Вы тут

Калі згубілі любімую цацку...


Алісе на дзень нараджэння падарылі чорна-белага плюшавага сабачку. Дзяўчынка паўсюль насіла яго з сабой, карміла, мыла. Нават калі клалася спаць, не расставалася з Крэзам. Не так даўно малая разам з мамай паехала ў гандлёвы цэнтр, дзе, хутчэй за ўсё, і згубіла свайго сябра. Вельмі моцна расстроілася, прачыналася сярод ночы са слязамі: «Ён там адзін недзе ляжыць. Як я магла яго не даглядзець?». Часта страта любімага цацачнага сябра становіцца сур'ёзным стрэсам для дзіцяці. Як рэагаваць на слёзы з гэтай нагоды і чым рэальна можна дапамагчы? Разбіраемся з дзіцячым пісхолагам Людмілай ГУБСКАЙ.


Фота: pixabay.com

— Спачатку падаецца пацешным і мілым, што дзіця выбірае пастаянна адну і тую ж цацку. Але паступова гэта можа перарасці ў татальную залежнасць. У прыватнасці, бацькам даводзіцца вяртацца за 50 кіламетраў, каб забраць забытага мішку ў бабулі, бо малеча ніяк не можа супакоіцца. Таму, пачынаючы з самага маленькага ўзросту, перыядычна забірайце ў дзіцяці любімую цацку пад маркай, што «трэба яе памыць», «зашыць дзірачку», «прывязаць новую стужачку». На гэты час дайце яму іншую ляльку.

Калі дзіця ўсё ж згубіла любімую цацку, першае, што трэба зрабіць, гэта пачаць яе шукаць. Паказваць, што нам важна, тое, што важна для дзіцяці. Рабіце ўсё, што ад вас залежыць. Расклейвайце аб'явы, прайдзіцеся па маршруце, якім гулялі ў той дзень. Калі пераканаліся, што цацка канула ў Лету, ёсць розныя спосабы суцешыць дзіця. У маёй практыцы была сітуацыя, калі малеча ўпусціла любімую ляльку ў ваду з мосціка. У гэтым выпадку раю расказваць казачку пра новае жыццё цацак, любую, якую бацькі паспеюць прыдумаць.

Адна мама прыдумала гісторыю з пераўвасабленнем. Напісала дачцэ ліст ад імя цацачнага коціка: «Мяне зачараваў чараўнік, і ты павінна пазнаць мяне ў краме цацак, сэрца табе падкажа. Я буду іншым катом, але буду гэтак жа моцна любіць цябе». Паводле слоў псіхолага, з апошнім метадам трэба быць вельмі асцярожнымі. Бо верыць у чараўніцтва дзеці пачынаюць пасля 4 гадоў. Да гэтага падобная гісторыя можа выклікаць павышаную трывожнасць дзіцяці, напужаць яго.

Некаторыя бацькі спрабуюць адцягнуць увагу, развесяліць сваё дзіця. «Падумаеш, яшчэ будуць новыя цацкі», «Знайшоў чаго плакаць, гэта ж усяго толькі цацка». Тым самым абясцэньваюць дзіцячае гора. Найлепшае рашэнне ў такой сітуацыі — даць дзіцяці магчымасць выплакацца, пагараваць, пасумаваць. Гэта вельмі важна. Знайдзіце час і сілы раздзяліце з ім страту, паспачувайце. Яшчэ гэта цудоўная магчымасць пагаварыць пра тое, як цяжка страчваць кагосьці, нават калі ён плюшавы. Дазваляючы дзіцяці плакаць, дарослыя даюць яму шанц навучыцца з павагай ставіцца да чужых пачуццяў, адчуваць боль, а не рабіць выгляд, што ўсё добра, быць верным блізкім людзям. Паплакаўшы, ён суцешыцца і будзе гатовы да чагосьці новага. Да таго ж у яго застанецца каштоўны вопыт — гора, падзеленага з блізкім чалавекам (а не татальнай адзіноты ў цяжкі момант), і памяць аб тым, што было яму па-сапраўднаму дорага.

І яшчэ адзін важны момант. Часам дзіця ва ўсім пачынае вінаваціць сябе. Лічыць, што дрэнна клапацілася пра свайго сябра. Тут вельмі важна патлумачыць, што падобная сітуацыя магла здарыцца з кім заўгодна. Падтрымаць, сказаўшы: «Ты быў вельмі добрым гаспадаром для цацкі, таму яна столькі часу з табой была. Калі б не так, дык яна б зламалася адразу, як толькі табе яе падарылі».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».