Вы тут

На нулявым паверсе


Кажуць, душа як камень. На жаль. Ёсць душы нібыта каменныя. Але, дзякуй Богу, ёсць камяні, у якіх жыве душа. Душа народа. Напрыклад, дакранешся да мураванкі ў Сынкавічах альбо да сцен Камянецкай вежы, яе называюць яшчэ Белай — ахрышчана, падобна як і наша краіна, бо нескароная, чыстая. Прамінулі эпохі, прайшлі стагодзі, а ворагі нашага народа не пакінулі гуманістычных (сёння гэта так называюць) ідэй запэцкаць беларусаў. У палітычным брудзе выкачалі душы, сэрцы і розум маладых, а таму гарачых беларусаў.


Чаму іх ашукалі? Укралі спадчыну? А потым ужо ўклалі атручаныя заходнія паняцці. Згадваю гастранамічную споведзь гурмана з пакалення «Z», знатака заморскага фаст-фуду. «Ведаю, што шкодна, але не магу — цягне, аж у роце казыча». Атруцілі, ашукалі гэтае вечнае памкненне маладосці — прагу да праўды. Праўду падмянілі зманлівай карцінкай.

Псіхолагаў у школах ды універсітэтах хапае, а сапраўдных гарманічных асоб — дэфіцыт. Дзе былі бацькі, настаўнікі, прарэктары па выхаваўчай рабоце... Ідэолагі? У чэргах варшаўскіх «бідронкаў», на калядных кірмашах Прагі, у плётках сусветнага павуціння. Вось таму страцілі сувязь з будучым пакаленнем, а потым ужо гэтае пакаленне спачатку зугібла сябе, а потым і Спадчыну продкаў.

Згодны, што, вядома ж, перабольшваю. Хапае разумных, кемлівых, моцных. Пакаленне не страцілі. Будучыню не згубілі. Але што рабіць з той часткай фрылансераў мяцяжу, коўч-менеджараў па пошуках пратэсных ботаў — вечных мастакоў. І гэта нават не назва прафесіі ці роду заняткаў. Гэта вызначэнне стылю жыцця. Пошукі сябе выліваюцца ў незадаволенасць рэчаіснацю, на вуліцы, у спробы збегчы некуды.

Збеглыя... Як трапна сказана. І палітыка толькі адлюстроўвае хваробу індывідуальнасці. Якую ўжо зруйнавалі тэхналогіі. Адшліфавалі. Да страшэннага. Некалі фантасты апісвалі камуністычны апакаліпсіс як чалавека без твару і нават ценю. Шэрая маса. У шэрую масу грамадскасць ператвараецца заходнім капіталізмам. Усе абезлічана — сняданак, адзенне, нават думкі і дзеянні. Словы і тыя — аднатыпныя. Ды што словы — мары. Нібыта тое не мары чалавека, а нейкая агульная камп'ютарная праграмма, спам сусветнага маштабу, мана і хлусня заходняй цывілізацыі.

Падманулі і ашукалі нашых збеглых. Яны хацелі, як на Захадзе. На Захадзе яны і апынуліся. Бацькі, універсітэты, дзяржава — апякалі. Фонды па падтрымцы талентаў, гарантаванае першае рабочае месца, льготы маладым сем'ям і бацькам. Сапраўды — дыктатура. Хацелася стрэсці гэтую апеку. Залішнюю. Стрэслі. А адчуванне — нібыта не апеку стрэслі, а футра ў траскучыя маразы.

Збеглыя ехалі, вобразна кажучы, у «эўрапэйскі гатэль» для адэптаў заходніх каштоўнасцяў, а апынуліся у хоспісах для бежанцаў. Прыбіральшчыцы, разносчыкі піцы — гэта зусім не тыя кампетэнцыі, аб якіх марылі носьбіты палітычных свабод. У літоўскіх, польскіх ды чэшскіх дэмакратыях сацыяльныя ліфты, мабыць, і працуюць, але на нулявыя паверхі яны не апускаюцца.

Што казаць, калі заходнія данаты абрэзалі нават для самых светлых твараў пратэсту. Тых, хто на вяршыні харчовай піраміды беларускай калабарацыі. Слова якое трапнае. Цяпер яно моднае, трэндавае, не сыходзіць з вуснаў збеглых. Праўду кажуць — калабарацыя. Калабарацыя — ад жудаснага з часоў вайны калабарацыянізму.

Неверагодныя імёны «супраціву» забываюцца, пераможныя плЯны рушацца. Капіталісты не дачакаліся дывідэндаў. Акцыянернае таварыства палітычных сектантаў «Ціханоўская» і аб'яданне з абмежаванай адказнасцю перад збеглымі лузерамі «Латушка» — банкроты. Увогуле — дэфолт у гэтым каралеўстве крывых люстэркаў. Больш ніякіх плюшак. Нават з рук падпанкаў, не кажучы ўжо пра пана з Белага палаца. Калі гэтак абыякава да твараў пратэсту, то як тады да усіх астатніх? Да масы.

Чаму цяпер так мала пагроз і ганебных, брыдкіх каментарыяў ад збеглых? Бо ў значнай часткі няма нават грошай на мабільны інтэрнэт. І без таго прыніжанае становішча і маленькія заробкі — пагаршаюцца. Не спраўдзілі надзей.

Беларускія прадпрыемствы працуюць. Чыгунка не знішчана. Нават сакральныя забойствы не здзейснены. Ніводны з цэнтраў беларускага пратэсту не выканаў праграму-мінімум. Максімум: гэта калі б Заходняя Беларусь у складзе Польшчы, а ўсе буйныя дзяржпрадпрыемствы — у складзе заходніх транскарпарацый. Вогнішча на інфернальным алтары амаль згасла.

Вось пішу і думаю, ці дайшло гэта да неверагодных. Што іх мары пра тое, каб змяніць карцінку, зусім не супадаюць з той карцінкай, якая перад вачыма ў спонсараў па знішчэнні Беларусі. Мабыць, не ўсе ўцямілі. І думаюць знайсці долі на чужым полі.

Заморскі цмок застаўся галодным. Беларусь не праглынуў. Ласуеца Украінай. Таму менавіта ўвага да ўкраінцаў. Яны сёння ў цэнтры барацьбы са славянскім светам. Кажуць, мільён ужо ў Еўропе. Мары майдана спраўджваюцца. Украіна ў Еўропе.

А беларусы —да беларусаў нікому справы няма. Паказная еўрапейская гасціннасць сыходзіць у гісторыю. Нашых збеглых не вельмі ласкава просяць браць манаткі ды да хаткі. Звальняюць з работы, адлічваюць з універсітэтаў. Нават па-мюнхенску паводзяць з некаторымі нашымі дзяўчатамі. Дэмакратыя. Больш бчб-героям няма месца пад палаючым сонцам сусветнай дэмакратыі. Нават у якасці прыслугі няма месца. Жыццёвы прастор ніжніх паверхаў еурапейскай рэчаіснасці рыхтуюць для бежанцаў. Не толькі з Украіны. Сярэдняя Азія, Блізкі Усход. Там больш тлеючых канфліктаў, чым зорак на сцягу ЗША...

Таму беларускія змагары сыходзяць с медыйнага парадку дня. Інтарэс згас. І больш нікога не ўражвае палітычны флэшмоб. Змагарскія гастролі больш не збіраюць гледачоў. Гэта фіяска. Фініта ля камедыя.

Не, пачакайце. Ёсць шанц застаца сапраўдным барацьбітом за «эўрапэйскаць». Стаць гарматным мясам у складзе ўкраінскіх нацбатаў. Прадажная і несумленная Ціханоўская. Тая самая, што падманвае беларускіх маці наконт нашых вайскоўцаў ва Украіне. Тая самая, што заклікае дзеля міру знішчаць беларускія прадпрыемствы і цягнікі. Яна заклікае і збірае ўсіх беларускіх змагроў заммежа ісці ваяваць за Зяленскага. І тых, каго цягне ехаць у замежжа, нібыта хавацца ад вайны, на гэтую ж вайну і кідае...

Змяя, каб не быць забітай, выгінаецца як можа. Тое ж самае робяць вярхі змагарскай калабарацыі. Каб іх вантроба не засталася без палітычных грантаў, яны падманам і хлуснёй запрашаюць новых ахвяр свайго ДЭМАНАкратычнага ашукальніцтва, палітычнага махлярства.

Але тое ўжо канвульсіі. Яны адыгралі сваю «спектаклю». Засталіся без апладысментаў. А вось тыя, хто падмануўся, засталіся ўсё ж з надзеяй вярнуцца ў хату бацькоў. Да Нястрачанай Спадчыны.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?