на 40-й пазіцыі, а Аляксандр Кошын — на 44-й. Усяго ў гонцы выступілі 68 спартсменаў.

У жаночай спрынтарскай гонцы беларуска Ірына Лешчанка заняла трэцяе месца. Два агнявыя рубяжы Ірына прайшла без промахаў. Пераможцы гонкі Ірыне Казакевіч беларуска ўступіла 11 секундаў. Другі вынік паказала Крысціна Разцова. Дзінара Алімбекава пасля першай стральбы была першай у гонцы, але праз два промахі на другім агнявым рубяжы стала толькі чацвёртай.

У мужчынскай гонцы пераследу беларусы занялі ўвесь п'едэстал. Антон Смольскі стаў уладальнікам залатога медаля. Сярэбраным прызёрам стаў Дзмітрый Лазоўскі, «бронза» ў Мікіты Лабастава.

У жаночым пасьюце чэмпіёнкай турніру стала Дзінара Алімбекава. Сярэбраны медаль заваявала расіянка Ірына Казакевіч, на трэцім месцы — Крысціна Разцова. Беларуска Ірына Лешчанка доўгі час ішла ў лідарах, але ў выніку фінішавала чацвёртай.

Цытата тыдня. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне Антон Смольскі ў эфіры тэлеканала «Матч ТБ» пракаментаваў адхіленне беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў: «Пра палітычныя моманты казаць не буду, усе і так у курсе. Непрыемна, вядома, такое ўсведамляць, што мы папросту страчваем добрую форму. Я займаў высокую пазіцыю ў заліку Кубка свету, гэта быў гістарычны момант, важнейшы за грошы і славу. Мы працавалі з вялікім акцэнтам на Алімпійскія гульні, таму крыўдна траціць такую форму, але дзякуючы расійскаму біятлону можам удзельнічаць у спаборніцтвах. Цяпер у свеце вельмі абвостраная сітуацыя, хочацца верыць, што ўсё супакоіцца. Адхіленне — вельмі непрыемны момант. Людзі, якія нас адхілялі, разумеюць, наколькі гэта балюча. Былі думкі аб тым, каб пайсці ў адпачынак раней: я хацеў правесці аднаўленне, але вырашыў яшчэ крыху паспаборнічаць».

Гераіня тыдня. Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян сталі пераможцамі парнага разраду турніру ў мексіканскім Ірапуата з прызавым фондам $60 тыс. У вырашальным матчы беларуска-амерыканскі тандэм усяго за 44 хвіліны выйграў у латвійска-расійскага дуэта Даніэла Вісман/Анастасія Ціханава — 6:0, 6:2.

Аб'ява тыдня. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў назваў састаў на стартавыя матчы новага сезона. На трэніровачны збор, які пачнецца 21 сакавіка ў Мінску, выкліканы 23 гульцы. На 26 сакавіка ў Манаме ў беларускіх футбалістаў запланаваны спарынг са зборнай Індыі, а 29 сакавіка адбудзецца кантрольны матч з камандай Бахрэйна.

Каманда тыдня. У Мінску завяршыўся фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў юных хакеістаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Беларусі ў дывізіёне А ў малодшай узроставай групе (2009—2010 гады нараджэння). У вырашальным паядынку за першае месца хакеісты «Партызана» з Партызанскага раёна сталіцы ва ўпартай барацьбе абышлі «Тарнада» з Кастрычніцкага раёна Мінска — 1:0. У гульні за «бронзу» «Прынёманскія ястрабы» з Кастрычніцкага раёна Гродна разграмілі каманду «Шклоўскія крыгі» з вынікам 13:3. У кваліфікацыйных спаборніцтвах малодшай узроставай групы ўзяло ўдзел больш за 800 юных хакеістаў з 73 аўкаманд з усіх рэгіёнаў Беларусі. У дывізіёне А выступалі каманды з гарадоў і раёнаў, дзе ёсць крытыя лядовыя арэны.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.