Вы тут

Усевалад Фальскі іграў у п'есах Купалы і дапамагаў Максіму Багдановічу


Беларуская гісторыя ледзь не ўся з белых плям і забытых імёнаў...

Вось і пра аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра вельмі шмат недакладных звестак. Нарадзіўся ці сёмага сакавіка, ці восьмага, ці ў 1886-м, ці ў 1887-м... А дата і месца смерці ўвогуле ў цемры часу. Дзе вучыўся? Таксама невядома. Хіба што пацверджана, нейкі час быў студэнтам Ляснога інстытута Пецярбурга. Не ведаюць дакладна даследчыкі нават, як трапіў у тэатральны асяродак.


Усевалад Фальскі.

І фотаздымкаў практычна няма... У агульным доступе ў сеціве — невялічкі здымак, падобна як на дакумент, з яго на нас шчыра пазірае худзенькі вачасты малады чалавек з вусамі і маленькай бародкай... Гэты маленькі здымак не перадае той незвычайнай энергіі і спрыту, якімі, па водгуках сучаснікаў, ён валодаў і якія скіроўваў на карысць беларушчыны. Дый, кажуць, былі сумнівы ў навукоўцаў, што гэта правільная выява.

Быў адным з першых выканаўцаў ролі Якіма Сарокі

А нарадзіўся Усевалад Фальскі 135 гадоў таму ў Лошыцы. Сёння гэта частка Мінска, а калісьці было прадмесце, што належала напрыканцы XІX стагоддзя пану Любанскаму. Захавалася знакамітая Лошыцкая сядзіба, дзе з'яўляецца прывід пані Ядвігі Любанскай, што патанула ў рэчцы Лошыцы...

Якраз тады, калі здарылася сямейная драма Любанскіх, лошыцкі хлопец Усевалад Фальскі далучыўся да беларускага культурнага адраджэння. Цалкам магчыма, што менавіта падчас вучобы ў Пецярбургу, дзе быў моцны беларускі культурніцкі асяродак, недарэмна і адна з першых пастановак Купалавай «Паўлінкі» адбылася там, сыграная сіламі беларускіх студэнтаў.

Мы ўсе ведаем адну з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі — Паўліну Мядзёлку, гарэзную дзёрзкую прыгажуню. А вось каханага Паўлінкі, Якіма Сароку, у знакавай пастаноўцы, што адбылася ў Радашковічах у жніўні 1913-га, сыграў Усевалад Фальскі.

Яму пасля не раз прыйдзецца іграць у гэтай п'есе, але менавіта ягонае выкананне ролі пана Адольфа Быкоўскага называлі бліскучым.

Яго ўпікалі за аматарства

Тэатр, мастацтва зацягвае... Фальскі іграе шмат, але нярэдка яго ўпікаюць у тым, што ён непрафесіянал. З Лясным інстытутам — на сцэну?

Язэп Дыла ў сваіх успамінах пра стварэнне Фларыянам Ждановічам у 1913 годзе беларускага артыстычнага гуртка піша, што туды «апрача самога Ждановіча, увайшлі артысты Акуліч і Валэйка, артысткі Т. Русеччанка і А. Ліпнічанка, якія пакінулі польскую сцэну, і такія здольныя аматары, як У. Фальскі, і іншыя».

Яшчэ згадка з успамінаў Дылы: «14 студзеня 1918 года ў клубе Лібава-Роменскай чыгункі ішла «Паўлінка» Я. Купалы. Рэцэнзент газеты адзначыў добрую ігру А. Крыніцы (бацька Паўлінкі), М. Зароснай (Паўлінка), В. Тарасік і М. Шут, якія ігралі старых кабет... Пра Усевалада Фальскага (Якім) пісалася, што яму «прыходзіцца пажадаць больш натуральнасці».

«2 красавіка 1918 года трупа таварыства паставіла ў «Беларускай хаце» п'есы «Паўлінка» і «Міхалка». Збор быў бадай што поўны, і артыстаў прымалі цёпла. Рэцэнзент адзначыў добрую ігру Ф. Ждановіча (Якім) і П. Мядзёлкі (Паўлінка). А У. Фальскаму (Адольф) даў параду: «Варта было б больш папрацаваць над роллю».

Фальскі быў не толькі артыстам, але і хормайстрам. Ва ўспамінах пра «Беларускую хатку» Людвікі Сівіцкай, яна ж паэтка Зоська Верас, ёсць згадка: «Фальскі прыходзіў са сваім хорам на рэпетыцыі. Невялікі спачатку хор штораз больш разрастаўся. Не вучона, не прафесіянальна, скромна, па-аматарску, але з цэлага сэрца стараючыся, пяялі: «Рабінка-рабіначка», «А ў лесе ў гушчары калыхалісь камары», «Камар лазню тапіў...» і г. д.»

І вось, здаецца, прыязны водгук — але і тут «не прафесіянальна, скромна, па-аматарску»... Думаецца, Усевалад Фальскі хацеў змяніць такое стаўленне, бо ў 1915 годзе, ужо сталым, скончыў мінскае музычнае вучылішча Рубінштэйна — вядомага скрыпача, які кіраваў мінскім сімфанічным аркестрам.

Але былі не толькі скептыкі... Тое, што рабіў Фальскі, выклікала шчырае захапленне. Вось як апісвае відавочца выступленне яго хору на Першым усебеларускім з'ездзе: «В это время позади председательского стола становится белорусский хор. ...Красивые молодые лица, изящные национальные костюмы производят чарующее впечатление. ...Управляет хором т. Фальский, вкладывающий в любимое дело всю свою душу... Поистине родной наш хор очаровал всех присутствующих».

Першае беларускае таварыства драмы і камедыі.

Артысты выбралі яго старшынёй беларускай трупы

Можа, як артыст і хормайстар Фальскі і быў у вачах некаторых аматарам, але арганізатарам па агульным меркаванні з'яўляўся бліскучым. Вось як распавядае пра стварэнне Першага беларускага тэатральнага таварыства тая ж Зоська Верас... У гасцях яна пазнаёмілася з Фларыянам Ждановічам, той узяўся праводзіць Людвіку. «У дарозе ён праінфармаваў мяне аб сваіх планах: хоча астацца ў Менску і арганізаваць беларускую трупу. Ці ж магла быць лепшая навіна! Ён пачаў падрабязна знаёміць мяне са сваімі думкамі, але я яго перапыніла: «У гэтай вельмі цікавай справе я Вам нічога дапамагчы не магу. Прыходзьце ў суботу ў Беларускую хатку на суботнік. У нас ёсць невялікі хор, арганізаваў яго Фальскі. Я пэўная, што сябры хору змогуць быць падставай трупы».

Ждановіч згадзіўся з маёй прапановай, прыйшоў на суботнік, пазнаёміўся з Фальскім, Галубком і іншымі. У хуткім часе праца ў іх закіпела».

А вось пра тую ж падзею піша Язэп Дыла: «1 мая 1917 года адбыўся агульны сход усёй артыстычнай трупы з удзелам Ігната Буйніцкага, які прыехаў у Мінск. Яго выбралі кіраўніком таварыства, рэжысёрам жа трупы — Ф. Ждановіча, а гаспадаром-адміністратарам — У. Фальскага...» А калі трупа рэарганізавалася, «Старшынёй сваім трупа выбрала У. Фальскага, скарбнікам — А. Крыніцу, сакратаром — Янку Беларуса. Мастацкім кіраўніком і рэжысёрам заставаўся Ф. Ждановіч».

Фальскі быў чалавекам аўтарытэтным і надзвычай актыўным... У студзені 1919 г. нават узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі — фактычна стаў першым беларускім савецкім міністрам замежных спраў. У 1921 г.
быў прызначаны на пасаду намесніка загадчыка аддзела мастацтваў, а яшчэ цягнуў абавязкі вучонага сакратара Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы БССР. Калі давялося жыць у Маскве — спрыяў утварэнню там беларускай тэатральнай студыі. У 1920-м стаў адным з кіраўнікоў тэатральнай секцыі клуба «Беларуская хатка», а літаратурнай секцыяй там, між іншым, кіраваў Якуб Колас.

Апекаваўся бяздомнымі дзецьмі і Максімам Багдановічам

Але Фальскі быў не проста палітыкам — шчырым беларусам і чулым чалавекам. У часы Першай сусветнай стаў сябрам Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Працавала ў тым таварыстве і Зоська Верас. Вось што яна ўспамінае: «Апошнія месяцы ў Менску былі для мяне страшэнна цяжкія: мама мая хварэла, ляжала ў шпіталі, а я чулася такая загубленая, адзінокая. Хоць, праўда, Фальскі і Ксеня Сцяпанаўна ні на хвіліну мяне не пакідалі і мамай маёй апекаваліся».

Пры Таварыстве адкрылі і дзіцячы прытулак, загадвала якім Зоська Верас. Яна піша, як з Фальскім куплялі для прытулку і самі цягалі ложкі, бялізну, посуд, як Фальскі выстараўся сродкі ў Таццянінскім камітэце, з якой цяжкасцю ўдавалася даставаць для дзяцей прадукты.

А калі па запрашэнні Беларускай хаткі мусіў у Мінск прыехаць Максім Багдановіч, таксама не абышлося без дапамогі Фальскага. Зоська Верас успамінае: «Сардэчны, скромны і просты, М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок».

Малады паэт з задавальненнем далучыўся да беларускага культурніцкага жыцця: «вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай: М. Багдановіч, Фальскі, Смоліч, часта Ядвігін Ш., Галубок, я...»

Дарэчы, улюбёнай песняй Багдановіча стала песня «Рабіна-рабіначка» з рэпертуару хору Фальскага.

Менавіта Фальскі быў і адным з тых, хто знаходзіў сродкі, каб адправіць хворага Багдановіча на лячэнне ў Крым. Хто ведаў, што гэта падарожжа станецца апошнім…

Беларуская хатка.

Цярпеў нападкі з-за «нясціплых паводзінаў» жонкі і сястры

У навастворанай беларускай савецкай рэспубліцы Фальскі ўзяўся за вялікую працу... У Наркамаце асветы арганізоўваў выступленні тэатральных калектываў, займаўся камплектацыяй музеяў і тэатраў каштоўнымі артэфактамі... А яшчэ абараняў беларускіх творцаў ад беспадстаўных нападак, выбіваў дапамогу для тых, хто ў нястачы. Газета «Звязда» 3 чэрвеня 1921 года апублікавала ягоны адказ на адзін з крытычных артыкулаў: «Папрокі на адрас работнікаў мастацтваў у тым, што яны ў першую чаргу ставяць пытанне пра харчаванне... няправільныя; што ж тычыцца таго, што работнікам мастацтваў паўсюдна, у тым ліку і мне, даводзіцца галадаць пры паездках — гэта верна».

Між тым нацыянальна арыентаваныя кадры рабіліся для сістэмы непатрэбнымі і небяспечнымі... «в подотделе «Тео» числится на службе много лиц — актеров чуждых театру» — дакладвае прэзідыум прафсаюза работнікаў мастацтваў Мінгубаддзелу. На старонках той жа «Звязды» крытыкуецца рэпертуар мінскіх тэатраў, які складаецца «ў адрыве ад задач Галоўпалітасветы». Нарэшце дайшло да таго, што надрукавалі пасквіль пра тое, што на спектаклі ў Дзяржтэатры жонка і сястра Фальскага праявілі «дробнабуржуазныя паводзіны», бо адна сядзела ў ложы Саўнаркама, другая — Наркамасветы, хаця мелі «к этим учреждениям... лишь очень отдаленное отношение». Пры гэтым жонка Фальскага была даволі прыкметнай супрацоўніцай Наркамасветы, увосень 1921 года мусіў выйсці падрыхтаваны ёю зборнік беларускіх казак і гульняў. Не выйшаў.

14 чэрвеня 1921 г. Фальскі бярэ ўдзел у сходзе беларускіх літаратараў, мастакоў і артыстаў супраць польскага гвалту ў Заходняй Беларусі. Робіць даклад «о насилии польских панов над белорусской культурой и искусством и над их творцом — Белорусским трудовым народом». Па іроніі лёсу праз тры месяцы яго арыштуюць як польскага шпіёна.

Далей была Смаленская катаржная турма, высылка, праца за межамі Беларусі... Мара пра вяртанне на радзіму.

Як і калі памёр Фальскі? Ёсць меркаванне, што быў расстраляны ў 1937-м. 6 жніўня 1996 г. быў рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дыпламат з Лошыцы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.