Вы тут

Бумеранг вярнуўся. Чаму ўласныя санкцыі жорстка ўдарылі па Прыбалтыцы?


Прыбалтыйскія прадпрымальнікі разважаюць аб стане транзітнай галіны Літвы, Латвіі і Эстоніі ў апакаліптычных выразах. Паказчыкі грузаабароту, якія змяншаліся шмат гадоў, зараз увайшлі ў крутое піке, адзначыў аналітычны партал RuBaltіc. «Цяпер любыя калькуляцыі бессэнсоўныя. Разглядаем самы цяжкі варыянт: бяром «увесь транзіт роўны нулю» і з гэтага зыходзім», — адзначыў старшыня праўлення Латвійскай асацыяцыі лагістыкі Нормунд Круміньш. Выраз «транзіт роўны нулю» сёння тыповы. Менавіта ў такіх тэрмінах у Прыбалтыцы зараз гавораць аб стане марскіх партоў, чыгункі і перавозак грузавым аўтатранспартам. Калі да гэтага дадаць рэзкі рост цэн на энерганосьбіты і прадукты харчавання, а таксама змяншэнне рэальных заробкаў у выніку імклівай інфляцыі, то сітуацыя выглядае катастрафічнай. Гэта шмат у чым вынік абмежаванняў у адносінах да Беларусі і Расіі, якія прыбалтыйскія краіны не толькі падтрымалі, але і пашырылі па ўласнай ініцыятыве. Атрымалася, што сабе ва ўрон. Агрэсіўная рыторыка Літвы, Латвіі і Эстоніі падкрэслівае іх няздольнасць прадбачыць наступствы санкцыйнай палітыкі, да якой яны заклікаюць і актыўна ажыццяўляюць, заўважыла бельгійскае выданне Modern Dіplomacy. Чаму ўласныя санкцыі жорстка ўдарылі па Прыбалтыцы?


Апендыкс Еўрасаюза

Тое, што цяпер адбываецца ў плане перавозак, гэта катастрофа, заўважыў член праўлення асацыяцыі Latvіjas Auto Аляксандр Чаркасаў. Тое ж самае могуць сказаць прадстаўнікі іншых галін транспарту ў Прыбалтыцы. Марскія парты ў найбліжэйшыя месяцы чакаюць рэкорднага падзення грузапатоку. Так, грузаабарот Рыжскага порта ў Латвіі, паводле прагнозаў эканамістаў, можа абваліцца амаль на трэць.

Гэтак жа сама зрабілі і ў суседняй Літве. Не паспеў яшчэ літоўскі порт у Клайпедзе акрыяць ад страты транзіту беларускіх угнаенняў, як Вільнюс забараніў заходзіць туды і расійскім суднам. Тут прагназуецца двухразовае падзенне тавараабароту і пачаліся масавыя скарачэнні персаналу.

Рэзка пагоршылася сітуацыя ў грузавой авіяцыі. Аэрапорт Рыгі пазбавіўся большасці транзітных грузаў, якія ішлі з Кітая. Міністэрства зносін Латвіі прагназуе падзенне грузаабароту Латвійскай чыгункі практычна на 90 працэнтаў. І ва ўсіх без выключэння выпадках прычына лагістычнай катастрофы адна: санкцыі супраць Расіі і Беларусі. 61,2 працэнта грузаў, якія перавозіла Латвійская чыгунка, складалі расійскія і 27 % — беларускія. Нарабіла шуму прапанова тутэйшага інвестыцыйнага банкіра Гіртса Рунгайніса. Ён параіў увогуле... разабраць чыгуначныя пуці, якія вядуць з Латвіі ў Расію, з-за непатрэбнасці.

Транзітныя патокі з Кітая ішлі ў рыжскі аэрапорт для наступнай транспарціроўкі ў Расію. Праз Рыгу тавары вазілі расійскія кампаніі-аператары, якія зараз трапілі пад санкцыі. Нядзіўна, што латвійская сфера грузаперавозак на мяжы банкруцтва. Пра гэта распавёў член праўлення асацыяцыі Latvіjas Auto Аляксандр Чаркасаў, паведаміў партал Rus.LSM.lv. Вазіць праз усходнюю мяжу практычна няма чаго, бо санкцыйныя абмежаванні — гэта 140-старонкавы дакумент са спісам забароненых тавараў.

«Тое, што зараз адбываецца ў плане перавозак, — катастрофа», — заявіў Аляксандр Чаркасаў. Ён растлумачыў, што асацыяцыя Latvіjas Auto стваралася як бізнес перавозчыкаў з трэцімі краінамі — Украінай, Беларуссю і Расіяй. У сённяшніх умовах працаваць практычна немагчыма. Аляксандр Чаркасаў адзначыў, што кадравы голад, які існаваў раней у галіне, пагоршыўся новымі абмежаваннямі адносна грамадзян трэціх краін. У большасці латвійскіх транспартных кампаній звыш 50 % кіроўцаў — расіяне, беларусы, узбекі і ўкраінцы. «Цяпер Еўрасаюз прыняў санкцыі, але яны не датычыліся працоўных віз. А Латвія — адна з нямногіх краін, якая прыняла забарону і па працоўных візах таксама. Калі ў кіроўцы (не грамадзяніна Латвіі. — Рэд.) заканчваецца віза, мы яго павінны звальняць «, — растлумачыў член праўлення асацыяцыі.

Акрамя таго, што вадзіць няма каму і вазіць няма чаго, дадаліся праблемы з аплатай паслуг. Прычым не толькі за бягучыя перавозкі, але і за тыя, якія былі зроблены раней. У асацыяцыі гавораць, што краіны Балтыі без транзіту стануць своеасаблівым апендыксам Еўрасаюза, а заняпад транзітнай інфраструктуры нанясе вялікую шкоду эканоміцы краіны.

У Прыбалтыцы транзіт — гэта грузапатокі з усходу і на ўсход. Усе аповеды аб тым, што нехта будзе вазіць праз яе вялікія таварныя партыі з Фінляндыі ў Польшчу, даўно абвергнуты жыццём. «Гэтая галіна ў Прыбалтыцы няўхільна дэградавала з-за стасункаў балтыйскіх краін, якія бесперапынна пагаршаюцца, са сваімі ўсходнімі суседзямі — Расіяй і Беларуссю. Сёння яна імкліва памірае з-за аб'яўленай Расіі «татальнай эканамічнай вайны». Гэтага рыкашэту ад палітыкі «пякельных санкцый» не тое каб ніхто не бачыць — ніхто не лічыць гэта настолькі значнай з'явай, каб звяртаць на яго ўвагу», — заўважыў RuBaltіc.

Прадукты становяцца раскошай

Сумяціца і блытаніна назіраюцца і ў іншых сферах. Так, гандлёвыя сеткі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Прыбалтыкі, спешна пазбаўляюцца ад прадуктаў расійскай і беларускай вытворчасці, забіраючы іх з продажу. Пры гэтым, як адзначаюць мясцовыя жыхары, з продажу імкліва знікаюць соль, рыба, харчовая сода.

Пакутуюць і сельгасвытворцы. У Эстоніі фермеры скардзяцца, што больш не могуць па звыклых каналах закупляць мінеральныя ўгнаенні, трактары і кармы для сельскагаспадарчых жывёл. Усе гэтыя незаменныя кампаненты забяспечвалі краіны, якія трапілі пад санкцыі, растлумачыў старшыня праўлення Сельскагаспадарча-гандлёвай палаты Эстоніі Роамет Сырмус.

Кіраўнік Agrokoncerno Grudaі (група кампаній «Аграканцэрн») Караліс Шымас заявіў, што літоўскія фермеры ў разгубленасці. Яны не ведаюць, ці варта прадаваць ім леташні ўраджай, фіксаваць новыя закупачныя цэны. Галоўнае пытанне, якое іх турбуе: «Што будзе з угнаеннямі?». Кіраўнік асацыяцыі звярнуў увагу, што калі ўлады не прымуць неадкладныя меры, то свінагадоўля і гадаванне буйной рагатай жывёлы могуць абрынуцца.

Шымас прызнаў, што цяперашнімі тэмпамі прадукты ў Літве падаражэюць да такой ступені, што стануць прадметам раскошы. «Падаражанне прадуктаў, звязанае з павелічэннем цаны на энергарэсурсы, якое павінна скласці 20—30 працэнтаў, ужо адбываецца. Прадукты, якія яшчэ не трапілі на прылаўкі, ужо даражэюць, і цана на іх павялічваецца», — сказаў кіраўнік Літоўскай асацыяцыі перапрацоўшчыкаў прадуктаў Эгідзіюс Мацкявічус. Паводле яго слоў, дагэтуль палітыкі не заўважалі харчовую прамысловасць.

«Экспарт угнаенняў будзе абмежаваны, у дачыненні да Беларусі дзейнічаюць санкцыі... Усё гэта паўплывае не на алоўкі і канцтавары, а на прадукты харчавання — і яны будуць даражэць, — заўважыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю парталу Delfі.lv. — Я не хачу палохаць, але так будзе. Тут не трэба быць вялікім аракулам, каб зразумець, што сёлета інфляцыя чакаецца ў некалькі разоў вышэйшая, чым планавалася», — сказаў Гітанас Наўседа. Паводле яго слоў, плануецца рост інфляцыі ў 2,5 раза. «Не трэба чакаць, калі адчувальны ўплыў інфляцыі ў поўнай меры, трэба апярэдзіць яго. Хоць, па праўдзе кажучы, гэта ўжо немагчыма, паколькі людзі некалькі месяцаў аплачваюць рахункі за ацяпленне», — лічыць Наўседа.

У Эстоніі такога імклівага росту цэн на прадукты яшчэ не было. Эканаміст Банка Эстоніі Сулеў Пэрт заўважыў, што кошык спажыўца ў параўнанні з леташнім паказчыкам пацяжэў на 12 %. Рост цэн на энергію дасягнуў 36 працэнтаў, цэны на прадукты харчавання ўзняліся на 11 працэнтаў і на паслугі павялічыліся на 6,3 працэнта. «Хуткі рост цэн на прадукты і энергію памяншае спажывецкія магчымасці гаспадарак. На набыццё тавараў шырокага спажывання і паслуг застаецца ўсё менш грошай», — заўважыў эканаміст.

Рэзкае павышэнне цэн на прадукты адзначаецца і ў Латвіі. Такога значнага росту тут не назіралася на працягу апошніх дзесяці гадоў. І эксперты пакуль не могуць вызначыць, на якім узроўні ён спыніцца. «Цэны на прадукты харчавання ў Латвіі ў найбліжэйшы час працягнуць павялічвацца», — заявіла ў эфіры «Латвійскага Радыё» кіраўнік аддзела садзейнічання сельскагаспадарчаму рынку рыжскага Інстытута аграрэсурсаў і эканомікі Інгуна Гулбе. Паводле яе слоў, вырастуць цэны на ўсе харчовыя тавары, бо ніводзін з кампанентаў, якія неабходныя для вытворчасці прадуктаў, не становіцца таннейшым. Гулбе заўважыла, што «жыхары Латвіі актыўна скупляюць соль, грэчку, макароны і рыс».

«Акрамя таго, што аднаўленне гандлю ў найбліжэйшы час застаецца сумнеўным, крызісная сітуацыя можа перашкодзіць пасяўной, што паўплывае на ўраджай наступнага года», — адзначылі ў Еўракамісіі.

Закупляюцца ў Беларусі

Між тым удвая павялічыўся паток іншаземцаў, якія накіроўваюцца на ўезд у Беларусь праз пункт пропуску «Беняконі». Яны скупляюць таннейшыя беларускія тавары. Такую інфармацыю БелТА агучылі беларускія пагранічнікі. «Літоўскі бок часова прыпыніў ковід-абмежаванні на перасячэнне граніцы, у сувязі з гэтым мы фіксуем двухразовае павелічэнне патоку іншаземцаў, якія накіроўваюцца на ўезд у нашу краіну на законных падставах», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Лідскага пагранічнага атрада Міхаіл Кузняцоў.

Як адзначыў начальнік мытнага паста «Беняконі» Ігар Сцепанчук, за суткі было аформлена больш за сотню легкавых замежных транспартных сродкаў. «Масава вывозяць з Рэспублікі Беларусь аўтамабільнае паліва, прадукты харчавання беларускай вытворчасці, бялізну. Кажуць, што прадукцыя беларускай вытворчасці больш якасная, а прадукты — натуральныя. Акрамя класічнага набору тавараў, вывозілася практычна ўсімі грамадзянамі па 4-5 кілаграмаў солі. Са слоў пасажыраў, гэты тавар, як і многія іншыя, істотна падаражэў у Літве», — адзначыў Ігар Сцепанчук.

У мясцовай краме па дарозе да пункта пропуску працуюць у штатным рэжыме. «Да нас з Літвы ўвесь час прыязджаюць. Купляюць цукар, муку, соль, малочныя прадукты. Але тавар у нас ёсць увесь час», — распавяла прадавец Таццяна Гаўрылюк.

Да крамы ў гарадскім пасёлку Воранава перыядычна пад'язджаюць машыны з літоўскімі нумарамі. Адна з пакупніц распавяла, што ў Беларусь прыехала з сынам, таму што месяц таму ў яе памерла маці. І, атрымаўшы патрэбны дазвол у Дзяржпагранкамітэце, яны змаглі прыехаць у Беларусь на могілкі. Таксама вырашылі купіць прадукты і заправіцца.

«Кожны жыве на свой заробак. І калі цана раней на паліва ў нас у Літве была паўтара еўра, то зараз больш чым два. Як быць? А сыну кожны дзень трэба запраўляцца, ён вучыцца ў Вільнюсе. Розніца ў цане з вашымі цэнамі відавочная», — падзялілася жыхарка Літвы.

Відавочна, што запушчаныя прыбалтыйскімі дзяржавамі санкцыі, як мы і прагназавалі, па «законе бумеранга» да іх вярнуліся. У выніку дзеянняў улад пацярпелі простыя жыхары. Мяркуючы па росце пратэсных настрояў, яны ўжо зрабілі свае высновы.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.