Вы тут

На Гомельшчыне рыхтуюць пілотны праект па падтрымцы маладых аграрыяў


На Гомельшчыне рыхтуюць да запуску пілотны праект, аналагаў якому ў Беларусі яшчэ няма. Сутнасць — падтрымка здольных маладых людзей, якія маюць стартавы прафесійны досвед працы ў сельскай гаспадарцы, хочуць расці і развівацца ў прафесіі. Удзельнікам праекта гарантаваны ўсебаковая практычная і тэарэтычная падрыхтоўка, магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень на пасадзе намесніка кіраўніка найлепшых гаспадарак вобласці. Ініцыятыва належыць старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко.


Фота: pexels.com

Старт праекта запланаваны на першага красавіка, а працягласць работы з удзельнікамі разлічана на шэсць месяцаў. Усе нюансы такой падрыхтоўкі перспектыўных кіраўнікоў гаспадарак Іван Крупко абмеркаваў на відэаселектарнай нарадзе са старшынямі райвыканкамаў.

Як звярнуў увагу губернатар, найбольшы дэфіцыт кіруючых кадраў у рэгіёне назіраецца ў сельскагаспадарчай галіне. Праблема даўняя і характэрная не толькі для Гомельшчыны. Між тым новы пілотны праект у рэгіёне будзе развівацца ў межах «Школы маладога кіраўніка», якая рэалізоўваецца з 2018 года. Але сёлета работа з «рэзервістамі» набудзе новы фармат.

Для ўдзелу ў праекце амаль сто чалавек прайшлі сумоўе асабіста ў старшыні аблвыканкама. Адбыліся адборы з удзелам раённых кадравых службаў. У выніку ў праект з першага красавіка ўступяць 29 чалавек, якія адправяцца ў базавыя гаспадаркі вобласці.

Іван Крупко раённым уладам паставіў задачу падысці прынцыпова да падбору сельгасарганізацыі, куды накіруюцца менеджары АПК. Увага на бясстратную работу, рэнтабельнасць, эфектыўныя падыходы ў тэхналагічным працэсе і аўтарытэт кіраўніка гаспадаркі.

— Вы прымеце на работу кандыдата на пасаду намесніка кіраўніка прадпрыемства па вытворчасці для таго, каб ён мог адчуць усе працэсы і ў жывёлагадоўлі, у перыяд пасяўной, уборкі ўраджаю, нарыхтоўкі кармоў, — адзначыў Іван Крупко.

Губернатар таксама акцэнтуе ўвагу на індывідуальным падыходзе да кожнага ўдзельніка праекта — даць магчымасць рэалізаваць свае навыкі і здаровыя амбіцыі. Паводле ацэнкі Івана Крупко, пераважная большасць удзельнікаў праекта да канца года зможа ўпэўнена ўзначаліць любы сельскагаспадарчы калектыў:

— А мы ў сваю чаргу павінны падрыхтаваць для іх прадпрыемствы, куды яны заступяць на працу на пасадзе кіраўніка ўжо сёлета, — падкрэсліў Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна асабліва зазначыў важнасць падобнага праекта для Гомельшчыны. Ініцыятыва дапаможа ўзмацніць сістэму эфектыўнага кіраўніцтва гаспадарак і забяспечыць бясстратную работу ўсіх сельгасарганізацый рэгіёна і, як вынік, высокую заробную плату і дастойнае жыццё людзей.

Як было вызначана, удзельнікаў праекта на пасаду намесніка кіраўніка гаспадаркі пры неабходнасці захаваць месца працы ў ранейшага наймальніка аформяць часовым пераводам. На новым месцы рэзервістам гарантуюць дастойныя заробак і ўмовы пражывання.

Дарэчы, сярод удзельнікаў праекта не толькі маладыя людзі, але і спецыялісты ва ўзросце за 40 гадоў. Усім належыць набірацца вопыту ў моцных лідараў, вучыцца, як ставіць задачы і, што яшчэ важней, кантраляваць іх выкананне. Па словах губернатара, такое настаўніцтва дапаможа ўдзельнікам праекта самім у будучыні адбыцца як кіраўнікам. Штомесяц рэзервісты будуць здаваць тэарэтычныя і практычныя экзамены.

Іван Крупко запэўніў, што знойдзе час асабіста наведаць усе базавыя прадпрыемствы, куды накіруюцца менеджары АПК — паназірае за іх работай, даведаецца, як ідзе іх падрыхтоўка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.