Вы тут

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік неаднойчы прыходзіў на дапамогу людзям


Як пазбегнуць пажару? Як засцерагчы маёмасць ад агню і захаваць чалавечае жыццё? Вогненная стыхія бязлітасная. Нездарма ў народзе кажуць: «Злодзей пройдзе — сцены пакіне, агонь пройдзе — усё забярэ».


11 лютага адбыўся пажар у доме шматдзетнай сям'і ў аг. Макраны Маларыцкага раёна. Дома знаходзілася трое дзяцей: 13-гадовы Багдан і дзве яго сястрычкі — шасцігадовая Паліна і трохгадовая Ева. Раніцай, калі бацькі былі на працы, спячых дзяцей абудзіў непрывычны гук. Гэта спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА) у адказ на задымленне ў доме. Хлопчык хутка выявіў ачаг узгарання і не разгубіўся: разбіў акно і разам з дзяўчынкамі вылез на вуліцу. Дзякуючы АПА дзеці засталіся жывыя.

17 лютага ўвечары ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў в. Хачэнь Жыткавіцкага раёна. У доме пражываюць маці і сын 1998 г. н. На момант узнікнення пажару сын гаспадыні знаходзіўся ў адным з пакояў дома. Пачуўшы гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, малады чалавек выявіў загаранне ў суседнім пакоі. Сын і маці хутка пакінулі дом і выклікалі ратавальнікаў.

Гэтыя надзвычайныя сітуацыі маглі скончыцца больш трагічна, як і многія іншыя, калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Асабліва небяспечны агонь ў начны час, калі ён можа хутка і бясшумна знішчыць не толькі маёмасць, але і чалавечае жыццё.

Сёння апавяшчальнік з'яўляецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў папярэджання гібелі людзей ад пажараў — рэагуе на дым на ранняй стадыі загарання. Набыць яго можна ў магазіне, звычайна ў гаспадарчым аддзеле. І ўстанавіць у сваім жыллі самастойна. Да таго ж не патрабуецца падключаць прыбор да электрычнай сеткі. Працуе апавяшчальнік ад батарэйкі, якой хапае прыкладна на год. АПА ўстанаўліваецца ў жылых памяшканнях на гарызантальнай паверхні столі, пераважна ў цэнтральнай частцы, дзе адбываецца рух паветраных патокаў — як правіла, дым узнімаецца да столі і далей распаўсюджваецца ўздоўж яе. Корпус прыбора варта чысціць ад пылу пыласосам ці фенам не радзей чым адзін раз на год. Сігнал святлодыёда чырвонага колеру, які мігціць, размешчаны на корпусе апавяшчальніка і сведчыць пра яго спраўнасць і знаходжанне ў рабочым рэжыме. Пры выяўленні задымлення аўтаномны пажарны апавяшчальнік падае гукавы сігнал з пастаянным свячэннем святлодыёда. Як праверыць спраўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка? На корпусе прыбора ёсць кнопка тэсціравання, націснуўшы на якую, вы пачуеце гукавы сігнал. Гэта азначае, што прыбор спраўны, зарада батарэйкі дастаткова.

Каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад пажараў, больш мэтазгодна прыняць меры загадзя.

Марына ВАСІЛЕЎСКАЯ, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС

Загаловак у газеце: Папярэдзіць і выратуе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».