Вы тут

«Пасхалку» Маці-Гісторыі адгадалі мазырскія падлеткі


Як пажаўцелы кавалак кардону можа распаліць цікавасць дзяцей да даўно забытых старонак гісторыі роднага горада? Настаўнік і яе вучні з Мазыра правялі цэлае краязнаўчае расследаванне. Так старая савецкая паштоўка натхніла ўзяцца за гісторыка-патрыятычны праект: зняць міні-фільм і паспрабаваць сябе ў ролі скульптараў.


Дэталі гэтага сапраўднага краязнаўчага дэтэктыва раскрывае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 12 Мазыра Ірына ФРАЛОВА:

— Мы з вучнямі, якія любяць вывучаць гісторыю, бяруць удзел у алімпіядах па гэтым прадмеце, шукалі аб'ект, мазырскую гістарычную славутасць, каб прадставіць у якасці 3D-праекта, макета. Такую работу рыхтавалі на раённы конкурс па захаванні культурна-гістарычных каштоўнасцяў «Мазыршчына — Гомельшчына — Беларусь». Сярод старых паштовак Мазыра, што захоўваюцца доўгі час у нашым школьным кабінеце гісторыі, разам з вучнямі адшукала фатаграфію помніка. Але справа ў тым, што ніхто з нашых сучаснікаў-гараджан ніколі аб ім не чуў і не бачыў яго ў Мазыры.

Подпіс на паштоўцы вёў на мазырскую вуліцу М. В. Фрунзэ. Пасля ўрокаў Ірына Уладзіміраўна разам з вучнямі адправілася па адрасе, але помніка яны нідзе не знайшлі. Інтарэс разгадаць загадку гісторыі роднага горада ў дзяцей толькі распаліўся, працягвае настаўнік:

— Пошук у інтэрнэце нічога не даў. Звярнуліся ў бібліятэку. Фота нашага невядомага мемарыяла ўбачылі ў савецкім энцыклапедычным выданні «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Высветлілася, што фота невядомага сучаснікам мазырскага гістарычнага аб'екта было нават на вокладцы першага нумара часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», які выходзіў у 1970-я гады. Каб адшукаць усю інфармацыю аб мемарыяле, настаўніца з вучнямі звярнуліся да спецыялістаў аддзела краязнаўства Мазырскай цэнтральнай бібліятэкі. Знайшлі звесткі ў старой перыёдыцы. Для гэтага прыйшлося перагледзець падшыўкі газет за 50-я— 60-я гады мінулага стагоддзя. Вучням было цікава правесці сапраўднае гістарычнае расследаванне.

Даведаліся, што помнік, адліты з бронзы, адкрылі ў Мазыры ў 1957 годзе. Ён складаўся са скульптурнай кампазіцыі: чырвонаармеец, партызан і матрос. Манумент узвышаўся на пастаменце над 34 бетоннымі плітамі — брацкімі магіламі герояў Грамадзянскай вайны 1918-1920 гадоў. Раскрылася і гісторыя, чаму помнік быў устаноўлены менавіта на адной з вуліц Мазыра.

— На гэтым месцы ў ліпені 1920 года белапалякамі былі пакараныя падпольшчыкі. Помнік з'яўляўся напамінам пра тыя грозныя гады, калі беларускае Палессе было арэнай зацятых і жорсткіх бітваў Грамадзянскай вайны. Калі банды Пятлюры, Струка і Булак-Булаховіча, нямецкія і польскія інтэрвенты сеялі жах і смерць, пакідалі пасля сябе разрабаваныя вёскі і гарады, вісельні і папялішчы, — адзначае Ірына Фралова.

Даведаліся з перыёдыкі, што раней да помніка людзі прыходзілі пакланіцца героям, прыносілі кветкі. Пасля далёкая гістарычная нітка згубілася ў віры падзей. Дарогу да помніка пачалі забываць. Вучні з настаўніцай па ўказным на паштоўцы адрасе прыйшлі зноў. Цяпер ужо адшукалі пастамент ад былога помніка і надмагільныя пліты — адзіны напамін аб брацкім пахаванні.

Вядома, што ў 1995 годзе бронзавую скульптурную кампазіцыю забралі на рэстаўрацыю. Далейшы лёс бронзавых чырвонаармейца, партызана і матроса невядомы. Адшукаць ніякіх звестак аб мемарыяле мазыране не змаглі. Але зноў пакінуць помнік толькі ва ўспамінах на ўроках гісторыі настаўніца з вучнямі не захацелі, вырашылі, што не маюць на гэта права, дзеліцца Ірына Фралова: «Гэта частка гісторыі нашага горада, нашай малой радзімы. Падзяка нашчадкаў героям, усім, хто адстойваў свабоду нашага народа».

Так пачалася работа па стварэнні макета помніка і падрыхтоўка відэастужкі пра яго гісторыю. Узнаўлялі выяву помніка па фатаграфіі на паштоўцы. Рабілі макет старшакласнікі-выпускнікі. У дзяцей, кажа настаўніца, і так, вядома, вучэбнай нагрузкі перад экзаменамі хапала, але работу не кідалі. Хлопцы на ўроках працоўнага навучання вытачылі з дрэва пастамент. Пасля зрабілі металічны каркас выявы помніка, а ўжо на яго нанеслі скульптурны пластылін, пафарбавалі. Асноўную работу па праекце ўзяла на сябе цяпер ужо выпускніца сярэдняй школы № 12 Мазыра Ульяна Бубнова. Можна толькі ўявіць, наколькі карпатлівую работу яна правяла. Напрыклад, мемарыяльную таблічку на помніку Ульяна аднавіла гліняным адбіткам-копіяй, якую сама адлівала.

— Наша гісторыя пра лёс помніка не пакінула нікога абыякавым на штогадовай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікія разумнікі» ў нашай школе. Слёзы стаялі ў вачах гледачоў, — дзеліцца Ірына Фралова. — Акрамя таго, тэма грамадзянскай вайны і тых, хто думаў пра нас, пра светлую і шчаслівую будучыню, стала блізкай кожнаму ў зале, дзе праходзіў адкрыты рэгіянальны фестываль дзіцячай і маладзёжнай кінавідэатворчасці, прымеркаваны да Года народнага адзінства, прысвечаны гістарычнай спадчыне нашай краіны. Згаданае мерапрыемства праходзіла пад патранажам Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» і наша работа была адзначана дыпломам другой ступені.

Сёння вучні і педагогі школы спадзяюцца, што ў Мазыры з'явіцца адноўлены помнік. У Год гістарычнай памяці гэта асабліва важна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».