Вы тут

Балотны генерал, прывід карэты і сястра камісара. Таямніцы Завалочыцкай сядзібы


Здараецца, што нейкае месца падчас тваіх вандровак, нібыта не самае прыкметнае і выбітнае, чамусьці асабліва западае ў памяць. Хочацца даведацца пра яго пабольш, раскапаць нейкія неверагодныя гісторыі...


Так здарылася з нашым візітам у Завалочыцы. Дом па вуліцы Савецкай, 9, мае на сабе адбітак разнастайнага карыстання... Якіх толькі кантор тут не месцілася! Хоць сёння мае сляды занядбання. Балкон, пазбаўлены парэнчаў, падтрымліваюць чатыры аблупленыя невялікія, шмат разоў фарбаваныя калоны, з-пад тынкоўкі паўсюль паказваецца чырвоная цэгла... На франтоне — лічбы «1914» і шыльда «УКСП совхоз Заволочицы».

Таварыства філаматаў і гліняныя трубы

Між тым, Завалочыцы вядомыя з 1626 года як частка маёнтка Глуск Дубровіцкі, што належаў князям Дубровіцкім. Пераходзілі Завалочыцы ад гаспадара да гаспадара, у XІX-м стагоддзі належалі Якса-Быкоўскім, герба «Грыф». Каля 1860-га года Антаніна Быкоўская пабралася шлюбам з вельмі каларытным персанажам, Іосіфам Іпалітавічам Мордас-Жылінскім герба «Яніна», які і стаў тут новым гаспадаром.

Іосіф Жылінскі — са старога шляхецкага роду. Яго бацька Іпаліт, колішні студэнт Віленскага ўніверсітэта, уваходзіў у знакамітае Таварыства філарэтаў, дзядзька Вацлаў быў віленскім біскупам. Маці Юстына паходзіла з роду Адынцоў. А сам Іосіф стаў ваенным інжынерам, гэадэзістам, даслужыўся да генерала ад інфантэрыі, а займаўся найперш асушэннем балот. Менавіта ён кіраваў работамі па асушэнні Палесся, пакінуў пра тое шмат манаграфій, а ягоны Генеральны план асушэння Палесся атрымаў залаты медаль на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1878 годзе.

У пасагу Антаніны Быкоўскай была вёска Дварэц, якая знаходзіцца непадалёк... Але Дварэц далекавата над Маскоўска-Варшаўскай шашы, якой Жылінскі часта карыстаўся. Вось ён і вырашыў пабудавацца тут, каля самога тракту, у Завалочыцах — для чаго ўчыніў спачатку меліярацыю тэрыторыі, бо было спрэс балота. Дасюль ёсць пракапаныя па праекце генерала канавы ды сажалкі — недарэмна пана Іосіфа празвалі Балотным генералам. Некаторыя меліярацыйныя каналы дасюль дзейнічаюць. Самы вялікі — ад вёскі Паляна, праз сажалку ў Завалочыцах і далей да Пцічы. А ў зямлі завалочыцкай навокал закапаныя гліняныя трубы. Нядаўна аралі ў кагось з вяскоўцаў агарод, зноў трубу такую вывернулі — і здзівіліся: сто гадоў прайшло, а як новая!

Мужны Рыбак

Але датычна вадкасцяў думаў Жылінскі не толькі пра балотную ваду...

Мы абыходзім дом з чатырма калонамі і рушым да будынкаў, што ўзведзены генералам ад інфантэрыі ў Завалочыцах... А менавіта да карпусоў спіртзавода. Каларытныя будынкі на каменных падмурках, дэкаратыўныя элементы з чырвонай цэглы... На фасадзе той жа цэглай на фоне белай тынкоўкі выкладзены лічбы — 1889, 1888. Сцены некаторых невялікіх будынкаў цалкам з мясцовых валуноў, што ў спалучэнні з паўкруглымі наверсе вокнамі дадае сярэднявечнага каларыту. Сёння тут ціха, але яшчэ нядаўна віравала жыццё і спраўна выраблялася прадукцыя.

Дарэчы, тут, на спіртзаводзе, амаль паўстагоддзя працаваў жыхар Завалочыц, Герой Савецкага Саюза, знакаміты разведчык Ульян Рыбак. Ён дзевятнаццацігадовым хлопцам пайшоў адсюль на фронт. Маршал Маскаленка згадваў пра яго ў сваіх мемуарах, дый шмат яшчэ хто. Пра адважнага беларуса пісала франтавая прэса і складаліся прыпеўкі:

«Разведчик храбрый

и толковый

Фашистам спуску не дает:

Ульян всегда придет

с уловом,

У Рыбака всегда клюет».

Гэта пра тое, што Ульян Рыбак прывёў дзясяткі каштоўных «языкоў». Пяць разоў быў паранены, удзельнічаў у парадзе Перамогі...

Сёння ў аграгарадку Завалочыцы ёсць вуліца, якая носіць імя героя, чалавека сціплага і мужнага.

Дарэчы, бываў у Завалочыцах і Алесь Адамовіч — незадоўга да смерці прыехаў адведаць сям'ю стрыечнага брата.

Паміж пахіленым драўляным плотам і будаваным Балотным генералам заводам нас сустракаюць «ахоўнікі» — статак коз на чале з барадатым правадыром. Той даволі напорысты, таму адступаем...

Прайграная жонка

Вяртаемся да сядзібнага дома.

Праўда, той, у якім жыў Іосіф Жылінскі, драўляны, з прыгожай разьбой, стаяў трохі ў іншым месцы. У Іосіфа і Антаніны нарадзілася тры дачкі. Самая цікавая мясцовая легенда звязаная са старэйшай, Аляксандрай.

Закахалася тая ў суседняга памешчыка па прозвішчы Грыцэнка, які жыў у Глушы. Бацька быў катэгарычна супраць — абраннік славіўся як гуляка і карцёжнік. Але каханне — справа такая, што бацькоўскі супраціў толькі палу дадасць... Антаніна ўночы збегла з каханым, таемна павянчаліся ў царкве ў суседняй вёсцы Гарадок... Што ж, Балотнаму генералу давялося прызнаць той шлюб.

Ды жыццё маладых не задалося. Малады муж усё гэтак жа гуляў у карты і баляваў.

Аднойчы ў доме апынуліся выпадковыя госці — папрасіліся на начлег. Замільгалі ў руках карты... Пану Грыцэнку не шанцавала, але спыніцца ён быў не ў стане. Адна за другой часткі яго маёмасці пераходзілі да іншых... Урэшце — тут я сустрэла два варыянты развіцця падзей — ці муж сам паставіў на кон сваю жонку, ці яна сама прапанавала ў якасці прыза сябе, абы не іграў на апошняе, што заставалася, вёску Гарадок, якая належала маці Грыцэнкі... Здзелка адбылася, і прыгажуню Аляксандру выйграў адзін з выпадковых гасцей, доктар і барон Ян Якуб Афенбах.

І ў раніцу яна з'ехала з ім.

Насуперак абставінам, Аляксандра і Ян Афенбах адзін адно засімпатызавалі, урэшце ажаніліся, і новы саюз аказаўся шчаслівы і доўгі. Знайшла звесткі і пра тое, што сярэдняя дачка Іосіфа стала жонкай інжынера Караля Малахоўскага, які дапамагаў Жылінскаму ў асушэнні Палесся.

Альдона і Кацярына: сястра галоўнага чэкіста і злосная пані

Стары сядзібны дом, драўляны, на два паверхі, з разьбой, стаяў дзесьці каля цяперашняга дома культуры. Знайшла цікавінку: аканомам Жылінскага тут служыў Гедымін Юрый Булгак, а ягонай жонкай была Альдона, сястра знакамітага Фелікса Дзяржынскага. Сястра старэйшая, якая замяніла асірацеламу Жалезнаму Феліксу маці... З ёй ён шмат ліставаўся, Альдона ва ўсім малодшага брата падтрымлівала, пакінула пра яго кнігу ўспамінаў... Хоць, здаецца, Гедымін Булгак у пэўны час выставіў юнага рэвалюцыянера з дому.

Іосіф Жылінскі пасля рэвалюцыйных падзей выехаў у Польшчу... Але Завалочыцы ён пакінуў раней, пасля таго, як памерла жонка. Антаніна Жылінская з Быкоўскіх, дарэчы, пахаваная на Залатагорскіх могілках у Мінску, ад якіх засталося ўсяго некалькі надмагільных камянёў каля касцёла Святога Роха і Палаца мастацтваў.

Завалочыцы выкупіў інжынер-будаўнік з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Гатоўскі. Гаспадыняй тут зрабілася ягоная жонка Кацярына, пра якую таксама шмат легендаў. Нібыта такая ўжо злая была, жорсткая, бо бяздзетная. Паводле адной з легендаў, таксама звязанай з картамі, калі ейны муж прайграў Завалочыцы, працягнула гульню за яго — і адыгралася. Сустракала згадку, што і сам Іосіф Жылінскі страціў Завалочыцы, бо прайграў іх Гатоўскаму ў карты.

Драўляны дом згарэў у 1912-м, і, зноў па чутках, спаліла яго сама Кацярына Гатоўская — каб атрымаць страхоўку і расплаціцца з картачнымі даўгамі мужа.

А пасля рэвалюцыі нібыта перабралася злосная пані ў Мінск, дзе зладзіла антыбальшавісцкую банду. Тая доўга страшыла гараджан, пакуль чэкісты Кацярыну Гатоўскую не прыстрэлілі. Адбылося гэта ў 1921-м, у той жа год у Польшчы памёр былы ўладальнік Завалочыц Іосіф Жылінскі.

Прывідная карэта ў сутарэннях

Мы прабіраемся ў закінуты дом... Вузкія вітыя ўсходы стагадовай даўнасці вядуць наверх. А тут усё нагадвае дэкарацыі для нейкага постапакаліпсічнага фільма. Паламаная канторская мэбля, паперы на падлозе, шыльды — «Бухгалтэрыя», «Каса». А вось на фоне абадраных танных шпалераў у куце — камін, сведчанне старадаўнасці. Праўда, выглядае неяк дэкаратыўна, не падобна, каб ім апошнія часы нехта карыстаўся. Але ён дакладна ад ранейшых часоў. Ці не адзіная захаваная дэталь інтэр'еру... Бо чаго толькі не было ў гэтых сценах! Клуб, бібліятэка, пошта, ашчадная каса, крама, кантора саўгаса... Нават хлебапякарня. А вось мяхі з мукой захоўваліся ў сутарэннях...

Мая любімая частка падарожжаў — званіцы і сутарэнні. У сутарэннях сядзібы Завалочыц можна фільмы жахаў здымаць... Вузкія дзверы, цёмная цэгла, паламанае крэсла пад абрыўкамі дроту, якія звісаюць са скляпеністай столі, нібыта цягнуцца кіпцюры...

Дарэчы, пра монстраў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў доме была нямецкая камендатура, і тут, у сутарэннях, трымалі схопленых партызанаў і падпольшчыкаў.

У пасляваенны час у падвале Завалочыцкай сядзібы зладзілі бамбасховішча — муры магутныя, надзейныя.

Але ёсць і класічная містыка. Рабочыя пякарні, якім даводзілася бываць тут ноччу, распавядалі, што часам выразна чулі гукі, нібыта пад'язджае карэта, цокаюць падковы, іржуць коні, гучаць мужчынскі і жаночы галасы... Зразумела, у легендзе тут жа ўзнікла нейкая «царыца», якая праязджала трактам, і ці то захварэла ў Завалочыцах, ці то памерла...

Азіраемся на дом — ягоны фасад калісь упрыгожваў порцік... Навошта той порцік разбурылі? Заўсёды задаю сабе гэтае пытанне... Змагался з панскімі вычварэнствамі? Злавала «нефункцыянальная прыгажосць»? Аказваецца, на балконе яшчэ нядаўна былі старыя каваныя парэнчы, знялі нібыта для рэстаўрацыі, ды так і не вярнулі. І прысады з бэзу і ліп яшчэ нядаўна раслі...

Але будынак нават у цяперашнім стане вылучаецца, прыцягвае турыстаў... Страшэнна шкада, што ён не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Бо пакуль яшчэ — не руіны, яшчэ ўсё можна рэстаўрыраваць, зрабіць цудоўны аб'ект.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.