Штогод у свеце ўтвараецца каля 300 млн тон пластыкавых адходаў, палова з якіх — пластыкавая ўпакоўка. Уклад беларусаў у гэты аб'ём — да 150 тысяч «пластыкавых» тон вытворчасці, з якіх перапрацоўваецца да 90 %. Пры гэтым у свеце працягваецца ўжыванне тары, пакетаў і аднаразовага посуду з пластмасы, што непакоіць эколагаў. Як зрабіць упакоўку больш экалагічнай і бяспечнай для наваколля, што робіцца для ўтылізацыі і перапрацоўкі пластыкавага смецця і чым можна замяніць пластык ды пенапласт, расказалі эксперты.
Каб павысіць экалагічную бяспечнасць ўпакоўкі, трэба адмовіцца ад экалагічна небяспечнай, найперш пластыкавай, і замяніць яе экабяспечнай, у тым ліку біяраскладальнай, упэўнены Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды. Ён нагадаў, што пластык можа раскладацца да тысячы гадоў, у выніку чаго ў асяроддзе выдзяляецца мноства забруджвальных рэчываў. А мікрапластыкавыя частачкі могуць убудоўвацца ў харчовы ланцужок і трапляць у арганізм чалавека.
— У складзе цвёрдых камунальных адходаў у нашай краіне штогод ствараецца каля 280 тон пластыку, з якіх для далейшага выкарыстання бярэцца 35-37 %. Адмова ад пластыкавай упакоўкі — сусветная тэндэнцыя, і асаблівая ўвага міжнароднай супольнасці скіравана найперш на барацьбу з пластыкавымі пакетамі і пенапластавымі вырабамі як найбольш праблемнымі. Ужо звыш 60 краін увяло пэўныя абмежаванні і забароны на выкарыстанне аднаразовых пластыкавых вырабаў. Гэта адмова ад вырабу і выкарыстання небіяраскладальных пакетаў, увядзенне абмежаванняў на ўжыванне пакетаў пэўнай таўшчыні.
Урадам Беларусі зацверджаны план мерапрыемстваў па зніжэнні выкарыстання палімернай упакоўкі і яе замяшчэнні экалагічна бяспечнай. У яго межах запланаваны мерапрыемствы ў галіне ўдасканалення абыходжання з адходамі і змяншэння ўжывання палімернай упакоўкі, навуковых даследаванняў, вырабу і выкарыстання экалагічна бяспечнай упакоўкі, а таксама інфармацыйна-асветніцкай работы сярод насельніцтва, абазначыў спецыяліст.
Сярод рэалізаваных планаў, дарэчы, абавязковая наяўнасць у аб'ектах гандлю безалкагольных напояў і вады ў шкляной тары, папяровых пакетаў, аднаразовага посуду і сталовых прыбораў з паперы, мінімізаваная разнастайнасць колькасці відаў пластыкавых пакетаў і посуду. У аб'ектах грамадскага харчавання забароненае ўжыванне аднаразовага пластыкавага посуду, што паспрыяла павелічэнню выпуску аднаразовага посуду з паперы і кардону. Летась наладзілі выраб відэльцаў, нажоў, трубачак для напояў з дрэва.
Эканамічным стымулам да пераходу ад пластыкавай упакоўкі да экабяспечнай стала зніжэнне ўдвая платы, якую ўносяць пастаўшчыкі і вытворцы за арганізацыю збору, абясшкоджвання і выкарыстання біяраскладальнай упакоўкі. Пры гэтым удвая вышэйшай стала плата за тую ж паслугу з палімернай упакоўкай.
Па ініцыятыве Беларусі у тэхрэгламент Мытнага саюза па бяспечнасці ўпакоўкі былі прапанаваны да ўнясення чатыры змяненні. Гэта абмежаванне прымянення этыкеткі з полівінілхларыду на ўпакоўку з поліэтылентэрэфталату, выкарыстанне лёгкіх палімерных пакетаў, прымяненне оксіраскладальных дабавак, выкарыстанне спажывецкай упакоўкі для харчовай прадукцыі з успененага полістыролу.
Аднак пакуль была падтрымана толькі адна ініцыятыва — забарона выкарыстання ПВХ-этыкеткі на ПЭТ-упакоўцы (аднак яна яшчэ не ўвайшла ў сілу). Астатнія палажэнні будуць разглядацца ў межах стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Некаторыя абмежаванні, магчыма, прымуць на нацыянальным узроўні.
— Краінамі-удзельніцамі ЕАЭС замацаваны стратэгічныя кірункі развіцця і эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, згодна з якімі прадугледжана даследаванне пытання аб паэтапнай забароне вырабу і ўвозу ў гэтыя краіны аднаразовага пластыкавага посуду. Трэба высветліць, ці мэтазгодныя такія меры, — заўважыў Максім Тарасаў.
Каб абмежаваць увоз на мытную тэрыторыю ЕАЭС палімерных адходаў, па ініцыятыве Беларусі вядзецца работа па ўключэнні пластыкавых адходаў у пералік тавараў, адносна якіх устаноўлены дазвольны парадак увозу.
— Плануецца распрацоўка навукова-даследчай работы, якая на першым этапе мае на мэце складанне пераліку палімерных вырабаў, на другім — прагноз наступстваў ад увядзення такога абмежавання. Мы павінны разумець, які менавіта ўпакоўка і матэрыял нясуць небяспеку, — падкрэсліла Наталля ПАРКОЎСКАЯ, намеснік начальніка ўпраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржкамітэта па стандартызацыі.
Дзяржстандарт Беларусі займаецца распрацоўкай чацвёртага змянення ў пяты рэгламент, які датычыцца бяспекі ўпакоўкі. У праект унесены змяненні, датычныя тэрміналогіі: па азначэннях «утылізацыя», «біяраскладальная ўпакоўка», «перапрацоўка». Прадугледжаны дапаўненні ў частцы маркіроўкі ўпакоўкі магчымымі спосабамі: утылізацыі і перапрацоўкі. Прапануецца нанясенне знака «біяраскладальная ўпакоўка», у тым ліку калі біяраскладальнасць пацверджана вынікамі выпрабаванняў, расказала прадстаўніца Дзяржстандарта.
З 41 стандарта, якія запланаваны ў межах праграмы распрацоўкі дзяржстандартаў, 26 ужо распрацаваны (з іх з 1 красавіка 2021-га ўведзена восем, яшчэ 18 запрацуюць сёлета з мая да верасня).
Пытанне ўпакоўкі — рознабаковае і навуковае забеспячэнне павінна быць на чале вырашэння праблемы экалагічнай бяспекі. Усе пластыкі, усе ўпакоўкі ўтрымліваюць крэмніевую групу, і ўсё, што мы вырабляем для ўпакоўкі, стварае вугляродны след, на змяншэнне якога (дэкарбанізацыю) накіравана мадэль паводзін з упакоўкай нароўні з фарміраваннем «зялёнай» і цыркулярнай эканомікі, абазначыў Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі:
— Ствараючы пластыкі, чалавецтва вырашала праблему захоўвання, перапрацоўкі, а таксама вырабу рэчаў, якія ў многіх выпадках выкарыстоўваць лепш, чым метал ці драўніну. Так што пэўным чынам упакоўка — цана прагрэсу. Мы вырашаем праблему, але разам з тым нарошчваем наступствы ад такога прагрэсу. Так што нам трэба знайсці рацыянальнае месца, дзе б мы, вырашаючы задачы развіцця чалавецтва, не абцяжарвалі прыроду і самога чалавека праз шэраг ускосных і непасрэдных наступстваў.
Ён таксама акрэсліў асноўныя аспекты існавання ўпакоўкі, абысціся без якіх немагчыма. Гэта, прынамсі, выраб упакоўкі, яе выкарыстанне ў тэхналагічных працэсах і як часткі тавару, а таксама для захоўвання ў быце. Падчас імпарту-экспарту тавараў таксама выкарыстоўваецца ўпакоўка для іх. Нават падчас транзіту тавараў праз тэрыторыю краіны частка ўпакоўкі застаецца ў ёй, нягледзячы на тое, што выраблена ў іншай дзяржаве. Асобны аспект — утылізацыя — пытанне, як зацыкліць рух упакоўкі ў яе наступнай рэінкарнацыі.
Выкарыстоўваючы новыя віды ўпакоўкі, нельга забывацца пра неабходнасць яе асобнага збору. Распад таго ж біяпластыку звязаны з асаблівымі ўмовамі яго збору, сарціроўкі і камаставання. Інакш выкарыстанне традыцыйнага пластыку і біялагічнага разам прывядзе да фарміравання такога субстрату, які немагчыма будзе перапрацаваць, падкрэсліў Валерый Ганчароў.
Акадэмія навук цесна займаецца праблемамі біяраскладальнай упакоўкі Першым гульцом на гэтым полі выступаюць полілактыды, якія масава вырабляюць у ЗША і Нідэрландах, расказаў Аляксандр Рагачоў, дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі:
— Наша задача дзеля плаўнага пераходу да біяраскладальнай упакоўкі — прымяняць гэтыя імпартныя матэрыялы, а з часам, магчыма, стварыць і айчынныя варыянты. Пластык — гэта не толькі палімер, але і розныя функцыянальныя дабаўкі, якія дазваляюць значна пашырыць уласцівасці тары і павысіць упаковачныя ўласцівасці матэрыялаў. Мы прымяняем розныя матэрыялы, у тым ліку айчынныя, якія ў асноўным з'яўляюцца адходамі вытворчасцяў. У прыватнасці, лігнін, які можна выкарыстоўваць як напаўняльнік.
Біяраскладальныя пластыкі і ўпакоўкі павінны ўтрымліваць у сабе кампаненты, якія будуць біяраскладальнымі, біясумяшчальнымі і біяінэртнымі, то-бок не складаюць небяспекі для асяроддзя. Айчынныя хімікі распрацоўваюць тэхналогіі спалучэння цяжкасумяшчальных кампанентаў. З дапамогай дабавак яны змяншаюць кошт імпартнага аналага, а таксама надзяляюць новымі ўласцівасцямі матэрыялы, надаюць ім тлушча- і воданепранікальныя характарыстыкі.
Разам з тым існуюць нетрывіяльныя рашэнні, накшталт саломінак з трыснягу, ужыванне якіх у сістэме харчавання ўжо, дарэчы, апрабавалі ў адной са школ. А ў Лацінскай Амерыцы жывуць насякомыя, якія могуць харчавацца поліэтыленам, дадаў Валерый Ганчароў:
— Мы павінны прыйсці да канцэпцыі эканомікі інтэлекту, якая звязаная з тым, што чалавек павінен працаваць не ў рэчышчы спажывання, а ў рэчышчы разумнага стаўлення да сваіх патрэб і гарманізацыі сістэмы чалавек — прырода — грамадства. Толькі пры такім падыходзе мы зможам разумна абмежаваць спажыванне пластыкавай упакоўкі. Проста адмова ад яе верне нас у пячорны век.
Эксперты не бачаць цяжкасцяў у пераходзе вытворцаў упакоўкі на яе экалагічныя віды — было б жаданне. Вытворца можа распрацаваць тэхнічныя ўмовы, якія ў краіне праходзяць рэгістрацыю, і гэта лёгкая працэдура. Галоўнае — вытрымліваць патрабаванні тэхрэгламенту.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.