Вы тут

На форуме ў сталіцы прадстаўніцы БСЖ выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю


Напярэдадні дня Канстытуцыі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі прайшоў маштабны жаночы форум «Захоўваем гістарычную памяць. Ствараем найноўшую гісторыю краіны». У ім узяло ўдзел каля тысячы жанчын, сярод іх медыкі, педагогі, вучоныя, работнікі сталічных прадпрыемстваў. Ганаровымі гасцямі сталі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Таццяна Шэндзік, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч.


Фота: БелТА

Тое, што жаночы форум прайшоў напярэдадні Дня Канстытуцыі, — не выпадковасць. Жанчыны бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы і абмеркаванні Асноўнага Закона нашай краіны.

— Для нас 15 сакавіка — асаблівы дзень. Мы пачынаем работу чарговай, восьмай сесіі Савета Рэспублікі ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, — адзначыла Наталля Качанава. — Сімвалічна, што гэта адбывацца менавіта ў Дзень Канстытуцыі. Безумоўна, абноўленая Канстытуцыя — гэта новы этап у развіцці нашай дзяржавы і знакавая падзея для ўсіх нас, жыхароў Беларусі.

Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, стаўленне да жанчын у нашай краіне асаблівае. Улады, Прэзідэнт краіны заўсёды ўдзяляюць асаблівую ўвагу жанчыне-маці, жанчыне-працаўніцы, жанчыне-стваральніцы.

— Форум яшчэ раз дае магчымасць сказаць, што мы, жанчыны, — адзіныя. Мы за родную квітнеючую Беларусь, за мір і згоду, добрае стаўленне да дзяцей, сям'і і тых сямейных каштоўнасцяў, якія цяпер замацаваныя ў Канстытуцыі, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Жанчыны актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні Асноўнага Закона нашай краіны. Для ўсіх іх было важным захаванне ў Канстытуцыі духоўных і маральных традыцый, гістарычнай памяці, дадала Наталля Качанава.

Старшыня Беларускага саюза жанчын, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Богдан адзначыла, што ёсць намер зрабіць такія форумы традыцыйнымі:

— Мерапрыемствы ў падтрымку тых змяненняў, якія ўнесены ў Канстытуцыю, прайшлі па ўсёй краіне. Цяперашні форум выкажа словы падтрымкі развіццю нашай краіны, захаванню сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Фінальнымі акцыямі стануць «Жанчына года» і рэспубліканскі жаночы форум. Мы хочам зрабіць яго добрай традыцыяй Беларускага саюза жанчын.

Як адзначыла Алена Богдан, Мінская гарадская арганізацыя — адна з самых моцных у складзе Беларускага саюза жанчын. У яе шэрагах жанчыны-лідары ў розных галінах і прафесіях, незалежна ад пасад.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын, старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Чамаданава расказала пра мэты жаночага форуму.

— У беларускіх жанчын ёсць магчымасць аб'яднацца і кансалідаваць свае намаганні для таго, каб Беларусь стала яшчэ мацнейшай. Мы можам прымножыць нашы дасягненні, каб перадаць нашу суверэнную і незалежную краіну будучым пакаленням. Нездарма наш сённяшні форум называецца «Захоўваем гістарычную памяць. Ствараем найноўшую гісторыю краіны». Бо Канстытуцыя, якая 15 сакавіка набывае моц, — гэта і ёсць падмурак для далейшага развіцця нашай краіны, які мы закладваем на дзесяцігоддзі.

Вольга Чамаданава падкрэсліла, што прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын бяруць дзейны ўдзел у грамадскім жыцці і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.

— Сёння ў нас ёсць магчымасць сказаць сваё важкае жаночае слова аб тым, што мы за нашу краіну. Нам не патрэбныя войны, мы хочам жыць у мірнай і спакойнай краіне. Беларускі саюз жанчын — гэта моцная каманда, здольная браць удзел у розных праектах, мерапрыемствах і ў цэлым кансалідаваць грамадства. Лічыцца, што гэта не жаночая справа —так актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Сёння мы сустракаем шмат фэйкаў і лжывай інфармацыі, і мы гатовыя адсочваць дакладную інфармацыю і аб'ектыўна даносіць яе да беларусаў. І мы зробім усё, што ў нашых сілах, для захавання нашай суверэннай краіны, — сказала яна.

Па выніках форуму ўдзельніцы прынялі рэзалюцыю. У дакуменце ідзе гаворка аб умацаванні ролі жаночай арганізацыі, міжнароднай салідарнасці жанчын у імя ўстойлівага развіцця, бяспекі і працвітання.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.