Вы тут

«Белфармацыя»: Лекі ёсць і будуць, любы попыт мы задаволім


Генеральны дырэктар РУП «Белфармацыя» Сяргей Літаш у размове з БелТА заявіў, што насельніцтву не варта хвалявацца наконт наяўнасці лекавых прэпаратаў, у аптэках яны ёсць і будуць.

«Па пытанні забеспячэння і наяўнасці неабходных лякарстваў. Усе нашы рэсурсы накіраваны на тое, каб праблем у насельніцтва і арганізацый аховы здароўя ў гэтай сферы не ўзнікала. Можам супакоіць насельніцтва: лекі ёсць і будуць. Любы попыт мы задаволім», — сказаў Сяргей Літаш.

Гендырэктар РУП «Белфармацыя» падкрэсліў, што любыя пытанні вырашаюцца аператыўна. Напрыклад, могуць узнікаць пэўныя лагістычныя праблемы ў плане праходжання саміх грузаў, паколькі частка напрамкаў стала закрыта. «Мы шукаем і знаходзім альтэрнатыўныя шляхі паставак прэпаратаў. Калі і былі нейкія перабоі ў сувязі са змяненнем лагістыкі, на працягу некалькіх дзён яны вырашаліся», — адзначыў ён.

У прыватнасці, паступілі ўжо на аптэчны склад і ў аптэкі РУП «Белфармацыя» супрацьдыябетычныя прэпараты (ін’екцыйныя і таблеціраваныя формы), сардэчна-сасудзістыя прэпараты і гармоны шчытападобнай залозы. «Пастаўкі былі праведзены, прэпараты прайшлі кантроль якасці. У нейкі момант у насельніцтва адзначаўся стыхійны павышаны попыт на ёд, але ён на працягу паўдня быў задаволены ў поўным аб’ёме. На сёння па прэпаратах ёду праблем наогул няма», — сказаў Сяргей Літаш.

Штодзень вядуцца перагаворы з пастаўшчыкамі і вытворцамі лекавых прэпаратаў, у тым ліку замежнымі. Паводле слоў гендырэктара РУП «Белфармацыя», усе яны пацвярджаюць не толькі магчымасць паставак, але і пры неабходнасці гатовы павялічыць аб’ёмы.

Асобна Сяргей Літаш спыніўся на цэнах на лекі. Паводле яго слоў, ніякага неабгрунтаванага росту цэн не будзе. Парадак фарміравання рознічных і аптовых цэн, памеры дапусцімых аптовых і гандлёвых надбавак рэгулююцца ўказам Прэзідэнта. Так, рознічная цана на новапаступаючыя партыі прэпаратаў фарміруецца зыходзячы з курса валюты, які склаўся на дату паступлення.

«Зразумела, пры павышэнні курса новая цана будзе вышэйшая, чым на папярэднія пастаўкі, — растлумачыў ён. — Ніякія іншыя элементы павышэння цэн у нас не выкарыстоўваюцца. Парадак фарміравання цэн выконваецца, і за доўгія гады, прынамсі ў сферы дзяржаўнай сістэмы „Фармацыя“, ні разу не было парушэнняў. Неабгрунтаванага росту цэн мы не дапусцім».

Айчынныя лекавыя сродкі пастаўляюцца ў адпаведнасці з графікам і той патрэбнасцю, якая ўзнікае. Попыт насельніцтва на беларускія лякарствы задавольваецца поўнасцю. «Цэны на айчынныя прэпараты значна мяняцца не будуць, але разам з тым гэта магчыма ў будучым, паколькі фармацэўтычныя субстанцыі для іх вырабу закупляюцца за мяжой. І ў гэтым няма нічога ўнікальнага: увесь свет 80 працэнтаў фармацэўтычных субстанцый закупляе ў Кітаі і Індыі», — расказаў Сяргей Літаш.

РУП «Белфармацыя», якое мае 100-гадовую гісторыю і шматгадовы вопыт работы, па-ранейшаму накіроўвае ўсе свае рэсурсы на поўнае задавальненне патрэбнасцей насельніцтва і арганізацый аховы здароўя ў сферы лекавага забеспячэння.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.