Вы тут

Пытанне электрыфікацыі жылля шматдзетнай сям’і ўзяў на кантроль Іван Крупко


Праблемы, што хвалююць жыхароў Гомельшчыны, старшыня аблвыканкама разгледзеў падчас прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян ў Рэчыцы.


Фота: БелТА

Так, да кіраўніка рэгіёну з просьбай дапамагчы звярнулася шматдзетная маці. Праблема, патлумачыла жанчына, у немагчымасці падключэння іх дома да сетак камунікацый. Сям’я будавалася і за ўласныя грошы, бралі для будоўлі і крэдыт. 

— Мы былі прызнаныя тымі, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2016 годзе атрымалі ў вёсцы Броннае ўчастак. Тады ж звярнуліся з пытаннем электрыфікацыі. Але да гэтага часу нічога не вырашана. Быў і калектыўны ліст, — распавяла жыхарка Рэчыцы.

Даць тлумачэнні па складзенай сітуацыі Іван Крупко папрасіў прадстаўнікам раённых уладаў. Як патлумачылі, участак быў выдзелены пад ушчыльняючую забудову і на падключэнне да існуючых сетак камунікацыі. Была распрацавана схема ўчасткаў, заключылі дагавор на дэталёвы план сядзібнай забудовы, але сутыкнуліся з тым, што населены пункт не мае горадабудаўнічага пашпарта. 

— Навошта выдавалі ўчасткі, калі няма камунікацый? — адрасаваў пытанне Іван Крупко. — Спачатку трэба зрабіць сеткі, потым даваць участкі тым, хто мае ў гэтым патрэбу. На працягу года людзі павінны засяліцца. Каб усе камунікацыі былі падведзены. Навядзіце парадак! — даў канкрэтнае даручэнне кіраўнік вобласці.

Па словах старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Гайкевіча, з 3 сакавіка бягучага года працэдура атрымання дазвольнай дакументацыі спрасцілася, і гэта дазволіць паскорыць вырашэнне складзенай сітуацыі. Цяпер жа губернатар паставіў задачу адказным службам пакрокава распісаць і патлумачыць, як будзе вырашана пытанне забудоўшчыкаў.

— Прымем усе меры, каб у гэтым годзе вы змаглі падключыцца да ўсіх камунікацый, — запэўніў шматдзетную маці з Рэчыцы Іван Крупко.

Між тым са зваротам да старшыні аблвыканкама звярнулася прыватны прадпрымальнік з Гомеля. Жыхарка абласнога цэнтра ўпэўненая, «дарожнае пытанне» на цэнтральнай вуліцы сацыяльна значнае.

— Былі блакіраваны ўсе раней існуючыя бяспечныя пад’язныя шляхі для абслуговага транспарту да магазінаў крокавай даступнасці. Мае інтарэсы і інтарэсы іншых уласнікаў не былі ўлічаны. Пакуль вялікія крамы растуць як грыбы, маленькія зачыняюцца адна за адной. Часта крамы крокавай даступнасці зачыняюцца менавіта з-за адсутнасці пад’язных шляхоў, што і адбылося з маёй крамай на вуліцы Савецкай. Пытанне актуальнае і для іншых невялікіх гандлёвых кропак, якія знаходзяцца побач, — распавяла прадпрымальнік.

Гамяльчанка апісала сваё бачанне сітуацыі, што склалася ў 2019 годзе: пасля будаўніцтва гандлёвага цэнтра каля прадпрыемства «Святлотэхніка» былі кардынальна перапланаваны і змененыя пад’язныя шляхі да прыдарожнай зоны, перагледжаны палосы руху транспарту па вуліцы. Прадпрымальнік папрасіла разгледзіць магчымасць вяртання ранейшага заезду на прыдарожную тэрыторыю або арганізаваць паварот налева, каб улічыць не толькі інтарэсы суседняга гіпермаркета, але і ўладальнікаў дробных гандлёвых кропак, а таксама кіроўцаў і пешаходаў.

Разабрацца дэталёва ў сутнасці Івану Крупко дапамог начальнік УДАІ УУС аблвыканкама Андрэй Гаркуша. Як было адзначана, гэтае пытанне неаднаразова разглядалі ў ДАІ. Адназначна, змяніць схему арганізацыі руху на гэтым участку нельга ў мэтах бяспекі, растлумачыў кіраўнік ведамства. Раз’езд адпавядае ўсім існуючым стандартам. Андрэй Гаркуша падкрэсліў, што ўчастак дарогі няпросты, на ім дастаткова буйная развязка, вельмі інтэнсіўны рух не толькі транспарту, Але і пешаходаў.

— Галоўнае пытанне — бяспека, — асабліва падкрэсліў губернатар. 

Кіраўнік вобласці даручыў гарадскім уладам надаць максімум увагі камфорту і знешняму выгляду пешаходнай зоны на шляху руху людзей са слабым зрокам і невідушчых людзей да прыпынку грамадскага транспарту. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.